Вы тут

Службовы раман Станіслава Вількіна, або Гісторыя кахання з вялікай літары


Хто ведае, як нараджаецца каханне? Чаму жыццё адных праходзіць міма гэтых пачуццяў, ні разу іх не наведаўшы, а іншых яны літаральна пераследуюць? Чаму ў кагосьці выпрабаванні хутка гасяць страсці і закаханасці, а ў кагосьці, наадварот, умацоўваюць? Здаецца, усе гісторыі адносін мужчын і жанчын вельмі падобныя, але кожным з нас уласны сюжэт успрымаецца як адзіны і непаўторны. Як гісторыя кахання з вялікай літары.


Толькі раз бывае ў жыцці сустрэча

Некалькі гадоў таму напярэдадні юбілею я брала ў акцёра Станіслава Вількіна інтэрв’ю, у якім ён казаў:

— 60 гадоў — быццам бы самавіты ўзрост. Але я яго не адчуваю. Мне яшчэ шмат чаго хочацца. Напрыклад, паставіць спектакль пра каханне. Напэўна, пра каханне ўжо ўсё сказана. Ды гэта вечная тэма, і кожны, дакранаючыся да яе, адкрывае нешта новае.

Станіславу Уладзіслававічу было што сказаць пра каханне. Ён не толькі іграў яго на сцэне і ў кіно, але і адчуў у жыцці.

Жылі два чалавекі. Станіслаў Вількін стаяў каля вытокаў заснавання Тэатра-студыі кінаакцёра. Юлія Гольдзенава прыйшла сюды ў 1993-м маладзенькай дзяўчынай. Па ўласным прызнанні ўсяму вучылася на хаду, слухаючы старэйшых калег, унікаючы ў тонкасці і асаблівасці прафесіі касцюмера. З галавой акунулася ў тэатральны свет, пакахала яго і спяшалася на працу як на свята. Мыла, прасавала, прыводзіла ў парадак гарнітуры акцёраў, дапамагала апранацца перад спектаклем і пераапранацца па ходзе дзеяння.

Дзевяць гадоў яны працавалі побач і былі проста калегамі. Станіслаў Вількін быў жанаты, у яго раслі двое сыноў — Уладзіслаў і Чэслаў. Юля таксама была несвабодная. У кожнага — свая гісторыя, свой лёс. Дзве паралельныя дарогі.

Але нейкі нябачны рэжысёр, відаць, рыхтаваў кожнаму з іх неспадзеўку, задумаўшы злучыць. Завяршыўся Юлін раман, у сям’і Станіслава справа ішла да разводу...

— Пачаткам нашай гісторыі я лічу дзень нараджэння Станіслава, — расказвае Юля. — 7 кастрычніка 2002 года яму спаўнялася 45 гадоў. Мы з калегамі купілі ў падарунак цацку — ускудлачанага Нафаню з поглядам, падобным на погляд самога Стаса. Адзначалі гэтую падзею ў тэатры, у сваім коле. І вось тады, мне здаецца, паміж намі і праскочыла іскра. Напэўна, магло б і не «разгарэцца» нічога, але ў канцы месяца ён мяне спыніў у калідоры, адкрыў далонь, паклаў туды каробачку з завушніцамі і са словамі «Трымай і нікому не паказвай» знік. Так ён павіншаваў мяне з днём нараджэння. Я была ў захапленні і ад падарунка, і ад увагі.

Стас быў чалавекам досыць закрытым, але ўжо калі адкрываўся, то адразу станавілася ясна, наколькі ён глыбокі з багатым і ясным унутраным светам. Мне было з ім лёгка, проста і цікава. Вельмі хутка я зразумела, што закахалася.

Прайшло некалькі гадоў, перш чым яны вырашылі жыць разам. І яшчэ некалькі, перш чым афіцыйна аформілі шлюб.

— Вядома, нашы «шуры-муры» не былі тайнай для калег, — працягвае мая суразмоўніца. — Але ў той час у тэатры працякала яшчэ некалькі раманаў. Так што не толькі мы са Стасам давалі глебу для плётак. Мне здаецца, нашыя адносіны ні ў кога не выклікалі нейкіх нядобрых рэакцый. Хутчэй наадварот. Памятаю, у самым пачатку ў мяне са Стасам адбылася спрэчка. Пра гэта даведаўся акцёр Пётр Юрчанкаў-старэйшы. Прыйшоў да мяне, узяў за руку, павёў у грымёрку да Стаса і запатрабаваў: «Мірыцеся». Мы памірыліся і заўсёды былі Пятру Пятровічу бясконца ўдзячныя. Па-мойму, усе толькі парадаваліся за нас, калі мы абвясцілі, што жэнімся,

Шлюб Станіслаў і Юлія заключылі ў красавіку 2006-га. А ў красавіку 2007-га ў іх нарадзіўся Яраслаў.

— Я вельмі хацела дзіця, — прызнаецца Юля. — Даведаўшыся аб цяжарнасці, скакала ад радасці. А вось Стас гэтую навіну сустрэў без захаплення. Яму было 49 гадоў. Мне здаецца, ён спалохаўся гэтай вялікай новай адказнасці. Хадзіў пануры, нейкі задуменны. Але праз час пачаў асвойвацца з думкай аб сваёй новай ролі і неяк сказаў: «Алег Табакоў старэйшы за мяне і нічога, не баіцца бацькоўства. А я чым горшы?»

Горшы?! Ды ён стаў выдатным бацькам. Выгульваў нашага малога ў калясцы, купаў, гуляў з ім. Калі я выйшла з дэкрэтнага, Стас больш за мяне прысвячаў часу Яраславу. Я разам з «ТрыТфармаТ»-тэатрам з’язджала на гастролі ў Францыю, Італію, Фінляндыю, а муж заставаўся з сынам дома.

Спачатку сужэнцы жылі разам з Юлінай цёткай, потым атрымалі арэнднае жыллё. Гэтыя гады ва ўласным гняздзечку Юлія ўспамінае як вельмі шчаслівыя.

— Я вырасла без бацькі, — дзеліцца яна. — Стас у нейкай меры стаў для мяне не толькі мужам, але і настаўнікам, старэйшым сябрам, аўтарытэтам ва ўсіх адносінах. Усё ўмеў рабіць. Цалкам уладкаваў нашу кватэру. З задавальненнем варыў супы. Такога смачнага баршчу, як у яго, не ела нідзе. У мужа былі свае фірмовыя стравы. І мяне навучыў гатаваць.

Ніколі не рабіў нікому зла, свята прытрымліваўся правіла: з іншымі рабі так, як хацеў бы, каб рабілі з табой. Гэтага дэвізу Станіслаў Уладзіслававіч прытрымліваўся ва ўсім. Побач з мужам Юля расла як асоба, станавілася мацнейшай, устойлівай, мудрай. Вучылася таму, як не падаць духам з-за няўдач, знаходзіць выйсце з цяжкіх сітуацый, не адчайвацца.

Станіслаў Вількін быў выдатным настаўнікам не толькі для блізкіх. Работу ў тэатры сумяшчаў з выкладаннем акцёрскага майстэрства ў мінскай СШ № 27. Дзясяткі яго вучняў сёння паспяхова працуюць у тэатрах Беларусі і за яе межамі. Сярод яго выхаванцаў і сын Чэслаў, якога рыхтаваў да паступлення ў Акадэмію мастацтваў. Цяпер Чэслаў Вількін — у штаце Тэатра-студыі кінаакцёра, рыхтуецца да спектакляў у грымёрцы свайго бацькі. Яраслаў таксама займаўся ў таты ў школьнай студыі і таксама марыць аб сцэне.

— Муж ганарыўся трыма Славамі, — падкрэслівае Юля. — Шчаслівы быў дачакацца ўнука: разам з Яраславам ездзіў знаёміцца ??з малым, сынам Уладзіслава. Муж прысутнічаў на ўсіх спаборніцтвах Ярошы па ўшу, у тым ліку на міжнародных турнірах. Так шчыра цешыўся кожным (а іх ужо больш за 50!) заваяваным сынам медалём.

У вольны час Станіслаў Вількін любіў з сям’ёй і сябрамі ладзіць на прыродзе шашлыкі. Улетку яны ўтрох імкнуліся адпачыць у Балгарыі. Мора, сонца і яны — загарэлыя, вясёлыя, шчаслівыя. Проста цуд!

З чаго складаецца каханне? З сумесных радасцяў і смуткаў, з клопату аб дзецях, позніх чаяванняў і размоў на кухні, са спрэчак і рэўнасці, з падарункаў з нагоды і без, са смеху і слёз, з пацалункаў і абдымкаў — з усяго, што лічыш паўсядзённасцю і нават часам не заўважаеш, калі яно ў цябе ёсць, і чаму смяротна сумуеш, калі яно знікае. Юля верыла: яны будуць жыць доўга і шчасліва, выгадуюць сына і памруць у адзін дзень. Але ўсё склалася інакш.

Апусцела без цябе зямля

— Муж не любіў хадзіць па ўрачах, — кажа Юля. — Яраслаў часта дзівіўся: «Наш тата ніколі не хварэе». А тут Стас вярнуўся пасля антрэпрызнага спектакля з Магілёва, і яму стала дрэнна: прыхапіла сэрца. Выклікала «хуткую». Кардыяграму медыкі перадалі ў паліклініку. Тэрапеўт выпісаў накіраванне на аналізы. Муж здаў кроў. І аказалася, што ў яго анкалогія.

Вядома, Станіслаў Вількін змагаўся за жыццё, прытрымліваўся ўказанняў спецыялістаў. Юля шукала аўтарытэтных урачоў, кансультавалася з імі, навучылася рабіць уколы. У перыяд рэмісіі ў мужа з’ездзілі на экскурсію ў Польшчу. Станіслаў Вількін паспеў паставіць у школе навагодні спектакль-казку «Чароўнае люстэрка». Яны спадзяваліся.

— Але аднойчы Стас паклікаў на кухню сына і пачаў гаварыць з ім, — успамінае Юля, — аб тым, як мужчына павінен паводзіць сябе ў жыцці, што шанаваць і чаго пазбягаць, як ставіцца да людзей — родных і чужых. Гэта гучала як пажаданне. Мне падалося: ён развітваецца, рыхтуецца да свайго cыходу.

Станіслаў Вількін трымаўся стаічна. Яго сябар, акцёр Анатоль Гур’еў, тэлефанаваў увесь час і гатовы быў прыйсці па першым клічы. Але Станіслаў не дазваляў, не хацеў, каб сябар і калегі бачылі, як ён слабее.

Апошнія 10 дзён правёў у хоспісе — ужо не мог абыходзіцца без абязбольвальных, без прафесійнай дапамогі. Юля наведвала яго кожны дзень.

— У адну з нашых сустрэч Стас з вялікай цяжкасцю падцягнуўся, абапёрся аб ложак, устаў на ногі і спытаў мяне: «Ну я ж герой?» — расказвае Юля. — Мне здаецца, ён яшчэ спадзяваўся вярнуцца дадому. Апошнімі яго словамі было прызнанне: «Я цябе кахаю».

У красавіку 2020 года Станіслава Вількіна не стала. Першы год пасля сыходу мужа Юля проста вар’яцела. Ратавалі работа, людзі і Яраслаў, вельмі падобны да бацькі...

«Я ні пра што ў жыцці не шкадую: не бачу ў гэтым сэнсу, — успамінаю словы Станіслава Вількіна з таго перад’юбілейнага інтэрв’ю. — Не крывячы душой, магу сказаць, што шчасцем не абдзелены. Побач каханая жонка, малодшы сын Яраслаў часам разоў дзесяць на працягу дня паўторыць, што кахае мяне. Няўжо гэтага мала?»

Сёння кожная рэч, звязаная з мужам, мае для Юлі асаблівую каштоўнасць. Той самы Нафаня, сведка зараджэння іх кахання.

Адзіны ліст, дасланы ёй Станіславам яшчэ да жаніцьбы, падчас месячнага расстання. Пасаджаная мужам на клумбе каля дома ялінка. Скрыначка з завушніцамі — за гады сумеснага жыцця муж падарыў Юлі шмат з каханнем абраных упрыгожванняў. На руцэ ў Юлі сёння гадзіннік, прэзент мужа на дзень нараджэння, а на безназоўным пальцы па-ранейшаму — заручальны пярсцёнак. Ёй вельмі не хапае падтрымкі Станіслава, яго пляча. Але Юля Вількіна спраўляецца. Усё ж яна — жонка свайго мужа.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Вількіных

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.