Вы тут

Глабальны перадзел. Хто раскручвае хвалю голаду?


Колькасць тых, хто галадае, на планеце няўхільна расце, павялічваецца смяротнасць. Зараз каля 750 тысяч чалавек ужо гінуць ад знясілення, дзясяткі мільёнаў знаходзяцца на мяжы голаду, паведамляе Цэнтр навін ААН. Такая жудасная статыстыка прыводзіцца ў апублікаваным дакладзе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FАО) і Сусветнай харчовай праграмы (WFP). Згодна з дакладам, большасць тых. хто галадае, — жыхары Афрыкі, а таксама Афганістана, Шры-Ланкі, Сірыі. Эксперты ААН адзначаюць, што недахват харчавання ў свеце дасягнуў найбуйнейшых маштабаў у ХХІ стагоддзі. Пры гэтым прагназуецца, што сітуацыя яшчэ больш абвострыцца найбліжэйшым часам. Хто ж раскручвае глабальную хвалю голаду?


Санкцыйны бумеранг

Сітуацыя ў свеце ў сферы харчовай бяспекі заўважна пагаршаецца. Аб гэтым доктар эканамічных навук, прафесар Наталля Кірэенка заявіла на YouTube-канале БелТА. «Яшчэ ў 2015 годзе свет абавязаўся пакончыць з голадам, адсутнасцю харчовай бяспекі і непаўнацэнным харчаваннем. Краінамі былі прыняты Мэты ўстойлівага развіцця да 2030 года, сярод якіх і ліквідацыя голаду. Згодна са статыстыкай Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, на планеце налічваецца 820 мільёнаў тых, хто галадае, пры гэтым два мільярды (25 працэнтаў сусветнага насельніцтва) чалавек, у тым ліку больш за 300 тысяч дзяцей, церпяць ад недахопу неабходных пажыўных мікраэлементаў. І гэтая сітуацыя пагаршаецца. Цэны растуць, назіраецца нізкі ўзровень даходу асобных груп насельніцтва, для якіх фінансава недаступнае нармальнае здаровае харчаванне», — адзначыла Наталля Кірэенка. Паводле яе слоў, FАО і міжнародныя эксперты адзначаюць, што калі гэта тэндэнцыя захаваецца, то да 2030 года колькасць тых, хто галадае, можа перасягнуць 10 працэнтаў сусветнага насельніцтва. Самы праблемны рэгіён — Афрыка.

Кошт угнаенняў у свеце за апошнія некалькі месяцаў узрос больш чым удвая. Такая сітуацыя прывядзе да маштабнага дэфіцыту харчавання. Пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, паведаміла ТАСС. Цэны на ўгнаенні б'юць рэкорды. Па словах Гутэрыша, гэта вельмі трывожная сітуацыя. Калі фермеры не змогуць закупляць угнаенні, гэта адаб'ецца на ўраджаі. Узнікне дэфіцыт асноўных харчовых культур. Перш за ўсё пацерпяць азіяцкі і амерыканскі рэгіёны, дзе пражываюць мільярды людзей. Генеральны сакратар ААН папярэдзіў, што чалавецтва можа сутыкнуцца з маштабнымі крызісамі — голадам, беднасцю, сацыяльнымі ўзрушэннямі. Беларусь і Расія — сярод найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў. Аднак уведзеныя краінамі Захаду санкцыі абмяжоўваюць экспарт. Раней Гутэрыш заклікаў вярнуць на сусветныя рынкі беларускія і расійскія ўгнаенні. Паводле яго слоў, гэта дапаможа вырашыць праблемы харчовай бяспекі ў свеце.

Еўрасаюз, увёўшы санкцыі супраць Беларусі і Расіі, сутыкнуўся з поўнай адсутнасцю калійных угнаенняў, і менавіта таму Захад прасоўвае ідэю аб вывазе збожжа з Украіны. Пра гэта спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін напісаў у сваім тэлеграм-канале. Ён адзначыў: прынятыя санкцыі былі неабдуманыя. «Ударылі перш за ўсё па тых краінах, якія і так адчувалі праблемы з харчаваннем, — заўважыў Вячаслаў Валодзін. — Прывялі да росту цэн на зерне ва ўсіх дзяржавах, у тым ліку еўрапейскіх. Усё гэта можа справакаваць голад у многіх краінах свету. Байдэн і Зяленскі даб'юцца свайго — увойдуць у гісторыю як прэзідэнты, якія ўчынілі галадамор на планеце».

Эканоміка згортваецца

У выніку санкцый на Захадзе парушаны ўсе вытворчыя цыклы, многім давядзецца закрыць свой бізнес. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расійскі эканаміст Ягор Клопенка. «Фактычна эканоміка паступова будзе згортвацца, і шмат бізнесу давядзецца закрыць. Многія прамысловыя прадпрыемствы таксама закрыюцца, таму што эканамічна праз тры месяцы будзе нявыгадна вырабляць значную частку прадукцыі, праз шэсць месяцаў — яшчэ больш і гэтак далей. Людзі будуць губляць работу, узровень спажывецкага попыту будзе падаць, і гэта прывядзе да новага вітка праблем», — распавёў Ягор Клопенка. Па меркаванні эксперта, Еўропа разумее, што санкцыі вядуць да спусташэння краін.

На Захадзе праблема неўраджаю і вялікага голаду, заявіў у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Шчокін. «У Францыі ўжо паўтара месяца няма ападкаў, там засуха, у шэрагу штатаў ЗША таксама. І тое, што цяпер адбываецца са збожжам, — гэта дробязь, паверце. Збожжа — паліттэхналогія. Але гэта толькі пачатак», — падкрэсліў Мікалай Шчокін.

«Мне вельмі непрыемны крывадушны зварот Гутэрыша, які кажа, што канфлікт ва Украіне справакаваў голад. Наогул, яму трэба было паглядзець, што ўжо даўно, да гэтага канфлікту, амаль мільярд чалавек у свеце галадае. Дзе Гутэрыш быў раней? Дзе ААН была раней, чаму не ўзнімалі гэтае пытанне? Таму што гэта нікога не датычылася. Таму што цяпер пайшла дзяльба рэсурсаў і свету, вось яны і закранулі гэтае пытанне», — канстатаваў Мікалай Шчокін.

Вядомы брытанскі эканаміст Джон Рос у сваім артыкуле, апублікаваным на партале Asіa Tіmes, раскрыў сапраўдныя прычыны глабальнага голаду. Паводле яго слоў, галоўнымі вінаватымі з'яўляюцца заходнія краіны. Захад жа замест таго, каб паспрабаваць вырашыць праблему з голадам, якую ён сам жа справакаваў, яшчэ больш узмацняе яе новымі санкцыямі.

Паўмільярда бежанцаў

Афрыканскія краіны сутыкнуліся з дэфіцытам угнаенняў, што ставіць пад пагрозу будучы ўраджай. Пра гэта паведаміла ТАСС са спасылкай на кіраўніка Афрыканскага банка развіцця Акінвумі Адэсіну. Паводле яго слоў, на кантыненце паўстае цяжкі харчовы крызіс. Напрыклад, каля 40 працэнтаў насельніцтва Самалі (звыш 6 мільёнаў чалавек) не маюць дастатковай колькасці ежы, а ў шэрагу раёнаў краіны ўжо пачаўся голад. Пра гэта заявіў спецыяльны пасланнік прэзідэнта Самалі па пытаннях барацьбы з наступствамі засухі Абдзірахман Абдзішаку. Ён адзначыў, што ўжо цяпер каля 330 тысяч дзяцей вымушаны жыць надгаладзь, больш за 770 тысяч чалавек пакінулі сваё жыллё з-за адсутнасці ежы. Галоўная прычына сітуацыі — небывалая за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў засуха, якая ўразіла Самалі. Абдзішаку заклікаў міжнародную супольнасць аказаць краіне экстранную дапамогу.

На гэтым фоне абвастраецца праблема міграцыі — перспектывы змрочныя. Лідар партыі «Ліга Поўначы» Матэа Сальвіні, экс-міністр унутраных спраў Італіі, баіцца, што, калі канфлікт на Украіне зацягнецца, гэта можа прывесці да рызыкі наплыву да 500 мільёна бежанцаў і сацыяльнай катастрофы. Аб гэтым са спасялкай агенцтва ANSA паведаміла ТАСС.»Калі канфлікт ва Украіне працягнецца тыдні ці месяцы, у Італіі і на Афрыканскім кантыненце будзе эканамічная і сацыяльная катастрофа. Пры ўзнікненні голаду нас чакае прыток мігрантаў. Ужо зараз ён рэкордны. Калі ў Афрыцы павялічыцца голад, лічба ў 500 млн мігрантаў цалкам рэальная. Яны накіруюцца да поўначы ў пошуках ежы», — прыводзіць яго словы агенцтва.

Паводле звестках італьянскага МУС, з пачатку года на Апеніны па моры пераважна з Афрыкі прыбыло звыш за 20 тысяч чалавек, што ў чатыры разы больш, чым за той жа перыяд у 2020 годзе. У 2019-м, калі Сальвіні займаў пасаду кіраўніка міністэрства ўнутраных спраў, прыбыццё па моры амаль спынілася з-за таго, што судны з мігрантамі не дапускаліся ў італьянскія парты. Цяпер палітык абвінавачваецца ў перавышэнні паўнамоцтваў і незаконным затрыманні людзей. Найбольшая колькасць мігрантаў — звыш 180 тысяч — у Італію па моры прыбылі ў 2016 годзе.

Брэнд поспеху

Беларусі голад не пагражае. Наша краіна з'яўляецца прызнаным лідарам у вытворчасці прадуктаў харчавання, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Юрый Назараў у час урачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2022». «Дзякуючы мэтанакіраванай карпатлівай працы нашых аграрыяў мы змаглі не толькі накарміць сябе, але і пастаўляць прадукцыю больш як у 100 краін свету, — адзначыў віцэ-прэм'ер. — Гэта вельмі актуальнае пытанне, асабліва сёння, калі пачаліся размовы, што можа настаць голад на цэлых кантынентах. Роля аграрыяў у вырашэнні гэтага пытання неацэнная».

Наша краіна стала ў свеце заканадаўцам эканамічнай стабільнасці і эфектыўнасці, заявіў БелТА Мікалай Шчокін. «Беларусь заўсёды выступала яркім і эфектыўным ініцыятарам большасці эканамічных праектаў, якія, дарэчы, многімі дзяржавамі ўсведамляюцца як выратавальны механізм для сваіх краін. Нельга дапусціць, каб і ў далейшым калектыўны Захад харчовы крызіс выкарыстаў як інструмент і прыладу ціску, шантажу і перадзелу сусветных рэсурсаў. Таму час самазаспакаення прайшоў. Сёння нікому ўжо не атрымаецца адсядзецца і жыць за кошт іншых», — сказаў Мікалай Шчокін.

Палітолаг падкрэсліў: эканамічны поспех Беларусі — у руках беларускага народа. «Беларусь здолела прадэманстраваць усяму свету паслядоўнасць, стойкасць, паспяховасць сваёй эканамічнай мадэлі развіцця, — адзначыў ён. — Прапанова Аляксандра Лукашэнкі згуртавацца і дзейнічаць адзіным фронтам для захавання сваёй дзяржаўнасці — гэта адзіная формула, дзякуючы якой можна выжыць і паспяхова развівацца. Думаю, са мной многія пагодзяцца, што Беларусь стала ў свеце заканадаўцам эканамічнай стабільнасці і эфектыўнасці. Дастаткова ўдумацца: у той час, калі амаль усе краіны свету ў той ці іншай меры адчуваюць харчовы недахоп, сутыкаюцца з галечай і голадам, імклівай інфляцыяй, Беларусь змагла не толькі выстаяць але і сваім унікальным вопытам нарасціць свой патэнцыял, адначасова ініцыіраваўшы інавацыйныя эканамічныя праграмы і таксама прыцягнуць да іх рэалізацыі многія краіны свету. Беларусь стала сусветным брэндам сацыяльна-эканамічнага поспеху».


«Свет павінен укладвацца не ў зброю, а ў развіццё»

Краіны-сусветныя лідары павінны ўкладвацца не ў зброю, а ў развіццё Афрыканскага кантынента, тады ў свеце не будзе голаду. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас размовы з журналістамі пасля адкрыцця ў Мінску новага будынка 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі.

«Яны абадралі і паставілі на калені ўсю Афрыку. У заходніх транснацыянальных кампаній яны рабы. Яны працуюць на іх за капейку. Вось у чым галоўная прычына — няроўнасць. Таму трэба раскашэліцца еўрапейцам, амерыканцам, кітайцам і расіянам не на зброю, а ўкласціся ў гэтыя краіны, стварыць там нармальную сітуацыю. У Афрыцы ўсё можа расці», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таксама, на яго думку, неабходна ўкласціся ў паўднёваазіяцкія краіны, дзяржавы Лацінскай Амерыкі, дзе таксама бываюць праблемы з прадуктамі харчавання. «Тады будзе вырашэнне пытання. І тады голаду не будзе», — лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ЗША плануюць вывезці з Украіны 20 мільёнаў тон збожжа ў абмен на ўзбраенне. Такім чынам Злучаныя Штаты, як яны заяўляюць, мяркуюць знізіць цэны на збожжа і вырашыць харчовае пытанне ў свеце. З аднаго боку, Прэзідэнт усумніўся, ці засталіся ў паўднёвай суседкі такія запасы, з іншага, лічыць ён, гэтым ніяк справе не дапаможаш. «Забяруць ва ўкраінцаў апошні кавалак хлеба. Яны ўкраінцаў абдзіраюць. Я не думаю, што гэта з-за зброі. Зброю ім будуць пастаўляць. Для таго, каб знішчыць Расію, падысці да Кітая. Тут не ў хлебе справа», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяперашняя геапалітычная сітуацыя толькі ўскладняе агульную праблему, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Парушыліся ланцужкі лагістычных паставак, і пытанне харчовай бяспекі стала гучаць яшчэ вастрэй. «Самы найлепшы напрамак (мы з Пуціным вызначылі пяць) — Беларусь. Калі ласка — мы не хочам, каб у Афрыцы галадалі. Ды не ў Афрыцы — у Еўропе і Амерыцы не хапае. Мы не супраць, вязіце праз Беларусь, але павінны быць кампрамісы: мы — вам, вы — нам. Адкрывайце парты, і будзем грузіць. Тым больш парты стаяць, людзей выкінулі на вуліцу. Безразважныя. З голадам сутыкнуліся даўно. Мільярд галадае, а заўтра мільярд будзе на мяжы смерці. Толькі з-за той палітыкі, якую сёння Захад і багатыя краіны, перш за ўсё Амерыка, праводзяць. Вось у чым праблема. Трэба яе вырашаць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?