Вы тут

Маладзечна-2022: палёты ў космас, мастацтва сучаснай выцінанкі і музыка


У Маладзечна 10-11 чэрвеня праходзіць ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. У гэтым годзе форум упершыню ладзіцца без яго ідэйнага натхняльніка, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Памяць легендарнага дырыжора ўшанавалі прэзентацыяй дакументальнай стужкі і выстаўкай, якая распавядае аб асобе маэстра. На фестывальных пляцоўках размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя важным для гісторыі нашай краіны датам — 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама выстава «Памяць пакаленняў» да Года гістарычнай памяці. Аб тым, чым запомніўся першы дзень форуму, чытайце ў рэпартажы «Звязды».


Касмічны Чэрвень і Якуб Колас — грыбнік

У Маладзечна мы прыехалі да пачатку галоўных мерапрыемстваў — горад толькі прачынаўся. Прадаўцы раскладвалі тавар у шапіках, музыкі настройвалі інструменты, а жыхары і госці, знаёмячыся са святочнай абстаноўкай, няспешна шпацыравалі па цэнтральных вуліцах.

Адметнасць форуму ў гэтым годзе — экспазіцыя «Партал часу» да Года гістарычнай памяці, прадстаўленая рэгіёнамі Мінскай вобласці. Жодзіна, напрыклад, зладзіла інсталяцыю, якая распавядае аб горадзе ў 50-60-х гадах мінулага стагоддзя. Манахромныя рэпартажныя фотаздымкі, агітплакаты, сцягі. Сімвалы таго часу — каваны падстаканнік, які ёсць у кожным цягніку, тэрмас, старыя шалі ды таблічка: «Заўсёды ў продажы: гарбата, кава, какава, кефір, запалкі, табак». Нясвіж вылучыўся сваімі старажытнымі традыцыямі — прыгожыя дамы, рыцары, высвятленне адносін паміж шляхцюкамі, прывіды замкаў і, канешне ж, музыка тых часоў. Прыцягнуў увагу і Чэрвень. На пляцоўцы пад назвай «Чэрвеньшчына: ад вытокаў да зор» можна было паіграць у касмічны квэст і сфатаграфацца з фігурай знакамітага беларуса, ураджэнца Чэрвеня касманаўта Алега Навіцкага. 

У чаканні канцэртаў завіталі ў Мінскі абласны краязнаўчы музей, у ім размясціліся адразу дзве выставы. Першая, пад назвай «Дрэва жыцця», дэманстравала работы навучэнцаў Маладзечанскай школы выцінанкі. Работы прасякнуты фальклорнымі матывамі. Створаныя ў сучаснасці, яны вяртаюць да вобразаў мінулага, да традыцый. Наступная выстава, «Песняры роднага краю», прымеркавана да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, Янкі Купалы і Якуба Коласа. У экспазіцыі прадстаўлены замалёўкі Сымона Геруса з серыі «Знаёмства з Якубам Коласам», работа Уладзіміра Пасюкевіча «Янка Купала і Цішка Гартны ў Капылі», а таксама фотаздымкі Якуба Коласа, якія паказваюць класіка падчас ягонага адпачынку — у грыбах, у гасцёўні дома ў Мінску, на беразе возера Нарач.

Хлопчык з вуснавым гармонікам і легенда беларускай эстрады

Надвор’е ў першы фестывальны дзень выпрабавала на трываласць кожнага госця форума — спякота стаяла жудасная. Тым прыемней зайсці ў прахалодную залу кінатэатра «Радзіма». Там, на мой погляд, адбылася адна з галоўных падзей фестывалю — прэзентацыя дакументальнага фільма «Імправізацыя», прысвечанага памяці маэстра Міхаіла Фінберга. 

Перад паказам слова ўзяла заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела:

— Фільм, які вы пабачыце, вельмі правільны — ён дакладна апісвае жыццё Міхаіла Якаўлевіча. Фінберг заўсёды прыходзіў на рэпетыцыю а палове восьмай, хаця пачыналася яна ў дзевяць. Нам нельга было спазняцца. Але калі раптам такое адбывалася і я тэлефанавала, каб папярэдзіць, ён казаў: «Дачушка, усё добра». 

У стужцы выкарыстаны архіўныя кадры Мінска мінулага стагоддзя, партрэт маэстра ствараецца дзякуючы ўспамінам ягоных сяброў і калег. Суседка Міхаіла Фінберга, якая памятае яго з дзяцінства, распавядае аб кволым хлопчыку, які кожны дзень іграў на губным гармоніку ў двары. Калі іншым дзецям гэта надакучвала, яны з вакенцаў кідалі ў маленькага Мішу каменьчыкі... З такіх падрабязнасцяў і складаецца жывы партрэт гістарычнай асобы. Дакументальны фільм «Імправізацыя» быў створаны здымачнай групай тэлеканала «Беларусь 3». 

Таксама ў холе кінатэатра была зладжана выстава «Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг». У экспазіцыю ўвайшлі асабістыя рэчы народнага артыста Беларусі — касцюмы з канцэртаў, фотаздымкі, узнагароды і нават квіткі з мерапрыемстваў, у якіх маэстра прымаў удзел. 

Традыцыі фестываля і пачатак новага адліку

Немагчыма ўявіць «Маладзечна-2022» без Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Конкурсныя этапы традыцыйна прайшлі ў Палацы культуры. 

Адметна, што сярод удзельнікаў былі юныя таленты, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях, і моладзь, якая ўжо дасягнула пэўных вышынь. Напрыклад, хтосьці ўжо і сам выкладае вакал для маленькіх дзетак. У суправаджэнні аркестра гучалі песні на вершы Максіма Багдановіча, слухачы пазнавалі знакамітыя мелодыі Уладзіміра Мулявіна, а таксама беларускія народныя песні. 

Фінальнае мерапрыемства першага дня — урачыстае адкрыццё ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, цэнтральнай падзеяй якога стала канцэртная праграма «ХХІ — адлік новага часу. Пачатак» у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Максіма Расохі. 

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч адзначыў, што падрыхтоўка да фестывалю была сур’ёзнай: 

— Мы ў рабоце над фестывалем захавалі тыя добрыя традыцыі, якія існуюць на працягу 20 гадоў. Я ўпэўнены, што тыя гледачы, якія знаходзяцца ў амфітэатры, госці адчуюць задавальненне ад новых падыходаў, якія мы пастараліся прымяніць менавіта на XXI-м фестывалі. Думаю, мы не памыліліся, і глядач атрымае задавальненне.

Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу маладых выканаўцаў — Гран-пры атрымала Ганна Рыбакова. Дзяўчына скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова па спецыяльнасці «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія». Зараз яна працуе педагогам-арганізатарам у магілёўскай школе.

На працягу фестывальных дзён Маладзечна змяніўся, у розных куточках горада можна было адчуць, што зараз адбываецца нацыянальнае свята. Недзе стаіць каляровая лаўка, распісаная імёнамі класікаў беларускай літаратуры, з магазіна чуваць «Белавежскую пушчу» у выкананні «Песняроў»... Але галоўны адбітак беларускай культуры нясуць у сябе ўздельнікі і госці форуму. Людзі, якія адмыслова прыехалі ў Маладзечна, каб дакрануцца да нашай мовы, паэзіі і музыкі. 

Арына КАРПОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».