Вы тут

Свіслаччына: Сіла кахання, моц прыроды, багацце гісторыі


Чым прыцягвае ўнутраны турызм у Беларусі? Канешне, і цікавымі гісторыямі, і легендарнымі асобамі, і пазнавальнымі музеямі ды прыгожымі краявідамі. Але галоўная асаблівасць беларускага ўнутранага турызму ў тым, што ўсё гэта можна знайсці нават у маленькім мястэчку, звычайным раённым цэнтры. Невялікі горад памятае такія гісторыі, ад якіх захоплівае дух. А яго жыхары прыкладаюць усе намаганні, каб як мага цікавей прадставіць свае гісторыі і славутасці гасцям. Ім яшчэ многаму трэба навучыцца, але любоў да сваіх мясцін і жаданне іх вылучыць перакрываюць недахопы. Турыстычны прадукт дапамагае ўдасканаліць і Нацыянальнае агенцтва па турызме. Выязны семінар па Гродзенскай вобласці з прэзентацыяй турысцкага маршруту «Падарожжа ў край слаўных продкаў» — таму прыклад. Гэты маршрут — выдатная ілюстрацыя незвычайнасці самых звычайных месцаў. Зразумела, карэспандэнты «Звязды» не маглі ўпусціць такую магчымасць. Расказваем падрабязна, што незвычайнага ёсць у звычайным.


Любоў да малой радзімы

Вёска Масаляны Бераставіцкага раёна — маленькі населены пункт, якіх на Беларусі тысячы. На першы погляд, нічога дзіўнага тут няма. Але гэта калі не ведаць, што ў ХІХ стагоддзі тут была шыкоўная сядзіба Біспінгаў. Незвычайны дом спалучаў рысы ампіру і несапраўднай готыкі. Але сёння яго няма. У 1970-я гады сядзіба была так перабудавана, што сёння яе пазнаць амаль немагчыма. Аб былым шыку нагадваюць хіба што прыгожыя гатычныя вокны, але і яны груба закладзеныя цэглай. Уяўленне пра тое, як выглядала сядзіба, даюць малюнкі вядомага мастака Напалеона Орды 1860–1870 гадоў. Чым жа тады цікавыя Масаляны? Сядзібы няма, але ёсць краязнаўца Галіна Румак. Яна шмат гадоў вывучае гісторыю Масалян, дакладна ведае біяграфію Біспінгаў. Калі ўважліва яе паслухаць, уключыць фантазію і пагуляць па ваколіцах, можна перанесціся ў мінулае, калі тут кіпела жыццё. Безумоўна, сядзіба дадала б такім вандроўкам больш каларыту, але як ёсць. Прыклады знішчэння падобных мясцін — важны ўрок гісторыі, але заданні па ім выконваць не варта. Масаляны — таму пацвярджэнне.

Гістарычны крэатыў

Зусім адваротная сітуацыя ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца. Мястэчка вядома з 1495 года. Можна ўявіць, колькі ўсяго яно бачыла. Звесткі пра гэта сабраныя ў мясцовым музеі, вядомым як музей вавёркі. Дарэчы, адзіны ў Беларусі музей вавёркі. Пры чым тут вавёрка? Усё проста: на гістарычным гербе Вялікай Бераставіцы размешчана чырвоная вавёрка пад залатой каронай. У 2006 годы гэты герб быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Так вавёрачка стала не толькі гераіняй анекдотаў, але і сімвалам горада. Існуе некалькі версій, чаму менавіта гэтаму звярку выпаў такі гонар. Першая празаічная: у гэтай мясцовасці шмат вавёрак. Другая лагічная: вавёрка — сімвал багацця. Трэцяя кранальная: любімую дачушку ўладальніка Вялікай Бераставіцы Ежы Аўгуста Мнішака дома называлі вавёрачкай з-за яе гарэзлівага характару. Першыя дзве залы музея прысвечаны сімвалу горада. Наступныя — расказваюць пра гісторыю Бераставіцкага краю ад мінулага да сучаснага. Можна было б напісаць, пра што канкрэтна, але лепей адправіцца ў Вялікую Бераставіцу і ўбачыць усё на свае вочы.

Над гарадскім пасёлкам горда ўзвышаецца грандыёзны будынак касцёла Візітацыі Божай Маці. Гэты манументальны будынак вядомы з 1615 года. Лічыцца, што яго пабудаваў віленскі кашталян Іеранім Хадкевіч для манастыра ордэна кармелітаў. У XVІІІ ст. пры храме з’явіліся шпіталь і школа. У сярэдзіне таго ж стагоддзя касцёл быў перабудаваны і стаў брутальнай раннебарочнай пабудовай. Сёння ад касцёла засталіся моцныя векавыя сцены, амаль што руіны. У 1980-я гады было аб’яўлена аб адкрыцці дабрачыннага рахунку на рэстаўрацыю. Немаленькую суму сабралі, пачаліся работы. Але ў 1992 здарыўся вялізны пажар, дах і ўсё ўнутры храма згарэла. Засталіся толькі сцены, якія стаяць і сёння. Але ў чым парадокс? Усе прывыклі бачыць помнікі гісторыя адрэстаўрыраванымі, адноўленымі. Часам яны адпавядаюць гістарычнай сапраўднасці, а часам на іх месцы з’яўляецца новы будынак. Асаблівасць бераставіцкага касцёла ў тым, што яго сцены дыхаюць гісторыяй. Глядзіш на гэтую цэглу і разумееш, што яна была тут чатырыста гадоў таму, такая ж самая. Гэты касцёл — жывы помнік гісторыі, помнік часу. Дык, можа, і не варта яго хаваць пад сучаснай тынкоўкай?

Каханне, навука і творчасць

Па гісторыі горада Свіслач можна зняць цэлы серыял. У XVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя мястэчкам валодаў граф Вінцэнт Тышкевіч. Яго жонка Тэрэза Панятоўская, пляменніца апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, паставіла мужу ўмову, што пераедзе жыць у Свіслач, толькі каля яна стане «другой Варшавай». Закаханага і багатага Вінцэнта Тышкевіча доўга прасіць не прыйшлося: ён пачаў маштабную перабудову мястэчка. Так сфарміраваўся сучасны выгляд Свіслачы з яе арыгінальнай планіроўкай. Ад цэнтральнай плошчы вуліцы разыходзяцца пад абсалютна прамым вуглом. Найлепшыя замежныя архітэктары, запрошаныя Вінцэнтам, пабудавалі ў Свіслачы тэатр, стварылі цікавыя ўязныя брамы. Асобнай увагі заслугоўвае парк, які заклаў таксама Тышкевіч. Ствараўся ён, зразумела, па лепшых еўрапейскіх узорах: грабавыя алеі, акуратна пасыпаныя пяском сцежкі, «зялёныя» фігуры, бярозавы гай. Тут жа стаяў і дом самога графа, ад якога сёння, на жаль, застаўся толькі падмурак. Ён закансерваваны, створана разбіўка пакояў у адпаведнасці з планам, які захаваўся. Вядома, што граф Вінцэнт Тышкевіч быў вялікім аматарам свят, часта ладзіў балі ў сваёй сядзібе. Мясцовы аматарскі калектыў прапаноўвае турыстам хаця б крыху адчуць, як гэта было. Госці Свіслачы возьмуць урокі танцаў, у прыватнасці, паланэзу, пагуляюць у гульні, у якія гуляла свіслацкая знаць. Ну і проста адпачнуць у цяні векавых дрэў. Але доўга затрымлівацца ў парку не варта — у Свіслачы яшчэ ёсць на што паглядзець.

Напрыклад, на корпус знакамітай свіслацкай гімназіі. Праўда, паглядзець на яго можна толькі звонку. Сёння ў гэтым корпусе бальніца. А пра мінулае нагадваюць велічныя калоны і памятная дошка на сцяне. З’явілася гімназія, як і многае ў Свіслачы, дзякуючы Вінцэнту Тышкевічу. Менавіта ён даў грошы на будаўніцтва навучальнай установы, а калі ў 1827 годзе гімназія была пабудавана, падарыў бібліятэцы шмат кніг. На вечар сустрэчы выпускнікоў свіслацкай гімназіі маглі б сабрацца людзі, чые прозвішчы вядомыя не толькі ў Беларусі: Юзаф і Каятан Крашэўскія, Ян Чачот, Напалеон Орда, Іосіф Кавалеўскі, Станіслаў Горскі, Рамуальд Траўгут. Лёс самага знакамітага выпускніка свіслацкай гімназіі Кастуся Каліноўскага цесна звязана з гэтымі мясцінамі. У вёсцы Якушоўка захаваўся падмурак дома, дзе ён правёў дзяцінства і дзе выдаў сем нумароў газеты «Мужыцкая праўда». Літаральна праз дарогу ад былой гімназіі размешчана алея герояў, дзе стаяць помнікі людзям, якія ўвасабляюць сабой розныя гістарычныя перыяды. Тут жа помнік і Іосіфу Сталіну, дарэчы, адзіны ў Беларусі.

Дзякуючы Напалеону Орду сёння можна ўявіць, як выглядала Свіслач у ХІХ стагоддзі. Дапамагаюць у гэтым і сучасныя мастакі Сяргей Сыраежка і Яўген Мацяшук. На фасадах дамоў прадстаўлены малюнкі архітэктурных славутасцяў краю. Увогуле, у Свіслачы шмат зроблена для таго, каб госці горада адчулі яго багатую гісторыю. Напрыклад, пад шыльдамі з савецкімі назвамі вуліц змешчаны шыльды з гістарычнымі назвамі. Здаецца, дробязь, але наколькі важная для знаёмства з горадам. Поўнасцю акунуцца ў гісторыю Свсілаччыны дапаможа, канешне, і краязнаўчы музей. Асабліва дарагім гасцям пашчасціць пакаштаваць кулінарную славутасць Свіслаччыны — торт-банкуху. Гэта ласунак з простым наборам інгрэдыентаў, які рыхтуецца па асаблівым рэцэпце. У 2020 годзе банкуха была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Гістарычная гасціннасць

Што да пары Тэрэзы Панятоўскай і Вінцэнта Тышкевіча, то нягледзячы на ўсе намаганні мужа, у Свіслач Тэрэза так і не пераехала. А графа ўжо нельга было спыніць у жаданні добраўпарадкаваць гэты край. У невялікай вёсачцы Жаркаўшчына, што ў самым сэрцы Белавежскай пушчы, ён пабудаваў сядзібу. Самы першы дом не захаваўся. У 1936 годзе нашчадкі графа аднавілі яго па старым плане. Тры паверхі выкананы ў розных стылях, якія дапаўняюць адзін аднаго. Сёння на месцы графскай сядзібы гасцінічны комплекс «Жаркаўшчына». Гасцей тут сустракаюць так жа гасцінна, як калісьці гэта рабіў граф Тышкевіч. Створаны ўсе ўмовы для адпачынку: смачная кухня, камфортныя нумары, велапрагулкі, катанні на трактары і кані. Такі адпачынак прыйдзецца даспадобы аматарам і гісторыі, і прыроды. Бо тут спалучана ўсё, памяць пра графа Тышкевіча беражна захоўвацца. Здаецца, чаго Тэрэзе не хапала?

Калі словы лішнія

Свіслацкі раён называюць паўночнымі варотамі Белавежскай пушчы. Не варта забываць, што пушча займае тэрыторыю і Гродзенскай вобласці. Так, 49 працэнтаў Свіслацкага раёна займаюць лясы, 40 працэнтаў адносяцца да Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Плануючы тут свой адпачынак, трэба загадзя паклапаціцца аб пропуску: тэрыторыя, як вядома, ахоўваецца. Для тых, хто стаміўся ад шуму гарадоў, лепшы адпачынак прыдумаць цяжка. Можна праехацца на веласіпедзе, а можна і проста пагуляць па экалагічных сцежках. Уражанні будуць забяспечаны. Толькі ў Белавежскай пушчы можна ўбачыць дуб узростам у 600 гадоў, дрэвы вышынёй у 40 метраў, рэдкія расліны, напрыклад, венерын чаравічак. На экалагічнай сцяжынцы «Язычніцкая дубрава» сустракаецца дуб са скразным дуплом. Нашы продкі лічылі, што той, хто зойдзе ў гэтае дупло з аднаго боку, а выйдзе з іншага — вылечыцца ад усіх хвароб, праўда, пры ўмове, што ён возьме новая імя. Нядрэнны варыянт для тых, хто з кожнага панядзелка плануе пачаць новае жыццё. Расказваць пра хараство і сілу Белавежскай пушчы можна бясконца. Гэта адназначна тое месца, у якім абавязаны пабываць кожны беларус, і прычым не адзін раз.

Не толькі цікава, але і зручна

Цікавая гісторыя, незвычайныя помнікі, камфортныя ўмовы — гэта ўсё вельмі добра. Але сучаснаму турысту павінна быць і зручна. Як зрабіць так, каб госці Гродзенскай вобласці маглі хутка вырашыць свае пытанні з жыллём, экскурсіямі і іншымі арганізацыйнымі пытаннямі, абмеркавалі падчас круглага стала. Галоўны спецыяліст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Настасся Алейнікава расказала, як у рэгіёне рэалізоўваецца пілотны праект «Сістэма турысцка-інфармацыйных цэнтраў і паўнавартасных пунктаў турысцкай інфармацыі». Турысцка-інфармацыйныя цэнтры — добрая дапамога гасцям і эфектыўны спосаб прасоўвання турыстычных магчымасцяў краіны. Плануецца, што ў рамках гэтага праекта такія цэнтры з’явяцца ва ўсіх раёнах вобласці. На сёння іх створана 12, у самых папулярных мястэчках вобласці. Многае ўжо зроблена: у гарадах усталяваны ўказальнікі, створана друкаваная прадукцыя, актыўна вядуцца сацыяльныя сеткі. Але праблем нямала. У Законе «Аб турызме» няма дакладных указанняў, як павінны дзейнічаць такія цэнтры, не хапае кваліфікаваных кадраў, дакладна не вызначаны графік работы цэнтраў. Карацей, працаваць ёсць над чым.

Аднак самае галоўнае — турызм развіваецца. Людзі едуць па новыя ўражанні. Захоплены турыст — найлепшы турыст. Беларускія мясціны гэта поўнасцю забяспечваюць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Свіслацкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.