Вы тут

Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў чэрвені?


Паўстагоддзя ў любімай прафесіі

Звыш як паўстагоддзя аддала кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі МДМУ Ірына Стэльмах клінічнай практыцы і медыцынскай навуцы, выкладанню свайго прадмета і дабрачыннай дзейнасці. Што матывавала ўрача і навукоўца да пастаяннага ўдасканалення сваіх ведаў, да руху наперад? І як жанчыне ўсё паспяваць?

– Калі вам кажуць, што ў вас не хопіць на нешта часу, навыку, прафесіяналізму, – не здавайцеся, –раіць Ірына Стэльмах. –Ніколі не кажыце: я не ведаю, я не змагу. Не ведаеце – навучыцеся. Жанчыны, вы можаце ўсё!  

Пра гісторыю сваёй сям’і, асабісты шлях у навукуІрына Стэльмах распавяла «Алесі».

Гісторыя сапраўднага кахання

Як нараджаецца каханне? Чаму ў адных выпрабаванні хутка гасяць пачуццё, а ў другіх – толькі ўмацоўваюць? «Алеся» распавядае непрыдуманую гісторыю кахання, якое здарылася ў акцёра Станіслава Вількіна, што стаяў ля вытокаў Тэатра-студыі кінаакцёра, і Юліі Гольдзенавай, якая прыйшла ў тэатр маладзенькай дзяўчынай у 1993 годзе. Пра любімага мужа, настаўніка, старэйшага сябра, бацьку свайго сына Яраслава ўспамінае Юлія Вількіна. 

Мастак вырастае са свайго ўнутранага свету

Лізавета Пастушэнка – член Саюза мастакоў Беларусі, загадчыца падрыхтоўчага аддзялення БДАМ, пераможца 61-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Найлепшы кніжны ілюстратар» за афармленне кнігі «Жоўты бусел». За праілюстраваную ёю кнігу «Старая казка» Уладзіміра Караткевіча выдавецтва «Народная асвета» было ўдастоена дыплома I ступені ў намінацыі «Літфармат» 60-га конкурсу «Мастацтва кнігі». 

Як працавалася мастачцы з кнігай Уладзіміра Караткевіча? Ці кожны мастак здолее афармляць кнігі для дзяцей? Што агульнага паміж жанчынамі і кветкамі? Дзе шукаць вытокі вечнай жаноцкасці? Пры якіх умовах чалавек можа адбыцца як мастак? Пра гэта «Алеся» гутарыць з Лізаветай Пастушэнкай.

«Тэатр – гэта абмен энергіямі…»

Вераніка Пляшкевіч – адна з найбольш запатрабаваных беларускіх актрыс свайго пакалення. У Нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя М. Горкага яна сыграла мноства розных роляў і лічыць шматаблічнасць пастановак, жанраў, роляў падарункам для акцёра, магчымасцю выпрабаваць сябе, раскрыцца напоўніцу. Не пазбаўлена Вераніка Пляшкевіч і цікавых роляў у кіно.

– Мастацтва здольнае падзяліць боль, падарыць надзею, усяліць веру, уваскрасіць любоў. Мне здаецца, мы, артысты, сёння выконваем часткова псіхатэрапеўтычную ролю, – упэўнена актрыса.

Пра стаўленне да гераінь, ролі якіх давялося ўвасобіць на сцэне і ў кіно, пра абмен энергіямі паміж акцёрамі і публікай, пра сакрэты жаночай прывабнасці Вераніка Пляшкевіч расказвае ў інтэрв’ю «Алесі».   

Як прыгатаваць катлеты са сніткі і мёд з сасновых шышак?

Пра смузі з крапівой і каву з дзьмухаўцоў, катлеты са сніткі і суп са «слімачкоў» папаратніку расказвае біёлаг, аўтар кнігі «Стравы з дзікаросаў» Вольга Букат. 

Як пачаць знаёмства з дзікаросамі, каб не расчаравацца? Ці праўда, што любыя дзікаросы варта падвяргаць тэрмаапрацоўцы? У чым іх карысць і перавага перад цяплічнымі раслінамі? Якую самую незвычайную страву з дзікаросаў даводзілася каштаваць? Пра ўсё гэта расказвае Вольга Букат на старонках «Алесі».

– Важна проста ведаць, якія бываюць ядомыя расліны, што прыблізна з іх можна гатаваць, паспрабаваць гэта 1-2-3 разы і потым, не прывязваючыся да канкрэтных рэцэптурных даведнікаў, эксперыментаваць, прыдумваць свае спалучэнні дзікіх траў са звыклымі для нас прадуктамі, – раіць біёлаг і

прапануе колькі цікавых і нескладаных у прыгатаванні рэцэптаў страў з дзікарослых раслін.

Для здароўя і прыгажосці

З чэрвеньскага нумара «Алесі» вы тасксама даведаецеся пра восем правілаў догляду тонкіх валасоў, пра тое, каму карысны і каму шкодны зялёны чай, як разабраць свой гардэроб, з чым насіць модны колер гэтага сезона – сіні барвінак, як настроіць мову свайго цела на поспех ды пра іншае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».