Вы тут

Іван Кірчук запрашае ў чароўны свет беларускіх абрадаў, песень і казак


У жыцці заўсёды ёсць месца цуду, упэўнены фалькларыст, музыкант, мультыінструменталіст, кампазітар, выкладчык, лідар гурта «Этна-трыа Троіца» Іван Кірчук. Дзякуючы нечаканым сустрэчам, дзівам захаваным нотным запісам, падкінутым ідэям назапашаныя за амаль чатыры дзесяцігоддзя экспедыцый веды аб народнай культуры склаліся ў цудоўныя кнігі, прэзентацыя якіх днямі прайшла ў сталічнай «Акадэмкнізе».


«Кветка Перуна» — гэта каляндарна-абрадавы даведнік, які падказвае, як можна працаваць з фальклорам. У кнізе змешчаны сцэнарыі для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, тэатралізаваныя святы і абрады для вучнёўскіх і студэнцкіх калектываў, а таксама сцэнарыі, якімі могуць карыстацца прафесійныя калектывы. З дапамогай кнігі можна ажывіць народныя казкі, разам з моладдзю пабываць на восеньскім кірмашы, на беларускім вяселлі, адзначыць Масленіцу, Багач і Юр'е альбо зрабіць тэатралізаваныя прадстаўленні паводле старажытных легенд і паданняў, гульняў, абрадаў, свят. Гэта кніга — вынік шматгадовых пошукаў даследчыка.

Другая навінка — «Гарады ўзыходжанняў» — фолк-фэнтэзі. Апісаных у ёй абрадаў і рытуалаў вы не знойдзеце ў рэальным жыцці, але, тым не менш, праз прыдуманы сусвет Іван Кірчук пастараўся перадаць тыя ідэі, якія ўзяў з фальклору: «Кожная прастора абжытая, хоць і знаходзіцца за межамі чалавечага позірку. Так даганяем мы па спіралі Часу родных: крок — сустрэча, крок — асоба, і так да бясконцасці. Мы ўсе ідзём па прыступках Жыцця. Штодзень, штогод: хто — да Бога, хто — у Космас. Кожны сам выбірае свой шлях. Кожная прыступка той нябачнай лесвіцы — нашы далёкія Прашчуры... І мы толькі тады цвёрда стаім на гэтых прыступках Часу, калі ёсць тая нябачная падтрымка Продкаў. Слава Роду, які ідзе ўпэўнена і правільна па Прыступках!»

Жыццё сярод песень

Іван Кірчук нястомна збірае і папулярызуе фальклор. Ён — аўтар рэканструяваных абрадаў і свят, яго працы трансліраваліся на тэлебачанні і радыё. На базе Мінскага вучылішча мастацтваў ён ствараў фальклорныя ансамблі, якія з канцэртамі выступалі на замежных фестывалях. Даследчык сабраў этнаграфічны музей з прадметамі побыту беларусаў, лялькі і маскі, мае багатую калекцыю музычных інструментаў з усяго свету. І нават гэтыя прадметы ў яго — яшчэ адна крыніца, праз якую можна даносіць інфармацыю пра здабыткі народнай культуры. У створанай ім этналабараторыі праходзяць заняткі па павышэнні кваліфікацыі прадстаўнікі розных сфер (музыканты, рэжысёры, кіраўнікі калектываў, мастакі і інш.). Яны бачаць, як рэчы ажываюць, распавядаюць, уражваюць. Чароўныя гукі музычных інструментаў дапаўняюць аповед пра здабыткі продкаў. Так, праз фальклор перакідваецца масток паміж сучаснікамі і папярэднікамі пакаленнямі. Часта госці і вучні просяць матэрыялы, сцэнарыі, хаця, здавалася б, самі жывуць сярод песень. Магчыма, ім у тым ліку не хапае падказкі, як прыстасаваць народную спадчыну да новых умоў.

Нават прэзентацыю сваіх кніг музыка выкарыстаў, каб крыху прыадкрыць адшуканыя ім у экспедыцыях сакрэты продкаў.

— У дзяцінстве і маладосці я ніколі не планаваў, што буду займацца беларускай музыкай, фальклорам, абрадамі, рэканструкцыяй свят, — прызнаецца музыкант. — Мой бацька працаваў у будаўнічай кампаніі, якая рабіла рамонт у лідскім музычным вучылішчы, і таму мяне адправілі туды вучыцца. Я скончыў вучылішча як кіраўнік акадэмічнага хору і планаваў пасля войска ісці вучыцца ў кансерваторыю, праслухоўваўся ў прафесара Роўды. У той час кожны завод, фабрыка мелі народныя хары, і яны ўсе спявалі неяк аднолькава, у адной манеры. Сапраўдным адкрыццём стаў для мяне канцэрт вядомага ў той час калектыву Дзмітрыя Пакроўскага з маскоўскай кансерваторыі, які праязджаў у 1980 годзе праз Мінск. Яны паказалі манеру спеваў на поўначы, поўдні, іншых рэгіёнаў, усё выконвалася па-рознаму. Для мяне гэта быў нейкі штуршок, падказка. Сёння мы ведаем, што ў Беларусі ёсць шэсць этнаграфічных рэгіёнаў, дзе захоўваюцца свае адметныя асаблівасці. На жаль, у нас да гэтага часу няма кружэлак, на якіх можна паслухаць песні, казкі, інструментальную музыку. Хаця ў Акадэміі навук, дзе я быў аспірантам, маецца вялікая колькасць запісаў. Ёсць яны і на рэспубліканскім радыё. Можна было б запісаць усю Беларусь. Добра было б, каб дзяржава дапамагла ў гэтай справе.

Іван Кірчук згадаў адну з сваіх першых экспедыцый у 1982 годзе. Яму трапілася бабулька, якая спявала з 10 гадзін раніцы да гадзіны ночы. Гэта песні яе маці, што моцна закранула даследчыка. Ён запісваў фальклор у розных краінах свету, а вось да сваіх родных прыехаў, толькі калі засталіся толькі мама і хросная (а ў яго дзеда Томаша па лініі маці было 14 дзяцей!). Таму маладым даследчыкам на сваіх лекцыях Іван Іванавіч раіць у першую чаргу пачынаць пошукі з уласнай сям'і, запісваць бацькоў, дзядоў, цётак...

Усё, што здабыта ў час экспедыцый, ідзе ў справу. Матэрыялы выкарыстоўваліся падчас заняткаў са студэнтамі, у «Троіцы» ці сольных праграмах. Ужо 20 гадоў Іван Кірчук выступае з монаспектаклем «Дарожка мая», дзе паказана жыццё беларуса ад нараджэння да смерці, падаюцца абрады і святы. Задзейнічана каля 50 музычных інструментаў, маскі, лялькі. Толькі ў мінулым годзе, нягледзячы на ковід, монаспектакль быў паказаны 30 разоў. Дарэчы, ён прайшоў таксама ў Канадзе, у Казані, у Літве. Спектакль перыядычна шліфуецца, прырастае інфармацыяй, здабытай у час падарожжаў. Летась, нягледзячы на ковід, музыка паспеў запісаць бабулю з Крупак, якой было 96 гадоў. А на пачатку гэтага года яе сын патэлефанаваў і паведаміў: «Маёй пявунні ўжо няма». Але яе песні могуць увайсці ў спектакль і ў новы альбом, які Іван Кірчук плануе запісаць.

«Ягада з ягадою сакаціліся...»

Іван Кірчук згадаў, як пасля ўдалай экспедыцыі прыляцеў у Акадэмію навук і пахваліўся, што запісаў сто песень. А яму адчынілі фоналабараторыю, дзе шмат было шафаў, у якіх стаялі бабіны, магнітныя стужкі са шматлікімі запісамі. І ён пачаў такія скарбы вывучаць, спяваць. Разам са студэнтамі рабіў рэканструкцыі абрадаў і свят. У 1999 выдаў кампакт-дыск «Спадчына загінулых вёсак» , у якую ўвайшлі песні, запісаныя ў экспедыцыях разам з дудкамі, акарынамі, жалейкамі, лірай, гуслямі, дудой. Да «Троіцы» ў яго быў ансамбль «Дзіва», які рабіў цікавыя і вельмі складаныя распевы. Калі калектыў удзельнічаў у фестывалі «Залаты яблык», кіраўнік кубанскага казацкага хору падняўся на сцэну, пачаў цалаваць удзельніц-дзяўчат і пытацца: «Скуль вы? Я такіх песень ніколі не чуў». А гэта былі нашы беларускія песні. Проста людзі ўжо прызвычаіліся спяваць па нотах, дзе ўсё распісана, а тут ішла імправізацыя, галасы зліваліся.

— На жаль, наша краіна не мае тэатра фальклору, рытуальнага тэатра. Тое, што мы бачым на сцэне ў горадзе, напрыклад, Купалле ці Каляду, больш нагадвае нейкі канцэрт мастацкай самадзейнасці. Мы не можам зазірнуць, як тое рабілі нашы продкі, — заўважае Іван Кірчук.

І зацягвае адну з вясельных песень «Ягада з ягадою сакаціліся...». Добра было б, каб падобныя мелодыі гучалі на сучасных вяселлях. Усё ж у продкаў яны мелі рытуальную функцыю, з'яўляліся абярэгам.

Сучасныя майстры народных інструментаў сцвярджаюць, што музыка, гукі здольныя лячыць. На жаль, каранёвыя рэчы, на якіх раслі нашы продкі, сёння для нас — нейкае дзіва.

Крылы музыкі

Прэзентацыя кніг ператварылася ў міні-канцэрт. Мызыкант знаёміў з некаторымі з інструментаў са сваёй калекцыі (а ў яго, дарэчы, сёння іх больш чым дзве з паловай сотні). За кожным інструментам — свая гісторыя. Так, у яго калекцыі ёсць варганы з Японіі, Кітая, Славеніі, Расіі, Венгрыі, зробленыя айчынным майстрам. І называецца па-беларуску такая штука дрымба. Звычайна, калі слухачы чуюць спецыфічны гук, лічаць, што дадзены інструмент звязаны выключна з народамі Поўначы. Але музейшчыкі казалі Івану Кірчуку, што такія інструменты знаходзілі ў нашых старажытных курганах. «Беларускія майстры робяць цудоўныя інструменты з дрэва, гліны. Але дзе з імі выступаць? Нам патрэбны фестывалі, пляцоўкі. Музыка продкаў павінна займаць на іх пачэснае месца», — заўважае музыкант. Сапраўды, спадчынай, што нам засталася, можна здзіўляць слухача як айчыннага, так і замежнага. Гурт «Троіца» праехаў сотню міжнародных фестываляў розных куткоў свету і бачыў, як публіка рэагуе на беларускі фальклор. Людзі і здзіўляліся, і захапляліся, і плакалі. Напрыклад, у Эстоніі публіку пазнаёмілі з песняй, якую спявала дзяўчына перад вяселлем «Не дай мяне, матачка, у чужы край». Адзін са слухачоў прыгадаў, як такое спявала яго маці, і пачаў плакаць. «А што трэба праспяваць сучаснай моладзі, каб сляза прайшла? — пытаецца музыкант. — Уявіце: раней песні перадаваліся тысячы гадоў. А сёння людзі не маюць такога падмурка. Спяваюць песні, якія не маюць такой моцы. Таму, калі я да гэтага матэрыялу звяртаюся, маю крылы і лётаю. Для мяне гэта фальклорная служба. Я іду на яе як ксёндз ці бацюшка на сваю службу, бо ведаю, што ў гэтым абрадзе трэба адно паказаць, у іншым — другое. Я ўпэўнены: фальклор будзе перадавацца, можа, праз пакаленні. Прыйдуць тыя людзі, якія хочуць не хочуць, але будуць гэтым займацца. Продкі не дазволяць, каб усё загінула».

Фальклор — і шлях да вяртання мовы. Яна можа засвойвацца, калі дзеці і моладзь удзельнічаюць у абрадах, святах. Да таго ж, у беларускім фальклоры шмат паўтораў. Першы раз можна пачуць словы, а другім разам — з усімі праспяваць: «Зялён явар, кудравы».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.