Вы тут

Эфект ад праекта «Горкі — здаровы горад» адчула дзве трэці насельніцтва рэгіена


На сёння гэта адзіны горад Беларусі, які ўваходзіць у сетку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здаровыя гарады». Праект «Горкі — здаровы горад» рэалізуецца ў раёне з 2014 года. Па словах намесніка старшыні Горацкага райвыканкама, куратара праекта Ларысы Крывіцкай, сёння болей чым 77% насельніцтва раёна адзначае, што адчувае вынікі ад рэалізацыі праекта.


Ларыса Крывіцкая.

— Нядаўна ў горадзе прайшло выязное пасяджэнне Міжведамаснага савета пры аблвыканкаме па фармаванні здаровага ладу жыцця. Вопытам работы дзяліліся вашы прадпрыемствы, установы, арганізацыі. Адчуваецца, што работа праводзіцца не фармальна. А з чаго ўсё пачыналася?

— У 2012-м Горкі былі сталіцай рэспубліканскіх «Дажынак», абнавілася спартыўная база, горад атрымаў Лядовую арэну, сучасны гарадскі стадыён — былі створаны цудоўныя ўмовы для заняткаў спортам. Ужо праз два гады мы далучыліся да сеткі Сусветнай арганізацыі «Здаровыя гарады». У Беларусі горад быў першаадкрывальнікам у гэтым кірунку, рабіліся даследаванні, апытанкі грамадзян, падрыхтоўка дакументаў. У мэтах вызначэння адпраўных пунктаў і распрацоўкі плана тактычных дзеянняў спецыялістамі Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ праведзена сацыялагічнае даследаванне сярод насельніцтва горада, якое дазволіла вывучыць фактычны стан спраў па прыярытэтных напрамках. Мы набылі сапраўды каштоўны вопыт, які нам дапамагае дабівацца станоўчых вынікаў.

— Прымусіць кагосьці жыць па правілах не так і проста. Нават, калі гэта датычыцца асабістага здароўя. Але ў вас, мяркуючы па ўсяму, атрымліваецца. Што самае важнае ў гэтай рабоце?

— Дзяржаўны прафілактычны праект «Здаровыя гарады і пасёлкі» — адзін з найбольш аптымальных варыянтаў рэалізацыі сацыяльнай мадэлі здароўя. Ён вызначае здароўе не проста як адсутнасць хвароб, але як узаемасувязь псіхічнага, фізічнага і сацыяльнага яго аспектаў. Асноўная мэта праекта: аб’яднанне намаганняў і рэсурсаў улады, грамадскасці і бізнэсу для паляпшэння здароўя і якасці жыцця насельніцтва. У нас праектам ахоплены ўсе ў горадзе. Штогод мы арганізуем месячнік здароўя. Стартуем 7 красавіка на Сусветны дзень здароўя і да 7 мая праводзім яго на ўсіх прадпрыемствах. Шэраг мерапрыемстваў праходзіць ва ўстановах адукацыі, сярод працоўных калектываў, праводзіцца выязная дыспансерызацыя. У план апошняга месячніка ўваходзіла болей чым 140 мерапрыемстваў. БСЖ, напрыклад, аб’явіў конкурс рэцэптаў па здароваму харчавання. Трэба было прадставіць фота і відэасправаздачы. І шмат хто адгукнуўся. Адпаведныя мерапрыемствы праводзяцца напярэдадні Дня сям’і, работніка фізкультуры і гэтак далей. На цэнтральнай плошчы горада арганізуецца выстава прадуктаў здаровага харчавання з дэгустацыяй, працуюць пляцоўкі ад МНС, ДАІ, праводзіцца продаж спортінвентара, на спецыяльных пляцоўках можна ўзважыцца, памерыць ціск, навучыцца правільна чысціць зубы, харчавацца, даглядаць скуру. Арганізуюцца спартакіяды сярод працоўных калектываў, забегі паміж навучэнцамі школ.

Сёлета да праекта далучыўся яшчэ і аграгарадок нашага раёна Аўсянка. Усе разумеюць, што ад медыкаў здароўе залежыць толькі на 8%. Усё астатняе ад нашага ладу жыцця. 

— Якую ролю ў прапагандзе здаровага ладу жыцця могуць адыграць школы, прадпрыемствы?

— Прадпрыемства «Горацкі элеватар», якое дзялілася вопытам падчас выязнога пасяджэння Міжведамаснага савета, прадугледжвае нават стымуляванне рублём тых, хто адмаўляецца ад шкодных звычак, займаецца спортам. Гэта і ёсць клопат пра людзей. Нездарма гэта норма замацаваная ў новай Канстытуцыі. Аб абавязку грамадзян клапаціцца аб сваім здароўі неаднаразова выказваўся Прэзідэнт. Трэба працаваць з кіраўнікамі прадпрыемстваў, каб яны ўносілі змяненні ў калдагаворы і рабілі прывілеі для тых, хто займаецца сваім здароўем, ствараць бяспечныя ўмовы працы, агітаваць насельніцтва за здаровы лад жыцця. У нас, напрыклад, прадпрыемствы і арганізацыі ўвялі ў практыку заахвочванне ў выглядзе абанементаў і частковай аплаты наведванняў спартыўных аб’ектаў. Мы знізілі кошт спартыўных паслуг у дзённы час, што прыцягнула насельніцтва старэйшага ўзросту і тых, хто працуе ў зменным рэжыме. Прадугледжана бязвыплатнае карыстанне спартыўных баз устаноў адукацыі, актыўна выкарыстоўваюцца басейны навучальна-выхаваўчых устаноў, а таксама была ўдзелена сур’ёзная ўвага падбору і падрыхтоўцы кадраў для павелічэння фізічнай актыўнасці розных слаёў насельніцтва.

— Наколькі сур’ёзная работа праводзіцца ў рамках вашага членства ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя? Што гэта дае?

— Удзельнічаем ва ўсіх канферэнцыях, вебінарах гэтай арганізацыі. Акрамя гэтага некалькі гадоў таму прымалі ўдзел у канферэнцыі ў Маскве, дзе давалі справаздачу аб рэалізацыі праекта. У Расіі гэта работа праводзіцца яшчэ больш маштабна, на ўзроўні краіны зроблена асацыяцыя «Здаровыя гарады». 

— А як выглядае дынаміка ў плане рэалізацыі праекта?

— У 2014-м годзе 32% насельніцтва ацэньвала сваё харчаванне, як не адпавядаючае здароваму, сёння вынікі значна лепш. Калі казаць пра загрузку спартзбудаванняў, то ў 2014-м яны былі запатрабаваныя на 35%, зараз амаль на 83%. У нас ёсць льготы для пенсіянераў, інвалідаў. У дзённы час крыху танней, чым у вячэрні. У нас самы нізкі працэнт смяротнасці сярод працаздольнага насельніцтва. Наша задача прымусіць людзей звярнуць увагу на сваё здароўе. Не чакаць, калі прыйдзе хвароба і бегчы да ўрачоў: дапамажыце. А займацца прафілактыкай гэтага захворвання. У нас усё для гэтага ёсць — секцыі, спартыўныя пляцоўкі ў мікрараёнах, стадыёны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.