Вы тут

Дэтэктыўныя складнікі дзяржаўнай экалагічнай экспертызы


Любое ўздзеянне чалавека на наваколле павінна быць мінімальным і не наносіць шкоду — такім пастулатам кіруецца сучасны свет. А ацэньваюць узровень негатыўнага ўплыву на прыроду ад дзейнасці прадпрыемстваў, транспарту ды іншых створаных намі рэчаў, а таксама экалагічны стан наваколля ў розных дзяржавах спецыяльныя службы. У Беларусі гэта ў тым ліку спецыялісты дзяржаўнай экалагічнай экспертызы — падпарадкаванай арганізацыі Мінпрыроды, задача якіх — на самым раннім этапе (падчас работы з праектнай дакументацыяй) прадухіліць і выключыць магчымае негатыўнае ўздзеянне на прыроду разнастайных аб'ектаў падчас іх дзейнасці. Як праект зроблены, так ён далей і будзе працаваць у якасці прадпрыемства, таму так важна, каб дакумент не меў хібаў, запэўніў Васіль Каваленка, начальнік аддзела дзяржаўнай экалагічнай экспертызы ўпраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды, які расказаў, што можа пайсці не так, калі памылку не знайсці да таго, як яе зробяць.


Хімік, аграном, следчы...

Дзяржаўную экалагічную экспертызу праходзяць праекты прамысловых аб'ектаў, водаахоўных тэрыторый, праекты лесаўпарадкавання, схемы землеўпарадкавання, горадабудаўнічыя праекты. І гэта яшчэ не поўны пералік, таму эксперты павінны разбірацца ў шматлікіх галінах — яны і эколагі, і хімікі, і матэматыкі, і аграномы, і тэхнолагі...

— Спецыялістам трэба высветліць, ці не з'яўляецца тэрыторыя будучага прадпрыемства асабліва ахоўнай або ці будзе аб'ект размяшчацца на месцы, якое падлягае спецыяльнай ахове (водаахоўная зона або зона санітарнай аховы крыніц водазабеспячэння і водаправодаў пітнога прызначэння), і ацаніць, ці адпавядае праектнае рашэнне прыродаахоўнаму заканадаўству. Эксперт павінен разумець, што паступае на аб'ект і якія рэчывы будуць стварацца падчас пэўных тэхналагічных працэсаў на заводзе, — расказаў Васіль Каваленка.

Эксперты ведаюць усе найлепшыя тэхналагічныя метады для ачысткі сцёкаў і выкідаў ад прадпрыемства. Яны могуць уявіць і разабрацца па чарцяжах і прадстаўленых лічбах, якія працэсы будуць адбывацца на аб'екце і якія ён будзе мець адходы, выкіды ў атмасфернае паветра, скіды сцёкавых вод. Нават пралічыць, у якой прыкладна канцэнтрацыі будуць з'яўляцца гэтыя выкіды і скіды. Спецыялісты арыентуюцца ў інжынерных пытаннях і могуць нават праекціроўшчыкам праекта, які яны бяруць на экспертызу, падказаць, што лепш зрабіць з улікам ухілу мясцовасці ці, скажам, размяшчэння аб'екта адносна вады.

Будаўнічая пляцоўка Віцебскай ГЭС.

— Водны кодэкс, напрыклад, не забараняе аб'ектам знаходзіцца ў водаахоўнай зоне (акрамя пэўнага пераліку). Аднак эксперт падчас работы кіруецца яшчэ і законамі аб раслінным, жывёльным свеце, ахове атмасфернага паветра. Калі ёсць станоўчыя заключэнні экспертыз усіх датычных ведамстваў, аб'ект будуецца. Аднак калі потым заказчык будзе эксплуатаваць яго не па праекце або зробіць нейкія самастойныя дадатковыя збудаванні ці стане рабіць нешта не па тэхналогіі, то тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды, якія сочаць за эксплуатацыяй, запатрабуюць устаранення парушэнняў, — удакладніў Васіль Каваленка.

Айчыннае заканадаўства ў галіне экалагічнай экспертызы заснавана ў тым ліку і на міжнародных канвенцыях і дагаворах. Прынамсі, у межах Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Эспа) аддзел займаецца рэгуляваннем адносін з міжнароднымі арганізацыямі і з міністэрствамі іншых дзяржаў па пытаннях размяшчэння патэнцыйна небяспечных аб'ектаў на тэрыторыі нашай і іншых краін.

Лішняя труба і «свінцовае пытанне»

Наш суразмоўца на працягу ўсёй сваёй працы ў Мінпрыроды займаецца менавіта экспертызамі прамысловых аб'ектаў на стадыі праектавання і мае вялікі вопыт не толькі ў карпатлівай метадалагічнай рабоце, але і ў вывучэнні ўжо існуючых аб'ектаў.

— У нашай дзейнасці таксама ёсць элементы даследавання і нават пэўнай дэтэктыўнай работы, — упэўнены спецыяліст. — Эксперт — як следчы: ён павінен супаставіць факты, што знаходзяцца ў праектнай дакументацыі ў розных раздзелах. Напрыклад, у раздзеле «Водазабеспячэнне і каналізацыі» будуць адны лічбы, а ў раздзеле «Ахова навакольнага асяроддзя» — іншыя. Глядзіш, а гэта ў выніку не проста арыфметычная памылка, а, аказваецца, праектам мяркуецца дадатковы скід сцёкавых вод, які не пазначаны на карце-схеме, — кажа ён.

Напрыклад, на Светлагорскім заводзе сульфатнай беленай цэлюлозы ўсе газы, якія кепска пахнуць, павінны былі спальвацца ў катле. Аднак, калі прадпрыемства запрацавала, жыхары пачаліся скардзіцца на смурод. Спецыялісты выехалі на аб'ект, дзе знайшлі трубу, якой у праекце не значылася. Высветлілася, што насамрэч пры няпоўнай загрузцы катла не ўвесь аб'ём газу спальваецца. Прыйшлося спыніць вытворчасць і прадугледзець дадатковыя прыродаахоўныя мерапрыемствы, у тым ліку ачыстку газаў у скруберах.

Від зверху на ачышчальныя збудаванні Светлагорскага завода сульфатнай беленай цэлюлозы.

Пры будаўніцтве акумулятарнага завода ў Брэсцкім раёне таксама ўзніклі пэўныя праблемы. Людзям было не па сабе, што побач з імі такое патэнцыйна небяспечнае прадпрыемства, таму яны намагаліся неяк вырашыць «свінцовае пытанне». За два гады жыхары напісалі каля 500 лістоў, падзяліўся Васіль Каваленка:

— Улічваючы павышаную ўвагу да гэтага аб'екта, эксперты правялі вялікую работу. Імі рупліва вывучалася прадстаўленая праектная дакументацыя, правяраліся разлікі. Спецыялісты наведалі аналагічныя існуючыя заводы ў Расіі (г. Елабуга) і Узбекістане (г. Джызак), каб суаднесці фактычныя выкіды гэтых прадпрыемстваў з меркаванымі выкідамі завода, які праектуецца ў Брэсцкім раёне. Толькі пасля дэталёвай прапрацоўкі пытання было выдадзена станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праектнай дакументацыі. А затым, пасля станоўчых лабараторных вымярэнняў, выдадзена таксама і заключэнне аб адпаведнасці аб'екта, які прымаецца ў эксплуатацыю, экалагічнай бяспецы.

Вынікі работы дазваляюць канстатаваць, што эксплуатацыя акумулятарнага завода пасля ўводу яго ў эксплуатацыю адпавядае ўсім патрабаванням прыродаахоўнага заканадаўства Беларусі і нарматывам Еўрапейскага саюза. Па выніках вымярэнняў, якія правялі акрэдытаваныя лабараторыі, звышнарматыўных выкідаў у атмасфернае паветра, якія ўказаны ў дазволе на выкіды (праектныя значэнні), ні па свінцы, ні па сернай кіслаце не зафіксавана, удакладніў ён.

Падобных прыкладаў у спецыялістаў мноства, і ў самых розных галінах. Аднак калі з самага пачатку вытрымліваць абазначаныя ў экалагічных нормах і іншых дакументах правілы, то многіх праблем можна ў наступным пазбегнуць.

За год эксперты, якіх на ўсю краіну толькі 50 чалавек, праводзяць больш як дзве тысячы экспертыз. А заключэнняў аб прыёмцы аб'екта ў эксплуатацыю (нават калі экспертыза на ім непатрэбная і не праводзілася) эксперты толькі за першы квартал сёлета выдалі ўжо 1417. А каб выдаць такі дакумент, штораз трэба выязджаць непасрэдна на аб'ект.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».