Вы тут

Яфрэм Сакалоў: Трэба пайсці насустрач вернікам...


Гэта сёння кожны, хто толькі пажадае, можа светла паўзірацца ў Петрапаўлаўскі сабор — кафедральны сабор Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. А былі ў гісторыі гэтага храма і іншыя часіны...


Закладзены 18 кастрычніка 1809 года на тэрыторыі, якой валодаў Мікалай Румянцаў, сабор будаваўся з 1809 да 1819 гг. Размешчаны храм ва ўнікальным месцы на высокім мысе на беразе ракі Сож. Канчатковае будаўніцтва было завершана ў 1824 годзе... Каля 30 гадоў (1902—1930 гг.) настаяцелем храма з'яўляўся Аляксандр Зыкаў (1865—1931). Ён нарадзіўся ў горадзе Угліч, на Яраслаўскай зямлі. Закончыў Яраслаўскую духоўную семінарыю. Затым — у 1892 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. Працаваў выкладчыкам і бібліятэкарам у Магілёўскай духоўнай семінарыі. Сан святара прыняў у 1901 годзе... Поруч са службай у храме многа сіл прыкладаў для развіцця асветы на Гомельшчыне. Вылучаўся рознымі грамадскімі актыўнасцямі... Быў старшынёю Гомельскага брацкага саюза, членам мясцовага камітэта Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа. Неаднаразовы старшыня епархіяльных з'ездаў духавенства ў 1910-я  гады. А яшчэ — член Савета Гомельскага таварыства цвярозасці, дабрачынны Гомельскай акругі, член Надзвычайнага епархіяльнага сходу духавенства і міран Магілёўскай епархіі, дэлегат Усерасійскага з'езда духавенства і міран у 1917 годзе. Узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава ІІІ ступені, Святой Анны ІІІ і ІІ ступеняў. У 1923 годзе святар быў арыштаваны. У сакавіку 1924 года пакаяўся перад патрыярхам Ціханам. Змагаўся з абнаўленцамі, ініцыіраваў уз'яднанне духавенства Гомельскага павета з Патрыяршай Царквою. У 1929 годзе пазбаўлены выбарчых правоў. У 1930 годзе арыштаваны. Памёр у Бутырскім астрозе. Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках ў Маскве. Месца пахавання страчана з-за новых пахаванняў. Такія легендарныя асобы, несумненна, прыўносілі ў атмасферу храма, у атмасферу служэння ў Петрапаўлаўскім саборы ўсведамленне надзвычайнага дзейства.

...У 1935 годзе сабор быў закрыты. Службу ў ім ўзнавілі толькі ў 1940-я гг. Гэта супала з перыядам акупацыі Гомеля нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1960-х гг. сабор закрылі паўторна. Пазней у ім абсталявалі планетарый...

І вось 14 жніўня 1989 года ў ЦК Кампартыі Беларусі ў сектар справаводства трапляе калектыўны ліст. Адрасаваны ён Народнаму дэпутату СССР, Першаму сакратару Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Яфрэму Аляксеевічу Сакалову. Падпісанты — аўтарытэтныя і ў Беларусі, і ў Савецкім Саюзе асобы: Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня Савецкага фонду культуры акадэмік Дзмітрый Ліхачоў, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР, першы сакратар Саюза пісьменнікаў РСФСР, акадэмік Акадэміі педагагічных навук Сяргей Міхалкоў, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, народны артыст СССР Іван Казлоўскі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай прэміі, народная артыстка СССР Людміла Зыкіна, народны мастак СССР Ілья Глазуноў, старшыня Савецкага камітэта славістаў акадэмік Мікіта Талстой, народны дэпутат СССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, народны пісьменнік БССР Іван Шамякін, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР, дэпутат Вярхоўнага Савета РСФСР, народны артыст СССР Сяргей Бандарчук, лаўрэат Ленінскай прэміі акадэмік Барыс Раўшэнбах, Герой Сацыялістычнай Працы, народны дэпутат СССР, народны пісьменнік БССР Васіль Быкаў, Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, народны скульптар СССР (так у арыгінале! Трэба разумець: народны мастак СССР. — Аўт.) Заір Азгур, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, старшыня Беларускага фондукультуры Іван Чыгрынаў, лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза Віталь Севасцьянаў, лётчык-касманаўт СССР, двойчы Герой Савецкага Саюза, народны дэпутат СССР Пётр Клімук, народная артыстка СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Людміла Касаткіна. Аўтарытэтная каманда!

Хутчэй за ўсё ініцыятарам гэтага звароту быў шаноўны Дзмітрый Ліхачоў. Аб чым жа просяць дзеячы савецкай культуры?..

«Шматпаважаны Яфрэм Яўсеевіч!

У пярэдадзень абвешчанага ЮНЕКА міжнароднага святкавання 500-годдзя асветніка беларускага народа і кнігадрукара Францыска Скарыны і правядзенняў Полацку Уесаюзнага Дня славянскага пісьменства і культуры савецкая творчая інтэлігенцыя звяртаецца да Вас, шматпаважаны Яфрэм Яўсеевіч, з наступным.

У абласным цэнтры рэспублікі г. Гомелі цудам захаваўся адзіны ў Беларусі праваслаўны кафедральны Петрапаўлаўскі сабор, помнік архітэктуры пачатку XІX стагоддзя, быў у падпарадкаванні Рускай Праваслаўнай Царквы і знаходзіўся ва ўзорным стане. 30 кастрычніка 1960 года было прынята рашэнне гарсавета «Пра выкарыстанне сабора па прамым прызначэнні і ўладкаванні ў ім планетарыя і маятніка Фуко». Не будзем каментаваць гэта рашэнне...» Нагадаем, што маятнік Фуко — гэта маятнік для эксперыментальнай дэманстрацыі сутачнага вярчэння Зямлі. Упершыню эфект прадэманстраваў Л. Фуко (1851 год). Зрабіць гэты маятнік не так складана... Невыпадкова сярод дзеючых маятнікаў Фуко ў свеце ёсць і маятнік, усталяваны ў гомельскай СШ № 69... Даўжыня — 12,5 метра. Вага — 60 кг. Усталявалі яго ў маі 2017 года... Выкарыстоўваць жа менавіта сабор дзеля гэтай, безумоўна, добрай навуковай справы — крута!..

Чытаем далей у звароце да Яфрэма Сакалова: «...Нядаўна спыніў па прычыне нерэнтабельнасці сваю дзейнасць і планетарый. Паўстала пытанне пра далейшы лёс сабора, і Гомельскі гарсавет прыняў рашэнне размясціць у помніку архітэктуры, гісторыі і культуры, у спрадвеку праваслаўным саборы — канцэртную залу арганнай музыкі. Такі намер, на вялікі жаль, нельга лічыць правамоцным і добра прадуманым...» На той час яшчэ не існавала Гомельскай епархіі, адпаведна і адносіны ўлады — гарадской, абласной — з праваслаўнымі святарамі былі далёкімі. Дарэчы, і Магілёўская епархія, у якой болей як 45 гадоў перад гэтым была не занятай кафедра кіраўніцтва, толькі ў 1989 годзе атрымала свайго кіраўніка — архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Максіма. Гэта падчас яго кіравання адбылася кананізацыя свяціцеля Георгія (Каніскага) архіепіскапа Магілёўскага. Відавочна, ён і ініцыіраваў пытанне аб вяртанні царкве сабора ў Гомелі...

Чытаем далей: «Перадаваць культавыя будынкі нейкім арганізацыям варта толькі ў тых выпадках, калі іх нельга выкарыстоўваць па прамым прызначэнні. У дадзеным жа выпадку ў гарсавеце маюцца тысячы слёзных прашэнняў вернікаў вярнуць ім кафедральны сабор, да таго ж, абшчына вернікаў зарэгістравана адпаведнымі інстанцыямі.

Адкрыццё ў саборы канцэртнай залы не з'яўляецца найлепшым рашэннем, паколькі ўсталяванне аргана, якога там не было, прывядзе да скажэння інтэр'ера сабора. Арганная музыка заўсёды была неад'емнай часткай каталіцкай царквы, і, канешне ж, у праваслаўным саборы візантыйскага, а не гатычнага стыля арган будзе выглядаць і гучаць ненатуральна.

Акрамя таго, у горадзе з паўмільённым насельніцтвам болей мэтазгодна пабудаваць універсальную канцэртную залу, дзе магла б гучаць і класічная, і народная, і эстрадная музыка. Толькі такім чынам можна прыцягнуць слухачоў, асабліва моладзь, да мастацтва ва ўсім шматабліччы яго жанраў.

Спадзяёмся, што наспелае пытанне аб перадачы сабора рэлігійнай абшчыне, шматпаважаны Яфрэм Аляксеевіч, адпавядае духу сённяшняга часу, гэта значыць, з максімальнай увагай і павагай правоў вернікаў жыхароў Гомеля».

7 верасня 1989 г. Першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў накладвае рэзалюцыю: «Камаю А. С. ... Трэба пайсці насустрач вернікам».

Гомельскі абкам КПБ рэагуе ў адпаведнасці з пастаўленай задачай. І ўжо сакратар абкама А. Камай дакладвае ў ЦК: «...Паведамляем, што 26 верасня г.г. сесія Гомельскага гарадскога Савета народных дэпутатаў прыняла рашэнне пра перадачу будынка Петрапаўлаўскага сабора ў бясплатнае карыстанне другому рэлігійнаму таварыству Рускай праваслаўнай царквы ў адпаведнасці з усталяваным законам парадкам.

Пра дадзенае рашэнне дасланы адказ старшыні Савецкага фонду культуры т. Ліхачову Дз. С.»

Ужо і ўрад падключыўся да справы. У частцы справаздачы... Намеснік Старшыні Савета Міністраў Беларускай ССР Н. Мазай... Вось што яна піша сакратару ЦК КПБ М. Ігрунову: «Па Вашым даручэнні ў Савеце Міністраў БССР разгледжана пісьмо групы адметных гармадскіх дзеячаў краіны пра перадачу вернікам праваслаўнага Петрапаўлаўскага кафедральнага сабора ў г. Гомелі.

У сувязі са шматлікімі калектыўнымі зваротамі ў розныя інстанцыі праваслаўных вернікаў г. Гомеля, а таксама адкрытым лістом групы дзеячаў навукі і культуры на імя Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі т. Сакалова Я. Я. сесія Гомельскага гарадскога Савета народных дэпутатаў 26 верасня 1989 г. разгледзела гэта пытанне і прыняла рашэнне перадаць будынак сабора зарэгістраванаму таварыству рускай праваслаўнай царквы ў бясплатнае карыстанне на ўмовах і ў парадку, прадугледжаным Палажэннем аб рэлігійных арганізацыях, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларускай ССР.

Пра прынятае рашэнне старшыні Савецкага фонду культуры акадэміку Дз. С. Ліхачову паведамлена».

Кропка ў складаным пытанні была пастаўлена. Канешне ж, паўплываў на гэта і час. Але відавочным падаецца і іншае: зварот, ініцыіраваны Дзмітрыем Ліхачовым, паспрыяў паскарэнню працэсу...

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».