Вы тут

Пяць паэтычных вобразаў святой Еўфрасінні


«Еўфрасіння сэрца сваё паіла Божаю мудрасцю. Еўфрасіння — незвядальны квет райскага саду. Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».

Так гаворыцца ў «Жыціі Еўфрасінні Полацкай»...


Але не заўсёды стаўленне да нябёснай апякункі Беларусі было аднолькавым.

У красавіку 1973 года сакратару ЦК КП БССР Кузьміну паступіў ліст з Савета па справах рэлігіі пры Савеце міністраў СССР з нагоды таго, што праваслаўная царква рыхтавалася адзначаць 800-годдзе Еўфрасінні Полацкай. Аўтар ліста пераказвае коратка біяграфію дачкі полацкага князя, якая ў дванаццаць гадоў насуперак волі бацькі сышла ў манастыр і «в свободное от молитв время переписывала «священные» книги и распространяла их».

Той, хто пісаў, старанна бярэ ў двухкоссе словы «гроб господень», «святые», «священные», «мощи» і выказвае занепакоенасць, што «церковники попытаются использовать эту дату для более широкого привлечения в храмы верующих, прославления прогрессивной роли русской православной церкви». Галоўная рэкамендацыя — сродкам масавай інфармацыі, за выключэннем спецыяльных выданняў, «нет необходимости привлекать к деятельности Евфросинии Полоцкой внимание трудящихся республики».

Праўда ж, цяжка паверыць, што такое магло быць? У нашы дні, калі святкуем 1030-годдзе праваслаўя на Беларусі, урачыста адзначаўся і дзень памяці святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які выпадае на пачатак чэрвеня. Кожны год у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр у гэты час адусюль прыязджаюць паломнікі... У гэтым годзе адбылося там нават урачыстае богаслужэнне з удзелам Свяцейшага Патрыярха усяе Русі Кірыла.

Зразумела, вобраз высокаадукаванай і моцнай духам полацкай князёўны Прадславы, якая стала святой Еўфрасінняй Полацкай, не мог не натхняць беларускіх паэтаў. Давайце ўспомнім яркія вершы, прысвечаныя нашай асветніцы і нябёснай заступніцы.

Небапарны арол

Невядома, хто напісаў «Жыціе» Еўфрасінні Полацкай, ёсць версія, што ў яго складанні браў удзел яе паплечнік Міхаіл, магчыма, ігумен мужчынскага манастыра, заснаванага падзвіжніцай у Полацку. Дайшло да нас некалькі рэдакцый таго «Жыція» ў сотнях спісаў. Яшчэ адзін беларускі святы, ён жа выдатны мысляр і паэт Кірыла Тураўскі, калі складаў сваю «Пахвалу Еўфрасінні Полацкай», якраз абапіраўся на яе «Жыціе» і выкарыстоўваў вобразы, што там гучаць. «Пахвалу» Тураўскага лічаць першым паэтычным увасабленнем вобраза Еўфрасінні Полацкай. Сустракаем мы там і параўнанне Еўфрасінні з арлом, і з сонечным промнем.

«Шчаснае ты, места Полацкае, што ўзрасціла такі парастак — найпадобнейшую Еўфрасінню! Шчасны люд, што жыве ў месце тым! Шчасныя бацькі яе; шчаснае ўлонне, з якога выйшла найпадобнейшая панна Еўфрасіння! Шчаснае нараджэнне яе, шчаснае гадаванне, шчаснае і ўзрастанне найпачэснейшай Еўфрасінні!»

А вось паслухайце, як гучыць урывак з «Пахвалы» ў арыгінале, то-бок, не ў перакладзе на сучасную беларускую мову: «Еуфросиниа — небопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просветивши всю землю Полоцкую!»

Дарэчы, шмат разоў, нават у навуковых працах, сустракала інтэрпрэтацыю «луна солнечная», але, хоць спакусна ўспомніць пра «сонца месяцовае» Францыска Скарыны, падобна, гэта памылка, выкліканая недакладным расчытаннем, і гаворка менавіта пра «луч».

Заступніца Полацка

Уславіў сваю зямлячку і Сімяон Полацкі. А ён, між іншым, не толькі развіваў вершаскладанне на Беларусі і пісаў у тым ліку на старабеларускай мове, але і ў Расію прывёз свае паэтычныя ўменні, калі яго запрасілі быць настаўнікам дзяцей расійскага цара Аляксея Міхайлавіча. Візуальныя і фігурныя вершы Сімяона Полацкага не саступаюць сённяшнім паэтычным эксперыментам. У сваім творы «Пролаг да Найпадобнай Маці Еўфрасінні» паэт таксама знаходзіць адметныя словы. Гэта своеасаблівая літаратурная малітва ў стылістыцы барока, у якой аўтар звяртаецца да нябеснай апякункі Беларусі з просьбай дапамагчы вярнуць у Полацк цудатворны абраз:

Ты зноўку маці, о Еўфрасіння,

Горада ўсіх жыхароў міласэрнасць,

Якая змагла ікону святую

Унесці здаля ў край Палачанскі...

Схіліся да ног нябёс уладара

Ды не пазбаў нас вышняга дару.

Упрасі, каб ізноўку вернутай быць,

Іконе святой Полацк наш

упрыгожыць.

Ойчы горад твой, аб ім ты падбай.

Хрысту жаніху ўнявесціся ты.

Толькі наш горад бо ўпрыгожвае

Дзевы абраз і паўсюль услаўляе,

Колькі сонцам неба прывечана,

Яснымі зорамі цудна аздоблена.

Гораду Полацку — умацаванне,

Падмога, стоўп, сцяна й запора.

Як немагчыма без сонца жыць,

Так нам без гэтага дару не быць.

Сімяон Полацкі называе Еўфрасінню хадайніцай за сваіх землякоў перад Богам і сцвярджае: «Ва ўсе дні, цябе, апякунка, уславім, вянок пашаны песняй сплятаючы». Дзіўным чынам гэты твор Сімяона Полацкага нагадвае пра яшчэ адну страчаную рэліквію, звязаную з асобай Еўфрасінні, — крыжам, зробленым па яе замове майстрам Лазарам Богшам.

«Свецяць вочы Вялікай Княгіні...»

Адным з першых у беларускай паэзіі звярнуўся да вобраза Еўфрасінні Полацкай Алесь Звонак. І было гэта ў 1927 годзе, калі змагаліся з «рэлігійным дурманам». У 1920-х рака з мошчамі святой Еўфрасінні была адчыненая, яе астаткі выстаўленыя ў музеі... А дзетдомавец Алесь Звонак пасля заканчэння сярэдняй школы быў адпраўлены ў Полацк на пасаду адказнага сакратара газеты «Чырвоная Полаччына», а яшчэ ўзначальваў полацкі філіял літаратурнага аб'яднання «Маладняк». Магчыма, паўплываў на маладога паэта і Вацлаў Ластоўскі, які даследаваў полацкую гісторыю і ствараў пра яе сапраўднае фэнтэзі. У вершы Ластоўскага «Дума на Полацкім замчышчы», дарэчы, угледжваюць згадку пра Еўфрасінню як пра Софас, увасабленне мудрасці, сімвал прыходу хрысціянскай рэлігіі замест паганства: «А ўсё ж — на попеле старэтных стодаў, пад засьцю ценяў іх, — у почце грэчаскіх святых, засела Софас; мясцовую сабой змяняючы Паладу».

Малады Алесь Звонак, натхнёны старажытным Полацкам, стварае верш «Цень Еўфрасінні»:

Па руінах разбураных келляў,

Там, дзе зеўраюць з трэшчын вякі,

Я спускаўся ў твае падзямеллі,

І спалохана ў пальцах трымцелі

Свечак доўгія языкі...

 

Пачарнелыя глыбы скляпенняў,

Лабірынты бясконцых хадоў

Праглыналі дрыготкія цені...

Быў, як мудрасці сімвал

нятленны, —

Сцёрты надпіс далёкіх гадоў.

 

Сустракалі няветліва госця,

Не ўставалі з сатлелых грабніц

Мудрых продкаў пажоўклыя косці...

А жылі ж, пракліналі кагосьці,

Перш чым пасці закутымі ніц.

 

Пахла воскам у прыцемку сінім.

І здавалася, з дна тайнікоў

Свецяць вочы Вялікай Княгіні...

Гэта здань твая, Еўфрасіння,

Мільганула з глыбінь вякоў!

Выдатны верш дваццацігадовага рамантыка, у якім адчуваецца павага і да беларускай гісторыі, і да вялікай жанчыны, якая праславіла Полацк. Тут Еўфрасіння — захавальніца гістарычнай памяці беларускага народа.

Вядома, гэта было не ў духу ідэалогіі... У 1937-м Звонак патрапіў у лагеры Магаданскай вобласці. Рэабілітавалі яго ў 1954-м.

У 1966-м ён зноў згадае Еўфрасінню ў вершы, прысвечаным беларускім жанчынам:

Гордасць, пэўна,

узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды,

Дум ясноту Ефрасіння,

пэўна, ў спадчыну дала.

Праўда, дзіўнавата гучыць пачатак гэтага верша, быццам адмаўленне ад колішняй «заганнай» прагі да даўніны, калі лірычны герой спускаўся ў сутарэнні і чытаў напаўсцёртыя надпісы на сценах: «Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі, не шукаў пра вас паданняў, пыл стагоддзяў не страсаў». Але вобраз Еўфрасінні застаўся для паэта дарагім.

«У крыжакрылай келлі Еўфрасінні»

Недалёка ад Полацка да Ушачаў — нават пешкі за дзень дойдзеш... Не дзіва, што часта згадваецца Полацк у вершах ушацкага паэта Рыгора Барадуліна. У адным з вершаў ён з'ядноўвае гэты старажытны горад і вёску Бычкі, радзіму свайго сябра Васіля Быкава, які ва ўяўленні паэта, як і Еўфрасіння Полацкая, стаў «апосталам радзімы».

А вось верш, прысвечаны наведванню келлі святой Еўфрасінні:

Перад спакойнай веліччу замры.

Насельніцтва славянства маладога

Плячыма грэе стылыя муры,

Кароцячы вачыма шлях да Бога.

Не на пякельным —

на жывым жвіры

Святыя, як ратаі, басанога

Стаяць, хоць штовякова пласт сыры

Кладзе на іх абліччы асцярога.

Душы і фрэсцы хочацца раскрыцца.

На ветры часу стыне веры крыца.

Красой падзольнай думку расцвялі.

У крыжакрылай келлі Еўфрасінні

Згадаецца акрайчык неба сіні

І посах, што падаўся ў бабылі.

Так і ўспамінаецца ўрывак з «Жыція» святой Еўфрасінні, як яна адправілася ў царкву Святога Спаса, вылучаную ёй для подзвігу ў веры: «І ўвайшла ў царкву, і пакланілася, і прамовіла так: «Ты, Госпадзе, даючы святым Сваім апосталам запавет, казаў: «Не насіце з сабою нічога, апрача посаха». Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла на гэтае месца, нічога не ўзяўшы з сабою, маючы ў сабе толькі слова Тваё: Госпадзе, памілуй! А з маёмасці ўсяе ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца».

Вось ён, відаць, адкуль узяўся, посах з верша Рыгора Барадуліна!

«І той жа зор, і той жа твар...»

Якой была з выгляду Еўфрасіння Полацкая?

У «Жыціі» сказана: «бо была яна прыгожая надта абліччам». Адразу ўспамінаюцца фрэскі Спаса-Еўфрасіннеўскага сабора, дзе візантыйскага ўзору прыгажосць: вялікія вочы, просты нос, маленькія вусны... Згодна з канонам XІX стагоддзя, полацкую святую належала ўяўляць так: «Подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». А вось Алесь Разанаў у 1973 годзе стварыў філасофскі партрэт святой Еўфрасінні ў вершы «Папярэджанне» — гэта адзін з ягоных нешматлікіх рыфмаваных твораў.

Час абарваны...

Сню нябыт...

Абрабаваныя пагляды...

Нібы сплывае ў плыні плыт,

срабрыста свеціцца спагада,

і ззяе захад залаты,

і сны расплаўленыя

паляць...

Расперазаныя плыты —

сплывае спадчына і памяць.

І праступае праз зеніт

крыж зорны

ў зорным карагодзе...

А мне і долі —

сню нябыт —

крыж Богшы Лазара ўзыходзе.

Рукою творцы і суддзі

да судных дзён,

каб, быццам раны,

смылелі словы —

не ўкрадзі

і не аддай! — занатавана.

І славу — прэч,

і ўцеху — прэч...

У змрочнай пільнасці астралу

цябе дзялілі зман і меч,

а папярэджанне вяртала.

У камянях хаваўся след,

і пераймалі футаралы,

і зацінаўся бранзалет...

А папярэджанне вяртала.

Няўжо не вернешся цяпер?

Ці ўжо няма куды вярнуцца?!

І толькі цягнецца няўцерп

час абарваны...—

звёны рвуцца.

Былы і новы парадні,

злучы ў адзіную сцяжыну!

Якая скруха дзень пры дні

цябе праводзіць на чужыну.

Якая бездань — не змагчы,

не памагчы,

не ўзяць з палону...

Не лес выносны — а карчы...

Што прызначалася для плёну?

Што лёс паклаў?

А з мітульгі —

у перападах не прыстала —

прадвесце славы і тугі

глядзіць маўклівая Прадслава.

І той жа зор, і той жа твар...

Я сню нябыт.

Якое ранне

адзначыў зорны каляндар?!

Гняце няпамяці цяжар.

Праменна свеціцца вяртанне.

Магчыма, у кожнага з вас створыцца свой вобраз святой Еўфрасінні Полацкай... І няхай ён натхніць вас наведаць старажытны Полацк і з цікавасцю ўгледзецца ў мінулае нашага народа.

Людміла РУБЛЕЎСКА

Загаловак у газеце: «І спалохана ў пальцах трымцелі свечак доўгія языкі...»

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?