Вы тут

«Разумны горад», лічбавы бальнічны, дасье на спартсмена...


Штучны інтэлект, электронная працоўная кніжка, 3D-тэхналогіі, лічбавая адукацыя, электронныя паслугі, вынаходніцтвы для бяспекі дома і зручнасці штодзённых спраў... За пяць дзён работы Міжнароднага форуму ТІБА наведвальнікі ўбачылі навінкі і даведаліся пра напрамкі развіцця і будаўніцтва лічбавай будучыні ў самых розных галінах. Што існуе і плануецца для лічбавай трансфармацыі ў жыцці беларусаў, паглядзела карэспандэнт «Звязды».


Лічбавая сувязь і «разумны горад»

Генеральны партнёр ТІБА сёлета — «Белтэлекам», які зладзіў на форуме маштабную выставу пад дэвізам «Белтэлекам — якасць жыцця». Аснова экспазіцыі — праекты разумнага горада, стварэнне і развіццё якіх — адзін з ключавых напрамкаў лічбавай эканомікі. Каб пашыраць спектр сваіх сэрвісаў, кампанія плануе працаваць па мадэлі «віртуальнага аператара», расказаў генеральны дырэктар «Белтэлекам» Юрый Петручэня:

— Сёння арганізацыя эксплуатуе 150 тысяч кіламетраў валаконна-аптычных ліній сувязі. На створанай тэхналагічнай базе кампанія рэалізоўвае комплексныя інавацыйныя рашэнні, у тым ліку для «разумнага горада». Ужо рэалізаваны паслугі «разумны дом» і «відэакантроль».

Сувязісты гатовыя прапаноўваць не асобныя элементы «разумнага горада», а паўнавартаснае комплекснае лічбавае рашэнне па чатырох кірунках: «разумны дом», «бяспека», «тэлеметрыя» і «гарадская інфраструктура».

«Разумны дом» дазваляе стварыць індывідуальны сцэнарый камфортнага пражывання і зберажэння рэсурсаў, больш за 52 тысячы гаспадарак ужо карыстаюцца гэтай паслугай. «Відэакантроль» — таксама ўжо досыць шырока распаўсюджаная паслуга, якой карыстаюцца амаль 160 тысяч спажыўцоў. На базе гэтай паслугі рэалізаваны контур бяспекі, а модуль відэааналітыкі дазволіць укараніць такія функцыі, як распазнаванне твараў і нумароў, падлік наведвальнікаў з дапамогай прылад «разумны шлагбаум», «разумная прахадная», «разумны дамафон», удакладніў Юрый Петручэня.

Пілотны праект па тэлеметрыі для ўліку спажывання камунальных рэсурсаў рэалізаваны ў Оршы. Дзякуючы контуру «гарадская інфраструктура» можна рэалізаваць праекты па кантролі напаўняльнасці смеццевых бакаў, адкрыцця і закрыцця люкаў, аўтаматызацыі асвятлення, датчыкаў паркоўкі і іншае.

Працоўная дзейнасць і хвароба

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва працуе над стварэннем галіновай лічбавай платформы сацыяльна-працоўнай сферы, якая будзе выступаць агрэгатарам камунікацыйных сістэм і фактычна мець аналітычны блок, каб рэалізоўваць комплексны прынцып аказання падтрымкі чалавеку, расказаў Валерый Кавалькоў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны:

— У сучасным свеце немагчыма абысціся без інфармацыйных тэхналогій, таму пад кожную з гэтых задач Мінпрацы створаны свае спецыфічныя сістэмы. Усё ўзаемадзеянне паміж сістэмамі адбываецца праз ААІС, да якой падключана каля 1000 спажыўцоў і штогод аказваецца каля 2 мільёнаў паслуг па 26 працэдурах, а сёлета іх з'явіцца яшчэ шэсць. Застануцца комплексныя працэдуры, выкананне якіх залежыць ад удзелу іншых органаў.

Індывідуальны персаніфікаваны ўлік застрахаваных асоб — інфармацыйны рэсурс, які ўлічвае ўсе перыяды працоўнай дзейнасці, калі ўзносы за работніка плаціў наймальнік ці сама асоба, а таксама сумы заробку, з якога выплачваліся страхавыя ўзносы.

— Пачынаючы з 2003 года пацвярджэнне працоўнага стажу і заробку для прызначэння пенсіі адбываецца толькі па гэтай праграме. Пакрысе гэтая інфармацыя пашыраецца — дадаюцца звесткі не толькі пра тое, калі працаваў чалавек, але і кім, які від працоўнага дагавора заключаны, прычыны звальнення. Такім чынам мы плануем стварэнне своеасаблівай электроннай працоўнай кніжкі, хаця заканадаўча яе статус не замацаваны. А адна з мэт — перайсці на электронны ўлік працоўнага стажу, у тым ліку нестрахавых перыядаў: навучанне, служба ў арміі і іншае. Калі гэта пройдзе на заканадаўчым узроўні, працоўная дзейнасць грамадзян будзе алічбавана да 1990 года, каб з часам пацвярджэнне працоўнага стажу для прызначэння працоўнай пенсіі было аўтаматызавана, — удакладніў намеснік міністра.

Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя распрацоўваецца электронны ліст непрацаздольнасці. Сёння дапамогу па часовай непрацаздольнасці выплачваюць наймальнікі, аднак за кошт сродкаў сацыяльнага страхавання. Каб выключыць удзел работніка ў гэтым працэсе, а наймальніка вызваліць ад выплат, плануецца, што ліст непрацаздольнасці будзе запаўняцца ў электронным выглядзе, а паведамленне пра гэта — накіроўвацца наймальніку, а з часам — і ў фонд сацыяльнай абароны, дзе на падставе звестак аб даходзе чалавека будзе разлічаны сярэдні дзённы заробак, нават калі асоба працуе ў некалькіх наймальнікаў. І чалавеку не трэба будзе збіраць выплаты па ўсіх месцах работы, а ён будзе атрымліваць толькі адну дапамогу ў той жа суме.

— Распрацоўваецца і пытанне аказання дзяржпадтрымкі ў праактыўным фармаце, калі мы зможам аналізаваць асобныя жыццёвыя сітуацыі. Пакуль гэта датычыцца пенсій па інваліднасці і сацыяльных пенсій дзецям-інвалідам, якія будуць пералічвацца на пошту ці ў банк, і чалавеку не трэба будзе звяртацца ў Мінпрацы, — дадаў Валерый Кавалькоў.

Транспарт і рачная сістэма

Летась была прынятая і стратэгія лічбавай трансфармацыі транспартнай дзейнасці да 2025 года, з улікам якой вызначаны тры асноўныя кірункі. Гэта стварэнне адзінай інфармацыйнай платформы транспартнай дзейнасці, якая будзе выступаць давераным інфармацыйным асяроддзем для абмену інфармацыяй паміж усімі ўдзельнікамі гэтай сферы і дзяржорганамі. Планамі па далейшай лічбавізацыі аб'ектаў транспартнай інфраструктуры, развіцці навуковых даследаванняў, скіраваных на лічбавыя тэхналогіі, і падрыхтоўцы кадраў падзяліўся Сяргей Дубіна, намеснік міністра транспарту і камунікацый:

— У межах галіны плануецца стварэнне адзінага інфармацыйна-аналітычнага сэрвісна-арыентаванага асяроддзя транспартнага комплексу, які будзе ўяўляць сабой сукупнасць узаемазвязаных лічбавых платформ, аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм, рэсурсаў і адпаведнай інфраструктуры. Асноўная крыніца фарміравання лічбавай інфраструктуры — даныя аэраздымак, выкананыя беспілотнікамі.

Прапрацоўваецца стварэнне рачной інфармацыйнай сістэмы, эфект ад якой дасягаецца за кошт збору ўсёй неабходнай інфармацыі аб судах і водных шляхах у рэжыме рэальнага часу. У межах гэтай сістэмы запланаваны пілотны праект акваторыі і калькулятар кошту рачных перавозак, які дапаможа патэнцыйным заказчыкам загадзя пралічыць кошт транспарціроўкі грузаў у межах краіны і за мяжой.

Прынята рашэнне аб распрацоўцы інтэграцыйнага модуля для рэалізацыі саюзнай праграмы на базе Аўтаматызаванай сістэмы ўліку і выдачы дазволаў на праезд перавозчыкаў Беларусі па тэрыторыі іншаземных дзяржаў — АІС «Дазвол». Гэта асноўны праграмны прадукт, які выкарыстоўвае транспартная інспекцыя. У перспектыве на базе АІС «Дазвол» мяркуецца стварэнне адзінай лічбавай платформы транспартнай інспекцыі.

Спорт і картаграфічныя сэрвісы

Мінспорту сумесна з Мінадукацыі, Белдзяржуніверсітэтам фізкультуры і БНТУ стварылі навукова-адукацыйны кластар па інтэлектуальных тэхналогіях у спорце для ўкаранення ў практыку спорту навуковых распрацовак, заснаваных на найноўшых тэхналогіях, расказаў Руслан Варанкоў, начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Мінспорту і турызму:

Праекты Белтэлекам.

— За 2020—2021 гады ў кластары прайшло больш як 200 тэсціраванняў спартсменаў па 18 відах спорту. Наступны кірунак дзейнасці па інфарматызацыі галіны — работа рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту, які сёлета ўкараніў аўтаматызаваную інфармацыйна-аналітычную сістэму «Электронная картка спартсмена», што дазваляе весці дасье на асобу: запаўняць пашпартна-дэмаграфічныя даныя і анамнез.

Сістэма дазваляе ствараць індывідуальны профіль спартсмена: ацэньваць яго якасці па сіле, вынослівасці, бачыць узровень падрыхтаванасці, выпрацоўваць рэкамендацыі трэнеру па карэкціроўцы мадэлі падрыхтоўкі і харчавання спартсмена па днях тыдня і з улікам яго ўзросту і індывідуальных асаблівасцяў.

QR-коды на малочных бутэльках.

Прадугледжана і стварэнне саюзнай праграмы — лічбавай платформы дыягностыкі спартыўна адораных дзяцей па інтэграваных паказчыках узаемадзеяння, што дазволіць атрымаць рэкардсмена, спадзяюцца ў Мінспорту.

Сумесна з нацыянальным кадастравым агенцтвам рэалізавана праграма ўкаранення тэматычнага слою «Беларусь спартыўная» на публічную кадастравую карту Беларусі. Зараз на карту нанесена інфармацыя пра 500 аб'ектаў.

Лічбавы спорт.

Картаграфічныя сэрвісы створаны і ў Мінгарвыканкаме. Гэта, прынамсі, экалагічная карта горада, якая вядзе інвентарызацыю па адходах, складае маршруты, паказвае інтэрактыўныя кропкі на карце. Каб разумець, за кім замацаваны пэўныя тэрыторыі і аб'екты, быў створаны картаграфічны сэрвіс інтэрактыўнага замацавання тэрыторый. Гэты прадукт ёсць ужо ў Мінску, Гродне, а ў планах — маштабаванне на ўсю краіну.

Расказаць пра ўсе лічбавыя дасягненні ў межах аднаго артыкула проста немагчыма — застаецца сачыць за навінамі і спрабаваць лічбу на ўласным вопыце.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.