Вы тут

Вялікі тэатр едзе: фестываль на адкрытым паветры ля сцен палаца Радзівілаў


Нясвіж за апошнія дзесяцігодді зжыўся з музычнымі фестывалямі. Адзін з іх — «Вечары Вялікага тэатра Беларусі ў палацы Радзівілаў» — зазвычай прыцягвалі не толькі мясцовых жыхароў: публіка на адметныя канцэрты прыязджала нават адмыслова. А што: цудоўнае месца, гісторыя, у якую можна паглыбіцца. А культурныя імпрэзы толькі дапамагаюць адчуць атмасферу розных эпох, ды ўявіць, якім было жыццё, калі вось тут пры былых гаспадарах Радзівілах ставілі оперы, балеты, музіцыравалі, спявалі ды танчылі знаныя асобы. А цяпер тэатр дапамагае ажывіць вобраз мінуўшыны і злучыць яго з сучаснасцю, напоўніўшы горад духам высокай культуры, якая становіцца даступнай для ўсіх. І гэта цягам трох дзён! 


У пятніцу 17 чэрвеня ўсё пачнецца з «Беларускіх прэм’ер» — дзённага канцэрта ў Тэатральнай зале палаца, які падрыхтавалі спявак Дзмітрый Шабеця і канцартмайстар Юлія Шчарбакова. У гэты ж дзень салісты оперы выступяць у асобным тэатралізаваным канцэрце. 

А калі хто сочыць за фестывалем даўно, то ведае, што музыка вяртаецца не толькі ў сцены самога палаца. Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы — цудоўны помнік архітэктуры, але і месца, дзе гучала музыка, створаная для храмаў. Арганізатары прапануюць усім ахвотным і абсалютна свабодна паслухаць праграму праверанай класікі пад назвай «Жамчужыны духоўнай музыкі XVI-XXстагоддзяў» (а 16-й гадзіне) — Гендэль, Бах, Вівальдзі, Шуберт. Еўрапейская музыка прыходзіла на нашы землі, за «трэндамі» сачылі ў тым ліку і гаспадары шматлікіх палацаў і сядзіб, натхняліся... ды і самі сачынялі, у тым ліку оперы ды балеты. 

Ці не таму так натуральна тут успрымаюцца ў наш час маштабныя тэатральныя пастаноўкі? Напрыклад, у пятніцу вечарам (а 21.00) адбудзецца адкрыццё фэсту ў дворку палаца Радзівілаў. Гісторыкі кажуць, што прадстаўнікі знакамітага роду калісьці захапляліся экзотыкай, Усходам. Дык калі ласка: балет «Бахчысарайскі фантан» з Людмілай Хітровай і Антонам Краўчанкам у галоўных партыях. Дырыжор — юбіляр гэтага года Мікалай Калядка. 

Працяг разважанняў пра гісторыю Нясвіжа чакае ў суботу наведнікаў музычнай экскурсіі (а 13.00) па замку. Узнавіць легенды ды таямніцы дапаможа піяністка Настасся Дубоўская. Гукі здольныя зачараваць і стварыць партрэт часу. І было так, што розныя часы распараджаліся жыццём гаспадароў палаца зусім не так, як ім хацелася, напрыклад, у ХХ стагоддзі. Можа і дзіўнавата... Але струнны квінтэт «Серанада» пад кіраўніцтвам Таццяны Траццяк і салісты оперы падрыхтавалі асобную праграму з песень — і яны тут маглі гучаць, калі палац жыў «савецкім» жыццём... І ўсё ж яму бліжэй свецкае. У суботу вечарам ( а 20:00) на галоўнай сцэне ў дворыку палаца «Лятучая мыш» Іагана Штраўса.

Музыка самога Нясвіжа — яна была! — паўстане ў нядзелю днём. Две праграмы запланаваныя ў тэатральнай зале: ад струннага «Vivat-quartet!» і калектыву «A.M.A.D.I.S. Brass». А ў вечары — сучаснасць зноў возьме сваё. На закрыццё — гала-концерт артыстаў оперы і балета Вялікага тэатра Беларусі, рэжысёр — Галіна Галкоўская, дырыжор — Алег Лясун. Тут можна стаць госцем на балі Міхала Казіміра «Рыбанькі» і яго жонкі Уршулі Радзівіл, якую лічаць заснавальніцай беларускага тэатра. А на баль звычайна рыхтуюць усё лепшае. Сюды з’язджаюцца знакамітасці, нашы артысты-зоркі, іх выхад на сцэну — ужо свята, а тым больш у атмасферы нясвіжскага лета. Яно проста павінна актывізаваць падарожнікаў у мінуўшчыну. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.