Вы тут

Навошта новы фармат міжпарламенцкай беларуска-расійскай камісіі


Напрыканцы чэрвеня ў Гродне пачне работу ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. З кожным разам колькасць кантрактаў і пагадненняў, прынятых падчас яго работы, пастаянна расце. Разам з тым ёсць неабходнасць у аналізе і кантролі многіх рашэнняў, новых падыходах у іх здзяйсненні. Гэту функцыю ў новым фармаце павінна ўзяць міжпарламенцкая камісія.


Такая прапанова прагучала на нядаўнім пасяджэнні членаў аргкамітэта ў Гродне. Было адзначана, што цікавасць да форуму з кожным годам расце, адпаведна павялічваецца і колькасць удзельнікаў-партнёраў. Кожны бок зацікаўлены ў наладжванні новых сувязяў і пашырэнні кантактаў. Напрыклад, на сёлетнім форуме плануецца падпісаць пагадненняў на 1 мільярд долараў, а гэта на 200 тысяч долараў больш, чым на папярэднім, VІІІ форуме, які праходзіў у анлайн-фармаце.

Павялічваецца і колькасць рэгіёнаў-удзельнікаў. Як паведаміў падчас пасяджэння старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, плануецца падпісаць каля 60 пагадненняў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве. І заяўкі на ўдзел працягваюць паступаць.

Між тым не ўсе пагадненні і кантракты працуюць належным чынам.

Асаблівая ўвага — эканамічнаму супрацоўніцтву і тым праблемам, якія перашкаджаюць гандлёвым сувязям. Каб больш хутка вырашаць праблемныя пытанні, унесена прапанова аб перафарматаванні работы міжпарламенцкай камісіі. Яна павінна ўключыцца ў работу як на заканадаўчым узроўні, так і на ўзроўні арганізацыі. Як падкрэсліў Міхаіл Русы, зараз важна, каб такая камісія выконвала функцыю кантрольнага органа, які будзе наглядаць за ходам выканання рашэнняў, прынятых на форумах, у тым ліку і на чарговым, сёлетнім. Гэта неабходна для таго, каб зрабіць аналіз праблемных пытанняў, у тым ліку сачыць, як ідзе рэалізацыя 

28 дарожных карт. Бо за імі — імпартазамяшчэнне, стварэнне новых працоўных месцаў, стабільная работа эканомікі. Менавіта чарговы, ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі павінен зрабіць сур’ёзныя зрухі ў гэтым кірунку.

Разам з тым новым важным кірункам з’яўляецца навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне. Гэта сумесныя праекты і распрацоўкі, якія прызваны павысяць канкурэнтаздольнасць кампаній на знешніх рынках. Дарэчы, навуковая секцыя будзе працаваць і на ІХ Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Мяркуецца аб’яднаць намаганні ў лічбавай эканоміцы для абмену сумеснымі напрацоўкамі. Менавіта ў такім кірунку працуюць многія краіны, таму і канкурэнцыя тут вельмі жорсткая.

Напрыклад, у сферы адукацыі плануецца падпісанне 10 пагадненняў паміж ВНУ абодвух краін. Як расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, на нядаўнім пасяджэнні камісіі разгледжаны пытанні пятай секцыі, якая прысвечана інтэграцыі сістэмы адукацыі Расіі і Беларусі на рэгіянальным узроўні. У сувязі з гэтым у ГрДУ імя Я. Купалы будзе арганізавана вялікая выстаўка, прысвечаная традыцыям і інавацыям адукацыі Расіі і Беларусі, у якой прымуць удзел звыш 20 вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін. Плануецца, што падчас форуму беларускія ВНУ наладзяць больш цесныя кантакты з навучальнымі ўстановамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Тамбова, Уладзівастока і іншых гарадоў. Пагадненні, па словах сенатара, дазволяць інтэграваць як навуковыя, так і навучальныя распрацоўкі, уніфікаваць падыходы да навучання ў абедзвюх краінах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?