Вы тут

Каб уладзе давяралі, трэба працаваць з людзьмі


Мінулы тыдзень быў прысвечаны актуалізацыі метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні. Адпаведны рэспубліканскі семінар-нарада прайшоў у Мінску. Актуальныя пытанні ўзаемадзеяння народа і дзяржавы абмеркавалі на шасці тэматычных секцыях. Удзельнікі семінара разгледзелі ўсе аспекты работы з насельніцтвам ад прынцыпу «адно акно» да выкарыстання новых медыя. Каб не быць галаслоўнымі, удзельнікі семінара пазнаёміліся з работай цэнтра інфармацыйных тэхналогій Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, міжнароднага цэнтра «Белтэлекам», тэрытарыяльных органаў мясцовага самакіравання, шэрагу адміністрацый Мінска, кантакт-цэнтра 115, ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь», маладзёжных валанцёрскіх цэнтраў. Аднак самае галоўнае — жывы абмен вопытам і пошук новых ідэй.


Работа з насельніцтвам і пошукі варыянтаў яе ўдасканалення — прыярытэт у дзейнасці дэпутацкага корпуса. Пра гэта неаднаразова казала і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Семінар-нарада даў сенатарам магчымасць выслухаць, што хвалюе ўлады на месцах, і разам знайсці рашэнне некаторых праблем. «Сельскія Саветы працуюць агідна. Нам трэба ўзяцца за гэту тэму, прытым грунтоўна. Трэба перадаць Качанавай, каб яна занялася мясцовым так званым самакіраваннем. Я гэта да таго, што не забывайцеся, што галоўная апора ў вас — кіраўнікі гаспадарак. Усё засяроджана — матэрыяльныя рэсурсы — у іх руках. І людзі ідуць першым чынам да іх. Таму трэба на больш высокі ўзровень узнімаць дзейнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў: сельскай гаспадаркі, гандлю, абслугоўвання і прамысловых прадпрыемстваў, калі яны на тэрыторыі раёна ёсць», — падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка ў маі. Пасля такога даручэння Прэзідэнта актуальнасць семінара, прысвечанага рабоце з людзьмі на мясцовым узроўні, узрасла ў некалькі разоў. Работу дэпутацкага корпуса, органаў мясцовага самакіравання з насельніцтвам і напрамкі яе ўдасканалення разгледзелі ў першы дзень семінара на пасяджэнні адпаведнай секцыі ў Савеце Рэспублікі.

Калі да цябе прыйшоў чалавек, ты павінен дапамагчы яму

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што работа з насельніцтвам — гэта вельмі важны аспект у рабоце любога дзяржаўнага органа, любога прадпрыемства і арганізацыі. «У нашай краіне патрабаванні Прэзідэнта ў гэтым напрамку абсалютна правамерныя. У нас улада народная, сказаў Прэзідэнт, і яна жыве клопатамі аб сваіх грамадзянах. Нягледзячы на тое, што выбудавана абсалютна выразная сістэма, разам з тым мы разумеем, што актуальнасць гэтай тэмы з году ў год не сыходзіць на другі план. Яна, наадварот, з'яўляецца першараднай для ўсіх. Для нас, для членаў Савета Рэспублікі, для дэпутатаў яна вельмі важная, таму што гэта паўнавартасная крыніца інфармацыі аб тым, як працуюць законы і наколькі яны сапраўды актуальныя і эфектыўныя. Таму што тады, калі сустракаешся з людзьмі, калі чуеш іх пытанні, прапановы, пажаданні, дакладна можаш вызначыць, наколькі гэта актуальна, наколькі гэтая заканадаўчая норма запатрабаваная альбо, магчыма, ужо састарэлая», — сказала яна.

Спікер падкрэсліла, што метады і формы работы могуць быць удасканалены. Але самае галоўнае, каб яны працавалі на карысць народа і краіны. «У гэтай рабоце заўсёды трэба думаць аб тым, ці пачулі цябе людзі і ці пачуў іх ты. Вядома, бываюць розныя пытанні, бываюць вельмі няпростыя, але калі ставіцца да гэтай работы неабыякава, вынік можа быць значны. Мы жывём у той краіне, дзе ўсё робіцца на карысць людзей.

Трэба разумець, што, калі да цябе прыйшоў чалавек, ты павінен яму дапамагчы. Калі не можаш дапамагчы ў рамках закона — растлумач. Не атрымліваецца — можа быць, трэба мяняць дзесьці заканадаўства для таго, каб вырашыць праблему, якая актуальная на сёння», — падзялілася Наталля Качанава.


На другі дзень работа семінара і абмеркаванне надзённых праблем праходзілі на самым высокім узроўні. У пленарным пасяджэнні прыняў удзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Разам з кіраўніком дзяржавы спецыялісты разгледзелі, як зрабіць работу з насельніцтвам на мясцовым узроўні больш эфектыўнай. Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт зноў звярнуў увагу парламентарыяў на мясцовыя Саветы: «Саветы — гэта ваша вотчына, Наталля Іванаўна, Савета Рэспублікі і парламента. Гэта вертыкаль — абласныя, раённыя, сельскія Саветы. Яны безгаспадарчымі не павінны быць. Не забывайце пра гэта. Вы, сенатары, лепш, чым хто іншы, можаце рэалізаваць Саветы. Яны павінны быць пад вамі. Гэта ваша святая справа».

Многія пытанні вырашаліся ў той жа дзень

Як з насельніцтвам працуе верхняя палата парламента, падчас семінара расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы. Ён падкрэсліў, што станоўча сябе зарэкамендавалі адзіныя дні выязных асабістых прыёмаў грамадзян у вобласці. Падобныя прыёмы ўжо праведзены ва ўсіх рэгіёнах краіны, яны ахапілі кожны раён. «Як паказала практыка, выязныя прыёмы садзейнічаюць актывізацыі работы мясцовых органаў улады. Многія пытанні грамадзян, якія запісаліся на прыём, вырашаліся неадкладна — у дзень яго прыёму. Непасрэдныя зносіны з людзьмі ў рэгіёнах садзейнічаюць умацаванню даверу да ўлады і фарміруюць яе станоўчы імідж. Магчымасць зірнуць на сітуацыю на свае вочы часцяком проста неабходна для яе паспяховага вырашэння. Гэта і практычнае навучанне спецыялістаў на месцах, як працаваць з насельніцтвам», — сказаў Міхаіл Русы.

Сенатар заўважыў, што на мясцовым узроўні хапае недахопаў у рабоце з насельніцтвам. Напрыклад, з-за вялікай увагі да сацыяльна-эканамічных паказчыкаў развіцця рэгіёна ці прадпрыемства надзённыя праблемы людзей вырашаюцца па астаткавым прынцыпе. У выніку — недавыплачаныя пенсіі, несвоечасовая пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І часта па дапамогу людзі звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі.

«Часта дапускаюцца тэхнічныя памылкі землеўпарадкавальнымі службамі пры ўстанаўленні граніцы зямельнага ўчастка. Як правіла, адказнасць вінаватых службовых асоб абмяжоўваецца дысцыплінарным спагнаннем, а пацярпелыя людзі сутыкаюцца з невырашальнымі часам нават у судовым парадку праблемамі. Рэгулярна мясцовыя органы ўлады спасылаюцца на тое, што ім складана, а часам немагчыма эфектыўна вырашаць задачы ў інтарэсах людзей з-за недастатковасці паўнамоцтваў. Але гэта не зусім так. Напрыклад, большасці выпадкаў з так званым самавольным захопам зямельнага ўчастка і самавольным будаўніцтвам пры дзеючым заканадаўстве не было б, калі б землеўпарадкавальныя і прыродаахоўныя службы, органы архітэктуры і будаўнічага нагляду, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў належна выконвалі свае службовыя абавязкі. Аднак яшчэ ёсць прэцэдэнты, калі праблемы збіраюцца гадамі, людзі ходзяць па коле і рыхтуюцца кіпы матэрыялаў для разгляду ў кіраўніка дзяржавы. На жаль, фармалізм, памылкі пры прыняцці рашэнняў, неналежнае выкананне службовых абавязкаў сябе не зжылі», — адзначыў Міхаіл Русы. Сенатар звярнуў увагу на пытанні аб узмацненні ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Менавіта яны павінны першымі адгукацца на праблемы і запыты людзей. Арміяй дэпутатаў у амаль 18 тысяч чалавек усё можна вырашыць на месцах.

«Органам мясцовага самакіравання трэба больш актыўна падключаць да вырашэння сацыяльна значных задач грамадскія арганізацыі і саміх грамадзян, асабліва калі гэта датычыцца бытавых пытанняў — прыбірання і азелянення прыдомавых тэрыторый, добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак. Першы крок у фінансаванні грамадзянскіх ініцыятыў ужо зроблены: па прапанове Савета Рэспублікі кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб стварэнні грантавай сістэмы», — сказаў Міхаіл Русы.

Для эфектыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і службовых асоб з насельніцтвам неабходна актуальная заканадаўчая база. Міхаіл Русы расказаў, што экспертным саветам пры Савеце Рэспублікі разгледжаны 104 заканадаўчыя акты, з якіх толькі 26 падтрымана без заўваг (25 %), па 78 выказаны заўвагі і прапановы (75 %), 6 дакументаў не падтрымана. Гэта значыць, толькі адзінкавыя праекты з першага разу праходзяць для далейшага разгляду і прыняцця, хоць былі ўзгоднены з усімі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі.

Асобна Міхаіл Русы звярнуў увагу на праект змяненняў у Закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», які раскрытыкавалі эксперты. Шэраг ідэй супярэчылі духу гэтага механізму: замест таго, каб наблізіць прадстаўнікоў улады да людзей, прапаноўвалася абмежаваць магчымасць грамадзяніна трапіць на прыём да высокага чыноўніка, пакуль не пройдзены ўсе ніжэйшыя інстанцыі. «Гэта няправільна: чалавек павінен трапіць на прыём да таго кіраўніка, да якога ён жадае, і там яго павінны выслухаць і пачуць», — канстатаваў сенатар.

Рэсурсы для ўдасканалення ёсць

Міхаіл Русы звярнуў увагу, што рабоце з насельніцтвам трэба пастаянна вучыцца. Таму, па яго словах, варта ў кожнай вобласці і ў Мінску арганізаваць своеасаблівыя курсы павышэння кваліфікацыі па пэўных вузкіх пытаннях правапрымянення пры падрыхтоўцы рашэнняў мясцовых органаў улады, адказаў па разгледжаных зваротах. Пры праходжанні дзяржаўнымі служачымі атэстацыі на адпаведнасць займанай пасады абавязковым крытэрыем ацэнкі работы лічыць работу з калектывам і насельніцтвам, улічваць гэтыя крытэрыі пры далейшым прасоўванні па службе.

«Станоўчы вопыт таго, як у нашай краіне навучыліся працаваць з асобным грамадзянінам, трэба перанесці на работу з сацыяльнымі і прафесійнымі групамі, ініцыятывамі, суб'ектамі грамадзянскай супольнасці. Гэты пасыл адпавядае тым падыходам, якія закладзены ў падтрыманых на рэспубліканскім рэферэндуме канстытуцыйных навацыях і выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы адпаведных заканадаўчых актаў», — заявіў Міхаіл Русы.

Тэму адукацыі і кампетэнцыі прадстаўнікоў дзяржорганаў і арганізацый у сваім выступленні закранула Вольга Салдатава, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна расказала пра вынікі сацапытання, якое Акадэмія кіравання правяла ў снежні 2021 года. У ім прыняў удзел 461 прадстаўнік дзяржорганаў і арганізацый. Палова апытаных указала, што адчувае ў рознай ступені недахоп юрыдычных кампетэнцый, практычных і псіхалагічных навыкаў, спецыялізаваных ведаў. «А фактычна іх дзейнасць па сваёй сацыяльнай ролі супастаўная з ідэолагамі. Таму мэтазгодна перагледзець перыядычнасць павышэння іх кваліфікацыі. Яна павінна адпавядаць рэальнай патрэбе, гэта значыць, скарочана. Сістэма падрыхтоўкі кадраў павінна таксама выкарыстоўваць магчымасці перападрыхтоўкі. Ужо сёння можна ўключыць спецыяльныя дысцыпліны ў адукацыйныя праграмы, якія рэалізоўваюцца не толькі ў Акадэміі кіравання, але і ў іншых установах адукацыі», — расказала прарэктар.

Каб сфарміраваць дзейсны кадравы корпус па рабоце з насельніцтвам, з 2023 года Акадэмія кіравання адкрывае падрыхтоўку па спецыяльнасці «Сацыяльныя камунікацыя ў дзяржаўным кіраванні». Па словах Вольгі Салдатавай, варта правесці рэвізію зместу існуючых спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі, у першую чаргу кіраўніцкага, юрыдычнага, эканамічнага напрамкаў, а таксама вызначыць, у якіх з іх можна прадугледзець такую падрыхтоўку.

Яшчэ адным дзейсным рэсурсам у сістэме падрыхтоўкі кадраў павінна стаць іх абавязковая самаадукацыя. «Акадэмія кіравання выказвае гатоўнасць выступіць своеасаблівым рэсурсным цэнтрам падтрымкі самаадукацыі кадраў па актуальных пытаннях работы з насельніцтвам. Рэсурсы для ўдасканалення сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў па рабоце з насельніцтвам ёсць», — канстатавала Вольга Салдатава.

Бачыць у чалавеку чалавека

Пасля пленарнага пасяджэння семінара-нарады прадстаўнікі мясцовай улады расказалі журналістам пра свае сакрэты работы грамадзян. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка прызнаўся, што для яго галоўнае — бачыць у чалавеку чалавека і размаўляць з ім на роўных, разумеючы яго праблему. «Мяняецца не толькі жыццё — мяняецца грамадства. Расце ўзровень дабрабыту — значыць, павялічваюцца патрэбы, і яны відазмяняюцца. Асабліва гэта адчуваецца ў вялікіх гарадах: паркоўкі, якасць дарог. Таму людзі заўсёды звяртаюцца. Наша задача як органа ўлады, вядома ж, — прыняць чалавека, выслухаць. І не тое што вырашаць нейкія праблемы ў індывідуальным парадку, але на падставе зваротаў грамадзян зрабіць нейкі зрэз. На што больш людзі звяртаюць увагу, куды бюджэт павярнуць: альбо рамонт даху, альбо рамонт дарогі, альбо ідэалагічны складнік: больш расказваць, што адбываецца ў свеце, пра барацьбу з фэйкамі. Гэта значыць, сёння патрэбнасцяў шмат, і сказаць, што яны чыста ў матэрыяльным плане, напэўна, няправільна», — сказаў ён. Губернатар прызнаўся, што яшчэ ёсць, над чым працаваць і куды імкнуцца.

Па словах намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслава Дурнова, зносіны з людзьмі трэба пачынаць на месцах: на ўзроўні сельсаветаў, ЖЭСаў, ЖЭКаў — там, дзе ў людзей узнікаюць бытавыя пытанні. «Гэта значыць, чым ніжэй мы ўзнімем гэтае пытанне — тым яго прасцей будзе вырашаць, разумеючы праблемы людзей», — растлумачыў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.