Вы тут

Калі вада — бяда. 7 залатых правілаў бяспекі на вадзе


Выхадныя, як гэта часта бывае ў спякотнае надвор'е, для ратавальнікаў выдаліся неспакойныя. За два дні (11 і 12 чэрвеня) — 13 абарваных жыццяў, у тым ліку адно дзіцячае. А колькі трагедый дзякуючы супрацоўнікам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Таварыства ратавання на водах, а таксама неабыякавым грамадзянам удалося пазбегнуць!


Без прыкмет жыцця...

З прыходам лета трагедыі на вадзе, на жаль, паўтараюцца. І ў гэтым, за рэдкім выключэннем, вінаватыя самі людзі. Не заўсёды тыя, хто заходзіць у ваду, разумеюць усю небяспеку, якую хавае ў сабе вадаём. Асабліва рызыкуюць — уступаюць у дуэль са смерцю — нецвярозыя. Іншыя плывуць на далёкія адлегласці, недаацэньваючы свае сілы і асаблівасці вадаёма. Гібель на вадзе дзяцей — у першую чаргу адказнасць бацькоў, якія не дагледзелі, адпусцілі, не пракантралявалі.

Паводле аператыўнай інфармацыі Таварыства ратавання на водах, штогод у Беларусі гіне вялікая колькасць людзей. За мінулы год ахвярамі вады сталі 486 чалавек, у тым ліку 43 дзіцяці. З пачатку гэтага года на вадаёмах ужо загінула амаль 130 чалавек.

У аператыўных зводках — людзі рознага ўзросту, дастатку і стаўлення да жыцця. Следчыя і эксперты вызначаюць дакладныя прычыны ўсіх трагедый. Аднак нярэдка нават слоў відавочцаў дастаткова, каб зразумець, якім чынам развіваліся падзеі: ужыванне алкагольных напояў, жаданне паказаць свае фізічныя здольнасці, грэбаванне элементарнымі мерамі бяспекі.

Следства пакуль яшчэ не скончана, але ўжо ёсць падставы меркаваць, што менавіта па адной з гэтых прычын або па ўсіх адразу трагічна скончылася жыццё маладога мужчыны, які ў мінулую нядзелю патануў у рацэ Ушы ў Карэліцкім раёне на Гродзеншчыне. Экспертыза ўстановіць, што стала прычынай гібелі грамадзяніна 1963 года нараджэння, які ў той жа дзень загінуў у рацэ Уле каля вёскі Казаноўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, а таксама пенсіянера, які патануў у вадаёме, што знаходзіцца ў аграгарадку Слабада, на Мазыршчыне...

На Магілёўшчыне за адзін дзень — 11 чэрвеня — ахвярамі вады сталі два чалавекі. Выехаўшы ў раён вёскі Макровічы, што ў Бялыніцкім раёне, ратавальнікі ўжо ведалі, што ў сажалцы знойдзены труп чалавека. Прыбыўшы на месца, падраздзяленні МНС выцягнулі цела і канстатавалі смерць 70-гадовай мясцовай жыхаркі. Пасля абеду супрацоўнікі ведамства адправіліся на іншы выклік: ад мясцовага жыхара, які прыйшоў да вадаёма касіць траву, паступіў сігнал, што на беразе возера ў Дрыбіне ляжаць рэчы, а вось гаспадара няма. Вадалазы выявілі на дне вадаёма труп мужчыны і дасталі яго з вады. Ім аказаўся 63-гадовы жыхар гарадскога пасёлка.

— У большасці выпадкаў надзвычайныя здарэнні з удзелам дарослых адбываюцца падчас распіцця спіртных напояў, пры заплыве ў нецвярозым стане, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Ужыванне алкаголю падчас адпачынку каля вады можа прывесці да трагедыі. Заўсёды ацэньвайце свае сілы, не плывіце на спрэчку, патлумачце дзецям, да чаго можа прывесці няправільны разлік сіл. Памятайце: смяротна небяспечна ныраць у ваду з вышыні, дамбы і іншых збудаванняў. Нельга гэтага рабіць і ў невядомых месцах.

Дзеці — на адлегласці выцягнутай рукі

Здараліся на мінулым тыдні і гісторыі са шчаслівым канцом. Познім вечарам 12 чэрвеня ратавальнікам Віцебскага раёна паступіла паведамленне аб тым, што на возеры Гародна каля вёскі Сасноўка тоне чалавек. Калі на месца прыбылі найбліжэйшыя падраздзяленні МНС, пацярпелы, які трымаўся за прыстань, знаходзіўся на адлегласці каля паўметра ад берага. Маладыя людзі, якія разам з апошнім адпачывалі на пляжы, паведамілі, што 22-гадовы юнак даплыў да прыстані, а вярнуцца назад самастойна ўжо не можа.

Як расказаў начальнік дзяжурнай змены Ігар Каржанеўскі, прыбыўшы на месца, супрацоўнікі МНС адразу спусцілі на ваду ратавальную дошку. «Падплыўшы разам з калегамі да хлопца, зразумелі, што малады чалавек — у паніцы, — успамінае той дзень ратавальнік. — Ён нам сказаў, што яго ногі схоплівае сутарга, таму плысці назад катэгарычна адмаўляўся. Угаварыўшы маладога чалавека надзець ратавальную камізэльку, мы пасадзілі яго на ратавальную дошку і даставілі на бераг. Там ужо чакала хуткая дапамога. Пасля агляду медыкаў хлопец ад шпіталізацыі адмовіўся». Як потым высветлілася, пацярпелым аказаўся жыхар Віцебска.

Падчас падобнай сітуацыі кожная хвіліна на вагу золата. І вельмі добра, калі побач з тым, то трапіў у бяду, аказваюцца неабыякавыя людзі. Такія, як, напрыклад, мужчына, які днямі ў Чэрвеньскім раёне выцягнуў з вады дзяўчынку. Ён лавіў рыбу на вадаёме ў вёсцы Вялікаполле. Непадалёк купаўся мужчына і дзве дзяўчынкі. Раптам усе яны сталі тануць. Не раздумваючы, рыбак кінуўся на дапамогу і да прыбыцця ратавальнікаў выратаваў адну з дзяўчынак. Іншая выбралася з вады самастойна. Мужчына, які купаўся з дзецьмі, загінуў. Як потым высветлілася, ахвярай вады стаў дзядуля адной з дзяўчатак.

Вечарам таго ж дня ратавальнікі атрымалі паведамленне аб патанулым дзіцяці ў вадаёме ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна. Падлетак 2006 года нараджэння з двума братамі і сябрам адпачываў на беразе, затым вырашыў пакупацца. Раптоўна ён нырнуў у ваду, пасля чаго не з'явіўся на паверхні. Відавочцы спрабавалі знайсці хлопца, патэлефанавалі ратавальнікам. Без прыкмет жыцця падлетак быў знойдзены на адлегласці 20 метраў ад берага.

Як заўважае Анастасія Швайбовіч, менавіта падлеткі паводзяць сябе каля вады вельмі бестурботна, самаўпэўнена, бегаюць і сваволяць, не адчуваючы пры гэтым ніякай небяспекі. «Бацькі павінны разумець, што, колькі б дзіцяці не было гадоў, няважна: дашкольнік гэта або навучэнец, — не варта знаходзіцца каля вады без нагляду дарослых, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. — Менавіта бацькі павінны пагаварыць з дзецьмі аб усім, што можа адбыцца, папярэдзіць іх аб небяспецы і патлумачыць наступствы. А для маленькага дзіцяці смяротнымі могуць стаць нават дэкаратыўныя сажалкі і ёмістасці з вадой».

Ратавальнікі папярэджваюць, што не варта забываць пра бяспеку і тады, калі вы адпраўляецеся на прагулку на лодцы, катары, катамаране або гідрацыкле. Падобнае «падарожжа» павінна адбывацца ў ратавальнай камізэльцы. Акрамя таго, нельга перавышаць устаноўленую колькасць людзей на борце, кіраваць плавальнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап'янення, сядзець на бартах, пераходзіць з месца на месца і перасаджвацца на іншыя катары, лодкі. Таксама забараняецца выходзіць на ваду на плаўсродках, непрыстасаваных для гэтых мэт.

Нярэдка трагедыяй заканчваецца і знаходжанне на вадзе ў надзіманых прадметах. Асабліва гэта небяспечна для тых, хто не ўмее плаваць. Надзіманыя камеры, матрацы вельмі лёгкія, таму нават слабага ветру і цячэння дастаткова, каб аднесці іх на вялікія адлегласці. Варта расслабіцца на некалькі хвілін — і бераг акажацца па-за межамі дасягальнасці, а жыццё — пад пагрозай.


Каб пазбегнуць трагедыі, варта выконваць простыя правілы:

  1. Купацца толькі ў спецыяльна адведзеных месцах, на абсталяваных пляжах, дзе ў выпадку няшчаснага выпадку можна разлічваць на дапамогу ратавальнікаў;
  2. Не купацца ў стане алкагольнага ап'янення;
  3. Не заплываць за буйкі і іншыя агароджы, устаноўленыя ў месцах для купання;
  4. Не дапускаць свавольства на вадзе і не палохаць іншых;
  5. Не падаваць ілжывых сігналаў бедства;
  6. Не купацца аднаму ў вячэрні і начны часы;
  7. Не пакідаць дзяцей без нагляду.

Калі вы бачыце, што нехта тоне:

  • паклічце на дапамогу іншых або супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах, калі яны ёсць побач;
  • патэлефануйце ў МНС (па нумарах 101 або 112) і выклічце хуткую дапамогу (па тэлефоне 103);
  • кіньце таму, хто тоне, ратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы (калі яны ёсць);
  • калі ёсць лодка, падплывіце да чалавека і паспрабуйце дапамагчы;
  • калі вы плаваеце добра і ўпэўнены ў сваіх сілах, паспрабуйце дабрацца да чалавека самастойна: абхапіце яго ззаду за плечы і паспрабуйце пазбегнуць спроб схапіцца за вас, якія ў паніцы будзе прадпрымаць той, хто тоне, — і плывіце з ім назад;
  • калі чалавек знаходзіцца без прытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукой пад падбародак такім чынам, каб яго твар пастаянна знаходзіўся над паверхняй вады;
  • да прыбыцця медыкаў па магчымасці прыступіце да аказання першай дапамогі.

Вераніка КАНЮТА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».