Вы тут

Памяць салдата ВАВ — сына Якуба Коласа ўшануюць у Мінску


У Год гістарычнай памяці Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё дошкі ў гонар Георгія (Юрыя) Канстанцінавіча Міцкевіча, сярэдняга сына Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Адкрыццё дошкі адбудзецца 22 чэрвеня ў 12 на Вайсковых могілках (г. Мінск, вул. Казлова, 11), каля помніка класіку беларускай літаратуры.


Юрый Міцкевіч. Мінск, 1940 г.

Вялікая Айчынная вайна прынесла значныя страты і разрушэнні беларускай зямлі. Трагічная старонка гісторыі, якая адбілася вострым болем у сэрцах многіх, закранула і сям’ю народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Сярэдні сын песняра Георгій (Юрый) Міцкевіч прапаў без вестак у першыя месяцы ваеннага ліхалецця.

Юрый Канстанцінавіч Міцкевіч нарадзіўся ў Пярмі ў 1917 годзе. У Слудскай царкве яго ахрысцілі Георгіем, але родныя яго называлі Юркам. Па прыездзе сям’і Якуба Коласа на Беларусь у 1921 годзе Юрый вучыцца ў розных школах горада Мінска. У 1935 годзе Юрый Міцкевіч паступае на геолага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз некаторы час факультэт быў ператвораны ў геаграфічны, які ён і скончыў у 1940 годзе. Пасля заканчэння БДУ Юрку разам з іншымі выпускнікамі ўніверсітэта прызвалі на вайсковую службу ў 62-гі артылерыйскі полк 8-й стралковай дывізіі. Часць размяшчалася ў невялікім мястэчку Ставіскі на Беласточчыне, на самай мяжы з акупаванай немцамі Польшчай.

Юрый Міцкевіч на ганку даваеннага дома Якуба Коласа.1937-1938 гг.

У чэрвені 1941 года (менш за тыдзень да пачатку вайны) у Мінску пачаліся рэспубліканскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. У іх сярод іншых прымала ўдзел і каманда стралкоў Заходняй ваеннай акругі. У склад каманды ўваходзіў і яфрэйтар Ю.К.Міцкевіч. Спаборніцтвы па стэндавай стральбе ішлі паспяхова, але раптам выбухнула вайна. 22 і 23 чэрвеня вайсковая камендатура патрабавала, каб Юрый Міцкевіч неадкладна вярнуўся ў сваю часць, але здзейсніць гэта было немагчыма. Днём 24 чэрвеня ён зноў ідзе ў камендатуру і з гэтага часу Юрка назаўсёды развітваецца са сваёй сям’ёй.

Юрый Міцкевіч на спаборніцтвах Заходняй ваеннай акругі па стэндавай стральбе. Мінск, чэрвень 1941 года.

Лісты Юрыя Міцкевіча з фронту былі напоўнены хваляваннямі і перажываннямі за

сваіх родных. 30-га верасня 1941 года Юрка адпраўляе свой апошні ліст. З гэтага часу ніякіх звестак пра сына бацькі не мелі. Сын з вайны так і не вярнуўся...Памяць аб Юрку захавалася ў вершаваных радках Якуба Коласа, ва ўспамінах Яго братоў. Смеламу юнаку прысвяціў паэму «Апалены золак» беларускі паэт Мікола Мятліцкі. У мерапрыемстве прымуць удзел беларускія пісьменнікі, навукоўцы, прадстаўнікі сям’і Якуба Коласа. 

Надмагільны помнік Якубу Коласу на Вайсковых могілках у Мінску.

Паэма «Апалены золак» была выдадзена ў зборніку матэрыялаў, прысвечаных светламу вобразу Юрася Міцкевіча — салдата Вялікай Айчайны. Відавочна, наспела неабходнасць перавыдаць гэтую паэму Міколы Мятліцкага. І добра было б зрабіць гэта да 140-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.