Вы тут

Работу з насельніцтвам на мясцовым узроўні разгледзелі на семінары-нарадзе з удзелам Лукашэнкі


Семінар-нарада «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» — адна з галоўных палітычных падзей гэтага лета. Да ўдзелу запрасілі больш за 700 прадстаўнікоў вертыкалі ўлады — парламентарыяў, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, Адміністрацыю Прэзідэнта, членаў мясцовых адміністрацый і Саветаў дэпутатаў, экспертаў грамадскіх арганізацый і кіраўнікоў вядучых СМІ. Працаваць такі ўнушальны склад удзельнікаў пачаў яшчэ ўчора ў шасці секцыях, прысвечаных розным аспектам работы з насельніцтвам рэгіёнаў: роль медыя, грамадскіх арганізацый, дэпутатскай супольнасці, звароты грамадзян, служба «адно акно» і адзіная сістэма 115.бел.


Вітаючы ўдзельнікаў семінара, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго тэма — гэта, можна сказаць, рэфрэн усёй палітыкі нашай сучаснай суверэннай дзяржавы. Дзяржавы для народа.

Беларуская дзяржава створана народам і для народа

«Як бы цяжка ні было, у розныя перыяды нашай гісторыі мы заўсёды вытрымлівалі ўстаноўленыя намі стандарты жыцця чалавека: сацыяльную справядлівасць у грамадстве, роўныя правы і магчымасці ўсіх грамадзян краіны, нацыянальныя культурныя каштоўнасці і традыцыйны лад жыцця. Усё гэта і ёсць праграма нашай дзяржавы. І давайце будзем шчырыя: прыходзячы на выбарчыя ўчасткі, няхай гэта будуць прэзідэнцкія, парламенцкія выбары, выбары ў мясцовыя Саветы або рэферэндум, народ перш за ўсё галасуе за палітычны курс», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар акцэнтаваў увагу, што ўжо больш за чвэрць стагоддзя мэтанакіравана ўмацоўваецца вертыкаль улады знізу, максімальна наблізжаючы яе да людзей. Іншымі словамі, прынцыпы эфектыўнай зваротнай сувязі і давернага дыялогу ўлады з людзьмі з’яўляюцца асноватворнымі ва ўсёй працы адміністрацыйна-кіраўніцкага апарата.

«Гэта ідэал, да якога мы імкнёмся. Ён цалкам адпавядае нашым палітычным традыцыям, вытокі якіх нават не ў сучаснай гісторыі, а значна глыбей. Яшчэ з часоў старажытнага веча ў менталітэт беларусаў закладзены абвостранае пачуццё справядлівасці, калектыўнае мысленне і ўзаемная адказнасць за лёс Айчыны. Менавіта так, на сапраўдных дэмакратычных каштоўнасцях, і нараджалася беларуская нацыя. Усе вядомыя ў нашай гісторыі арыстакратычныя рэжымы — княжацкі, шляхецкі і царскі — у нас трывала асацыююцца з прыгнётам. Беларуская ж дзяржава была створана народам і для народа. Такой яна і застаецца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Іншымі словамі, кажучы аб актуалізацыі формаў і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні, трэба разумець, што кіраўнічая вертыкаль ні ў якім разе не супрацьпастаўляецца народу.

«У нашай краіне, і гэтым можна ганарыцца, чыноўніцкі апарат не з’яўляецца „небажыхарамі“. Кажучы простай мовай, ля руля знаходзяцца не алігархі, не нашчадкі правіцеляў, а людзі, якіх вылучыла на пасаду само жыццё. І вылучае іх з народу», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ўсе яны ў роўных умовах атрымліваюць адукацыю, рухаюцца па кар’ернай лесвіцы, ставараюць сем’і, гадуюць, выхоўваюць і вучаць дзяцей. І адпавядаюць галоўнаму патрабаванню: за плячыма ў кожнага сур’ёзны вопыт практычнай работы і веданне жыцця. Як кажуць, «ад зямлі». Таму і пытанні, з якімі ідуць беларусы на прыём да таго ці іншага начальніка, як правіла, яму блізкія і зразумелыя. 

«Больш за тое, людзі павінны быць пачуты, а праблемы — зняты. І гэта вы ведаеце — эфектыўная праца з насельніцтвам — індыкатар прафпрыгоднасці кіраўніцтва і вобласці, і раёна, і гэта паказчык нашых асобна ўзятага прадпрыемства. А скаргі — гэта паказчык нашых недапрацовак. У ідэале іх увогуле не павінна быць. Вядома, такі вынік з вобласці фантастыкі, але нам трэба да яго імкнуцца. Гэта што да працы са зваротамі грамадзян», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Грамадства выйшла на новы ўзровень і інтэлектуальнага, і тэхналагічнага развіцця»

Не менш значны напрамак дзейнасці дзяржслужачых інфармацыйна-камунікацыйны, — абазначыў першую тэму выступлення Прэзідэнт. «Мы разумеем, наколькі сёння важна максімальна і разумна выкарыстоўваць магчымасці лічбавых рэсурсаў, выбудоўваць узаемадзеянне са СМІ. Бачым, як імгненна разлятаецца інфармацыя, часам самыя яўныя фэйкі, што стварае аснову для сацыяльных выбухаў. Бачым, як важна своечасова рэагаваць на ўкіды, растлумачваць прынятыя рашэнні людзям, а таксама ўцягваць іх у працэс кіравання, адэкватна рэагаваць на стваральныя ініцыятывы, якія ідуць з народа», — дадаў кіраўнік краіны.

Пры гэтым ён нагадаў пра мінулую нараду па СМІ, на якой адзначыў, што фэйкі зроблены якасна і падстройваюцца пад інстыкты нашых людзей і «лягчэй заходзяць да моладзі».

Прэзідэнт адзначыў, што тады было прынята рашэнне, як супрацьдзейнічаць фэйкам, але сёння ён не можа рассакрэціць, як будуць весці гэту работу.

«Усё гэта не новыя пытанні, і мы заўсёды надавалі ім асаблівую ўвагу. Бo часам, магчыма, нейкія моманты недаацэньвалі. Так, сапраўды, неадаацэньвалі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У прынцыпе ўсе рашэнні, якія былі прыняты ў першыя гады гісторыі суверэннай Беларусі, актуальныя і сёння. «Змяніліся толькі мы. Грамадства выйшла на новы ўзровень і інтэлектуальнага, і тэхналагічнага развіцця. Тое, што было наватарствам чвэрць стагоддзя у, сёння ўжо класіка. Прыйшоў час прааналізаваць праведзеную работу, магчыма, адкарэктаваць пэўныя падыходы. Калі ёсць метады, якія, на ваш погляд, састарэлі, то нішто не перашкаджае ад іх адмовіцца. Калі вы гатовы прапанаваць больш прагрэсіўныя механізмы ўзаемадзеяння вертыкалі ўлады і насельніцтва, то давайце абмяркуем і адразу прымем рашэнне», — настроіў Аляксандр Лукашэнка на размову.

Але перш ён прапанаваў падвесці некаторыя вынікі зыходзячы з таго, як бачаць гэты працэс і ацэньваюць вынікі прынятых раней рашэнняў.

«Усе вы мае падыходы ведаеце. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца не дзеля таго, каб любавацца поспехамі праведзенай працы. Семінары з’яўляюцца свайго роду прамежкавым кантролем выканання тых задач, з якіх і складаецца агульны палітычны курс развіцця дзяржавы. Галоўныя мэты нашага форуму — прааналізаваць новыя выклікі, якія ставіць перад намі час, абазначыць пытанні, якія патрабуюць дапрацоўкі, абмяняцца вопытам, сумесна выпрацаваць адэкватныя рашэнні», — сказаў Прэзідэнт.

Запыты насельніцтва растуць, і ўладзе трэба ім адпавядаць

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што за апошнюю чвэрць стагоддзя беларусы вельмі змяніліся. «Абапіраючыся на створаны намі ж падмурак дабрабыту, мы імкнемся да большага і лепшага. І гэта правільна, у гэтым сутнасць развіцця», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што павысіўся ўзровень прававой культуры грамадзян, яны становяцца больш патрабавальнымі да дзяржавы, чакаюць новай якасці зваротнай сувязі.. Ён канстатаваў, што запыты ў насельніцтва растуць, і ўладзе трэба ім адпавядаць. Такі парадак у сацыяльна арыентаванай дзяржаве.

«Але што адбываецца часам? Імкнучыся прытрымлівацца такога парадку, мы сёння сутыкнуліся з крайнасцю. Што бачым? На змену савецкаму сакральнаму стаўленню да дзяржавы, спалучанаму з пачуццём абавязку, узаемнай адказнасці і прыярытэтам дзяржаўных інтарэсаў перад асабістымі, прыходзіць банальнае спажывецтва. Яно выяўляецца ў ментальнай усталёўцы сучаснага грамадства: дзяржава мне павінна. І, на жаль, рост запытаў асобных грамадзян не суадносіцца з ахвотай браць на сябе якія-небудзь дадатковыя абавязацельствы. У выніку ў канкрэтных індывідаў або цэлай сацыяльнай групы фарміруюцца такія чаканні ад дзяржавы, якія значна пераўзыходзяць іх уклад у яго развіццё. Іншымі словамі, яны жадаюць жыць як у Швейцарыі, а працаваць як мокрае гарыць. Плаціць мінімум падаткаў, а мець каласальны ўзровень сацыяльнай падтрымкі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзяліўся сваімі назіраннямі за асаблівасцямі, якія характэрнымі для сучаснага грамадстве. Па яго словах, у сувязі з санкцыямі ёсць пэўныя складанасці, парушана лагістыка і інш. І гэтым хочуць скарыстацца і скарысталіся ўжо некаторыя нашы беларусы. «Можа, гэта і добра, недзе падставіць плячо дзяржаве, заняць нішу, якая вызвалілася, убудавацца ў новую лагістыку. Але пры гэтым я хачу, каб усе разумелі, і вы асабліва: нажыцца, нагрэць рукі і набіць кішэню пад сітуацыю не атрымаецца. Абсалютна не атрымаецца. Вы ведаеце яскравыя і такія, магчыма, жорсткія дзеянні з майго боку, боку ўлады і праваахоўных органаў у адносінах да такіх людзей. Яны будуць і надалей працягвацца. Хабарніцтва, нявыплата падаткаў і іншыя злачынствы будуць спыняцца на корані. Як бы каму гэта не падабалася. Калі толькі мы сыдзем з гэтага шляху, мы пойдзем роўна транзітам па шляху брацкай нам Украіны. Але ваяваць з вас ніхто не хоча, і я не хачу. Давайце будзем працаваць і жыць вось так — саборна, талакой, выкарыстоўваць веча, каб прымаць рашэнні, чуць і слухаць нашых людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы заклікаў асобна прыслухоўвацца да людзей, якія забяспечваюць харчовую бяспеку, апранаюць народ, вырабляюць тое, што беларусы умеюць і не ўмелі рабіць. Ён прывёў да прыкладу выстаўку «Белагра», якая праходзіць у індустрыяльным парку «Вялікі камень». Прэзідэнт параіў усім там пабываць, каб убачыць, што робяць сяляне, рабочыя, інтэлігенцыя. 

«Так, дзяржава павінна абараняць мір і парадак, прадастаўляць працоўныя месцы, адукацыю, медыцынскую дапамогу, магчымасць рэалізаваць сябе ў навуцы, творчасці, спорце і гэтак далей. А што, у нас чагосьці не хапае, каб сябе рэалізаваць у гэтых аспектах? Нават занадта. Але ёсць пытанні, якія людзі могуць і павінны падзяліць з дзяржавай. Самае простае — ствараць ўтульнасць і прыгажосць сваімі рукамі і для сябе, берагчы чысціню ў сваіх дамах і дварах. І прынамсі захаваць тое, што створана цэлымі пакаленнямі беларусаў да нас», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Нам спакою не дадуць»

Прэзідэнт адзначаў, магчыма, кіраўнікі часам не бачаць ініцыятыў насельніцтва, не ўмеюць іх убудоўваць у працэс дзяржаўнага будаўніцтва, не даюць магчымасці людзям адчуць сваё дачыненне, быць карыснымі, а запыт ёсць.

Ён прызнаў, што ў нейкі момант расцвілі розныя недзяржаўныя маргінальныя арганізацыі. Яны прыцягнулі людзей знешне быццам бы высакароднымі ідэямі, якія ў патрэбны момант набылі палітычную афарбоўку. «Мы бачылі гэта ў 2020, і яны, рухомыя імкненнем дапамагаць маючым патрэбу, берагчы прыроду, абараняць братоў нашых меншых, аказаліся заложнікамі ангажаваных Захадам дэструктыўных сіл. Гэтыя НКА, таварыствы абароны кошак, сабачак нікога не абаранялі і не збіраліся. Пад гэтай моднай вывескай нам падкідвалі палітычна ангажаваных людзей, — мяркуе Прэзідэнт. — З-за нашай папушчальнасці, і маёй у тым ліку, узніклі такія праявы ў нашым грамадстве».

Прэзідэнт дадаў, што зараз грамадства павінна быць зачышчана ад такіх арганізацый.

«Мы павінны захаваць мір і спакой на гэтым астраўку Беларусь. Вакол усё пахылае. Дзесьці ідзе вайна гарачая, а дзесьці пакуль частка гібрыднай вайны, звязанай са СМІ, эканомікай. Усё палыхае вакол. Нам спакою не дадуць. А мы павінны ўперціся і выстаяць», — упэўнены кіраўнік краіны.

Ён дадаў: неабходна дакладна размяжоўваць: што людзіробяць самі , а ў чым ім дапамагае дзяржава.

«Часам мы рамантуем дах у шматпавярховым доме, ён агульны (чалавек гэта не зробіць сам), ці ўнутры сістэму абагрэву, падачу вады. Гэта агульнае, і чалавек сам можа адрамантаваць толькі па дробязях. І тут мы дакладна павінны падключыцца, суперажываць чалавеку. Туды схадзілі камунальшчыкі, зрабілі -- а назаўтра вада пацякла зноў. Гэта недапушчальна і павінна выкараняцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што калі ідзе шмат скаргаў ад насельніцтва, паўстае пытанне: дзе ўвесь гэты час былі шматлікія Саветы ўсіх узроўняў, органы ўлады?
«Дажыліся да таго, што разгарнулі дыскусію на тэму, ці патрэбны нам сельскія Саветы дэпутатаў у прынцыпе. Каму яны перашкаджалі?! — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік краіны. — Падумаеш, нейкія сельскія Саветы… А паглядзіце на вёскі, пасёлкі. Ганьба. Гэта недапрацоўка гэтых сельскіх Саветаў. Старшыні райвыканкамаў з іх не спыталі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асаблівы запыт будзе за ганебныя адносіны да прыроды і жывёл. «Ганебныя адносіны да жывёл і прыроды абарочваюцца ковідамі», — падкрсэліў кіраўнік краіны.

Ён ўпэўнены, што калі б дэпутаты іншых узроўняў у свой час убачылі актыўнасць людзей, змаглі выбудаваць з імі ўзаемадзеянне, то ў перыяд актыўнай фазы інфармацыйнай атакі на Беларусь, мелася б апора ў выглядзе сацыяльна адказанай грамадскай супольнасці —  партнёра дзяржавы.

«На шчасце, сёння ў нас такі партнёр вымалёўваецца. На фоне падзей 2020 года ў рамках розных ініцыятыў пачала фармавацца палітычна актыўная частка беларусаў, нацэленая на стварэнне, захаванне традыцый і пераемнасць пакаленняў. Мы ўбачылі грамадзян з дзяржаўнай пазіцыяй, адданых нацыянальным інтарэсам, што вельмі важна», —  канстатаваў Прэзідэнт.

Час асвоіць работу з грамадскімі ініцыятывамі

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прававы статус грамадзянскай супольнасці, які будзе прапісвацца ў адпаведным законе. Па яго словах, такі статус прадугледжвае арыентаванасць гэтага інстытута на дыялог з уладай і адназначную прыхільнасць адвечным каштоўнасцям і традыцыям беларускага народа, інтарэсам дзяржавы.

«Не можа быць і гаворкі аб фінансаванні такіх структур з замежных крыніц. Мы ведаем: хто плаціць, той і музыку заказвае. Задача на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання — выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з грамадскімі актывістамі», — абазначыў задачу кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт адзначыў, што дэпутаты ўжо навучыліся працаваць са зваротамі канкрэтнага чалавека. А зараз варта асвоіць работу з грамадскімі ініцыятывамі, трэба ўмець бачыць перспектыўныя праекты, дапамагаць знаходзіць сродкі для іх рэалізацыі, а недзе і ўзначаліць сам працэс.

«Так наша грамадзянская супольнасць зможа выйсці на новы ўзровень прадстаўніцтва ў дзейнасці Усебеларускага народнага сходу. Дарэчы, гэта таксама адна з формаў работы з насельніцтвам. Я б сказаў, самая вышэйшая форма. Мы надалі дадзенай палітычнай традыцыі канстытуцыйны статус. Для ўдзелу ў гэтым самым народным форуме выбіраюцца людзі, якія бліжэй за ўсё знаходзяцца да рэальных жыццёвых праблем развіцця нашага грамадства, краіны», — сказаў Прэзідэнт. 

Ён падкрэсліў, што найбольш аўтарытэтныя суб’екты, якія будуць адпавядаць патрабаванням Закона «Аб грамадзянскай супольнасці», павінны будуць стаць арганічнай часткай Усебеларускага народнага сходу. Гэта важная задача на бліжэйшую перспектыву.

«Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін»

Што датычыцца традыцыйных напрамкаў работы з насельніцтвам, на першы план выходзіць інфармаванне, упэўнены кіраўнік краіны.

«Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вы вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін. Я, працуючы ў партыйных органах, засвоіў святое: калі ты не можаш чалавеку дапамагчы, пагавары з ім. Ёсць шмат грамадзян, якія хочуць проста з табой пагаварыць. Можа быць, і скардзіцца не будуць, калі нават не вырашыш іх праблему. З людзьмі неабходна размаўляць. А каб размаўляць, трэба не баяцца людзей, — дадаў Прэзідэнт. — А ці шмат у нас старшыняў райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?»

Яшчэ ў 2006 годзе ў Дырэктыве аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва былі прапісаны ўсе магчымыя напрамкі такой работы, нагадаў Прэзідэнт. Ён спытаў: «Бачу, што тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян вы асвоілі. А колькі правялі прэс-канферэнцый па актуальных для насельніцтва пытаннях? У нас намеціўся ў начальнікаў крэн нейкі. Выходзяць на экран тэлебачання, ведаюць, што я адсочваю гэта, а там малоцяць, што папала. Калі вы выходзіце і пачынаеце галасіць і стагнаць, не прадумаўшы, што хочаце сказаць, людзі пераключаюць тэлебачанне».

Паводле кіраўніка краіны, калі ўступіла ў сілу Дырэктыва, уявіць не маглі, як зменіцца ў будучыні інфармацыйная прастора, колькі магчымасцяў для працы з насельніцтвам дадуць новыя тэхналогіі.

Прэзідэнт сцвярджае: не ўсё любяць і ўмеюць быць навідавоку, мець зносіны з прэсай, выходзіць на трыбуны, але тады неабходна выкарыстоўвайць сацсеткі.

«У раёне дастаткова было б аднаго тэлеграм-канала, заснаванага на базе раённай газеты. Яна вядомая людзям, яны б туды звярталіся. А начальнікі, чытаючы СМІ і тэлеграм-канал, рэагавалі б. Калі неабходна будзе ячшэ нейкі канал стварыць, стварайце, але ён павінен быць эфектыўным», — кажа Прэзідэнт. 

Ён пахваліў мясцовыя ўлады, якія навучыліся працаваць у тандэме з рэгіянальнымі журналістамі. «Але гэта не азначае, што раённым газетам трэба ператварыцца ў трыбуну ці дошку гонару старшыні выканкама. Яны павінны быць цікавыя чытачам і даваць уяўленні аб жыцці не толькі рэгіёна і райвыканкама, але і краіны ў цэлым, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.— Часам адкрываеш нумар — а там адны аб’явы, рэклама, праграма тэлеперадач, ды яшчэ і польскіх тэлеканалаў... І галоўнае, уся работа па інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў мясцовай улады павінна весціся так, каб людзі разумелі, што яны не адны ў сваіх праблемах, што іх чуюць».

Ён нагадаў, што шмат нашых грамадзян прыйшлі на дыялогавыя пляцоўкі, калі мы абмяркоўвалі канстытуцыйную рэформу.

«Мы ўбачылі непадробную цікавасць. А які эфект атрымалі! Актыўнаць на рэферэндуме, накіраваная на стварэнне. Трэба развіваць такую ​​форму работы з насельніцтвам. Размаўляць з людзьмі. Яна дазваляе грамадству адчуць датычнасць да прыняцця рашэнняў. А менавіта так і прыходзіць адказнасць за іх выкананне», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён перакананы, што ў Беларусі знайшлі фармат работ, які будзе жыць, але толькі калі пазбегнем фармалізму.

«...А ён у нас квітнее. Таму арганізуйце пляцоўкі, выносьце на абмеркаванне пытанні, актуальныя для насельніцтва (медыцынскае абслугоўванне, водазабеспячэнне, вакцынацыя, добраўпарадкаванне тэрыторый, гандаль, збор і перапрацоўка смецця). Удзел экспертаў, спецыялістаў, якія змогуць даць кваліфікаваныя адказы, абавязковая. Яны ж у нас раскручаныя, гэтыя эксперты», — дадаў Прэзідэнт.

Ён мяркуе, што неабходна часцей практыкаваць такія формы публічных абмеркаванняў — гэта задача ідэолагаў.

«Інфармацыйна суправаджэнне дыскусій у друкаваных і інтэрнэт-версіях рэгіянальных СМІ таксама абавязкова. Як гэта зрабілі ў Мінскай вобласці, стварыўшы на базе пляцовак кол-цэнтры. Мы паглядзім яшчэ, як яны працуюць, — заўважыў кіраўнік краіны. — Практыка паказала, што вызначэнне месца ўстаноўкі дзіцячых пляцовак, фармату раённых святаў, месцаў высадкі алей і многае іншае — гэта ініцыятывы, якія грамадзяне хочуць абмяркоўваць і ў рэалізацыі якіх яны гатовы ўдзельнічаць».

Трэба даць права чалавеку выбраць, як яму звяртацца ў органы ўлады

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на спрашчэнне адміністрацыйных працэдур, дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарату. 

«Для чаго ўкаранілі прынцып „адно акно“? Не толькі для зручнасці і хуткасці работы. Хоць і гэта важна. Не сакрэт, што ў сістэме ёсць працэдуры, якія спалучаныя з карупцыйнымі рызыкамі. Мы прынялі рашэнне мінімізаваць судакрананне чыноўніка і грамадзяніна там, дзе кліенты часам самі любяць „паскараць вырашэнне пытання“ за ўзнагароджанне», — сказаў ён. 

Прэзідэнт расказаў, што сёння ў краіне існуе каля дзвюх тысяч адмiнiстратыўных працэдур. Не ўсе яны рэалізуюцца па прынцыпе «адно акно». У выканкамах такім чынам вырашаецца іх дзясятая частка (200 пытанняў). Па такім жа прынцыпе праводзяць шэраг працэдур асобныя дзяржаўныя структуры (рэгістрацыя транспарту, атрыманне пашпарт і іншыя).

«Мяне спрабуюць пераканаць, што ўсе працэдуры складана і часам немэтазгодна перакладаць у фармат «адно акно» з-за іх шматступенчатасці. Тады перагледзьце сам пералік працэдур: ці ўсе яны патрэбныя ці там ёсць састарэлыя і неактуальныя? І пераводзьце іх у электронны фармат. Я проста хачу звярнуць вас да аднаго жыццёвага факту. Усе мы з вамі, у тым ліку я, заўсёды начальнікамі не будзем. Дай бог, пажывем у грамадстве звычайнымі людзьмі. І вы будзеце натыкацца на ўсю гэту цяганіну, на гэту бюракратыю. І не толькі мы, нашыя папярэднікі, асабліва з савецкіх часоў, столькі навярнулі бюракратычных працэдур, што складана разабрацца«,- сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Ён прывёў да прыкладу работу над сістэмай ільгот, калі прыходзілася працаваць з нарматыўнай базай яшчэ савецкага часу. Аказалася прасцей новым Указам Прэзідэнта ўвесці тыя льготы, якія павінны працаваць. Таксама кіраўнік дзяржавы прывёў да прыкладу Указ, які тычыцца будаўніцтва прыватных аднапавярховых сядзібных дамоў. «Чалавек сабе будуе, і ён за гэта адкажа перад сабой, перад сваімі дзецьмі. Давайце яму дазволім, месца выдзелім — і няхай ён будуе. Ён сам да вас прыйдзе, і папросіць парады, калі трэба будзе. Трэба даць магчымасць людзям вырашаць свой лёс. І не трэба думаць, што мы лепш разумеем, што хоча чалавек, чым ён сам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заўважыў, што пакуль рух у электронным фармаце ідзе павольна. Па яго словах, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца прыняцце змен у Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», якія рэгулююць і гэты момант. Ёсць там і палажэнне аб шырэйшым выкарыстанні Інтэрнэту для забеспячэння працэсу разгляду зваротаў. Грамадзянін будзе бачыць, хто канкрэтна займаецца ягоным пытаннем і колькі часу. Кіраўнік дзяржавы назваў гэты змены важнымі і заклікаў паскорыцца ў рабоце над імі. 

«Але толькі не перагінайце палку з тэлефонамі, месэнджэрамі, у нас палова насельніцтва не разумее, што гэта такое. Не забудзьцеся, што гэта наша насельніцтва і з імі трэба працаваць і па-старому. Трэба даць права чалавеку выбраць, як яму мець зносіны з органамі ўлады. Што да новых тэхналогій — так, за імі будучыня, нашы дзеці будуць у гэтым свеце жыць. Яны гэта ўспрымаюць», — адзначыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што міністэрства сувязі і інфарматызацыі надзелена новымі паўнамоцтвамі. Людзі чакаюць выніку. У тым ліку і ў пытаннях лічбавай роўнасці. Ён акцэнтаваў увагу, што паслугі мабільных аператараў, РУП Белтэлекам«, якія забяспечваюць інтэрнэт-сувязь, доступ да кабельнага і інтэрнэт-тэлебачання, павінны быць прымальнымі па кошце, асабліва для жыхароў малых гарадоў і вёсак. 

«Гэта пытанні сацыяльных стандартаў насельніцтва, своечасовае вырашэнне якіх само сабе здымае колькасць скаргаў і зваротаў. Такі падыход павінен забяспечвацца па ўсіх напрамках», — заўважыў беларускі лідар.

«Для ўсіх нераўнадушных, хто сапраўды хоча быць карысным людзям, праца знойдзецца»

Кіраўнік краіны нагадаў ураду і мясцовым органам улады найважнейшую задачу пяцігодкі — ураўнаваць сацыяльныя стандарты для гарадской і сельскай мясцовасці. Гэта датычыцца не толькі паслуг сувязі, але і якасці і ахопу транспартнымі зносінамі, медыцынскім абслугоўваннем.

«У сталіцы яны на парадак вышэйшыя, чым у любым раённым цэнтры або аграгарадку. Менавіта на сяле фарміруецца наша харчовая і, калі хочаце, дэмаграфічная бяспека. Там аснова развіцця краіны. Прыйшоў час зразумець, што не народ павінен ісці да ўлады, а ўлада мусіць бегчы да народа.

Менавіта так адбываецца змена сацыяльнай ролі грамадства: з прасіцеляў людзі ператвараюцца ў нашых партнёраў», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што ёсць куды накіроўваць энергію людзей, гатовых падставіць плячо дзяржаве. «Ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і дзяржавы ў пытаннях падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў асаблівай абароне. Такіх у нас арганізацый нямала. Дзяржава за гэта плаціць. Размова ідзе пра дзяржаўны сацыяльны заказ. Мы гатовы падтрымліваць тых, хто сваю грамадзянскую пазіцыю пацвярджае справамі: дапамагае тым, хто жыве ў нястачы, а не сутыкае лбамі беларусаў, не ўносіць смуту ў наша спакойнае і размеранае жыццё. Словам, для ўсіх нераўнадушных, хто сапраўды хоча быць карысным людзям, праца знойдзецца», — заявіў Прэзідэнт.

Па яго словах, там, дзе механізмы ўзаемадзеяння ўлады і насельніцтва даюць збой, узнікае тэма зваротаў грамадзян. «Людзі ідуць да вас за дапамогай, абаронай пастаянна. А да каго яшчэ? Гэта ўжо своеасаблівая палітычная традыцыя. Вы ведаеце, што ў работу са зваротамі грамадзян уцягнуты ўсе без выключэння дзяржаўныя структуры і арганізацыі Беларусі. Штодня сотні, тысячы нашых людзей адчыняюць дзверы дзяржаўных кабінетаў рознага ўзроўню, звяртаюцца па тэлефоне, пішуць у сацыяльных сетках і месэнджэрах. Адзначу, што апошнія гады колькасць зваротаў ва ўсе дзяржорганы зніжаецца», — заўважыў станоўчую тэндэнцыю кіраўнік краіны.

Недапушчальна грэблівае і пагардлівае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу

Прэзідэнт заўважыў, што адпрацавана сістэма комплекснага вывучэння найбольш вострых праблем. Ёсць прыклады прыняцця агульнага рэгулюючага рашэння на самым высокім узроўні. Адно з іх датычыцца тэмы самавольных пабудоў і зямельных «войнаў». 

«Мы абагульнілі ўсе звароты пасля нарады на ўзроўні Прэзідэнта і выйшлі на дапаўненні і змяненні Кодэкса аб зямлі. Дэпутаты разгледзяць, унясуць змены. І мы будзем у большай колькасці гэтыя працэдуры спускаць на месцы. Не трэба ўсё рэгуляваць з цэнтра, ад Прэзідэнта. Прыязджаеш з камандзіроўкі — пуд дакументаў і толькі палова тых, што павінны вырашацца на ўзроўні Прэзідэнта», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, у цэлым рэйтынг праблем, з якімі людзі ідуць да органаў улады, застаецца стабільным. Пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі займаюць амаль 20 працэнтаў у агульным аб’ёме зваротаў грамадзян. Праблемы архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання і землекарыстання −11 працэнтаў. Пытанні працы і сацыяльнай абароны займаюць амаль 10 працэнтаў. Вал зваротаў па пытаннях ЖКГ звязаны з хранічнымі праблемамі ў гэтай сферы: няякаснае аказанне паслуг, неабгрунтаванае завышэнне аб’ёмаў і затрат, парушэнне тэрмінаў, прадастаўленне недакладнай інфармацыі аб выкананні работ, адсутнасць сістэмы зваротнай сувязі.

«Традыцыйна нечакана ў нас надыходзіць зіма ў снежні і пачынаюцца дажджы восенню. Так, нядаўна звярнулася жанчына, ветэран працы, 91 год, інвалід першай групны. Жанчына, якая палажыла жыццё дзеля нашай дзяржавы. Восенню задумалі капрамонт дома, дэмантавалі дах. Натуральна, усю кватэру заліло дажджавой волай. Цяпер патрабуецца капрамонт самой кватэры. Але ўсе „умылі рукі“. Хто адкажа? І хто дапаможа гэтаму чалавеку? Самі такімі будзем, і бог нас пакарае», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што недапушчальна грэблівае і пагардлівае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да дзяржавы. Абсалютна непрымальныя хамства, фанабэрыя, бюракратычная цяганіна. 

«На жаль, ёсць такія прыклады. Чалавек звярнуўся з элементарнай просьбай — прыбраць дрэва з месца пахавання. Прыбралі і ўсё паклалі на магілу. І як такія дзеянні павінен разумець грамадзянін?», — заўважыў ён.

«Не трэба хітрыць»

Прэзідэнт расказаў, што яму дакладваюць, што грашаць службы ЖКГ і фармалізмам, абыякавасцю, нежаданнем займацца практычным вырашэннем праблем.

«Затое як вялікае дасягненне ў сферы ЖКГ падаецца работа службы 115. Калі гэта ўводзілі, я згадзіўся, так запэўнівалі мінчане, што гэта будзе добра для народа. Але я тады падумаў, што бязглуздзіца гэта ўсё. Нашы начальнікі, каб нічога не рабіць, увядуць любую норму і праявяць ініцыятыву. Што на практыцы атрымліваецца? Так, стварылі кантакт-цэнтры, інтэрнэт-партал, прымаюць інфармацыю, ветліва размаўляюць, але пытанні больш эфектыўна вырашацца не сталі», — сказаў кіраўнік краіны.

Дадаў ён, што грашаць і дарожнікі. «Часам так адрамантуюць вясковую дарогу, што ўся гразь і вада цякуць у агароды жыхароў. Чалавек будзе хадзіць прасіць у вас. Вы, можа, адрэагуеце, а можа, і не», — абураецца Аляксандр Лукашэнка.

Штам пытанняў і да будаўнікоў — часам так будуюць дамы для шматдзетных, што тыя месяцы вымушаныя хадзіць і прасіць ліквідаваць недаробкі.

«Чаго не хапае, каб такія дробязныя пытанні вырашыць? Чаго, улады? Жадання ў нас няма. І Адміністрацыя Прэзідэнта гэтым павінна заняцца прадметна з усімі вышэйшымі службовымі асобамі. У іншым выпадку, калі гэты вал будзе ісці, працаваць вы не будзеце. Калі мы не зробім высновы з таго, што адбылося ў 2020 і пасля, мы зробім буйны крок да ўкраінскіх падзей. Але нам будзе цяжэй, чым Украіне», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго, каля 70 працэнтаў зваротаў, якія паступаюць у рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, змяшчаюць праблемы, якія маглі і павінны былі вырашацца на мясцовым узроўні.

Прэзідэнт дадае, што разумее: нярэдка даводзіцца мець справу з прафесійнымі скаржнікамі, але іх таксама трэба бачыць і з неабходна з імі размаўляць.

«Я скажу так: калі да Прэзідэнта, Адміністрацыі даходзіць скарга, і яна прызнаецца аб’ектыўнай, а яе рашэнне знаходзіцца ў вашай кампетэнцыі і вы нічога не зрабілі, але раптам пасля ўмяшання кантралюючых органаў усё ж знайшлі рашэнне, то крыўдуйце на сябе. З такімі работнікамі будзем развітвацца без шкадавання. І папярэджваю: не трэба хітрыць. Кіраўнік справамі аднаго з райвыканкамаў устанавіў прыёмны дзень — пятая серада месяца. У годзе толькі чатыры такія дні. Яму ў Адміністрацыі Прэзідэнта падказалі. Цяпер праводзіць прыёмы ў пятую, і ў першую сераду месяца. У Адміністрацыі Прэзідэнта дапамаглі скласці графік», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Мы працуем з насельніцтвам заўсёды, незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці прамых кантактаў 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што трэба ўмець арыентавацца ў плыні зваротаў, рэагаваць адэкватна, не ствараючы ў грамадстве напружання на роўным месцы. Звароты грамадзян, прыёмы, тэлефонныя лініі, дыялогавыя пляцоўкі, адміністрацыйныя працэдуры — гэта толькі бачная частка працэсу. «Мы працуем з насельніцтвам заўсёды, незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці прамых кантактаў з жыхарамі сваіх раёнаў, гарадоў, вёсак, вуліц. Мы самі — насельніцтва. І вы ведаеце, якія вынікі нашай з вамі працы ствараюць спрыяльную атмасферу ў грамадстве ў цэлым, а якія фарміруюць у дзяржаве палітычныя рызыкі. Вы людзі разумныя, дасведчаныя. Самі ўсё разумееце. Усё, што я сказаў, вы глыбей разумееце і ўсведамляеце ў сілу свайго становішча і вопыту», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што задума семінара — сабраць усіх, хто працуе са зваротамі грамадзян, з грамадскімі ініцыятывамі, выявіць праблему і знайсці рашэнне.

«Прайграем бітву за людзей — шэлег цана нам як уладзе, шэлег цана нашай дзяржаве. Будзе Украіна, дзе кожны сам за сябе, выжывае наймацнейшы, моладзь, дзеці, старыя кінутыя на волю лёсу. Дакаціліся да вайны. Ніхто з нас не жадае такога сцэнарыя. Таму давайце працаваць. Я гатовы пачуць вас, настроены на шчырую размову, таму што тэма жыццёва важная. Ніхто, акрамя нас, гэтыя пытанні не вырашыць. Гэта наша роля, і мы павінны яе сыграць», — заклікаў беларускі лідар.


Падчас семінару яго ўдзельнікі дзяліліся сваімі меркаваннямі аб удасканаленні работы з людзьмі

Вадзім Гігін: «Нам неабходна накіраваць гэту актыўнасць, ці гэтым зоймуцца іншыя сілы»

Старшыня праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Веды» Вадзім Гігін заявіў у сваім выступленні на семінары-нарадзе, што супрацьпастаўляць жывую размову з аўдыторыяй традыцыйным СМІ і новым медыя не вартае — гэтыя формы неабходна і можна сумяшчаць. Эфект атрымоўваецца шматразовы. 

«Прывяду прыклад. Мы арганізоўваем сустрэчу з людзьмі. Інфармацыя пра месца і час распаўсюджваецца праз мясцовую газету, тэлебачанне, сацыяльныя сеткі. Прамая трансляцыя вядзецца блогерамі праз свае каналы і паблікі. Нашы СМІ робяць рэпартажы, а спасылкі разыходзяцца па тых жа сацыяльных сетках. Вось вам рэальнае інфармацыйнае грамадства, яно ж і грамадзянская супольнасць», —акцэнтаваў выступоўца.

Па яго словах, блогеры сталі грамадскім рухам, а матрыцай сустрэч выступаюць грамадскія арганізацыі. Да гэтых груп падцягваюцца і палітычныя партыі. Аднак Вадзім Гігін адзначыў амаль поўную адсутнасць партыйнай актыўнасці на месцах. «Можна спытаць, навошта нам увогуле партыйнае будаўніцтва? У нас амаль траціна грамадзян зацікаўлена ў больш актыўнай палітычнай дзейнасці, і нам неабходна накіраваць гэту актыўнасць, ці гэтым зоймуцца іншыя сілы», — папярэджваў эксперт.

На яго думку, актыўнасць і якасць прамой камунікацыі з грамадзянамі павінны выступаць крытэрыямі ацэнкі работы мясцовых улад. «Гэта і ёсць дэмакратыя па-беларуску», — заўважыў спікер.

Паводле яго слоў, растлумачванне беларусам сэнсу і сутнасці паправак у Канстытуцыю перарасло ў буйнейшую палітыка-асветніцкую кампанію ў гісторыі сучаснай Беларусі.

«Таварыства „Веды“ не стала чакаць афіцыйнай даты вынасу паправак на ўсенароднае абмеркаванне. І ўжо 24 лістапада быў дадзены старт акцыі „У рэжыме праўды“. У ходзе яе рэалізацыі па ўсёй краіне прайшлі сотні сустрэч, у якіх прынялі ўдзел тысячы беларусаў. Там аформіўся пул экспертаў, спікераў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, слову якіх вераць, хто стаў лідарам грамадскага меркавання. Яны здольныя весці дыскусіі на самыя вострыя тэмы ў любой аўдыторыі. Яны сталі нашым залатым запасам», — расказаў Вадзім Гігін.

Кіраўнік аб’яднання зазначыў, што фінальная акцыя «У рэжыме праўды», праведзеная 19 лютага ў Палацы спорту, стала па-сапраўднаму рэзананснай. Былі скарыстаны шматлікія метады працы з аўдыторыяй: ад класічных лекцый да TED-прэзентацый і ідэйна зараджаных канцэртных нумароў. І гэта спрацавала, выклікала водгук у людзей.

Уладзімір Пярцоў: «Мы павінны ведаць усё, што адбываецца ў рэгіёне, першымі асвятляць і ўзнімаць праблемы»

З дакладам таксама выступіў і міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Ён звярнуў увагу, што бітва за розумы і душы людзей адбываецца, у першую чаргу, у інфармацыйнай прасторы. Галоўнай арэнай з’яўляецца інтэрнэт.

«У нас у краіне колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў больш за 82 працэнты насельніцтва. Таму, калі нас разгойдваюць, распальваючы эмоцыі людзей, падкідваючы і розныя дзікія фэйкі, робяць гэта менавіта праз інтэрнэт. Мы дакладна разумеем і стараемся адказваць нашым апанентам, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні. Дзеля справядлівасці адзначу, што рэгіянальныя СМІ за апошнія два гады значна прасунуліся ў інтэрнэт-асяроддзі. У кожнай рэдакцыі ёсць свае сайты, старонкі ў сацыяльных сетках, заведзены тэлеграм-каналы», — сказаў міністр. 

Уладзімір Пярцоў прывёў станоўчыя прыклады паспяховага прасоўвання інфармацыі ў сацыяльных медыя:. Абласныя «Мінская праўда», «Гомельская праўда», «Гродзенская праўда», «Аршанская газета», «Наш край» (Баранавічы), «Хойніцкія навіны», «Маяк» (Бяроза).

«Наш праціўнік робіць стаўку на рэгіёны, узнімаючы лакальныя праблемы, выстаўляючы часта дробязныя пытанні як поўную бяздзейнасць улады. Рэзананс ад гэтага нарастае як снежны ком. І па меры развіцця лічбавых тэхналогій магутнасць такой зброі толькі нарастае. Нам гэта трэба не толькі ўлічваць, але і адпаведным чынам з апярэджаннем выбудоўваць сваю работу. Мы павінны ведаць усё, што адбываецца ў рэгіёне, першымі асвятляць і ўзнімаць праблемы і расказваць пра іх вырашэнне», — канстатаваў міністр інфармацыі. 

Міністэрства інфармацыі праводзіць работу па комплекснай ацэнцы эфектыўнасці рэгіянальных медыяў. Па выніках маніторынгу да канца жніўня рэгіёнам будзе прапанавана канкрэтныя рашэнні. Адно з якіх — уваходжанне слабых рэдакцый у склад буйных структур, так званых медыяхолдынгаў на базе моцнага абласнога або раённага выдання. На сёння падобныя медыяхолдынгі ўжо створаны і паспяхова працуюць — «Мінская праўда», «Брэсцкі веснік», «Бабруйскае жыццё», «Шклоў-інфа», «Лідамедыякампанія». 

«Менавіта зладжаная і аператыўная праца нашых СМІ, якія сталі адзіным фронтам на абарону краіны, дапамагла абараніць інтарэсы дзяржавы, інфармацыйны суверэнітэт, даносіць праўду і не дазволіла беларускаму грамадству стаць ахвярай каляровых рэвалюцый», — рэзюмаваў Уладзімір Пярцоў. 

На завяршэнне форуму Прэзідэнт зноў узяў слова, каб падвесці вынікі нарады і абазначыць яе важнасць.

«Саветы, гэта ваша вотчына, Наталля Іванаўна (Качанава — „Зв.“), Савета Рэспублікі і парламента. Гэта вертыкаль — абласныя, раённыя, сельскія Саветы. Яны безгаспадарчымі не павінны быць. Не забывайце пра гэта, — звярнуўся Прэзідэнт да парламентарыяў. — Вы сенатары, лепш, чым хто іншы можаце рэалізаваць Саветы. Яны павінны быць пад вамі. Гэта ваша святая справа».

Значнасць такіх семінараў для ўдасканалення работы на месцах кіраўнік краіны растлумачыў праз параўнанне з пленумамі савецкіх часоў.

«У чым каштоўнасць незалежнасці? Мы бачым, што ў Брэсце, Гродне адбываецца і імгненна на гэта рэагуем. І нават папярэджваем у ваенных мэтах. У тыя часы пленумы ЦК праводзіліся два разы ў год. Я кіраўніку сваёй Адміністрацыі кажу: «Чаго сыходзіць ад гэтай сістэмы?! Так, гэта не пленумы. Але нешта падобнае, давайце два разы ў год праводзіць адпаведныя семінары», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён успомніў мінулыя гады працы яшчэ ў СССР. «Калі ты прыязджаеш знізу і чуеш з першых вуснаў кірунак дзейнасці, палітыку, практычныя дзеянні, потым прыязджаеш акрылены на месца і пачынаеш з новымі намаганнямі вырашаць праблемы. Вось гэта я бхацеў, каб стала вынікам нашай сённяшняй нарады», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Марыя ДАДАЛКА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.