Вы тут

10 прычын, чаму саджанцы не прыжываюцца


Нават адно дрэўца, якое не прыжылося, здольнае значна падпсаваць настрой садоўніку, што і казаць пра некалькі. Але каб ліквідаваць прычыну, якая прыводзіць да гібелі саджанцаў, спачатку трэба яе выявіць.


 

Прычына 1. Купля дрэннага саджанца

З надыходам чарговага сезона пункты продажу пладовых саджанцаў вырастаюць на кожным кроку, нібы грыбы пасля дажджу — спакуса купіць цікавы сорт вельмі вялікая. У такіх сумніўных умовах часцей за ўсё прадаюцца слабыя, хворыя або неакліматызаваныя саджанцы, выгадаваныя без выканання агратэхнікі. Акрамя таго, ніхто не можа дакладна сказаць, колькі часу яны правялі ў месцы продажу ў выкапаным стане. Самымі прывабнымі на падобных міні-рынках звычайна з'яўляюцца «паўднёвыя» саджанцы, але ў нашых умовах яны, хутчэй за ўсё, не перажывуць нават найбліжэйшай зімы.

Прычына 2. Загубленая да пасадкі каранёвая сістэма саджанца

У продажы можна сустрэць дрэвы з адкрытай каранёвай сістэмай. Купляць такія саджанцы не мае сэнсу — ужо праз шэсць гадзін карані пачнуць перасыхаць, а прыжывальнасць рэзка падае. Іншая справа — саджанцы з каранямі ў глінянай масе, яны здольныя захоўвацца 3-4 дні. Калі вы ўсё ж купілі саджанец з адкрытай каранёвай сістэмай, адразу ж едзьце на ўчастак, апускайце яго на некалькі гадзін у бочку з вадой, а самі экстранна рыхтуйце пасадачную яму і паспяшайцеся з пасадкай. Не можаце пасадзіць расліну ў гэты ж дзень? Увільгатніце карані, абгарніце іх мокрай мешкавінай, а зверху поліэтыленам. У выпадку восеньскай пасадкі, адразу пры набыцці выдаліце з дрэўца ўсё лісце, каб яму не даводзілася расходаваць вільгаць яшчэ і на яго.

Прычына 3. Празмерная абрэзка каранёў

Многія садоўнікі перад пасадкай саджанца ўважліва аглядаюць каранёвую сістэму і часткова яе кароцяць. Вельмі важна ў гэты момант не перастарацца, бо аднаўленне каранёў для маладога дрэва вельмі энергазатратнае, а ў спалучэнні з перасадкай можа апынуцца і зусім не па сілах. Выдаляць варта толькі падгнілыя або пашкоджаныя карэньчыкі. Караціць жа цэнтральны корань і зусім нельга, лепш выкапаць большую яму.

Прычына 4. Няправільная падрыхтоўка пасадачнай ямы

Рыхтаваць яму неабходна да таго, як вы адправіцеся за саджанцамі. На цяжкіх глебах яе глыбіня і дыяметр павінны быць не меншыя за метр, на лёгкіх хопіць 75 см. На дно ямы насыпаецца 5-7 см дрэнажу, зверху горка ўрадлівага грунту, затым устанаўліваецца саджанец і яма запаўняецца да краёў. На ўчастку з кіслай глебай грунт неабходна раскісліць да пасадкі дрэва. Засыпаць карані тым жа грунтам, які вы вынялі з ямы, не вельмі разумна, больш правільна падрыхтаваць лёгкі пажыўны субстрат. У яго павінны ўвайсці чарназём (50 %), пясок (25 %), арганіка (25 %). Таксама неабходна дадаць фосфарныя і калійныя мінеральныя ўгнаенні і выключыць свежы гной.

Прычына 5. Заглыбленне каранёвай шыйкі

Няправільная, дакладней, занадта глыбокая пасадка можа загубіць дрэўца, асабліва калі яно адносіцца да костачкавых культур. Каранёвая шыйка, якая падаправае ў грунце, аслабляе ўсю расліну, спрыяе развіццю захворванняў, а затым і яе гібелі. Каб пазбегнуць гэтага, пры пасадцы пакідайце каранёвую шыйку (месца, дзе каранёвая сістэма пераходзіць у ствол) на 3-4 см над узроўнем грунту. З палівамі зямля асядзе, і дрэва зойме камфортнае месца ў глебе.

Прычына 6. Пераўвільгатненне

Калі ўчастак размяшчаецца на пераўвільготненым месцы з блізкімі грунтавымі водамі, дрэвы там не развіваюцца і хутка гінуць. Але можна выбіраць саджанцы, прышчэпленыя на слабарослую клонавую прышчэпу, з павярхоўнай каранёвай сістэмай. Вядома, выбар сартоў і відаў моцна скароціцца, але расліны змогуць прыжыцца. Самы распаўсюджаны варыянт — дрэвы можна саджаць на ўзгоркі. У гэтым выпадку глеба падрыхтоўваецца, як і для пасадачнай ямы, але яна насыпаецца ўзгоркам вышынёй 70-150 см. На яе вяршыню высаджваецца дрэўца, побач устанаўліваецца апора на першы час. Тонкасць такога вырошчвання ў тым, што спатрэбіцца дадатковы паліў (глеба на ўзгорку хутка перасыхае) і ўкрыццё зімой.

Прычына 7. Загушчанасць пасадак

На невялікім кавалку зямлі хочацца размясціць і агарод, і сад, і лужок, таму месца заўсёды не хапае. Акрамя таго, маладыя саджанцы выглядаюць такімі тоненькімі, што садоўнікі часта саджаюць іх бліжэй адзін да аднаго, чым рэкамендавана. Ужо праз некалькі гадоў кроны дрэў разрастаюцца і пачынаюць прыгнятаць суседзяў. Каб пазбегнуць гэтага, варта выконваць нормы размяшчэння пасадак або выбіраць каланавідныя і карлікавыя разнавіднасці дрэў.

Прычына 8. Няправільны паліў

 Карані, якія ўсмоктваюць і маюць патрэбу ў вільгаці і харчаванні, размяшчаюцца не каля ствала, а па контуры кроны. Менавіта па гэтай уяўнай акружнасці варта зрабіць канаўкі, у якія ўносіць ваду і ўгнаенні.

Прычына 9. Несвоечасовая абрэзка саджанца

Справакаваць аслабленне ці гібель дрэва ў першыя 2-3 гады жыцця можа і пасляпасадачная абрэзка. Справа ў тым, што самыя буйныя пупышкі ў маладых дрэў размяшчаюцца на канцах галін. Менавіта яны потым утвараюць лістоту, якая неабходная любой расліне. Аднак калі гэтыя галіны абрэзаць, тыя пупышкі, што засталіся, прачнуцца пазней, што прывядзе да ўсыхання кары галін і іх недастатковага развіцця. Абразаць у першы год можна толькі саджанцы-аднагодкі, якія пакуль не маюць бакавых галін, і толькі ў тым выпадку, калі цэнтральны праваднік вышэйшы за 80 см.

Прычына 10. Пасадка саджанца на месцы старога дрэва

Месца, якое вызвалілася ў садзе пасля гібелі старога дрэва, так хочацца чымсьці заняць. Ёсць спакуса пасадзіць там тую ж расліну, што і была раней. Але дрэва, як і любы арганізм, пакідае пэўны набор каранёвых выдзяленняў. Акрамя таго, узбуджальнікі хвароб, якія загубілі старое дрэва, таксама нікуды не сыходзяць з глебы і з апетытам «атакуюць» свежыя пасадкі. Каб мінімізаваць магчымыя наступствы, чаргуйце пры пасадцы на адным месцы костачкавыя і семечкавыя дрэвы, а лепш саджайце новыя расліны на новыя месцы.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.