Вы тут

Слухаць і чуць запыты грамадзян. Што абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскай нарады па рабоце з насельніцтвам


У Мінску пачаў сваю работу двухдзённы рэспубліканскі семінар-нарада «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні». Актуальныя пытанні абмяркоўваліся на шасці тэматычных секцыях. Але напачатку ўдзельнікі семінара сабраліся ў Палацы Рэспублікі, дзе іх вітаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка. «Якія б перыпетыі не адбываліся каля нашых меж, які б ціск на краіну ні аказвалі знешнія сілы, задача дзяржавы застаецца нязменнай — ствараць умовы для годнага жыцця грамадзян, слухаць і чуць іх запыты. Менавіта ў гэтым залог народнага даверу, без якога не можа быць прарыўнога развіцця краін», — падкрэсліў ён, звяртаючыся да прысутных. 


Па словах Ігара Сергеенкі, тэхналогіі, якія імкліва змяняюцца, пераўтвараюць наша грамадства. Як вынік, з боку грамадзян расце патрабавальнасць да ўзроўню паслуг, якія прадстаўляюцца дзяржавай. Таму мэта сустрэчы прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў — крытычна прааналізаваць стан спраў у рабоце з насельніцтвам, выпрацаваць канкрэтныя прапановы па яе ўдасканаленні, абмяняцца вопытам.

«Новая якасць грамадства патрабуе новай якасці дзяржаўнага кіравання, павышэння ініцыятыўнасці і гнуткасці ў дзейнасці ўлады. У маштабах краіны ў гэтым напрамку зроблены першы крок — прыняты змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія замацавалі новы грамадскі дагавор паміж грамадзянамі і дзяржавай. Захоўваючы сацыяльныя гарантыі, культурныя і гістарычныя каштоўнасці, Асноўны закон краіны стварае ўмовы для развіцця самабытнай мадэлі кіравання грамадскімі справамі, дзе грамадзяне і дзяржава ўзаемадзейнічаюць на ўмовах узаемнай сацыяльнай адказнасці», — падкрэсліў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. 

Ён нагадаў прысутным словы Прэзідэнта, які ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў студзені гэтага года заўважыў, што «ў новых канстытуцыйных рэаліях імкліва мяняцца трэба будзе і нашай дзяржаве, і грамадскім інстытутам, а сучасная сістэма кіравання павінна стаць манеўранай, наступальнай, праактыўнай — арыентаванай на апярэджанне і эфектыўнае вырашэнне ўзнікаючых праблем».

Ігар Сергеенка звярнуў увагу, што цяпер патрэбна актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні. Па яго словах, гэта закранае шырокі спектр пытанняў. 

Работа семінара прадоўжылася па тэматычных секцыях. пасяджэнне секцыі № 3 «Аб рабоце дэпутацкага корпуса, органаў мясцовага самакіравання з насельніцтвам і напрамках яе ўдасканалення» прайшло ў Савеце Рэспублікі. Удзел у ім прыняла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Вітаючы ўдзельнікаў семінара, яна падкрэсліла, што актуальнасць тэмы работы з насельніцтвам з года ў год толькі ўзрастае. Таму што гэта асноўнае ў рабоце дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. Савет Рэспублікі, як орган тэрытарыяльнага прадстаўніцтва займаецца гэтымі пытаннямі самым сур’ёзным чынам.

«Я заўсёды казала, што праца з насельніцтвам у нашай краіне выбудаваная належным чынам. Па-мойму, ні ў адной краіне свету няма такой сур’ёзнай, сістэмнай работы, якая праводзіцца ў нашай краіне. Гэта розныя формы і метады — дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы па асабістых пытаннях, шэраг іншых форм і метадаў, якія выкарыстоўваем сёння мы, органы дзяржаўнай улады для работы з насельніцтвам», — сказала Наталля Качанава. Па яе словах, гэта знаходзіць разуменне ў людзей, але няма мяжы дасканаласці. І правядзенне семінара-нарады сведчыць аб тым, што гэта работа патрабуе пастаяннага ўдасканалення. 

«Мы спадзяемся, што семінар-нарада надасць новы дынамізм у гэтай працы, таму што я яшчэ раз паўтаруся — праблемы і недахопы ў гэтай працы мы бачым. Нам ёсць над чым працаваць, каб гэта было на карысць нашай краіны і нашага народа, як патрабуе ад нас Прэзідэнт нашай краіны. Ён заўсёды гаворыць аб тым, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца, павінны быць на карысць дзяржавы. І ў нашай краіне, як Прэзідэнт сказаў — улада народная. А народная ўлада жыве клопатамі аб сваіх людзях», — канстатавала старшыня Савета Рэспублікі. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: «Пул 4 рэгіён», БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.