Вы тут

Ветэран баявых дзеянняў першы ў чарзе. Як яму атрымаць доўгачаканае жыллё?


Унучка Галіны Фёдараўны ўжо шмат гадоў жыве разам з мужам і двума дзеткамі на здымнай кватэры. Клапатлівыя бацькі працуюць не складаючы рук — абы ў Мацюшы з Мірошам усё было самае лепшае. Хлопчыкі яшчэ і ў школу не ходзяць, а ў іх ужо у кожнага па новым смартфоне. Не кажучы пра самае моднае адзенне, цацкі, веласіпеды. Вось нядаўна купілі батут, заплацілі больш як 500 рублёў. У планах — на наступнае лета ўсталяваць на лецішчы драўляны дзіцячы комплекс з арэлямі, горкай, турнікамі, ужо нагледзелі прыгожанькі за тысячу рублёў. «Я не раз казала Алесьцы, што калі б так не раскідваліся грашыма, а адкладалі, даўно б ужо сваё жыллё пабудавалі. Паслухае-паківае і працягвае рабіць па-свойму...»


Фота: pixabay.com

Але не толькі маладыя сем'і хвалюе жыллёвае пытанне. У прыватнасці, да нас у рэдакцыю звярнуўся жыхар вёскі Раз'езд Фалічы Старадарожскага раёна. Мужчына піша, што стаіць у чарзе на атрыманне жылля як ветэран баявых дзеянняў з 1991 года. Зараз у спісе яго прозвішча значыцца пад нумарам 1. Але ён скардзіцца, «ніхто мне нічога не выдзяляе. Скажыце, ці можна ў нашай краіне атрымаць абяцанае дзяржавай?»

«Хоча, каб выдзелілі сацыяльнае жыллё, але...»

Па каментарый я звярнулася да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Слуцкага райвыканкама Веранікі ТРУНОВАЙ. Паводле яе слоў, жыхар Старадарожскага раёна, мае слуцкую рэгістрацыю. І сапраўды разам з сям'ёй (сам, былая жонка і сын) стаіць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Слуцкім райвыканкаме з 22 жніўня 1991 года па агульным спісе. Нумар яго чаргі — 31. Акрамя таго, мужчына ўключаны ў асобны спіс уліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў — «ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў», нумар чаргі 1. Дарэчы, адсочваць прасоўванне чаргі можна на афіцыйным сайце Слуцкага райвыканкама.

«Гэтаму грамадзяніну неаднаразова прапаноўвалі будавацца, але ад гэтых прапаноў ён пастаянна адмаўляўся, — распавядае Вераніка Трунова. — У прыватнасці, у 2005 годзе яму прадставілі зямельны ўчастак для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, аднак, спасылаючыся на адсутнасць грашовых сродкаў, ён нават не змог аплаціць выраб праектна-каштарыснай дакументацыі. У выніку, паколькі мужчына не прыступіў да будаўніцтва, участак у яго забралі. У 2007 годзе мужчына выказаў жаданне будаваць 2-пакаёвую кватэру ў Слуцку. Рашэннем райвыканкама яго зацвердзілі членам жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыву. Аднак за сістэматычнае неўнясенне грашовых сродкаў на фінансаванне будаўніцтва кватэры рашэннем агульнага сходу забудоўшчыкаў яго выключылі з арганізацыі».

І зараз мужчыну, паколькі ён стаіць першым у чарзе як ветэран баявых дзеянняў, прапаноўваюць будавацца. Але мужчына адмаўляецца. Бо ў прынцыпе яму прыйдзецца будаваць кватэру цалкам за свой кошт. Тым больш што склад сям'і з моманту пастаноўкі на чаргу змяніўся: з жонкай ён развёўся, сын ужо паўналетні. Плюс у мужчыны ва ўласнасці ёсць нерухомасць — дом у Старадарожскім раёне, дзе ён і жыве. Таму на нейкую субсідыю разлічваць таксама не даводзіцца.

Наколькі я зразумела, мужчына хоча, каб яму далі сацыяльнае жыллё (яго, дарэчы, нельга з часам выкупіць у дзяржавы). І ў прынцыпе, як ветэран баявых дзеянняў, ён меў бы на яго поўнае права, калі б не...

«Згодна з дзеючым заканадаўствам, мы, на жаль, не можам, уключыць гэтага грамадзяніна ў спіс прэтэндэнтаў на сацыяльнае жыллё, бо ён не праходзіць па даходах, — кажа Вераніка Трунова. — У мужчыны добрая пенсія. Яна на сёння перавышае зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму. Калі б яна была меншая за бюджэт пражытачнага мінімуму, мы б адразу ўключылі ветэрана ў спіс прэтэндэнтаў на сацыяльнае жыллё. Неаднаразова яму пра гэта казалі, падрабязна ўсё тлумачылі. Але чалавек не хоча слухаць ні пра які закон. Кажа: «Я ветэран, мне павінны аказаць дапамогу, і ўсё тут».

Для жыхара вёскі Раз’езд, як высветлілася, у Слуцкім райвыканкаме заведзена асобная тоўстая папка. Вераніка Трунова падняла ўсе яго звароты за апошнія 14 гадоў.

«Ведаеце, куды ён толькі не скардзіўся па гэтым пытанні, пачынаючы з 2007 года: і ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт пісаў, і ў Міністэрства замежных спраў, і ў суд (Рашэннямі суда Слуцкага раёна ад 2011 і ад 2012 года пэўнаму грамадзяніну адмоўлена ў праве на льготнае забеспячэнне жылым памяшканнем. Пастановай судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда дадзеныя рашэнні пакінутыя без змяненняў). Нават дзяржкантроль займаўся праверкай па яго пытанні. Чалавек, як кажуць, ужо прайшоў і агонь, і ваду... Вось зараз зноў актывізаваўся. Ужо па якім разе піша ва ўсе ведамствы, і мы ўсім даём адны і тыя ж адказы. Калі б была такая заканадаўчая магчымасць, мы б абавязкова аказалі яму дзяржпадтрымку. Але на сёння права на атрыманне сацыяльнага жылля напрамую звязана з узроўнем даходаў чалавека».


Шаноўныя чытачы, калі і ў вас ёсць пытанні, якія хвалююць, пішыце! Паспрабуем разабрацца ў праблемнай сітуацыі разам. Наш паштовы адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а; электронны адрас для зваротаў — zvarot@zvіazda.by.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?