Вы тут

Аўтар кнігі «Эльбрус.5642» Святлана Фадзеева: Хацела падказаць чытачам дарогу да мары


Святлана Фадзеева — папулярны аўтар дзіцячых кніг. «У дзяцінстве я належала да тых дзяўчынак, якія не бяруць на прагулку чарапашку, прапануючы іншым праверыць на трываласць яе панцыр, не купляюць хамячкоў у найбліжэйшай заакраме і не носяць іх па двары як здабыты трафей на радасць суседскім хлопцам і на бяду згаданаму грызуну, не зрываюць упадабаныя кветкі, каб сплясці сабе вянок. Наадварот, вырасці моцнай, здольнай змяніць свет і дапамагчы ўсім, хто мае ў тым патрэбу, — вось што было маёй запаветнай марай», — распавядае Святлана пра сябе. Што дапамагае ажыццяўляць гэтую высакародную мэту, дзе пісьменніца знаходзіць натхненне для творчасці — пра гэта сённяшняя гутарка з ёю.


— Святлана, цяпер вы працуеце над кнігай пра найвышэйшую кропку Еўропы — Эльбрус. І выступаеце як аўтар не толькі тэксту, але і ўнікальных фотаздымкаў, зробленых на вышыні ў экстрэмальных умовах. Раскажыце, што натхніла на працу, аб чым кніга?

— Люблю вандраваць, марыць. Хацела расказаць чытачам сваю гісторыю пра тое, як мары становяцца явай, а таксама падказаць дарогу да мары, якая падаецца нездзяйсняльнай. Так, шлях да любой мэты пачынаецца ўнізе. Вяршыняй гары, вашага асабістага піка можа быць што заўгодна, што для вас з’яўляецца важным, патрэбным, да чаго вы імкняцеся ўсёй душой.

Нарадзілася і вырасла я ў паўднёвым горадзе Растове-на-Доне, сталіцы Паўночнага Каўказа. У маім краі мноства горных маршрутаў: ад даволі простых, накшталт Архыз (горны раён КарачаеваЧаркесіі) — аднаго з самых маляўнічых месцаў Заходняга Каўказа, да найскладанейшых перавалаў, цяснін і вяршынь у Безенгі (найвышэйшая частка Цэнтральнага Каўказа).

На напісанне кнігі «Эльбрус.5642» натхнілі французскія сябры-пісьменнікі і калегі, заўзятыя вандроўнікі, калі слухалі мае расповеды, глядзелі ўнікальныя здымкі. «Патрэбна абавязкова адкрыць чытачам усяго свету прыроду і прыгажосць Каўказа і яго сімвал Эльбрус, падзяліцца сваімі ведамі, назіраннямі, кагосьці перасцерагчы, кагосьці натхніць, прычым не толькі на ўзыходжанні, але і на шлях да мары», —казаліяны. Каліўмяне атрымаецца зрабіць частку з пералічанага, як аўтар я буду шчаслівай. Заўжды задаю сабе пытанне: «Што чытач вынесе пасля прачытання той ці іншай кнігі?» — і адчуваю адказнасць за свой тэкст.

А ўвогуле, я не аматар узыходжанняў на горы дзеля нейкай мэты — спартыўнага разраду, матэрыялу для кнігі ці яшчэ чагосьці. Заўжды знаходжуся ў асаблівых стасунках з гарой, наладжваю з ёй кантакт. Зазвычай пазбягаю словазлучэнняў «скарыць вяршыню», «узбегчы на гару». Любая гара для мяне — такая ж частка прыроды, усяго жывога, з чым мы павінны навучыцца жыць у згодзе і гармоніі. Трэба ставіцца да гор з павагай, нічога не псаваць па дарозе да іх, забіраць з сабой смецце нават з найскладанейшых участкаў. Гляджу на гару, як і на ўсю прыроду, не зверху ўніз, а з працягнутай па-сяброўску рукой. Тут — раўнапраўныя партнёры, сябры, тыя, з кім мы дзелім нашу планету. Пакуль мы кепска чуем адно аднаго, але гэта часова. А хто з нас лепшы — складанае пытанне.

Як узысці на Эльбрус і ці варта гэта рабіць? Наколькі гэта складана? Што неабходна ведаць, каб звесці рызыку да мінімуму? Кніга «Эльбрус.5642» дапаможа знайсці адказы на гэтыя пытанні.

— Дык што, акрамя жадання, патрэбна, каб узысці на Эльбрус?

— Перш за ўсё — прайсці тэхнічную і тэарэтычную падрыхтоўку, каб ведалі, як карыстацца вяроўкай, які вузел завязаць, як арганізаваць спуск дзюльферам. Гэта дапаможа захаваць жыццё і здароўе.Я займалася некалькі гадоў у клубе альпінізму, скалалазання і спартыўнага турызму, наведвала лекцыі і практычныя заняткі, навучалася тэхніцы бяспекі, скалалазным і альпінісцкім навыкам, выратавальным работам.

Я не спартсменка, шмат часу праводжу за камп’ютарам. Але марыла ўзняцца на Эльбрус. Ніхто не верыў у мой поспех, але гэта нават надавала мне сіл…

— Ці маеце спартыўныя дасягненні?

— Наўмысна адмовілася ад спартыўнага разраду, хаця нават выйграла спаборніцтвы па драйтулінгу сярод жанчын (від скалалазання-лёдалазання па неледзяной паверхні з выкарыстаннем лёдалазнай экіпіроўкі накшталт «кошак», лядовага інструмента «айсфіф»).

Сама ідэя ператварэння горных узыходжанняў у спорт мне не блізкая. Горы — рызыка і, на мой погляд, дух спаборніцтва там не да месца. Калектыўныя выхады ўсё асярэдніваюць, ты не атрымліваеш задавальнення ад прыроды ў належным аб’ёме, усё скіравана на вяршыню — адну, другую, трэцюю... Часта на куражы людзі рызыкуюць без патрэбы... Я ж чалавек не калектыўны, мне падабаецца прыслухоўвацца да сябе, да сваёй інтуіцыі, больш даспадобы асэнсаваны, усвядомлены падыход, дарога як працэс і задавальненне ад яго, а не калектыўны дзеля групавой мэты.

— І ўсё ж горы — месца павышанай небяспекі. Дзеля чаго вы ідзяце туды?

— Застацца сам-насам з сабой і сваімі думкамі — тое, чаго мы так баімся ў горадзе, таму запаўняем любую часовую пустэчу нейкім дзеяннем. Творчаму чалавеку, схільнаму да аналізу і асэнсоўвання ўсяго, што адбываецца, неабходна адчуваць унутраную свабоду, вучыцца разбірацца ў людзях і іх паводзінах…

— Ці былі неардынарныя, непрадбачаныя сітуацыі падчас узыходжанняў?

— Мая першая спроба ўзысці на Эльбрус аказалася няўдалай: давялося спускацца з вышыні 5100 метраў. Праз месяц я ізноў вярнулася, улічыўшы ўсе памылкі. Але рэзка сапсавалася надвор’е. На вышыні вецер дасягнуў 100 метраў за секунду, тэмпература апусцілася да мінус 25 градусаў.

Страх, холад, бяссонныя ночы праз недахоп кіслароду, сустрэча з лавінай — усё гэта трэба было пераадолець. А на вяршыні быў стан абсалютнага шчасця. Не імгненне асалоды за пройдзены шлях, — яно заканчваецца: шчасце ёсць вы самі. У кожнага надараюцца складаныя часіны. Але не варта баяцца паразаў, бо яны прымушаюць нас развівацца, рухацца наперад. Проста трэба ісці за сваёй марай і не здавацца: там, дзе ёсць магутнае жаданне, абавязкова з’явіцца і магчымасць. А мара рана ці позна павінна ажыццявіцца, каб саступіць месца новай.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва С. Фадзеевай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.