Вы тут

У мінскай гімназіі №25 даследуюць ваенныя старонкі «Звязды»


А пачалося ўсё з таго, што ў архіве навучальнай установы, якая вядзе свой летапіс з 1923 года, быў знойдзены цікавы фотаздымак. На першы погляд ён нічым не адрозніваўся ад усіх тых, якія звычайна рабіліся ў школах. У цэнтры сядзіць настаўнік, побач з ім — яго вучні. Кіраўніка школьнага краязнаўчага музея зацікавіла асоба настаўніка, які да вайны выкладаў у 25-й беларускай узорнай чыгуначнай школе імя Чарвякова фізкультуру. Ім аказаўся Вольф Данцыг, бацька народнага мастака Беларусі Мая Данцыга і сын Герца Данцыга, у тыпаграфіі якога 9 жніўня 1917 года быў надрукаваны першы нумар «Звязды».


Галоўны экспанат

Пасля гэтага адкрыцця прадстаўнікі гімназіі пасябравалі з Маем Данцыгам. Вядомы мастак часта бываў у сценах навучальнай установы, з'яўляўся актыўным удзельнікам шматлікіх яе ініцыятыў. Менавіта ён пазнаёміў настаўнікаў і вучняў гімназіі з сынам наборшчыка падпольнай «Звязды» Барысам Александровічам, які шмат чаго цікавага расказаў пра дэталі выдавецкай дзейнасці ў акупаваным Мінску. Гэтыя аповеды ў тым ліку паслужылі падставай для стварэння ў школьным музеі куточка, прысвечанага гісторыі газеты.

Цяпер гэта невялікая, але паўнавартасная экспазіцыя народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Невычэрпная крыніца гісторыі», які ў пачатку навучальнага года аднавіў сваю дзейнасць у новым будынку 25-й гімназіі, што вярнулася на сваё гістарычнае месца пасля працяглай рэканструкцыі. Тут расказваецца не толькі пра падпольны перыяд выхаду «Звязды», але і пра выданне газеты ў партызанскай зоне на востраве Зыслаў, што ў Любанскім раёне. Цікавыя экспанаты — друкарская машынка, запальнічка, чарнільніца, газетніца — дазваляюць уявіць, у якіх умовах ажыццяўлялася выдавецкая дзейнасць у гады вайны.

Захоўваецца тут і копія першага нумара падпольнай «Звязды», які выйшаў 18 мая 1942 года ў захопленым ворагам Мінску. Асобная ўвага прысвечана яго рэдактару — Уладзіміру Амельянюку. Дзеці — а менавіта яны часцей за ўсё з'яўляюцца экскурсаводамі — з асаблівым гонарам расказваюць пра Героя Савецкага Саюза, падкрэсліваючы, што ён з'яўляецца адзіным журналістам у свеце, які носіць найвышэйшае званне. Не абыходзяць школьнікі і той факт, што вуліца, якая носіць імя Амельянюка, знаходзіцца ў іх Заводскім раёне, зусім недалёка ад гімназіі. А яшчэ дзеці не толькі расказваюць пра ваенны перыяд нашай газеты падчас экскурсій, але і самі даследуюць гісторыю найстарэйшага рэспубліканскага выдання. Пад іх аўтарствам выйшаў шэраг навуковых работ, якія занялі прызавыя месцы на гарадскіх конкурсах.

Цяпер навучэнцы на канікулах, таму экскурсію па музеі для нас праводзіць нязменны яго кіраўнік, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Аліна Пахвалённая. Музеем яна кіруе з моманту яго існавання (а гэта ўжо 35 гадоў). «Звязду» выпісвае прыкладна столькі ж. Любоў да газеты адчуваецца з першых хвілін знаходжання ў музеі. Некаторыя тэматычныя аддзелы дапаўняюцца выразкамі са «Звязды». Прадстаўлены кнігі, аўтарамі якіх з'яўляюцца цяперашнія і былыя супрацоўнікі выдання.

Музей у чамадане

Усяго экспазіцыя школьнага музея прадстаўлена па чатырох кірунках. Адзін з іх прысвечаны гісторыі навучальнай установы. 25-я даваенная школа імя Чарвякова існавала да вайны і знаходзілася на месцы сённяшняга Галоўпаштамта. Тут выкладаў Янка Маўр. Сярод яе найбольш знакамітых выпускнікоў — пісьменнікі Артур Вольскі, Аляксандр Міронаў, а таксама Герой Савецкага Саюза, лётчык-знішчальнік Міхаіл Зялёнкін, адзін з кіраўнікоў Мінскага падполля Мікалай Каржанеўскі, Рыма Шаршнёва, подзвіг якой увайшоў у гісторыю. 17-гадовая дзяўчына выратавала партызанскі атрад і яго камандзіра, закрыўшы сабой амбразуру варожага дзота. Гэта першая і адзіная ў свеце жанчына, якая раней за Аляксандра Матросава здзейсніла подзвіг. Імя Рымы Шаршнёвай носіць піянерская дружына 25-й гімназіі. Асобны раздзел экспазіцыі нагадвае сучаснай моладзі аб гераічным учынку партызанкі.

Увогуле, тэма Вялікай Айчыннай вайны ў музеі — адна з ключавых. Яна прадстаўлена не толькі праз лёсы канкрэтных удзельнікаў ваенных падзей: Уладзіміра Амельянюка, Рымы Шаршнёвай, Зіновія Калабанава... Захоўваюцца тут і асабістыя рэчы ветэранаў, якія жылі і жывуць на тэрыторыі Заводскага раёна сталіцы. Прычым школьнікі ведаюць гэтых людзей у твар: наведваюць ветэранаў самі, запрашаюць іх у гімназію, на шматлікія мерапрыемствы, якія праводзяцца па-за навучальнай установай. Многіх з ветэранаў ужо няма ў жывых, але памяць аб гэтых людзях у навучэнцаў дакладна застанецца.

— Калі дзеці не проста чуюць пра Вялікую Айчынную вайну ад настаўнікаў або бацькоў, а маюць зносіны з непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей, гэта найлепшым чынам адаб'ецца ў іх памяці. За такое пакаленне можна быць спакойнымі, — пераканана Аліна Пахвалённая. — Наўрад ці гэтыя школьнікі дазволяць сабе або тым, хто іх атачае, перапісваць гістарычныя факты, апаганьваць подзвіг народа-пераможцы. Асабліва калі яны самі расказваюць сваім равеснікам пра трагедыю Хатыні або тое, што ў гады вайны адбывалася ў Трасцянцы. З дапамогай вучняў мы распрацавалі інклюзіўную экскурсію пра лагер смерці, падчас якой самі дзеці з'яўляюцца экскурсаводамі.

Унікальны праект гімназіі — музей у чамадане. Канцэпцыя заключаецца ў тым, што ў чамадан павінны змясціцца ўсе прадметы, якія могуць дастаткова раскрыць тэму. Цяпер з дапамогай музея ў чамадане расказваецца пра Хатынь.

Ручнік, сатканы з матчыных малітваў

Не горш за любы краязнаўчы музей прадстаўлены ў школьнай экспазіцыі і нацыянальныя беларускія рамёствы: шапавальства, дрэваапрацоўчы промысел, саломапляценне, лозапляценне, ткацтва, вышыванне. Тут і вырабы з гліны, металу: калекцыя самавараў, прасаў, якіх больш за тры дзясяткі. Дзякуючы адмысловым рэчам наведвальнік можа пазнаёміцца з асаблівасцямі праваслаўя і каталіцызму, даведацца, як раней на нашай зямлі жылі яўрэі. Шырока прадстаўлены гарадскі побыт канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

Асаблівую цікавасць уяўляе раздзел, які называецца «Хата з матчынай душой». Адчыніўшы дзверы пакоя, быццам трапляеш у вясковую хату. Сучасныя школьнікі, некаторыя з якіх, можа, ніколі не былі ў сельскай мясцовасці, могуць убачыць, як жылі іх продкі.

Першыя экспанаты, якія ілюструюць беларускі побыт, тут з'явіліся пасля дэбютнай фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі, якія потым сталі рэгулярнымі. З гэтай першай вандроўкі — з вёскі Галаўцы Нясвіжскага раёна — Аліна Казіміраўна разам са школьнікамі прывезлі каля 500 унікальных рэчаў. Большасць з іх былі з хаты яе бацькоў, бабулі і дзядулі. Ткацкі станок і калаўроты, дыванкі і збанкі — усё створана рукамі простых людзей, памяць аб якіх захоўваецца ў музеі гімназіі. Кожны год музейныя фонды папаўняюцца новымі прадметамі — нямала іх прыносяць дзеці пасля канікул. Імкнуцца нешта перадаць і бацькі, цікавыя рэчы прыносяць жыхары Заводскага раёна. Так непатрэбныя камусьці рэчы становяцца ўнікальнымі экспанатамі.

Адзін з найбольш каштоўных — неглюбскі ручнік. Ён адразу вылучаецца з усяго іншага: прыгожы, яркі, з мноствам узораў-сімвалаў. У гэтага ручніка, дарэчы, вельмі цікавая гісторыя.

— Аднойчы ў сярэдняй школе № 173 праходзіў няглюбскі фэст, — расказвае Аліна Пахвалённая. — Гэты ручнік, прынесены некалі маёй вучаніцай, таксама там быў прадстаўлены. Раптам да мяне падыходзіць старэнькая бабуля, пляскае далонямі і пытаецца: «Як ён да вас трапіў?» Кажу, што Наташа Петрышэнка прынесла. Аказалася, гэта яе ўнучка. Так мы пазнаёміліся з таленавітай ткачыхай Ганнай Сцяпанаўнай Суглоб. Жанчына расказала, што, калі яе сын пайшоў служыць у Афганістан, яна часта прыходзіла ў храм Мікалая Цудатворца, павесіла гэты ручнік на абраз святога і на працягу двух гадоў малілася. Сын вярнуўся жывы і здаровы. Калі жаніўся, маці падарыла гэты ручнік яму на вяселле. Пасля сям'я вырашыла, што на гэтую ўнікальную рэч павінны глядзець людзі, і перадала ручнік у музей 25-й гімназіі, дзе на той час вучылася іх дачка. Мы яго вельмі беражом, бо ён сатканы з малітваў маці.

Таксама ў сценах установы знаходзіцца Музей гісторыі адукацыі Заводскага раёна, які адчыніў свае дзверы ў пачатку навучальнага года. Тут — і цікавыя школьныя экспанаты, і ўнікальныя дакументы (у прыватнасці, пахвальныя лісты першага дырэктара даваеннай 25-й школы Восіпа Вадэйкі), і лёсы людзей, якія плённа шчыравалі на настаўніцкай ніве, найбольш знакамітыя выпускнікі школ.

— Вельмі сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці гімназія вярнулася на сваю гістарычную радзіму, — адзначае дырэктар гімназіі № 25 Таццяна Яноўская. — Створаны ў 1987 годзе музей захоўвае традыцыі гімназіі і памнажае іх. Вельмі важна, каб дзеці мелі магчымасць акунуцца і ў вясковае асяроддзе, бо асноўная маса школьнікаў — гэта гарадскія жыхары. І, чытаючы беларускія творы, у іх не заўсёды хапае фантазіі, каб уявіць тую ж беларускую хатку і той нацыянальны побыт, які існаваў шмат гадоў назад. Вялікая роля ў нашай музейнай прасторы адводзіцца тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэта тое, чаго нельга забываць, тое, што павінны пранесці праз сваё жыццё нашы дзеці і перадаць наступным пакаленням. Урокі памяці, якія праводзяцца на базе музея, з першых вуснаў дазваляюць чуць праўду людзей, якія яшчэ жывыя: самая праўдзівая гісторыя тая, якая расказана з першакрыніцы.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.