Вы тут

Галоўчанка: Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі тэхнікі ў Курскую вобласць


Беларусь гатова нарошчваць пастаўкі тэхнікі ў Курскую вобласць. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Раманам Старавойтам, паведамляе БелТА.


«Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў інтэнсіўна наведваюць Беларусь апошнім часам, чаму мы вельмі рады. Тавараабарот з Курскай вобласцю расце ўстойліва, у тым ліку ў бягучым годзе. Гэта зачын на будучыню, але наш патэнцыял значна вышэйшы. Да таго ж знешнія абставіны нас падштурхоўваюць да яго развіцця. Упэўнены, што візіт вашай дэлегацыі паслужыць тым штуршком, які выведзе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на новы ўзровень», — сказаў Раман Галоўчанка.

Ён падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах важны кааперацыйныя праекты, імпартазамяшчэнне, гэтыя напрамкі трэба развіваць. «Беларусь — індустрыяльна развітая краіна, таму мы заўсёды пачынаем з пытанняў узаемадзеяння ў прамысловай сферы і вытворчай кааперацыі. Вы змаглі наведаць некалькі вядучых беларускіх прадпрыемстваў. Разлічваем, што вы для сябе зрабілі пэўныя заметкі і мы зможам павялічыць пастаўкі ў ваш рэгіён запатрабаванай прадукцыі. Спадзяёмся, што беларускія вытворцы знойдуць сваё месца і ў вашай праграме развіцця электратранспарту», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Яшчэ адзін важны напрамак — будаўнічая галіна. «Патэнцыял у гэтай сферы ёсць, усё залежыць толькі ад вашай гатоўнасці задзейнічаць беларускія домабудаўнічыя арганізацыі», — звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада. Беларускі бок гатовы ўдзельнічаць і ў рамонце дарог і збудаванняў, пастаўляць дарожна-будаўнічую тэхніку.
Перспектыўнае і супрацоўніцтва ў сферы АПК. Дэлегацыя Курскай вобласці наведала міжнародную спецыялізаваную выстаўку «Белагра», дзе прадстаўлены патэнцыял Беларусі ў названай сферы. «Гэта двухбаковы рух. Вы ўбачылі, што мы можам. Мы ў сваю чаргу гатовы выкарыстоўваць напрацоўкі і вопыт Курскай вобласці», — дадаў Раман Галоўчанка.

«Мы ўважліва вывучылі стратэгію развіцця Курскай вобласці да 2030 года. Вы паставілі сабе высокую планку. Мы па меры магчымасцей гатовы ўнесці пасільны ўклад у гэту добрую справу», — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

Беларускі экспарт у Курскую вобласць у 2021 годзе склаў $97,7 млн і павялічыўся ў параўнанні з 2020-м на 9,4 працэнта. У структуры беларускага экспарту пераважаюць пастаўкі спецыфічных тавараў, катлоў цэнтральнага ацяплення, пліт, лістоў, плёнкі з пластмас, комплексных сінтэтычных ніцей, адходаў, утвораных пры атрыманні алеяў, інсектыцыдаў і гербіцыдаў.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».