Вы тут

Аб карысці і шкодзе алкаголю


У гэтую спёку мінулых выхадных выйсці палоць граду каля свайго вясковага дома стала мажліва толькі самым вечарам, недзе пад дзевяць гадзін. Наш невялікі агарод раздзяляе з непраходным зараснікам, які звычайна называем джунглямі, толькі не надта шырокая паласа суседскай бульбы. А джунглі гэтыя выраслі на былым, як расказваюць, даволі прывабным узбярэжжы невялікай рэчкі.


Калі вёска апусцела, перасталі гадаваць кароў, касіць няўдобіцы, вялікія вербы апляло кустоўе, якое вясной зарастае розным бур'яном ды лопухам, утвараючы амаль непраходную зялёную сцяну. Там толькі птушкі прыгожа заліваюцца з вясны. Людзі туды стараюцца не хадзіць. І хоць у нашых мясцінах дзікага звяр'я хапае, не даводзілася чуць пра дзіка, тым больш — ваўка ў гэтым зарасніку. А тут палю — і раптам чую характэрны трэск, які можа быць толькі пры руху жывой істоты, амаль адначасова пачынаюць падаць зламаныя аграмадныя лісты лопуху, і паміж імі высоўваецца нешта чорнае... Ад нечаканасці аж выпускаю з рук сваю немудрагелістую прыладу працы, але ж у наступны момант бачу, што ў гіганцкіх лісцях і галінах вымалёўваецца чалавечая галава з кудлатай шавялюрай, а потым, нібы з дапамогай рухомай сцэны тэатра, выязджае і ўладальнік той галавы. Ён павольна асядае ў разору, а затым завальваецца на бок, шукае позу, каб зручней прылегчы. Ну што тут скажаш: змарыўся чалавек, рашыў адпачыць.

Гэтага чалавека зусім не ведаю. Пазней ад суседзяў чую немудрагелістую гісторыю. Аказваецца, ён зусім не стары, яшчэ ладны адрэзак часу да пенсійнага ўзросту. Звычайны вясковы жыхар, працаваў некалі ў калгасе. І жонка ёсць, і хата. Колькі гадоў таму жыццё пакацілася ўніз, ніхто не ўспомніў, але з работы, вядома, звольнілі. Жыць стаў ад чаркі да чаркі. Жонка спачатку змагалася, як умела, з яго п'янствам, пачала патроху ўжываць, каб яму меней даставалася, а потым і сама прызвычаілася. Цяпер п'юць абое. А ў гэтых карчах апынуўся, можна сказаць, па ўласным жаданні. Зранку хадзіў па вуліцы, прапаноўваў свае паслугі па праполцы бульбы ледзь не ўсім. Некаму дапамагаў, налівалі чарку, перыядычна ладзіў перакуры і спаў у разорах. Дадому не ішоў свядома. Бо такі ж самы сябрук напярэдадні ўкраў у калгасе нейкія слупы агароджы, яго заўважылі. Чакалі ўчастковага. А паколькі наш герой пасля прымусовага лячэння таксама на прафілактычным уліку ва ўчастковага інспектара, ён баяўся паказацца на вочы міліцыянеру п'яным. Таму вырашыў адляжацца ў кустах, дзе яго дакладна ніхто не знайшоў бы. Дадому павалокся, толькі калі пачало шарэць, ва ўпэўненасці, што супрацоўнік міліцыі ўжо дакладна з'ехаў.

Вось такая амаль тыповая карцінка з жыцця сучаснай вёскі. І смех, і грэх. Хаця смешнага зусім мала. Пачынаючы з таго, што я не на смех спалохалася. У нас тут мядзведзі, здаецца, не ходзяць. А вось ваўкі... Сусед трымае трох паляўнічых сабак, кажа, што яго гадаванцы выюць, калі шэры падыходзіць у радыусе менш за кіламетр. Такое бывае.

І яшчэ больш сумную карціну ўяўляе сабой дэградацыя чалавека. Усё ж магло б быць па-іншаму і ў гэтага вяскоўца, каб не яго захапленне, ці, лепей сказаць, хвароба.

...У адным з новых кафэ Брэста на сцяне размясцілі стэнд са словамі: «Аб шкодзе спіртнога напісаны дзясяткі кніг. Аб карысці яго — ніводнай брашуры. Мне здаецца, дарэмна...» У названай установе цытата выглядае як быццам да месца. Толькі вось чамусьці аўтара не пазначылі. Гэта пісьменнік Сяргей Даўлатаў. І праўда ў яго словах ёсць. Усе, ці амаль усе, людзі ў той ці іншай меры ўжываюць, скажам, віно. Але ж не ўсе співаюцца. У таго ж пісьменніка ёсць не менш дасціпнае: «Так, я выпіў. Так, я некалькі разняволены. Я ўсхваляваны кампаніяй прыгожай дамы. Але ідэйна я цвярозы».

Вось у гэтым, мне падаецца, і хаваецца д'ябал. Кожны, хто выпівае, лічыць сябе ідэйна цвярозым. То-бок гаспадаром сваіх думак, дзеянняў, гаспадаром сваіх душы і цела. І не заўважае часам той тонкай мяжы, калі спіртное растварае ідэйнасць да такой ступені, што ўжо адпачыць альбо і зусім застацца нанач у разоры не падаецца нечым немагчымым. Той жа Даўлатаў, як вядома, пакутаваў ад алкагалізму, змагаўся з запоямі, але не перамог хваробу. Сведчаннем таму — смерць літаратара ў 48 гадоў. Гэтая навала аднолькава лёгка перамагае бліскуча адукаванага інтэлектуала і звычайнага вяскоўца. Вось той дзядзька, калі б яго адмыць, пастрыгчы, апрануць у прыстойны гарнітур, падаўся б, напэўна, нармальным чалавекам, па выглядзе цягнуў бы не толькі на перадавога механізатара, але можа, на калгаснага спецыяліста, ды не на істоту, што выпадае з зарасніку, баіцца ўчастковага, хоць нічога крымінальнага і не здзяйсняў. Так што, калі хто і замахнецца напісаць брашуру пра карысць алкаголю, яму належыць быць вельмі асцярожным.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Што пакажа «Славянскі базар у Віцебску»? Добры настрой і незабыўныя ўспаміны гарантаваны

Канцэртныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, майстар-класы, кірмаш і многае іншае.

Грамадства

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

З серады дажджы, а з чацвярга спякота «адпусціць»

Начныя тэмпературы стануць яшчэ ніжэй у пятніцу.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.