Вы тут

Абнаўленне інфраструктуры і добраўпарадкаванне горада


Да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі тут мяркуюць пабудаваць пяціпавярховік з ліфтам, абнавіць бальніцу, упрыгожыць горад незвычайнымі архітэктурнымі формамі.


Хаця часу да восеньскага свята хапае, у райцэнтры ўжо поўным ходам ідуць будаўнічыя работы. Створаны абласны і раённы штабы па каардынацыі работ, распрацаваны мерапрыемствы па падрыхтоўцы райцэнтра да свята. Васьмітысячны горад рыхтуецца прыняць шмат гасцей з усёй вобласці, і трэба стварыць умовы для таго, каб і яны, і жыхары адчувалі сябе камфортна. Карэспандэнт «МС» паназірала за тым, як мяняецца населены пункт.

Перш за ўсё праехаліся з архітэктарам Слаўгарада Уладзімірам Новікавым па цэнтральных вуліцах горада. Народ у спяцоўках шчыруе на тратуарах і праезнай частцы. Адны раўняюць асфальт, другія кладуць плітку. Асаблівая ўвага — цэнтральным вуліцам, якія будуць задзейнічаны пад свята, — Ленінскай і Кастрычніцкай. Замест старога асфальту і зношанай пліткі тратуары тут «апрануцца» ў стыльную брусчатку. Часткова правядуць карэкціроўку дарожнага палатна.

— Гэтыя вуліцы на час фестывалю-кірмашу стануць пешаходнымі, тут размесцяцца палаткі ад прадпрыемстваў і прыватнага бізнесу, — удакладняе Уладзімір Новікаў. —

Не застануцца без увагі і дамы, на фоне якіх будуць праходзіць святочныя гулянні. Сярод іх — раённы Дом культуры, дзе плануецца замяніць дах і некаторыя архітэктурныя канструкцыі.

Да восеньскага свята прымеркавана і здача першага ў горадзе жылога дома з ліфтам — 20-кватэрнага пяціпавярховіка. Па новых патрабаваннях Міністэрства архітэктуры, усе будынкі пяці і вышэй паверхаў павінны быць з ліфтам, удакладняе суразмоўца. Будаўніцтва ідзе на вуліцы Калініна ў новым мікрараёне «Маладзёжны».

Па дарозе да яго праязджаем яшчэ адзін «дажыначны» аб'ект — Цэнтральную раённую бальніцу. Яе капрамонт вядзецца за конт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У ходзе рэканструкцыі да прыёмнага аддзялення бальніцы пабудаваны новы больш зручны пад'езд. Раней ён быў агульны для бальніцы і паліклінікі. А яшчэ адкрыўся від на сам будынак з цэнтральнай дарогі, раней ён сціпла хаваўся за прыватнымі дамамі.

Зручна і тое, што ўстанова аховы здароўя знаходзіцца непадалёк ад новага мікрараёна, куды мы едзем. Тры хвіліны на машыне, і ты ўжо на месцы. Апошнім часам «Маладзёжны» імкліва пашыраецца за кошт будаўніцтва жылля і сацыяльных аб'ектаў. Нядаўна тут быў здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы садок. Па суседстве з новым домам — кацельная на дранцы, фінансаванне якой вялося за кошт сродкаў Сусветнага банка. Аб'ект амаль цалкам гатовы да здачы. Уладзімір Новікаў кажа, што такія сучасныя кацельныя ў краіне можна пералічыць па пальцах.

Новы мікрараён цалкам гарадскі, ён быццам працяг той дарогі да Блакітнай крыніцы, якая была пабудавана пазалетась разам з мостам праз раку Сож. З вокнаў адкрываецца прыгожы від на гэты мост і парк Міявакі, які нядаўна заклалі ў Слаўгарадзе. Наогул, тэрыторыя, дзе знаходзіцца і парк, і новабудоўля, перспектыўная ў плане далейшага планавання горада.

— Слаўгарад — горад невялікі, вельмі хацелася б аддаваць перавагу двухпавярховым будынкам, — разважае архітэктар. — Але кошт «квадрата» ў іх атрымліваецца большы. Што датычыцца гэтага пяціпавярховіка, то тут будзе 16 арэндных кватэр і чатыры для шматдзетных.

Паралельна ідзе падрыхтоўка да будаўніцтва новай пажарнай часці на тэрыторыі мікрараёна. Гэта будзе аб'ект ужо больш высокіх магутнасцяў, з магчымасцю абслугоўваць жылыя дамы вышэй чым пяць паверхаў. Ратавальнікі адзначалі, што цяперашніх «рэзерваў» ім не хапае, бо горад пачынае расці ўвышыню.

Пакуль едзем зноў у цэнтр, адзначаю, што Слаўгарад горад зялёны, і нават у спякотны дзень жыхары на яго вуліцах могуць адчуваць сябе камфортна. І гэтую фішку тут таксама збіраюцца абыграць.

— Будзем звяртацца да прафесіяналаў з магілёўскага «Зелянбуда», каб дапамаглі распрацаваць прыгожую канцэпцыю з зялёнымі насаджэннямі, — дзеліцца планамі архітэктар горада. — Хочацца, каб у Слаўгарадзе з'явілася як мага больш прыгожых зялёных зон. У нас ёсць свае ідэі, але хацелася б паслухаць спецыялістаў.

Наступны наш прыпынак — 16-кватэрны двухпавярховік на вуліцы Дзяржынскага. Дом ужо апранулі ў «футра» (гэта першы будынак у райцэнтры, дзе робіцца цепларэнавацыя), хутка заменяць дах і зробяць прыгожы фасад. Каля дома знаёмлюся з адной з яго жыхарак. Жанчына прызнаецца, што зімой, была справа, мерзлі крыху, а восенню і вясной пакутавалі ад павышанай вільгаці. Дом стары, апошнім часам стала сыпацца цэгла і з'яўляцца дзіркі.

— Хутка дом будзе як новы, — запэўнівае галоўны інжынер слаўгарадскай ПМК 274 Андрэй Харалдзін. — Наперадзе — замена казыркоў, уваходных груп і вокнаў. Акрамя гэтага, ужо прыступілі да капрамонту дома па вуліцы Карла Маркса, 9, што непадалёк. Там памяняем дах, вокны, цалкам інжынерныя камунікацыі, уцеплім фасад, зробім яго тынкаванне і афарбоўку.

Галоўны інжынер адзначае, што прадпрыемства без работы не сумавала, але тое, што ў сувязі з «Дажынкамі» яе стала больш, гэта добра. Адпаведна, і зарплата будзе належная. Іншая справа, што з такім аб'ёмам работ самастойна не справіцца. На тэрыторыі раёна працуюць яшчэ Клімавіцкае, Чэрыкаўскае і Краснапольскае ПМК, а хутка далучыцца і Быхаўскае.

У раёне школы № 2 кіпіць работа па рамонце фасада яшчэ аднаго жылога дама. Тут працуюць прадстаўнікі з Чэрыкава і Краснаполля. Першыя займаюцца рамонтам цокаля, уваходных груп і заменай балконаў, другія фарбуюць фасад і мяняюць дахавае пакрыццё. Работы шмат, і трэба ўкласціся ў тэрміны.

— Прыязджайце бліжэй да «Дажынак», горад будзе не пазнаць, — запрашае Уладзімір Новікаў. — А на самім свяце пакажам, чым наш горад жыве. У Слаўгарада ёсць свае адметнасці, накшталт таго ж «Сырнага фэсту». Будзем імкнуцца па максімуме паказаць менавіта сваё, мясцовае, нашых медавікоў, майстроў, рамеснікаў. Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца на пляцоўцы каля Дома культуры, праграма рыхтуецца цікавая.


Даслоўна

Святлана Язерская, старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў:

— Сёння перад кожнай арганізацыяй і кожным жыхаром раёна стаіць задача ажывіць горад сваімі ідэямі, малымі архітэктурнымі формамі, зялёнымі кампазіцыямі. Над гэтым сёння працуюць і ў горадзе, і на вёсцы. Цалкам загружаны работай слаўгарадскія ПМК і «Жылкамгас», на субпадрадзе працуюць рабочыя з іншых раёнаў і нават Магілёва. У рамках падрыхтоўкі да свята плануецца выканаць капітальны рамонт васьмі дамоў плошчай 8421 квадратны метр на агульную суму 2745 тысяч рублёў. Слаўгарадскім «Жылкамгасам» ужо адрамантавана 3,3 кіламетра праезнай часткі вуліц Кірава, Чырвонаармейская, Каваленка, і работы працягваюцца. На жаль, у планах было зрабіць больш, але прыходзіцца ўкладацца ў тое фінансаванне, якое ёсць. Ды ёсць і прыемная навіна. На мінулым тыдні стала вядома, што мы сталі пераможцамі конкурсу па добраўпарадкаванні на ўзроўні рэспублікі. І гэтыя грошы збіраемся зноў укласці ў добраўпарадкаванне. Абновім цэнтральную гарадскую плошчу перад райвыканкамам. Яна не ўвайшла ў пералік тых аб'ектаў, якія рыхтуюцца да «Дажынак», але мы ўжо даўно хацелі яе абнавіць. І гэта прэмія дае магчымасць ажыццявіць нашу запаветную мару.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Слаўгарад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».