Вы тут

Як грамадскія арганізацыі дапамагаюць у яднанні грамадства?


Cацыяльныя гарантыі для маладых людзей на іх першым працоўным месцы неабходна ўзмацніць. Такое меркаванне выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады «Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні».


Фота: pixabay.com

Ліквідаваць дыскрымінацыю

«Адно з найважнейшых пытанняў для развіцця любога рэгіёна — гэта прыцягненне і замацаванне моладзі. На жаль, мы бачым, што апошнім часам маладыя людзі часта не зацікаўлены ў тым, каб жыць і працаваць у невялікіх гарадах і ў сельскай мясцовасці, — адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў. — Каб змяніць гэту тэндэнцыю, патрабуецца планамерная і пастаянная работа па ўсіх напрамках. Гэта датычыцца ўдасканалення заканадаўства, практыкі работы мясцовых органаў улады па паляпшэнні інфраструктуры і стварэнні ўмоў для матывацыі моладзі. Безумоўна, сваю ролю адыгрывае і работа грамадскіх арганізацый па падтрымцы і прасоўванні моладзі і яе ініцыятыў».

Для прафсаюзаў адзін з найважнейшых напрамкаў у гэтым пытанні — замацаванне дадатковых мер сацыяльна-эканамічнай падтрымкі моладзі праз пагадненні і калектыўныя дагаворы. Трэба адзначыць, што на сёння ў большасці выпадкаў калектыўныя дагаворы ўтрымліваюць дадатковыя працоўныя і сацыяльна-эканамічныя гарантыі: гэта самыя розныя нормы, дзякуючы якім маладыя работнікі атрымліваюць кампенсацыі за арэнду жылля або месца ў інтэрнаце, могуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу ў выпадку нараджэння дзяцей, маюць дадатковыя гарантыі занятасці, выплаты і многае іншае. Усё гэта садзейнічае замацаванню моладзі на працоўных месцах.

Разам з тым практыка паказвае, што па асобных пытаннях для павышэння сацыяльнай абароненасці моладзі патрабуецца ўдасканаленне заканадаўства.

Міхаіл Орда згадаў пэўную дыскрымінацыю маладых работнікаў, якія прыйшлі на першае працоўнае месца не па размеркаванні. Размова ідзе аб сітуацыях, калі работнік у першыя паўгода працы вымушаны пайсці на бальнічны. Згодна з заканадаўствам, у гэты перыяд у работнікаў, якія маюць статус маладога спецыяліста, памер дапамогі па часовай непрацаздольнасці вызначаецца зыходзячы з сярэдняй заработнай платы. А маладыя работнікі, якія не маюць такога статусу, у першыя паўгода атрымліваюць дапамогу па часовай непрацаздольнасці ў мінімальным памеры — з разліку 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму.

«Прывяду канкрэтныя лічбы. Напрыклад, маладому работніку за 9 дзён бальнічнага ў маі ў суме будзе налічана толькі крыху больш за 45 рублёў. Гэта значыць, каля 5 рублёў за дзень. У такой жа сітуацыі дапамога маладога спецыяліста, які прыйшоў па размеркаванні, пры заработнай плаце 1000 рублёў складзе больш за 230 рублёў. Розніца ў пяць разоў, — падкрэсліў Міхаіл Орда. — І як гэтаму маладому чалавеку пражыць за 5 рублёў у дзень? Тым больш што ў маладых, як правіла, яшчэ няма ніякіх назапашванняў, і дапамагчы ім часта няма каму. Немалаважны тут і маральны аспект. Такі падыход дэматывуе маладых людзей».

Таму прафсаюзы настойваюць на тым, што неабходна на заканадаўчым узроўні ўстараніць такую няроўнасць у адносінах да маладых работнікаў.

Сярод іншых праблемных пытанняў старшыня ФПБ назваў недасканаласць практыкі ў перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі моладзі, нізкі ўзровень прэстыжу працоўных спецыяльнасцяў. Як вынік — дэфіцыт кадраў, асабліва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. «Гэта вельмі сур'ёзная праблема. Таму на сёння мы дамовіліся з сацыяльнымі партнёрамі дэталёва абмеркаваць гэта пытанне на найбліжэйшым пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, — праінфармаваў Міхаіл Орда. — Неабходна ўсім разам прааналізаваць, якія меры па ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі, узаемадзеянні прадпрыемстваў і навучальных устаноў, атрыманні дадатковых гарантый, павышэнні кваліфікацыі работнікаў і прэстыжу працоўных прафесій неабходна прыняць у найбліжэйшай і доўгатэрміновай перспектыве, каб змяніць гэтую тэндэнцыю».

«Праваднікі» патрыятычнага выхавання

«У нашай краіне захавалася эфектыўная сістэма работы маладзёжных грамадскіх арганізацый, якія ахопліваюць вялікую частку нашай моладзі, — падкрэсліў у сваім выступленні на семінары міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Узаемадзеянне з маладзёжнымі і дзіцячымі грамадскімі аб'яднаннямі, каардынацыю іх работы ажыццяўляюць Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр сумесна з Беларускім камітэтам маладзёжных арганізацый. Мы можам смела канстатаваць, што пры падтрымцы дзяржавы моладзь можа знайсці сябе абсалютна ва ўсіх сферах, а грамадскія арганізацыі з'яўляюцца праваднікамі дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да нашай моладзі».

Асноўнымі «праваднікамі» патрыятычнага выхавання ў маладзёжнае асяроддзе выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, які аб'ядноўвае 342,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат, і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, якая налічвае ў сваіх шэрагах каля 625 тысяч навучэнцаў.

З мэтай каардынацыі дзейнасці студэнтаў, узаемадзеяння з адміністрацыяй устаноў вышэйшай адукацыі і рэалізацыі студэнцкіх ініцыятыў у творчай і прафесійнай сферы быў створаны Грамадскі рэспубліканскі студэнцкі савет. У 2020 годзе пры Міністэрстве адукацыі быў створаны таксама Савет маладых вучоных, які з'яўляецца пастаянна дзеючым кансультатыўна-дарадчым органам пры ведамстве. На сёння з 11 тысяч маладых вучоных каля 2,5 тысячы з'яўляюцца кандыдатамі навук і каля 3 тысяч навучаюцца ў аспірантуры.

Уключэнне моладзі ў працэс вырашэння сацыяльных праблем грамадства, выхаванне ў яе пачуцця міласэрнасці і спачування і, вядома ж, патрыятызму, прадстаўлена валанцёрскім рухам, які з кожным годам пашыраецца. Агульная колькасць валанцёраў складае 57 950 чалавек, а колькасць валанцёрскіх атрадаў — 4335.

Сустрэча на дыялогавай пляцоўцы

— Улічваючы рэаліі і выклікі сучаснага свету (пандэмія, палітычныя рознагалоссі на сусветнай арэне, крызіс сусветнай эканомікі і іншыя), трэба памятаць аб адной з галоўных функцый любой грамадскай арганізацыі — магчымасці для самарэалізацыі і атрымання так званай зваротнай сувязі. Пры акуратным, правільным падыходзе работа з насельніцтвам праз грамадскія арганізацыі з'яўляецца надзейным і дзейсным інструментам, —лічыць першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Сімвалічна, што адзін з лозунгаў нашай арганізацыі — «Толькі разам і толькі наперад!»

У якасці кансалідуючага прыкладу можна прывесці работу дыялогавых пляцовак БРСМ рознага ўзроўню. Інфармаванне праз жывы дыялог дазваляе зняць сацыяльнае напружанне. Дыялогавыя пляцоўкі як спосаб зваротнай сувязі з насельніцтвам даюць магчымасць акумуляваць прапановы і ініцыятывы. Праект БРСМ «Адкрыты дыялог» з 2015 года збірае на дыялогавых пляцоўках моладзь, палітыкаў, лідараў меркаванняў, спартсменаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў і г. д. Гэты фармат узаемадзеяння з насельніцтвам і ўцягванне яго ў абмеркаванне грамадска-значных тэм быў актыўна падхоплены і іншымі грамадскімі арганізацыямі. Адмысловую эфектыўнасць дыялогавыя пляцоўкі атрымалі падчас абмеркавання праекта Канстытуцыі ў бягучым годзе (было сабрана каля 9 тысяч прапаноў). Эфектыўная работа грамадскіх прыёмных, асабліва ў фармаце анлайн.

«Патрыятызм і гістарычная памяць — паняцці, якія сталі для нашай краіны жыццёва важнымі, — падкрэслівае Аляксандр Лук'янаў. — На нашых вачах успыхваюць ачагі неанацызму, пагрозлівую тэндэнцыю набірае фальсіфікацыя гістарычнай праўды. У патрыятычным кірунку сёння павінны працаваць не толькі маладзёжныя арганізацыі, якія займаюцца захаваннем гістарычнай памяці, але і кожны праект, кожная добрая справа любой структуры павінна быць прасякнута гістарычнай памяццю. У тым ліку і ўсе валанцёрскія праекты і акцыі».

Прапанаваны БРСМ у Год моладзі і падтрыманы кіраўніком дзяржавы Рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі» за сем гадоў перарос у сацыяльную акцыю, якая аб'ядноўвае штогод сотні тысяч людзей розных прафесій і ўзростаў па ўсёй краіне. Праект акумулюе сотні маладзёжных ініцыятыў. Адной з іх з'яўляецца альбом памяці «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі» і яго віртуальная версія. Галоўны слоган праекту — «Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.