Вы тут

Рэха «халі-хало». Аб карысці ранейшых гульняў для дзяцей і дарослых


У роднай хаце звонка-весела на цэлае лета — на канікулы прыехалі трое малых. Узросту самага цікавага і цікаўнага: два ўжо былыя першакласнікі і першакласніца будучая. Носяцца на веласіпедах па вуліцы, шукаюць прыгод — нядаўна нават выправіліся самастойна ў паход і зайшлі (да жаху старэйшых) ажно да возера (добра, што ў ваду не дадумаліся палезці). Карацей, на месцы не ўседзяць ні хвіліну, а хадзіць за імі следам і часу надта няма, і няёмка ўжо неяк: не немаўляты ж. Адзіны спосаб зрабіць так, каб пасядзелі дома ды ціха, — смартфон. Як толькі хоць адзін тэлефон трапляе камусьці з іх у рукі — усё: тройцы не відаць і не чуваць. Хто гуляе, а іншыя ўважліва назіраюць, смірненька рассеўшыся па баках. Калі ж па тэлефоне ў кожнага — пра тое, што ў хаце дзеці, увогуле можна забыцца, пакуль тэлефоны не адбярэш або пакуль не прагаладаюцца.


І ўсё б нічога, але ж... Вы бачылі тыя гульні? Крафт — яшчэ нічога, хоць лагічнае мысленне нейкае развівае, а вось»Бабка Грэні»... Як, вы не ведаеце, хто такая Бабка Грэні? «Жудасны сюжэт, ад якога немагчыма адарвацца. Шалёная сляпая бабка з бітай супраць персанажа геймера — хто пераможа?» — напісана ў анатацыі да гэтай віртуальнай гульні. Ужо страшна, праўда? А вы ўпэўнены, што якраз зараз ваш малы, які сядзіць з тэлефонам, не шукае паратунку ад «шалёнай бабкі з бітай»?..

Карацей, думала я, чым нашых гарэз заняць, што прапанаваць цікавага, акрамя смартфона, ад якога не помач, а немач. І згадала некалькі гульняў, якімі захапляліся дзеці пачатку 1980-х, калі ніхто пра віртуальную рэальнасць і ўсякія там «крафты» нават паняцця не меў. Напрыклад, вось гэту, з мячом: «Я знаю пяць імёнаў...» Нечакана зайшло на ўра. Праўда, нашы дасціпныя дзеткі тут жа яе трансфармавалі па-свойму — на імёнах і назвах спыняцца не сталі, у ход пайшоў і посуд, і адзенне, і ежа, і маркі аўтамабіляў, і нават планеты сонечнай сістэмы (вось што значыць іншае пакаленне — у першым класе мы назвы планет дакладна не вучылі). Прычым той, чыя чарга называць словы, называе тыя паняцці, якія загадалі іншыя ўдзельнікі гульні. Карацей кажучы, тут і кемлівасць, і адукацыйны момант, і крэатыўнасць... А здаецца, прымітыўная гульня ў мяч.

Паабяцаўшы назаўтра паказаць ім яшчэ што-небудзь цікавае, я паўночы не спала, згадваючы правілы гульні ў «халі-хало». Канешне, можна было скарыстацца тым жа смартфонам і падгледзець іх у інтэрнэце, які, як вядома, ведае ўсё. (І сапраўды ведае: толькі што адкрыла дзеля цікавасці Вікіпедыю — там пра гэту гульню асобны артыкул з апісаннем правілаў, з гісторыяй і нават са спісам літаратуры). Але ж гэта не тое, бо як жа здорава было пакрысе даставаць з памяці тое бесклапотнае, светлае, шчаслівае, саракагадовай даўнасці, што спачатку, бы рэха з далёкага дзяцінства, аддавалася толькі гупаннем мяча аб зямлю і абсалютна, здавалася б, бессэнсоўным воклічам. І пакрысе пазл склаўся ўвесь: і словы, і правілы, і гэта адчуванне нейкай дзівоснай радасці, калі слова ўгадаў, і гэта абавязковае «і адзін «вярблюд»... І спалася пасля соладка-соладка, як у дзяцінстве, нібы дэталёвая згадка пра звычайную рухомую гульню дапамагла на некалькі гадзін у яго вярнуцца...

Малым новая забаўка прыйшлася даспадобы: паўдня гулялі — загадвалі словы, падкідалі мяч, мералі крокі. Пра тэлефон ніхто і не ўспамінаў. Пасля знайшлі недзе доўгую вяроўку, пачалі гуляць у коней: два «кані», адзін «кіроўца». Паказаўшы ім, як «запрэгчыся», каб не намуляла шыю (таксама было выцягнута з закуткоў памяці), пачала расказваць ім, як сушылі і вазілі на параконным возе сена, як здорава было ехаць на бухматым возе і глядзець на зусім блізкія аблокі, якая цёплая і мяккая ў каня пыса, калі ён бярэ з далоні пачастунак. Малыя слухалі бы самую цікавую казку і, здаецца, нават мяне запаважалі. А калі на наступны дзень трэба было зграбаць пакошаную трымерам траву, пахапалі граблі і з крыкамі «Будзем сушыць сена!» кінуліся нам дапамагаць. Спадзяюся, што пад уражаннем, каб прычыніцца да таго дзівоснага свету, пра які я ім распавядала, у якім праходзіла маё дзяцінства. Пра тое, што ўсё ўжо не так, што дасушваць траву зусім не трэба, што яна — духмяная, мурожная, усё роўна будзе звезена ў кампосную кучу, я ім расказваць не стала. Навошта псаваць цікавую гульню, якая для кагосьці калісьці была проста жыццём?

Сёння званіла ім, пыталася, што прывезці на выхадныя са сталіцы. Акрамя заўсёдных прысмакаў, гэтым разам пачула такі заказ-пытанне: «А ты яшчэ якую гульню нам пакажаш?»

Што ж, давядзецца падумаць. Зноў вярнуцца ў дзяцінства. Пакапацца ў памяці. Гэта нескладана і прыемна. Навучу іх гуляць у «жабу». І ў піянербол. І ў выбівалы... Глядзіш, так да канца лета і «Бабку Грэні» пераможам...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.