Вы тут

Як у краіне вядуць барацьбу з інвазійнымі відамі?


Сумнік канадскі і баршчэўнік Сасноўскага некалькі гадоў таму сталі аб'ектамі пільнай увагі спецыялістаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і здароўя. Калі першая расліна моцна шкодзіць мясцовым экасістэмам, то другая яшчэ і нясе сур'ёзную небяспеку для жывых арганізмаў, у тым ліку чалавека. Як у нашай краіне наладжана работа па выяўленні і знішчэнні гэтых агрэсараў?


Небяспечны «парасон»

Гэту расліну сямейства парасоністых можна заўважыць здалёк. У вышыню баршчэўнік Сасноўскага вырастае да 3-4 метраў, а яго карані захопліваюць каля метра глебы ў глыбіню. Разам з высокай прадукцыйнасцю насення гэта робіць яго вялікім ворагам для мясцовай флоры і фаўны, а таксама чалавека.

Распаўсюджванне баршчэўніку прыводзіць да частковай ці поўнай дэфармацыі натуральных фітацэнозаў. Ён здольны пранікаць і пад полаг лесу, дзе выцясняе расліны ніжніх ярусаў. Высокія сцёблы і велізарныя лісты дазваляюць захапіць ім найлепшыя месцы ў барацьбе за сонечнае святло. Там, дзе растуць прадстаўнікі віду, каля 80 % святла паглынаецца імі. У выніку парушаецца біялагічная раўнавага ў аграбіяцэнозах, рэзка памяншаецца колькасць іншых відаў раслін.

Акрамя таго, сок баршчэўніку Сасноўскага ўтрымлівае фуракумарыны — рэчывы, якія імкліва павышаюць адчувальнасць арганізма да ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Калі сок трапіць на скуру чалавека, то пад уплывам сонечных прамянёў павялічваецца яе пігментацыя. Гэта выклікае дэрматыты, якія працякаюць па тыпу апёкаў. Але адразу пасля кантакту ніякіх змен на скуры не заўважна. Апёкі ўзнікаюць на другі-трэці дзень. Гэта можа прывесці як да проста пачырванення і ацёчнасці скуры, так і да павышэння тэмпературы цела, галаўнога болю, пухіроў з серозным змесцівам.

Прыгажун-агрэсар

Сумнік канадскі — таксама даволі высокая расліна. У сваім росквіце ён можа дасягаць 160—200 см у вышыню. Ён вельмі агрэсіўна сябе паводзіць у прыродзе. Усяго ад адной яго расліны можа ўтварыцца каля 20 000 сямянак, усходжасць якіх часам дасягае 95 %. Насенне лёгка разносіцца ветрам, размнажаецца і вегетатыўна. Трапляючы на пусткі і іншыя землі, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы, інвазійны від пачынае займаць усё большыя тэрыторыі. Гэта прыводзіць да змянення натуральнай флоры, прыгнячэння росту абарыгенаў. Пасля таго, як сумнік канадскі захапіў адкрытыя ўчасткі, ён паступова рухаецца і пад полаг лесу. Негатыўна ўплываючы на расліны, агрэсар шкодзіць і мясцовым жывёлам, якія насяляюць гэтыя экасістэмы.

Закон супраць інвазій

Менавіта дзейнасць чалавека, а часам і яго бяздзейнасць прывялі да такіх цяжкіх наступстваў. Каб зберагчы прыроду і здароўе грамадзян, а таксама прадухіліць шкоду для асобных галін эканомікі, у нашай краіне распрацавалі шэраг нарматыўна-прававых актаў. Напрыклад, у Законе «Аб раслінным свеце» прапісана, што для гэтага неабходна праводзіць спецыяльныя мерапрыемствы, якія рэгулююць распаўсюджванне і колькасць баршчэўніку Сасноўскага і сумніку канадскага, а таксама іншых раслін-агрэсараў. Віды, што нясуць сур'ёзную шкоду навакольнаму асяроддзю, пералічаны ў спісе, устаноўленым пастановай Савета Міністраў «Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджвання і колькасці відаў раслін».

Ад касы да хімікатаў

Паколькі баршчэўнік Сасноўскага размнажаецца толькі насеннем і не дае каранёвых парасткаў, спецыялісты раяць пачынаць барацьбу з ім задоўга да цвіцення. Для гэтага выкарыстоўваюць розныя спосабы: ад ручнога да камбінаванага — у залежнасці ад займанай плошчы, шчыльнасці папуляцыі, ступені пагрозы для людзей і наваколля і іншых фактараў.

Калі баршчэўнік толькі з'явіўся на тэрыторыі і яго яшчэ невялікая колькасць (да 200 асобін), можна перасячы яго карані рыдлёўкай і выдаліць расліны.

Механічны спосаб заключаецца ў шматразовым выкошванні парасткаў баршчэўніку (не менш за 3—5 разоў за вегетацыйны сезон) праз 3-4 тыдні.

Пры хімічным спосабе выкарыстоўваюцца спецыяльныя рэчывы — гербіцыды, якія выклікаюць гібель раслін. Спецыялісты лічаць эфектыўнымі тыя сродкі, у якіх дзеючым рэчывам з'яўляецца гліфасат. З яго дапамогай знішчаецца не толькі надземная частка расліны, але і каранёвая сістэма.

Камбінаваны спосаб заснаваны на спалучэнні некалькіх дзеянняў: гэта скошванне, двухразовая апрацоўка гербіцыдамі з інтэрвалам у 3-4 тыдні, ранневеснавое апырскванне па парастках гербіцыдамі суцэльнага дзеяння, а праз два тыдні — узворванне.

Пры барацьбе з сумнікам канадскім таксама прымяняюцца розныя меры. Калі расліна яшчэ не паспела шырока распаўсюдзіцца, падыдзе механічны спосаб — касіць трэба некалькі разоў на працягу ўсяго сезона, у тым ліку нават невялікія парасткі (да 15—20 см). Можна таксама дадаткова ўзворваць зямлю. А ў месцах масавага распаўсюджвання лепш выкарыстоўваць хімічны ці камбінаваны спосабы. На асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, дзе гербіцыды ўжываць нельга, займаюцца праполкай, глыбокім узворваннем, прымяняюць покрыўныя матэрыялы і іншае.

Галоўная парада ад навукоўцаў — зямля не павінна пуставаць. У выпадку з сумнікам лепш правесці залужэнне тэрыторыі мясцовымі травамі.

Адказнасць — на кожным землекарыстальніку

Калі сумнік ці баршчэўнік з'явіліся на вашым участку, вы як землекарыстальнік павінны знішчыць гэтыя расліны. Гэта патрабаванне прапісана ў Законе «Аб раслінным свеце». Так, карыстальнікі зямельных участкаў ці водных аб'ектаў (як юрыдычныя асобы, так і грамадзяне) абавязаны ажыццяўляць у выпадках і парадку, устаноўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, работы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных раслін. Калі яны не выконваюць гэту працу, то тым самым парушаюць прыродаахоўнае заканадаўства і павінны несці адказнасць.

Інфармацыю пра тое, якія менавіта і наколькі моцна «забруджаныя» землі, збіраюць тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды і мясцовыя органы ўлады. На яе аснове складаюцца планы па навядзенні парадку на зямлі (рэспубліканскі і абласныя), а таксама раённыя планы мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці інвазійных відаў раслін. У іх і прапісваюцца канкрэтныя заданні па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага і сумнікам канадскім.

Як расказала галоўны спецыяліст аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнана асяроддзя Кацярына Грамыка, на аснове вышэй згаданых планаў тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды да пачатку мерапрыемстваў накіроўваюць землекарыстальнікам патрабаванні, якія ўтрымліваюць пералік месцаў і плошчы росту гэтых раслін, а таксама спосабы барацьбы, уключаючы тэхналогію і тэрміны іх правядзення.

Наколькі адказна грамадзяне ці юрыдычныя асобы падышлі да выканання гэтых заданняў, інспектары і спецыялісты аховы прыроды правяраюць падчас кантрольных мерапрыемстваў. Калі яны не выкананы, выкананы неналежна ці несвоечасова, карыстальнікі зямельных участкаў прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 24.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Згодна з ім, можна атрымаць як папярэджанне, так і штраф у памеры да 20 базавых велічынь.

Сталічны рэгіён самы складаны

Мінская вобласць — адзін з рэгіёнаў краіны, дзе абодва віды раслін паводзяць сябе досыць агрэсіўна. Так, па плошчы, якую займае баршчэўнік Сасноўскага, яна доўгі час трымае другое месца ў краіне. Даволі шмат у цэнтральнай частцы і папуляцый сумніку канадскага.

Паводле слоў Кацярыны Грамыкі, на пачатак 2022 года па выніках палявых абследаванняў і навуковых даследаванняў на тэрыторыі вобласці ўстаноўлена 329 карыстальнікаў зямельных участкаў і водных аб'ектаў, у якіх выяўлена 1323 месцы, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага. Ён займае плошчу 668,47 га. Больш за ўсё яго можна сустрэць на сельскагаспадарчых тэрыторыях і аб'ектах (374,93 га) і землях агульнага карыстання населеных пунктаў (179,2 га). Менш за ўсё расліна сустракаецца на тэрыторыях садаводчых таварыстваў (0,07 га).

Мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага звычайна праходзяць на ўсёй плошчы, якую займае інвазійная расліна. Пры гэтым у барацьбе з ёй спецыялісты аддаюць перавагу хімічнаму метаду (гербіцыдамі апрацоўваецца каля 90 % тэрыторыі).

На жаль, па-ранейшаму выяўляюцца і новыя месцы, якія захоплівае баршчэўнік. У мінулым годзе ў Мінскай вобласці падчас інвентарызацыі знойдзена 158 такіх месцаў на плошчы 32,712 га. Усе яны былі апрацаваныя.

Да найбольш інвазіраваных адносяцца Лагойскі, Мінскі, Вілейскі і Валожынскі раёны. На іх долю прыходзіцца 80 % (539,499 га) ад агульнай плошчы росту баршчэўніку ў цэнтральным рэгіёне краіны.

Сумнік канадскі займае ў Мінскай вобласці яшчэ больш тэрыторыі, чым баршчэўнік. 379 землекарыстальнікаў вымушаны змагацца з інвазіяй, якая захапіла паводле даных на пачатак 2022 года 2252,95 га (1908 месцаў). У тройцы «сумных» лідараў — Мінскі, Смалявіцкі і Пухавіцкі раёны.

Як і ў выпадку з баршчэўнікам, больш за ўсё сумніку можна сустрэць на землях агульнага карыстання населеных пунктаў (1058,427 га) і сельскагаспадарчых тэрыторыях і аб'ектах (690,676 га). Расце і захопленая ім плошча ў лясным фондзе (233,757).

У мінулым годзе спецыялісты выявілі 18 новых месцаў, дзе сустракаецца інвазійны від, на плошчы 1565,4 га. Гэтыя тэрыторыі таксама былі апрацаваныя.

Каб знішчыць шкоднікаў сярод раслін, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды сістэмна працуюць ва ўзаемадзеянні мясцовымі органамі ўлады, землекарыстальнікамі, на землях якіх выяўлены месцы росту баршчэўніку і сумніку, а таксама са спецыяльнымі абласнымі службамі. Толькі з удзелам усіх зацікаўленых можна вырашыць праблему інвазіі.


Асноўная мера прафілактыкі фітахімічных апёкаў баршчэўнікам — поўнае выключэнне кантактаў скурных покрываў з раслінай. Калі ж яго пазбегнуць не атрымалася, прамыйце апечаны ўчастак вялікай колькасцю халаднаватай вады; змажце апечаную паверхню супрацьзапаленчым крэмам (пантэнол, алазоль і іншыя); не чапайце пузыры, што ўтварыліся; налажыце стэрыльную павязку на ўчасткі з вялікімі пашкоджаннямі скуры; пры неабходнасці звяртайцеся ў бальніцу.

Анастасія АЛЯКСЕЕВА

Фота аўтара і з архіва камітэта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».