Вы тут

Марыце аб густых і моцных валасах?


Кожная жанчына марыць аб густых і моцных валасах. І калі прырода не надзяліла вас такім багаццем, сучасная бьюці-індустрыя можа дапамагчы гэтай бядзе. Распавядаем аб асноўных правілах догляду за тонкімі валасамі.


  • Рабіце правільную прычоску. Валасы выглядаюць гусцейшымі, калі іх расчэсваць на бакавы прабор. Пышнасці дададуць ступеньчатая стрыжка, лёгкі начос, для доўгіх і паўдоўгіх валасоў — кучары і тэкстурная ўкладка. Некаторыя цырульнікі не раяць пры тонкіх рэдкіх валасах насіць чубок, а іншыя, наадварот, лічаць, што з яго дапамогай можна надаць прычосцы аб’ём. Галоўны аргумент у гэтай спрэчцы — ваш адбітак у люстэрку.
  • Мыйце галаву дастаткова часта. Лепш за ўсё рабіць гэта па меры забруджвання валасоў. Выбірайце спецыяльны шампунь, які надае аб’ём. Калі валасы сталі тлустымі, казаць аб іх прыгажосці не даводзіцца. Дарэчы, не варта грэбаваць сухім шампунем, ён можа выратаваць вас перад важнай сустрэчай у канцы дня, калі валасы страцілі свежасць.
  • Выкарыстоўвайце сродкі для ўкладкі. Без гэтых прадуктаў сучаснай б’юці-індустрыі вы наўрад ці абыйдзецеся. Лакі, гелі і мусы вельмі дапамагаюць уладальніцам слабых валасоў, як і спецыяльныя прадукты, якія прыўзнімаюць пасмы ў прыкаранёвай зоне. Галоўнае, каб валасы пасля гэтых сродкаў заставаліся лёгкімі і не выглядалі злепленымі.
  • Купіце шчотку замест расчоскі. Замяніце цвёрдую расчоску з пластмасы на драўляную або на шчотку з натуральных матэрыялаў. Пластыкавая расчоска электрызуе валасы, ад чаго яны зліпаюцца, і драпае скуру галавы.
  • Старанна высушвайце валасы. Не спіце з мокрай шавялюрай, а таксама добра высушвайце яе, перад тым як выйсці на вуліцу. Калі вы карыстаецеся фенам, сушыце валасы, нахіліўшы галаву ўніз — у такім становішчы яны хутчэй атрымаюць неабходны аб’ём.
  • Не забывайце аб правільным харчаванні і адпачынку. Незбалансаваная дыета можа вельмі моцна нашкодзіць валасам, а грэбаванне сном і адпачынкам не дадасць ім здароўя і прыгажосці. Паклапаціцеся, каб у вашым рацыёне былі вітаміны А (рэтынол), Е, С, групы В, цынк, селен, медзь, поліненасычаныя тлустыя кіслоты.
  • Ужывайце народныя сродкі. Успомніце пра рэцэпты нашых бабуль, якія апалосквалі валасы адварам крапівы. Для гэтай мэты падыдзе і адвар карэнішча дуба — пасмы стануць таўсцейшымі і мацнейшымі. Апалосквальнік з рамонку ўмацоўвае валасы, насычае іх вітамінамі. А калі вы дададзіце ў ваду для паласкання лімонны сок, гэта дапаможа адрэгуляваць работу тлушчавых залоз.
  • Палюбіце свае валасы. Прыміце іх такімі, якімі іх стварылі прырода і вашы намаганні. Атрымалася надаць ім аб’ём? Выдатна. Калі ж сёння вы не паспелі скарыстацца сродкамі стайлінгу, а ў сумачцы не аказалася балончыка з лакам, гэта не падстава сумаваць. Галоўнае, каб вашы валасы былі чыстымі. У шаўкавістых і лёгкіх ад прыроды валасах ёсць свая чароўнасць. 

Аліна ТОМІНА

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.