Вы тут

Некалі мы падумаць не маглі, што будзем адстойваць гістарычную праўду


У Мінску абмяркоўваюць пытанні недапушчэння рэабілітацыі нацызму і гераізацыі фашысцкіх злачынцаў, супрацьстаяння фальсіфікацыям падзей Вялікай Айчыннай вайны. У міжнароднай парламенцкай канферэнцыі «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», арганізаванай Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пры садзейнічанні Генеральнай пракуратуры, Міністэрства абароны, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук, удзельнічаюць парламенцкія дэлегацыі з Арменіі, Казахстана, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана і Узбекістана, прадстаўнікі інтэграцыйных структур СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы, замежныя дыпламаты, навуковая і экспертная супольнасць. 


Як адзначыў падчас цырымоніі ўскладання вянка і кветак да манумента Перамогі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, яшчэ некалькі гадоў таму мы не маглі падумаць, што нам прыйдзецца адстойваць гістарычную праўду і памяць. «Мэта гэтай канферэнцыі — заявіць аб недапушчальнасці перапісвання гісторыі, паказаць тую небяспеку, якую ўсяму свету нясе рэабілітацыя нацызму, і, вядома, прадэманстраваць тую вялікую работу, якая праводзіцца ў Беларусі па захаванні гістарычнай памяці і гістарычнай праўды, — удакладніў спікер ніжняй палаты парламента. — Правядзенне гэтай канферэнцыі будзе садзейнічаць прызнанню і асуджэнню міжнароднай супольнасцю генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама падчас канферэнцыі мы абмяняемся заканадаўчым вопытам па гэтых пытаннях, абгаворым, як нам узмацніць наша парламенцкае ўзаемадзеянне па супрацьдзеянні той гібрыднай агрэсіі, якая сёння вядзецца супраць Рэспублікі Беларусь і іншых постсавецкіх дзяржаў».

Сваім кампетэнтным меркаваннем удзельнікі канферэнцыі падзяліліся падчас пяці тэматычных секцый. Падчас работы секцыі «Вялікая Айчынная вайна ў сучаснай гістарыяграфіі», якая праходзіла на базе Нацыянальнай акадэміі навук, ваенныя гісторыкі агучылі новыя даныя аб расіянах-удзельніках савецка-фінляндскай вайны, якія пасля ўваходзілі ў камандны склад партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі Беларусі ў 1941 — 1944 гг., расказалі пра ўдзел воінаў з Арменіі і Казахстана ў баях за нашу краіну. Таксама абмеркавалі шляхі супрацьдзеяння фальсіфікацыям ваенных падзей, значэнне мемарыялізацыі і захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Асобная ўвага была прысвечана асвятленню тых падзей у беларускай, германскай і англамоўнай гістарыяграфіі, узаемадзеянню савецкіх партызан, а таксама дзейнасці спецслужб у перыяд вайны. На канферэнцыі прэзентавалі знакавае для нашай краіны выданне другой кнігі, падрыхтаванай Інстытутам гісторыі ў межах Усебеларускай акцыі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», якая была аб’яўлена Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. 

Ключавой тэмай секцыі «Злачынствы без тэрміну даўнасці», арганізаванай Генеральнай пракуратурай, стаў генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўнікі Генпракуратуры падзялілася ўласным вопытам і вынікамі расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа, расказалі аб маштабных карных аперацыях фашыстаў, а таксама створаных нацыстамі на нашай тэрыторыі канцлагерах, лагерах смерці і іншых месцах прымусовага ўтрымлівання насельніцтва, звярнулі ўвагу на пытанне ўвекавечвання памяці ахвяр генацыду. 

— Адраджэнне і распаўсюджванне ідэй нацызму, асабліва ў краінах заходняга вектара, сведчыць аб неабходнасці гаварыць аб недапушчальнасці генацыду зноў і зноў, — заўважыў намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Максім ВАРОНІН. — І не столькі гаварыць, а рабіць рэальныя крокі з мэтай яго недапушчэння. У ходзе расследавання крымінальнай справы выяўляюцца шматлікія новыя злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, устаноўлена звыш 400 новых месцаў масавага знішчэння людзей. Мы сёння працуем па ўсім свеце, накіроўваючы даручэнні аб прававой дапамозе з мэтай устанаўлення ваенных злачынцаў тых гадоў: пачынаючы ад краін Заходняй Еўропы, заканчваючы Аўстраліяй і Канадай. На жаль, шэраг краін, неабгрунтавана палітызуючы расследаванне гэтай крымінальнай справы, адмаўляюць нам у прававой дапамозе па надуманых абставінах. І што здзіўляе, матывуючы гэта інтарэсамі нацыянальнай бяспекі іх краін. Асабліва гэта датычыцца прыбалтыйскіх дзяржаў. Генацыд з’яўляецца тым злачынствам, якое, у адпаведнасці з міжнароднай канвенцыяй, з’яўляецца злачынствам без тэрміну даўнасці. Асобы, якія маюць дачыненне да яго здзяйснення, павінны быць пакараны ў адпаведнасці з прынцыпам аб непазбежнасці пакарання. 

Падчас секцыі «Святы абавязак жывых», ініцыятарам якой выступіла Міністэрства абароны, у асноўным гаварылі пра ўвекавечванне памяці абаронцаў Айчыны ў Беларусі. Ваенныя эксперты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці прааналізавалі прычыны, якія ляжаць у аснове татальнай фальсіфікацыі вынікаў Другой сусветнай вайны заходнімі краінамі, якія сёння спрабуюць адрадзіць у Еўропе нацызм. Абмяркоўвалася і тэма дзейнасці калабарацыянісцкіх нацыяналістычных фарміраванняў на нашай тэрыторыі, генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 

Адметна, што ў рабоце секцыі ўдзельнічалі і юныя патрыёты — фіналісты шэрагу патрыятычных праектаў, арганізаваных абаронным ведамствам, курсанты Ваеннай акадэміі, ваенных факультэтаў, сувораўцы. Сваім меркаваннем па пытанні захавання памяці аб тых падзеях падзяліліся ўдзельнікі секцыі «Гістарычная памяць. Нітка, якая звязвае пакаленне», арганізатарамі якой сталі Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Па словах міністра адукацыі Андрэя ІВАНЦА, вельмі важна разумець, што ад таго, наколькі глыбокія веды аб гістарычнай спадчыне мы дадзім навучэнцам і закладзём маральны стрыжань, залежыць, якое маладое пакаленне вырасце ў краіне. «У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага гістарычнай адукацыі ў цэлым і выхаванню падрастаючага пакалення ў прыватнасці, — паведаміў міністр. — Таму 2022-гі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, што яшчэ раз падкрэслівае, наколькі важна звярнуцца да нашых вытокаў, шанаваць старонкі гісторыі, каб мы не паўтарылі памылак, якія былі ў мінулым, і глядзелі ў мірную будучыню з упэўненасцю». 

Шырокае абмеркаванне разгарнулася ў мемарыяльным комплексе «Храм — помнік у гонар Усіх Святых» падчас секцыі «Вялікая Перамога ў грамадска-медыйным дыскурсе», ініцыянаванай Пастаяннай камісіяй па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 

— Нашы ідэйныя апаненты на працягу многіх гадоў, калі не сказаць дзесяцігоддзяў, займаліся планамернай, мэтанакіраванай работай, па-першае, па спусташэнні памяці (у першую чаргу ў маладога пакалення і пакалення сярэдняга ўзросту: праз СМІ, падручнікі, шматлікія гульнявыя формы), па-другое, па навязванні пэўнага альтэрнатыўнага пункту гледжання аб ролі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і адзінага савецкага народа, салдата-вызваліцеля ў Вялікай Перамозе, — акцэнтаваў увагу міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. — На жаль, часткова ім гэтая ідэя ўдалося. Мы можам назіраць інфармацыйны вакуум, які ўтварыўся ў мінулым дзесяцігоддзі ў людзей сярэдняга і малодшага ўзросту, запоўнены, мякка кажучы, альтэрнатыўнай, а, калі праўдзіва, дэструктыўнай, шкоднай інфармацыяй, якая напоўнена ўсялякай лухтой, чуткамі і трызненнямі. І гэта адбывалася па прычыне нашай з вамі недапрацоўкі. 

Як падкрэсліў намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Пётр ТАЛСТОЙ, мы можам быць свабоднымі і моцнымі толькі тады, калі разам. «Мы павінны патлумачыць усяму свету спакойна і цярпліва, што мы — асобная цывілізацыя: у нас ёсць свой гістарычны вопыт і, вядома, мы павінны быць разам у асэнсаванні гэтага гістарычнага вопыту, — заявіў удзельнік канферэнцыі. — Нашы краіны будуць і далей адстойваць гістарычную праўду. Немагчыма навязаць сваё бачанне свету, гісторыі ў адзін момант. Аднак той факт, што праз 80 гадоў мы працягваем шанаваць памяць тых, хто аддаў жыццё за нашу свабоду, за свабоду быць такімі, якімі мы ёсць, і ні ў каго не пытаць дазволу — вось што самае важнае». 

Канферэнцыя працягваецца — 15 чэрвеня адбудзецца пленарнае пасяджэнне «Гістарычная памяць: Вялікая Перамога, здабытая адзінствам», падчас якога будзе прынята выніковая рэзалюцыя канферэнцыі. Падрабязнасці — у наступным нумары выдання. 

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА, БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.