Вы тут

Бацькаўшчына. У пошуках страчанага. Любча: Прыпынак гістарычнай памяці


На Гродзеншчыне, Навагрудчыне Любчу ніяк не абмінуць. І без Любчы Навагрудскі край ніяк не асэнсаваць. Паселішча, якое ўпершыню згадваецца ў нямецкіх хроніках з 1401 года як адрас па маршруце паходаў крыжакоў, уражвае з самых розных пунктаў гледжання. І найперш — унікальнай гістарычнай біяграфіяй... Часам нават здзіўляешся, што няма аб’ёмнага гістарычнага фаліянта, прысвечанага Любчы. Але ж, пэўна, прыйдзе час і для яго напісання.


Любча. Замак. 1916 г.

З 1606 года паселішча належала славутым Радзівілам. У 1590 годзе кароль Сігізмунд Ваза выдаў Любчы магдэбургскае права. У часіны ВКЛ гаспадарылі ў Любчы і Храптовічы, і Гаштольды, і Кішкі, і згаданыя Радзівілы. Радзівілы актыўна запрашалі ў мястэчка рамеснікаў з Мінска, Навагрудка, іншых каралеўскіх гарадоў. Галоўнай мэтай было ўзвышэнне эканамічнага статусу паселішча, развіццё ў ім розных форм гаспадарання, розных промыслаў і заняткаў. У паселішчы ствараліся рамесніцкія цэхі. Існавала нават друкарня, што па тым часе рэдкасць сапраўдная. Яе, друкарню, заснаваў П. Б. Кміт. У Любчы друкаваліся кнігі па медыцыне, гісторыі, паэтычныя творы і іншыя выданні. З 1795 года Любча — у складзе Расійскай імперыі. У 1921–1939 гг. у мястэчку і ваколіцах гаспадарылі польскія паны... Усяго хапіла мясцовым жыхарам ад Рэчы Паспалітай — і гнёту, здзекаў найперш. Алесь Мілюць, заходнебеларускі паэт, які родам з Карэліччыны, з вёскі Скорычы, што не так ужо і далёка ад навагрудскай Любчы, пісаў у 1930 годзе: «Хачу я ведаць, як жывецца // Маім пакрыўджаным братам, // Чаму іх пот дарма ліецца, // А капітал расце панам? // Чаму на слёзах, на нядолі // Красуе роскаш багачоў? // Чаму наш край не мае волі? // Чаму ў ім многа палачоў? Дык хай душа хутчэй адчуе // Святы народны ідэал — // Душа мая, што ўсцяж гаруе, // Бо смокча кроў з яе Ваал». Алесь Мілюць дачакаўся вызвалення ад польскага гнёту. А ў 1944 годзе загінуў ва Усходняй Прусіі ад фашысцкай кулі... Вершы Алеся Мілюця. Раскіданыя па заходнебеларускім друку, прадставіў у анталогіі «Ростані волі» літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік. Ён, вучоны і народны мсціўца ў Вялікую Айчынную вайну, між іншым, ураджэнец Карэліччыны, які добра ведаў і Любчу, неверагодна шмат зрабіў для збірання творчай спадчыны заходнебеларускіх паэтаў. Сярод іх — і яркія асобы з Карэліцкага, навагрудскага краю.

Уезд у замак. 1916 г.

...Сведчанне неўміручасці, сведчанне таленту народа Беларусі, яго здольнасцяў і майстэрства — Любчанскі замак другой паловы XVІ стагоддзя. Да нашага часу ён захаваўся часткова. Ініцыятарам будаўніцтва замка быў уплывовы магнат ВКЛ Ян Кішка. Пасля 1581 года, якім пазначана завяршэнне будаўніцтва, была і пэўная мадэрнізацыя замка, што надало яму большых рыс крэпасці. І ўсё ж, нягледзячы на шырокія фартыфікацыйныя магчымасці збудавання, у 1655 годзе войскі гетмана Івана Залатарэнка захапілі і спалілі Любчанскі замак. Ён страціў сваё ваеннае значэнне. З часам рэшткі пабудоў былі знесены. І побач з дзвюма вежамі, якія захаваліся, быў узведзены двухпавярховы палац у стылі англійскай неаготыкі. Часткова палац быў разбураны ў час Першай сусветнай вайны. З сярэдзіны 1960-х гадоў пры школе, якая размяшчалася ў замку, пачаў дзейнічаць краязнаўчы музей. У 1980-я гады на тэрыторыі замка праводзіліся — неаднаразова! — археалагічныя раскопкі. Кіраваў імі Ігар Чарняўскі. А ў 2003 годзе пачалася новая гісторыя гэтых мясцін. Іван Антонавіч Пячынскі ўзначаліў дабрачынны фонд «Любчанскі замак», дзякуючы ініцыятывам якога шмат што зроблена дзеля ўзнаўлення замка. Дарэчы, заснавальнік фонду Іван Пячынскі — выпускнік Любчанскай школы. Яго руплівасць — яркі прыклад служэння роднай старонцы, родным мясцінам.

Рынкавая плошча. Пачатак XX стагоддзя.

Запрашаючы турыстаў наведаць сёння Любчанскі замак, паблукаць вуліцамі і вулачкамі старажытнага паселішча, не лішнім будзе нагадаць, якія цікавыя лёсы звязаны з гэтымі мясцінамі. У 1882 годзе тут нарадзіўся расійскі журналіст і перакладчык Аскар Майсеевіч Картажынскі. Вучобу прайшоў у інжынернай школе ў Саксоніі, на філасофскім факультэце Бернскага ўніверсітэта. З 1907 года — у Санкт-Пецярбургу. Аўтар шэрагу гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых кніг. Найболей вядомыя з іх — «Літаратурныя сілуэты» (Санкт-Пецярбург, 1911), «З Нью-Ёрка» (Санкт-Пецярбург, 1911). З 1914 года любчанец жыў у Амерыцы. У 1903 годзе ў Любчы нарадзіўся рускі і амерыканскі кампазітар Мікалай Набокаў, стрыечны брат пісьменніка Уладзіміра Набокава. Аўтар балетаў «Жыццё Афрадыты», «Лірычная сімфонія». У 1952–1963 гады наш зямляк — генеральны сакратар музычнай секцыі ЮНЕСКА ў Парыжы. У 1958 годзе Мікалай Набокаў напісаў оперу «Смерць Распуціна», а ў 1966-м — балет «Дон Кіхот». Шмат выступаў у друку як музычны крытык.

Любча. Царква. 1916 г.

Паблізу ад Любчы, усяго за нейкіх дзесяць-дванаццаць хвілін язды на аўтамабілі, — Лаўрышава, дзе ў 1950 годзе нарадзіўся выдатны мастак Кастусь Качан. Ён і зараз захоплена малюе мясцовыя краявіды, малюе землякоў і родныя вёскі. Перш-наперш выстаўляе плён сваёй працы ў карціннай галерэі ў Навагрудку, якую пабудаваў уласнымі рукамі. Паедзеце ў Любчу — не абмініце гэты ўнікальны цэнтр выяўленчага мастацтва. Адкрыеце для сябе шмат цікавага! Дзякуючы цёплым, шматсэнсавым працам Кастуся Качана, віртуальна пабываеце ў многіх вядомых і не вельмі вядомых адрасах Заходняй Беларусі. А ў самой Любчы ў 1896 годзе нарадзіўся беларускі мастак Мікалай Дучыц. Закончыў Мастацкую школу ў Таварыстве заахвочвання мастацтваў (1914–1915). У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1925 года (памёр, дарэчы, мастак у 1980 годзе). Асноўны жанр — лірычныя пейзажы. Жыў і працаваў у Мінску. Найболей цікавыя работы — «Апошні снег», «Пад весну», «Зімовы дзень», «Марозны дзень», «Сакавік», «Каля лясной рэчкі»... Пасля Вялікай Айчыннай вайны прайшло некалькі персанальных выставак мастак з Любчы Мікалая Васільевіча Дучыца. У ваколіцах Любчы жылі, працавалі, наведваліся і ў мястэчка пісьменнікі Уладзіслаў Сыракомля, Ядвігін Ш., заолаг, батанік, мінеролаг, фалькларыст Уладзіслаў Дыбоўскі... Іх сляды — гістарычная памяць Любчы, старажытнага гродзенскага, навагрудскага паселішча.

Паштова-тэлеграфная кантора і ашчадная каса. Пачатак XX стагоддзя.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?