Вы тут

Памёр Алег Судлянкоў — вядомы калекцыянер графікі і кніжных знакаў


13 чэрвеня памёр Алег Аляксандравіч Судлянкоў, вядомы ў Беларусі і за яе межамі калекцыянер графікі, кніжных знакаў. 


Ужо і не ўсе ведаюць, што гэта за слова такое — экслібрыс, не ведаюць, што экслібрыс і ёсць кніжны знак. А людзі, якія альбо вырабляюць яго альбо калекцыяніруюць, — самыя сапраўдныя экслібрысісты. Па адукацыі інжынер (закончыў два політэхнічныя інстытуты — у Мінску і ў Ташкенце), Алег Судлянкоў пачаў збіраць экслібрысы з 1966 года. Улюбёнасць у графічныя выявы, якія раскрывалі інтарэсы, зацікаўленні розных уладальнікаў бібліятэк, прыцягвалі яго магнетычна, дапамагалі спасцігаць таямніцы кнігазбіральніцтва. 

Як калекцыянер наш зямляк (нарадзіўся Алег Аляксандравіч 8 мая 1940 года ў Хабараўску, вучыўся ў сярэдняй школе ў Прыбалтыцы; але большая частка яго жыцця звязана з Беларуссю, Мінскам) не імкнуўся да колькасных параметраў сваіх збораў. Сабраўшы некалькі тысяч кніжных знакаў, Алег Аляксандравіч выбіраў цікавых яму мастакоў, стараўся ўключаць у свой збор тыя кніжныя знакі, якія былі нечым адметныя, якія ўжо самі па сабе мелі ўласную «біяграфію».

Ён рос і развіваўся разам з калекцыяй, сваімі знаходкамі дзяліўся праз выстаўкі, шмат пісаў пра экслібрыс у перыядычным друку. На памяці — мноства яго інтэрв’ю (у газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «7 дней» і іншых), а таксама аўтарскіх публікацый у часопісах «Нёман», «Мастацтва», іншых перыядычных выданнях. Прыкметна вылучаўся Алег Судлянкоў і як арганізатар, удзельнік выставачных праектаў. Калі ён сам не мог удзельнічаць у той ці іншай выстаўцы экслібрысаў, то з ахвотай перадаваў для экспазіцыі кніжныя знакі са сваёй калекцыі. 

Ён з любоўю, захоплена падтрымліваў майстроў экслібрыса. Арганізаваў выданне ў Кіеве некалькіх кніг беларускіх кніжных графікаў — Генадзя Вяля, Рамана Сустава, Юрыя Якавенкі. Дапамог мінскаму выдаўцу Але Зміёвай выдаць серыю альбомаў, прысвечаных творчасці такіх экслібрысістаў, як Ганна Ціханава, Арлен Кашкурэвіч, Мікола Селяшчук, Юрый Якавенка, Генадзь Вяль. Алег Аляксандравіч сустракаўся, быў добра знаёмы з такімі легендамі і стварэння кніжнага знака, і яго калекцыяніравання, як Сяргей Фарцінскі, Лембіт Лыхмус, Якаў Бердзічэўскі, Алег Ласунскі, Валерый Палікарпаў, Генадзь Вяль, Фёдар Шурмялёў...

З сыходам з жыцця такога славутага, багатага на ідэі кніжніка, як Алег Аляксандравіч Судлянкоў, як быццам паменела святла ў беларускім кніжніцтве. Пасля калекцыянера засталася кніга — «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў XVI — XX стст.» Яна зусім нядаўна выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда», але ўжо стала вядомай на постсавецкай прасторы, пра кнігу пісалі ў самых розных выданнях. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.