Вы тут

Фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» збярэ прыхільнікаў музыкі ў Паставах


Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» чарговы раз збярэ майстроў і прыхільнікаў музычнага мастацтва ў Паставах 10 — 12 чэрвеня. Для пастаўчан і гасцей горада падрыхтавалі насычаную праграму, дзе будзе што ўбачыць, пачуць і пакаштаваць.Усяго будзе задзейнічана каля 15 канцэртных і выставачных пляцовак і колькасць удзельнікаў чакаецца ў межах 300 чалавек.


Музычныя вандроўкі

— Сёлетні фестываль для нас асаблівы, таму што ён пройдзе ў Паставах у 30-ты раз. Як вядома, спачатку свята народнай музыкі праходзіла ў Віцебску і Магілёве, а пасля на доўгія гады музычна-культурны форум «прапісаўся» ў Паставах, — дзеліцца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама, дырэктар фестывалю Галіна Чаплінская. — Паколькі бягучы год у нашай краіне названы Годам гістарычнай памяці, то і аргкамітэт вялікую ўвагу ўдзяліў гісторыі нашага фестывалю, знакамітым музыкантам і грамадскім дзеячам, нашым землякам, усім тым, хто стаяў каля вытокаў мерапрыемства і замацоўваў аўтарытэт і прэстыж нашага міжнароднага форуму. Бо, хто памятае сваю гісторыю, той упэўнена ідзе наперад. Году гістарычнай памяці мы прысвяцілі таксама шэраг мерапрыемстваў і праектаў, якія чакаюць усіх, хто завітае да нас у гэтыя дні.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама і Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт. У прыватнасці, у першы дзень у горадзе прайшло музычна-літаратурнае мерапрыемства «Мая Пастаўшчына — мая музычная гісторыя», спартыўныя спаборніцтвы, адбылося адкрыццё выставы творчых работ Б. Бокшы «Чорна-белыя вандроўкі» і свята традыцыйнай творчасці «Скарбонка народных талентаў» з прэзентацыяй элементаў нематэрыяльнай спадчыны Пастаўскага раёна.

Сёлета на свята ў Паставы завіталі самадзейныя артысты з усіх куточкаў Беларусі, а таксама лаўрэаты мінулых гадоў і прафесійныя калектывы. Усяго за гады існавання фестывалю на ім пабывалі тысячы ўдзельнікаў з 21 краіны свету. Зараз час і жыццё ўносяць свае карэктывы, але на свяце ўсё ж захоўваецца атмасфера еднасці, якой ніякія межы не перашкода. Так і гэтым разам тут будзе прадстаўлена нацыянальная культура і народная творчасць Расіі, Латвіі, Кітая і Туркменістана.

«Хто каго?» і не абыдзецца без дэбютаў

— Апошнім часам, калі міжнародная абстаноўка вакол Беларусі несправядліва нагнятаецца, такія міжнародныя мерапрыемствы, як наш фестываль, яшчэ раз пацвярджаюць, што наша краіна міралюбівая, тут жывуць людзі ў сяброўстве і згодзе і ўмеюць працаваць і адпачываць, — дадае Галіна Чаплінская. — Вельмі прыемна, што свята народнай музыкі, нібы мост, аб’ядноўвае людзей з розных краін, раскрывае вялікі патэнцыял народнай культуры, дэманструе сапраўднае сузор’е талентаў. І для нас, пастаўчан, правядзенне такога мерапрыемства — значная падзея ў культурным жыцці раёна.

У суботу ўвазе наведвальнікаў прэзентуюць выставу «Цымбалы і гармонік — сувязь часоў і пакаленняў», дзе можна прасачыць адметныя старонкі гісторыі фестывальнага руху ў гэтай мясцовасці. Пройдзе і традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?». За званне найлепшага на гэты раз будуць змагацца 12 прэтэндэнтаў. Вызначаць пераможцаў, вядома, будзе аўтарытэтнае журы, у склад якога ўпершыню ўвайшоў сёлета мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Леанід Захлеўны. А ў «Горадзе майстроў», што размесціцца на плошчы Леніна, можна ўбачыць усё тое, што ўмеюць рабіць таленавітыя людзі гэтага рэгіёна Беларусі. Тут прадставяць і выставу малюнкаў вучняў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера «Беларусь — гэта мы!» Сёлета ў рамках фестывалю ўпершыню пройдзе абласны агляд-конкурс эстраднай музыкі «Віатон-2022».

Будзе смачна і каларытна

Больш за тры дзясяткі гадоў музычны форум з’яўляецца месцам сустрэчы прафесійных і самадзейных выканаўцаў як з Беларусі, так і з краін замежжа. Тут радуюць публіку сваім майстэрствам выканання народнай музыкі як на інструментах, так і голасам. Некаторыя музыканты, якія былі пастаяннымі гасцямі фестывалю ў розныя гады, цяпер, на жаль, ужо пайшлі з жыцця. Але вобразы гэтых людзей і памяць пра іх арганізатары вырашылі ўвекавечыць у скульптурнай кампазіцыі, праект якой распрацаваў беларускі скульптар Аляксандр Фінскі (ён даўно вядомы ў гэтым горадзе і яго работы ўпрыгожваюць Паставы), а ўвасобіў ідэю яго калега скульптар Андрэй Суднік. Урачыстае адкрыццё памятнага знака «Музычная сталіца Паазер’я» і Алеі знакамітых заснавальнікаў фестывалю пройдзе ў гарадскім парку ў нядзелю днём.

Увогуле, праграма апошняга фестывальнага дня будзе не менш насычанай, чым папярэдніх двух. Распачнецца ўсё з правядзення творчай лабараторыі з удзелам народнага артыста Беларусі, прафесара і старшыні журы конкурсу «Хто каго?» Яўгена Гладкова. Майстар сваёй справы сустрэнецца з юнымі цымбалістамі Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Тут жа падвядуць вынікі традыцыйнага творчага спаборніцтва «Хто каго?» з удзелам журы, кіраўнікоў калектываў і творчых дэлегацый. Сустрэча пройдзе ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай. А вось аматарам музычнага мастацтва можна наведаць канцэрт беларускай класічнай музыкі ў Пастаўскім касцёле альбо завітаць на канцэрт ваеннага духавога аркестра на плошчы Леніна.

У гарадскім парку днём плануецца выстава-продаж вырабаў народных майстроў Віцебскай вобласці і прэзентацыя страў клубаў беларускай нацыянальнай кухні. Таму ўсім, хто пажадае набыць памятныя сувеніры і падарункі з мясцовым каларытам, трэба наведацца туды. Амаль паралельна пройдзе тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю. А значыць усіх чакаюць адкрыцці, добры настрой, шмат музыкі і незабыўныя эмоцыі. І гэта вартае таго, каб не абмінуць Паставы ў найбліжэйшыя выходныя.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.