Вы тут

Праект «Зялёныя школы» — прывіць любоў да прыроды з дзяцінства


З дзяцінства ў людзей разам са звычкамі, культурай паводзін у грамадстве і іншымі рэчамі выбудоўваецца сістэма каштоўнасцяў, якую яны пранясуць праз усё жыццё. Менавіта таму вельмі важна як мага раней закласці ў душы самых маленькіх жыхароў краіны любоў да прыроды, пачуццё адказнасці перад ёй, жаданне вывучаць і зберагаць навакольны свет.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць розныя праекты ў галіне экалагічнай адукацыі і выхавання...


Далучайцеся да руху, у якім удзельнічае больш за 40 000 школ ва ўсім свеце!

Сетка для юных эколагаў

Адукацыйны праект «Зялёныя школы» — гэта частка вялікай сеткі экашкол, якую ствараюць у розных краінах свету для павышэння экалагічнай інфармаванасці грамадскасці. Праграма па іх стварэнні стартавала ў Беларусі ў 2010 годзе. У 2018-м яна атрымала новае развіццё. Сёння сертыфікатамі «Зялёная школа» валодаюць 148 устаноў адукацыі, ці каля 4 % ад усёй колькасці школ краіны. Яшчэ каля 500 устаноў уцягнуты ў гэты працэс.

Гэты комплексны адукацыйны праект накіраваны на фарміраванне ў навучэнцаў каштоўнаснага стаўлення да прыроды, павышэнне ўзроўню экалагічнай скіраванасці адукацыі, інфармаванасці моладзі па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхаванне адказных адносін падрастаючага пакалення да прыроды, фарміраванне экалагічна правільных паводзін.

Па ўсёй краіне ствараецца сетка «зялёных школ», укараняецца эфектыўная адукацыйная мадэль у галіне экалагічнай скіраванасці адукацыі з прыцягненнем і актыўным удзелам не толькі педагогаў, навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў, але і тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, рэгіянальных і мясцовых органаў улады.

Заданні для дапытлівых

У рамках праекта кожнаму ўдзельніку прапаноўваецца выканаць набор заданняў, аб'яднаных у шэсць напрамкаў:

  • Біяразнастайнасць — вывучэнне відавой разнастайнасці раслін і жывёл прыроднага наваколля ўстановы адукацыі і спосабаў яго павелічэння;
  • Энергазберажэнне — вывучэнне структуры энергаспажывання дома і ва ўстанове адукацыі і спосабаў яго скарачэння;
  • Водазберажэнне — вывучэнне кірункаў выкарыстання вады ў школе і дома і спосабаў змяншэння яе расходу;
  • Якасць атмасфернага паветра — вывучэнне ступені забруджвання атмасфернага паветра і дзеянні па мінімізацыі яго забруджвання ў мікрараёне ўстановы адукацыі;
  • Абыходжанне з адходамі — аналіз крыніц утварэння адходаў, вызначэнне спосабаў іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання;
  • Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы — акцыі, выстаўкі, конкурсы, экалагічныя ініцыятывы, экалагічная асвета для мясцовага насельніцтва.

Кожная з устаноў пасля выканання па сваім выбары вызначанай колькасці заданняў можа атрымаць статус «Зялёная школа».

Інфармацыю пра зробленыя заданні праекта ўдзельнікі праекта размяшчаюць у спецыяльнай аднайменнай укладцы, створанай на сайце ўстановы адукацыі ці іншай установы, арганізацыі. Каб атрымаць статус «Зялёная школа», неабходна таксама выканаць астатнія ўмовы, указаныя ў Палажэнні аб рэалізацыі адукацыйнага праекта «Зялёныя школы».

Статус «Зялёная школа» прысвойваецца на тры гады, а пасля трэба будзе яго пацвярджаць.

Установам заўсёды на дапамогу прыйдуць рэсурсныя цэнтры праекта (рэспубліканскія і абласныя), у тым ліку Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. На сайце апошняга можна знайсці шмат карыснай інфармацыі.

«Зялёныя класы беларускай сталіцы»

Так называецца праект, які ўжо некалькі гадоў рэалізоўваецца Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Цэнтрам экалагічнага выхавання і развіцця. Ён накіраваны на падрыхтоўку новага пакалення мінчан, якія валодаюць высокім узроўнем экалагічнай культуры з самага ранняга ўзросту.

Праект «Зялёныя класы беларускай сталіцы» налічвае больш за 50 класаў у розных кутках горада.

Зялёныя класы ствараюцца на базе ўстаноў адукацыі, якія знаходзяцца недалёка ад «Горада птушак» (Ленінскі раён сталіцы) і іншых экалагічных сцяжынак. Першыя з класаў былі створаны ў пачатковай школе № 29 г. Мінска. Паступова іх колькасць вырасла да 50. Як абяцаюць стваральнікі праекта, у найбліжэйшы час зялёныя класы адкрыюцца і ў іншых школах горада, якія найбольш эфектыўна працуюць у экалагічным напрамку.

Як жа атрымаць статус «зялёнага класа»?

Трэба, каб ва ўжо існуючым у школе класе 10 чалавек захацелі стаць «зеленакласнікамі»:

  • вывучаць прыроду «праз птушак»;
  • рабіць рэальны ўнёсак у ахову прыроды малой радзімы, беручы ўдзел у цікавых праектах;
  • падарожнічаць па запаведных месцах і экалагічных сцежках;
  • і проста навучыцца атрымліваць задавальненне ад зносін з прыродай.

Аўтары праекта падрыхтавалі для яго ўдзельнікаў шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Так, на тэрыторыях экалагічных сцежак Мінска праходзяць эколага-асветніцкія і выхаваўчыя мерапрыемствы (экскурсіі, святы, працоўныя акцыі і іншыя), у тым ліку прымеркаваныя да міжнародных экалагічных дат. Для ўстаноў сталіцы праводзяцца навучальныя і інфармацыйныя семінары, круглыя сталы. Ствараюцца таксама распрацоўкі па арганізацыі мэтавых (сезонных) экскурсій для канкрэтных экасцежак. Фарміруюцца аб'яднанні па інтарэсах (клубы), максімальна арыентаваныя на заняткі ва ўмовах прыроды, з максімальнай колькасцю экскурсій, забяспечаных неабходным абсталяваннем (біноклі, водныя сачкі, вызначальнікі жывёл і раслін).

Дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця Руслан Шайкін рэзюмуе: «Наша задача — захаваць прыроду горада Мінска і перадаць яе ў рукі наступнага пакалення, якое ўжо расце і выхоўваецца ў «Зялёных класах беларускай сталіцы».

Таццяна ІВАНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.