Вы тут

Краіна для народа


Адкрыю сакрэт. Пісаць з асаблівай сілай патрэбна ў двух выпадках. Калі няма пра што альбо калі тэма глыбінная і вельмі важкая, а яе неабходна ўціснуць у газетны артыкул, у колькасць так званых знакаў. Нібы птушку ў памяшканне. Калі птушка на волі — гэта пісьменніцтва, калі ў нейкіх межах — журналістыка.


А зараз пытанне. У чым унікальнасць мадэлі беларускай дзяржаўнасці? Не, я не пытаюся, у кім. Адказ відавочны. У чым? У якой з'яве? Я лічу, што ў адкрытасці ўлады да чалавека. Гэта зваротная сувязь. Працуе зладжана — моцная дзяржава. Калі ж не, то рыхтуйся пайсці ў тыраж гісторыі. У асяроддзі палітолагаў ёсць такое вызначэнне — «чорная скрыня». Гэта пра саму дзейнасць дзяржаўнага апарату. На ўваходзе — запыты грамадства, на выхадзе — рэагаванне на гэтыя патрабаванні і прапановы. Законы, новыя школы і дарогі, жыллё альбо змены ў лепшы бок у медыцыне і адукацыі. І галоўнае ж — трэба, нібы зерне ад смецця, прапановы часткі грамадства адмежаваць ад агульнага мэйнстрыму. Не атрымаецца — чакай выбуху. Таму і называюць гэты працэс «чорнай скрыняй». Што там робіцца і як рэагуюць тыя, хто павінен рэагаваць? Працэс невядомы, вынік — лёсавызначальны.

Без усіх гэтых паліталагічных тэорый малады кіраўнік суверэннай дзяржавы адразу задаў курс. Беларусь — дзяржава для народа. Не для эліт — палітычных, фінансавых, крымінальных; не для ўладальнікаў транскарпарацый. Для народа. Так званых верталётных грошай у нас няма. Няма і казачна багатых нетраў. Усё багацце зямлі, напэўна, трансфармавалася ў нашу працавітасць. Ну, калі соль не лечыць. Але соль тая, згодна з легендай, ад слёз нашых продкаў. Калі не вайна, то панская пуга. Мы ж самі ніколі не былі каланізатарамі і захопнікамі, наадварот — за кошт нашай Вялікай Перамогі нацыя бізнесменчыкаў падсадзіла Еўропу на свае вечна зялёныя фінансавыя кактусы. Але, здаецца, нават арашэнне крывёй чужых народаў не выратуе іх ад гібелі. Але што даражэй за ўсё? Справядлівасць. Вось яе і шукае заўжды беларус. Ва ўсе гістарычныя перыяды, нават у якасці кніжных герояў на літаратурных старонках.

Лукашэнка абаронцамі гэтай справядлівасці вырашыў зрабіць упраўленцаў. І нават сам прыёмы праводзіў. Але ці тое справа Прэзідэнта — улазіць галавой у спрэчку суседзяў за кавалак зямлі. Калі на тваіх плячах цяжар і адказнасць за зямлю і людзей краіны. Таму ў дзяржаве была створана цэлая сістэма рэагавання на звароты ад нас з вамі. Трошкі біблейскіх матываў. Менавіта ўвядзенне Майсеем інстытута дзесяціннікаў, сотнікаў і далей — гэта і ёсць сістэма работы з грамадзянамі. Такія задачы, акрамя астатніх, выконваюць і Адміністрацыя Прэзідэнта і парламент. Ды што там выязныя прыёмы! Да Ігара Сергеенкі неаднаразова людзі са сваімі скаргамі падыходзяць нават на вуліцы. Самае частае пытанне да мяне як да журналіста: «А як трапіць на прыём да Качанавай?».

Вельмі добра, што народ верыць вышэйшай уладзе краіны — дрэнна, што такога даверу не зарабілі старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі раёнаў. Так, яны — чыноўнікі. Але ж гэтыя людзі — землякі для тых, хто звяртаецца па дапамогу. Тут нават не закон. Тут пытанне чалавечнасці. А дзе дэпутаты? Ці памятаюць выбаршчыкі прозвішчы сваіх абраннікаў. Клішэвіч, Марзалюк, Гайдукевіч, Савіных... Ну хто адважыцца працягнуць далей спіс уладальнікаў мандата. Я, напрыклад, нават не павітаюся са сваім дэпутатам... Бо я не ведаю, як ён выглядае. Дык што там пра грамадзянскую супольнасць?

Вось таму і пішуць Прэзідэнту. Я не ведаю, як працоўны стол кіраўніка дзяржавы вытрымлівае гэтыя пуды людской незадаволенасці. Бо тыя, хто павінен рабіць як мага лепей, робіць як мага па цыркулярах.

— А можна паставіць лаву, каб зручней людзям было чакаць пошту на калёсах альбо аўталаўку?

— А вы чакайце на нагах — так карысней для арганізма!

— Калі ласка, а можна зрэзаць кусты на крутым павароце?

— Паспрабуйце павольна ездзіць альбо лепш пешшу, так карысней для арганізма.

І калі магчыма, то на любы зварот адкажуць загадзя падрыхтаваным шаблонам. Толькі прозвішча і адрас змяні. Хараство бюракратыі. І ўсё: маем незадаволенага ўладай чалавека. Нават праціўнікам дзяржавы намагацца не трэба. Таму вось у тым ліку і за гэтых «майстроў» адказваць на запыты людзей з дапамогай дзвюх камп'ютарных каманд Ctrl+C ды Ctrl+V вымушаны краіну выратоўваць Прэзідэнт.

Дарэчы, як можна растлумачыць такія паводзіны чыноўнікаў? Альбо лянота — прыкмета часу? Гатовыя нават пятую сераду ў месяцы знайсці. Дзеля прыёму. Палічыце, колькі за год такіх прыёмных дзён назбіраецца. Карацей — пракрасцінацыя. Альбо... Калі асабістая выгада. Ну як не дапамагчы куму ці свату. Але тут псіхалагічным тэрмінам не апраўдаешся. Тут юрыдычны. І вось неспадзяванка выходзіць. Караюць за карупцыю — Прэзідэнт вінаваты. Чаму такіх асоб да ўлады дапускае? Дык кожнаму ў душу і не зазірнеш. Я нават не здзіўлюся, калі праз нейкі час тыя, хто ківаў падчас выступлення Прэзідэнта на нарадзе з упраўленцамі, апынуцца за кратамі за карупцыю.

Такая яна, наша чалавечая натура. Таму і пакрыўдзіць адзін аднаго можам. Псіхалогія, а мо і адсутнасць выхавання. А калі гэта робіць чалавек улады — гэта ўжо палітычная памылка. І, дарэчы, мы ж прывыклі заўважаць дрэннае. На гэтым і пабудавана ўся сістэма барацьбы з уладай. Ніхто не скажа пра дзясяткі кіламетраў новай трасы. Але абавязкова пакажуць хібу ў спальным раёне. Свая пешаходная дарожка бліжэйшая.

Таму вельмі складаная задача ў нашых чыноўнікаў. Менавіта нашых. Іх выхоўвалі бацькі і навучалі настаўнікі. Таму тыя ж чыноўнікі — гэта адбітак грамадства ў люстэрку. Якія яны — такія і мы. І, дарэчы, ім жа тут і жыць. Таму і краіну для жыцця яны павінны будаваць нібыта асабісты дом. Памятаючы: якога б становішча не дасягнулі на сваім абраным шляху, не забывайце, кім былі, хто зараз і кім будзеце. У Палацы Незалежнасці шмат фатаграфій. Адна з іх адлюстроўвае сутнасць Лукашэнкі. Палессе, касавіца, сяляне. Сярод натоўпу людзей — бацька. Так было, ёсць і будзе. Бо Беларусь — для народа.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.