Вы тут

Пляшкевіч пра здымкі ў фільме «Купала», работу ў тэатры і шчаслівы білет


Мастацтва любіць свавольных. 16 гадоў таму рэжысёр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова запрасіла студэнтку БДАМ Вераніку Пляшкевіч на ролю Катарыны ў спектакль «Утаймаванне свавольнай» у Нацыянальны драматычны тэатр імя М. Горкага. З таго часу ў Веранікі Пляшкевіч не было прафесійных прастояў. Ні ў тэатры, ні ў кіно. Яна — адна з самых запатрабаваных і цікавых айчынных актрыс свайго пакалення.


Тэатр падзяляе боль і ўсяляе веру

— Джэсі ў «Дзявочніку», Мар’я Львоўна ў «Дачніках», Грушанька Святлова ў «Братах Карамазавых», спадарыня Вільфор у «Графе Монтэ-Крыста» — гэта вельмі разнапланавыя ролі. Ці ёсць у вас перавагі ў дачыненні да драматургічнага матэрыялу, з якім даводзіцца мець справу, ці вы «ўсёедныя»?

— Разнастайнасць пастановак, жанраў, роляў — гэта падарунак для акцёра: ты можаш больш поўна раскрыць сябе, выпрабаваць свае сілы. Да таго ж, мы працуем для публікі. А гледачы прыходзяць у тэатр з рознымі чаканнямі. Хтосьці хоча адпачыць, адцягнуцца ад паўсядзённай руціны, прыгнятальных думак, узняць сабе настрой, пасмяяцца. Ёсць знаўцы глыбокага мастацтва, якія аддаюць перавагу «цяжкому» матэрыялу, які падахвочвае думаць, разважаць над светаўладкаваннем, уласным жыццём, адносінамі людзей. Нехта ідзе на любімага рэжысёра, а нехта — паглядзець сцэнічнае ўвасабленне канкрэтнага твора. Галоўнае, на мой погляд, каб і нам, акцёрам, і публіцы было цікава, каб не было нуды.

— Вам сімпатычная Грушанька з «Братоў Карамазавых»? Адразу ўдалося знайсці «ключ» да такой складанай ролі, да такога супярэчлівага персанажа?

— Мне блізкая і зразумелая Грушанька Святлова. Яна — маральны чалавек, надзелены маральнымі каштоўнасцямі. Але так склалася жыццё: ёй нанеслі глыбокую рану, прычынілі боль, яе ідэалы разбурылі, з яе чысціні паздзекаваліся. Менавіта гэтым дыктуецца яе стаўленне да людзей, яе жорсткасць. Ёю карысталіся і кіравалі, яна ў адказ плаціць тым жа. Гераіні Дастаеўскага — гарачыя натуры, іх адрозніваюць моцныя і супярэчлівыя пачуцці. Вельмі шмат чаго ў іх характарах і паводзінах дыктуецца перажытымі пакутамі.

Браты Карамазавы Ф.Дастаеўскага — Грушанька.

— У сваіх інтэрв’ю вы часта адзначаеце, што тэатр для вас важнейшы, чым кіно. Чаму?

— Тэатр для мяне — дом. Тут я адчуваю сваю неабходнасць. Сцэна дазваляе падтрымліваць прафесійную акцёрскую форму. У кіно ты ўжо выкарыстоўваеш тое, што напрацаваў на рэпетыцыях, у выніку разбору тэксту, абмеркаванняў, разважанняў. Ад здымак атрымліваю меншае задавальненне, чым ад работы ў тэатры.

— Вы і з боку кінематографа не пакрыўджаны цікавымі ролямі. У фільме «Купала» менавіта вам даверылі сыграць (упершыню ў гісторыі нашага кіно) музу паэта — Паўліну Мядзёлку, таксама няпростую фігуру, у біяграфіі якой ёсць не вельмі прыгожыя старонкі.

— У карціне свядома рабіўся акцэнт на лініі кахання Янкі Купалы і Паўліны Мядзёлкі, там не было мэты адлюстраваць палітычную дзейнасць музы паэта. Як бы там ні было, гэтая жанчына натхняла вялікага беларускага паэта, ёй ён прысвяціў цудоўныя вершы. Безумоўна, Паўліна Мядзёлка не была бездакорная. Але не варта забывацца на час, у які ёй выпала жыць. Сталінская эпоха, рэпрэсіі ламалі і значна мацнейшых людзей, чым гэтая жанчына. Я іграла яркую і таленавітую актрысу, якая прагне ўражанняў, захаплення, бляску. Рада, што сутыкнулася з лёсам Паліны, больш даведалася пра яе. Лепш зразумела і творчасць самога Янкі Купалы, маштаб ягонай асобы. Вельмі важна ўлічваць, калі ствараліся тыя ці іншыя вершы, што адбывалася тады ў жыцці паэта.

— Вераніка, мяркуючы па занятасці ў тэатры і кіно, вы сапраўдны працаголік. Ніколі не адмаўляецеся ад прапаноў паўдзельнічаць у тым ці іншым праекце?

— Вельмі рэдка. Толькі калі адбываюцца накладкі па часе і я фізічна не паспяваю.

Дачнікі М.Горкага - Мар'я Львоўна.

— Гэта ад прагнасці да працы, ад любові да мастацтва ці вы проста не ўмееце казаць «не»?

— Праца — мой галоўны сэнс, я атрымліваю ад яе велізарнае задавальненне. Часам яе бывае, вядома, зашмат, і я скарджуся на загружанасць. Часам вельмі стамляюся — і эмацыянальна, і фізічна. Але зала запоўненая, глядач чакае паказу. Выходзіш на сцэну, і ўсё — «шоу» працягваецца. Мая праца не толькі забірае, але і дае сілы, энергію. Тэатр па сваёй сутнасці — гэта абмен энергіямі паміж акцёрамі і публікай.

— Ці не адчуваеце вы сёння, калі тое, што адбываецца ў знешнім свеце, па сваёй драматургіі, трагічнасці шмат у чым пераўзыходзіць мастацкую выдумку, сумненняў: а ці патрэбны людзям тэатр?

— Тэатр, перакананая, патрэбен у любыя часы. І ў цёмныя, крызісныя, магчыма, нават больш, чым у стабільныя і заможныя. Таму што многія людзі ў такія перыяды маюць большую патрэбу ў мастацтве. Бо аднекуль трэба браць сілы, каб пераадольваць апатыю, адчай, працягваць жыць, клапаціцца пра блізкіх, гадаваць дзяцей, рабіць сваю справу. Мастацтва здольна падзяліць боль, падарыць надзею, усяліць веру, уваскрасіць каханне. Мне здаецца, мы, артысты, сёння выконваем збольшага псіхатэрапеўтычную ролю. І, паўтару, тэатр патрэбен сёння асабіста мне: у ім маё персанальнае выратаванне.

Дачнікі М.Горкага - Мар'я Львоўна.

— Калі вы наведваеце іншыя тэатры, глядзіце работу калег, часцей крытыкуеце ці атрымліваеце асалоду?

— Як глядач заўсёды радуюся, калі бачу ўдалую акцёрскую работу. У спектаклі «Дзядзька Ваня» ў Тэатры-студыі кінаакцёра мяне проста ўразіў акцёр Ігар Падлівальчаў у ролі прафесара Серабракова. Менавіта такім уяўляла сабе гэтага героя А. П. Чэхава, аб якім сам аўтар сказаў: «Чалавек роўна дваццаць пяць гадоў чытае і піша аб мастацтве, роўна нічога не разумеючы ў мастацтве».

— Некаторыя акцёры з узростам сыходзяць у рэжысуру. Вам пакуль не хацелася паспрабаваць сябе на гэтай ніве?

— Паставіць адзін спектакль, упэўнена, здольны любы акцёр. Пакуль не бачу таго матэрыялу, які заахвоціў бы мяне да гэтага.

Свята, якое заўсёды з табой

— На што, апроч творчасці, у вас знаходзіцца час?

— Толькі на ежу. Мне падабаецца гатаваць. Часам пасля спектакля вяртаюся дадому і, перш чым легчы спаць, пачынаю кулінарнічаць. Гэта дапамагае пераключыцца, супакоіцца.

Дзявічнік Л.Каннінгем - Джэсі.

— Вы пасля спектакляў толькі гатуеце ці дазваляеце сабе і павячэраць?

— Дазваляю. Мяса з бульбай, вядома, не ем, але ад супу, салаты не адмаўляюся.

— Гэта значыць, вам не даводзіцца мучыць сябе голадам, каб захаваць вытанчанасць формаў?

— У маім жыцці быў перыяд, калі я жорстка абмяжоўвала сябе ў харчаванні, але ў выніку нічога добрага гэта не прынесла. Дакладна ведаю: калі не жадаеш нашкодзіць арганізму, скідаць вагу трэба пад кантролем спецыялістаў, правільна, паступова, выконваючы правілы рацыянальнага сілкавання. Цяпер стараюся проста падтрымліваць сваю вагу.

— Вы шапаголік?

— Не. Я адпраўляюся на шопінг, калі мяне вельмі «прыціскае». Бо ён таксама патрабуе затрат часу і энергіі, а іх шкада «адрываць» ад творчасці.

— Распаўсюджана меркаванне, што «два акцёры на адну сям’ю — гэта залішне шмат», а «вытворчыя шлюбы» нічым добрым не заканчваюцца. Гэта памылка?

— Усё вельмі індывідуальна, па-мойму. Мы з Андрэем (акцёрам Андрэем Сенькіным. — Заўв. аўт.) часам і дома абмяркоўваем прафесійныя справы, можам параіць адно аднаму нешта ў працы над роляй. Але гэта не стварае праблем.

Дванаццатая ноч У.Шэкспіра - Віёла.

— Вы ў сям’і гатуеце, а што робіць муж?

— У Андрэя залатыя рукі: ён добра шые, апранае сябе, а часам і мяне. Я гэтага не ўмею ад слова «зусім». Прыбіраем звычайна разам. Машыну водзіць Андрэй.

— Які адпачынак для вас ідэальны?

— Неверагодна люблю мора. Прычым найлепшы варыянт для мяне — адпачынак у шматлюдных месцах, з індустрыяй забаў. Аднойчы адпачывалі з Андрэем у Грэцыі. Шыкоўны гатэль, першая берагавая лінія. Але месца аказалася бязлюднае. І мне гэта не спадабалася. Хацела ў адпачынку ўцячы ад праблем, перажыванняў, дакучлівых думак, а ў выніку засталася на пляжы сам-насам з імі, і ў гэтай цішыні і адзіноце адчула сябе некамфортна. Выручылі мяне Васіль Шукшын і Сяргей Даўлатаў. Ляжала на пляжы і чытала іхнія апавяданні мужу. А вось у Чарнагорыі пасля вяселля мы адпачылі феерычна, ні ў чым сабе не адмаўляючы: да гэтага часу ўспамінаю гэтыя дні як сапраўднае свята, якое назаўжды застанецца з намі. Я ўвогуле люблю святы, кампаніі, зносіны!

— Ці праўда, што вы прадставілі сваім бацькам Андрэя толькі праз год пасля вяселля?

— Праўда. Мы з Андрэем схадзілі ў ЗАДС і распісаліся — вяселля ў нас не было. Нават сведкаў не запрашалі. Сышліся на тым, што пампезныя, пафасныя мерапрыемствы нам не даспадобы. Бацькі ведалі, што мы зарэгістравалі адносіны. Але прыехаць тады да нас не змаглі.

— Якое вызначэнне кахання асабіста вам бліжэй за ўсё? Што вы маеце на ўвазе перш за ўсё, калі гаворка заходзіць аб гэтым пачуцці?

— Не ведаю. Гэта такое аб’ёмнае, шматграннае, індывідуальнае пачуццё, што яму вельмі складана даць нейкае азначэнне. Можна сказаць, што ў сваёй вышэйшай праяве «Бог — гэта любоў». Але калі мы гаворым аб каханні зямным, то ў яе мноства «абліччаў», не падобных адно да аднаго. Часам праявы гэтага пачуцця вымяраюцца секундамі, а часам — цэлым жыццём. Бывае каханне-страсць, а бывае каханне-сяброўства, ахвярнае служэнне. І для ўсяго гэтага выкарыстоўваюць адно і тое ж слова.

Браты Карамазавы Ф.Дастаеўскага — Грушанька.

Шчаслівы білет — для свавольных

— Вы часта трапляеце пры розных апытаннях у лік самых прыгожых, сексуальных айчынных актрыс. На ваш уласны погляд, «прыгожая» — гэта якая жанчына?

— Гэта жанчына, якая валодае нейкім унутраным святлом, цёплай мяккай энергіяй. Пры гэтым знешнія даныя могуць адрознівацца ад прынятага стандарту, не ўкладвацца ў славутыя «90-60-90». Напрыклад, у нашай трупе шмат прыгожых актрыс. І пры гэтым усе вельмі розныя і знешне, і па характары. У кожнай свае «плюсы», свае выйгрышныя якасці, свая разыначка.

— Жанчыны здольныя здзівіць вас сваёй рэакцыяй, паводзінамі ці яны для вас — «адкрытая кніга»?

— Яшчэ як здзіўляюць! Калі жанчыны ў нейкіх сітуацыях паводзяць сябе зусім інакш, чым я, часам пазбаўляюся дару мовы. Асабіста я вельмі эмацыянальна рэагую звычайна на любую няштатную падзею. І для мяне загадка, як іншыя ў гэты час захоўваюць абсалютны спакой, неверагодную вытрымку, адхіленасць. Што гэта — прыродны дар або за гэтым гады «ўпартых трэніровак»?

— Вас калі-небудзь у звычайным жыцці ратавалі акцёрскія навыкі?

— Ніколі. Ні акцёрскія прыёмы, ні маскі ў звычайным жыцці мяне не ратуюць. Калі спрабую іграць у жыцці, гэта адразу ж відаць, як няёмка схаваны за спінай дзіцяці прадмет. Не, я адназначна дрэнны маніпулятар.

Граф Монтэ-Крыста А.Дзюма — Спадарыня Вільфор.

— Акрамя мужа, сярод вашых родных няма больш акцёраў?

— Прафесійных — не. Пры гэтым тата, які быў зваршчыкам, іграў на гітары, спяваў. На жаль, яго ўжо няма з намі. Мама працавала ў банку, але заўсёды любіла дэкламаваць вершы, і ў яе гэта цудоўна атрымліваецца. Старэйшы брат Раман, будаўнік па прафесіі, вольны час прысвячае тэатру, у яго прыгожы барытон.

— Вы забабонны чалавек?

— Я фаталістка, веру ў лёс. Але калі мільгаюць благія думкі, на ўсялякі выпадак плюю праз левае плячо. Увогуле, «падстрахоўваюся», выконваю рытуалы, атачаю сябе абярэгамі.

— Ці адчуваеце сябе пестуном лёсу?

— Здаецца, мне часта ў жыцці шанцуе. Я вызначана выцягнула шчаслівы білет, калі рэжысёр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова запрасіла мяне ў спектакль «Утаймаванне свавольнай».

Граф Монтэ-Крыста А.Дзюма — Спадарыня Вільфор.

— Ужо 16 гадоў вы іграеце Катарыну. Па ўласных ацэнках, свавольства з тых часоў у вас паменшала?

— На мой погляд, не.

— Ці часта вы кажаце сабе: «Вераніка, малайчына!»?

— Раней лічыла: гэта нясціпла. А зараз змяніла сваё меркаванне і ўжо кажу. Калі токар зрабіў выдатную дэталь, ён жа любуецца справай сваіх рук. І хірург, які выканаў складаную аперацыю, ганарыцца прафесійным майстэрствам. Вось і я адпрацоўваю свае ролі, праяўляю самаадданасць, імкнуся быць найлепшай у сваёй прафесіі. І калі атрымліваецца — радуюся, хвалю сябе.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота прадстаўлена Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя М. Горкага

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».