Вы тут

Гісторыя бацькоўскай хаты і свята малака ў аграгарадку Райца


Хто добра працуе, Таму і шанцуе

У нашым аграгарадку Райца з размахам прайшло новае свята — свята малака.


Да яго напярэдадні былі падрыхтаваны павільёны з гатовай прадукцыяй, фотазоны, аквагрым, цір, дзіцячы гарадок і нават жывая каза, якая згадзілася прыняць удзел у майстар-класе па даенні.

— У мяне дзве козачкі Мілка і Роза. Кожная з іх дае па чатыры літры малака ў дзень, — дзеліцца гаспадыня Таіса Захарчук. — Першая да таго ж вельмі спакойная: нікога ніколі не пакрыўдзіць. Так што яе можна пагладзіць, павучыцца даіць.

І, вядома ж, паспытаць малочных страў.

— Калі ласка, да нас на дэгустацыю, — запрашае намеснік старшыні СВК «Свіцязянка-2003» Алена Квасуць, прапануючы сыры і сыркі ад мясцовых «Малочных дароў», выпечку са сталовай сваёй гаспадаркі. — Бачыце, на святочным торце выява рагулі і лічба 10 475 — столькі літраў малака надоена летась з кожнай каровы...

Але ж, як той казаў, не хлебам адзіным... Усе ахвотныя на свяце маглі паўдзельнічаць у конкурсах на веданне малочных страў і прадуктаў, найхутчэйшае збіванне масла, выпіванне малака.

— Свята сабрала столькі народу, і кожны знайшоў занятак па душы, — прызнаў адзін з гасцей Мікалай Васілеўскі. — Я вось удосталь натанцаваўся, паслухаў любімыя песні, збіў масла... Так што на дзень малака буду прыязджаць у Райцу заўсёды.

— Наша гаспадарка бярэ актыўны ўдзел у забеспячэнні краіны якаснай прадукцыяй, — зазначыў старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Аляксандр Мяцеліца. — Каля 70 % даходаў дае малако. Надоі сёлета плануем падняць да 10 700 літраў. Мы вельмі рады сённяшняму святу. Калектывы многіх ферм і асобныя з яго ўдзельнікаў былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі. Свята ўдалося на славу! Хочацца верыць, што яно стане традыцыйным.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара

г. Карэлічы


«Не прадаецца хата бацькоў»? Яшчэ і як прадаецца!

...Час ад часу думаю, як добра, што ў маёй газеце «Звязда» ёсць старонка для зваротнай сувязі. Чытаеш там, «Што людзі пішуць», і самой — амаль як на споведзі — хочацца расказаць аб набалелым і пры гэтым ведаць, што цябе не проста паслухаць, а яшчэ і зразумеюць.

Вось і на гэты раз: сяджу пад адцвіўшай антонаўкай, слухаю птушак і думаю: «Божухна, як жа хораша тут, як лёгенька дыхаць! І як жа добра, што ёсць у мяне гэтыя колькі сотак зямлі, а на іх — і сад, і гарод, і бацькоўскі дом.

Падумала так, парадавалася, разгарнула нумар «Звязды» — чытаю загаловак «Не прадаецца хата бацькоў» (нумар за 22.05. г. г.). Піша Надзея Дрындрожык. Значыць, не адну мяне хвалюе гэтая тэма?

...Як зараз помню: пяцьдзясят з невялікім гадоў таму, калі не стала нашага таты (ён рана памёр, дом дабудаваць не паспеў), у нас была магчымасць пераехаць у горад. Там жылі нашы любімыя цётачка і бабуля. «Там, побач з роднымі, нам будзе лягчэй», — казала матуля. А я нават слухаць яе не магла, не магла ўявіць, як можна прадаць сваю хату, любімую кароўку ды іншую жыўнасць, як можна здрадзіць — пакінуць сваю вёску, школу, сяброў?

Сястрычка была малая: дзе жыць, ёй было ўсё роўна. А я тады, помню, сказала як адрэзала, што з дому нікуды не паеду — буду жыць тут, нават адна.

Мы з мамай увесь вечар тады праплакалі, бо ёй, мусіць, таксама цяжка было расставацца з усім нажытым…

І ўрэшце нікуды не паехалі — ні тады, ні пазней, калі мы з сястрой падраслі і скончылі школу. Нас нібы магнітам прыцягвала родная хата, а найперш — мама, бо яна была адна, бо ёй цяжка. Да таго ж разам з гадамі ў яе стала прыбаўляцца хвароб. Яна досыць часта і падоўгу ляжала ў бальніцах, перанесла некалькі аперацый... І толькі дзякуючы богу ды нашым малітвам вярталася да жыцця.

...Вось і тым разам баяцца, як здавалася, ужо няма чаго: мама паправіцца, устане з пасцелі. Але ж пакуль што, лежачы, яна раптам спытала: «А хто будзе жыць у гэтай хаце, калі я памру?» — «Я!» — адказала тут жа.

Не ведаю, ці парадаваў маму гэты адказ (болей пра хату размоў не было ды і быць не магло, бо праз тыдзень мамы не стала)...

А вось я каторы гадок, што называецца, трымаю слова: як ні цяжка і было, і ёсць, жыву ў бацькоўскай хаце, разам з ёю старэю і міжволі ўсё часцей паўтараю маміна пытанне: «Што ж далей? Хто будзе жыць у гэтай хаце — потым, пасля мяне?»

Для адказу, як моладзь гаворыць, уключаю логіку: з чатырох матуліных унукаў толькі адзін мой сын жыве ў сельскай мясцовасці і нікуды з'язджаць не збіраецца.

(Гэта яго клопатам цепліцца жыццё ў роднай хаце, бо што б я адна зрабіла?)

У мяне таксама чацвёра ўнукаў. І зноў жа толькі ў аднаго, як здаецца, ёсць гены селяніна і гаспадара. Але ж яму цяпер восем гадкоў: аднаму Богу вядома, куды яго закіне ў васямнаццаць?!

Дзеці сястры — дакладна ведаю — сюды не паедуць. Значыць, што — прададуць наш дом, грошы неяк падзеляць і патрацяць (было б там што?). А нам, ранейшым гаспадарам, застанецца хіба што памарыць, каб пасялілася тут нейкая добрая сям'я, каб шанавала... Але ж ці захоча яна, ці зможа?

Для мяне гэта вельмі балючыя пытанні! А вось для іншых...

Шукаючы лепшага, лягчэйшага жыцця, асобныя з людзей, як я пагляджу, неяк проста расстаюцца з мінулым: збываюць бацькоўскія хаты, вырываюць свае карані — спрабуюць пусціць недзе новыя — хто на лецішчы, хто ў іншых гарадах, а то і краінах...

Няпростая гэта справа і нават небяспечная: выракацца свайго — мовы, культуры, малой радзімы. Хто мы без іх? Беларусы? Ці так — перакаці-поле?

Т. НОВАК

Клецкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.