Вы тут

Ісачанка: Зараз самыя спрыяльныя ўмовы развіцця бізнесу


Кіраўнік Магілёўскай вобласці пра работу ва ўмовах санкцый, уменне браць на сябе адказнасць і стаўку на буйнатаварную вытворчасць.


Беларусь вучыцца працаваць у новых умовах. Санкцыі прымусілі памяняць партнёраў па бізнесе, пераарыентавацца на іншыя рынкі, але жыццё прынцыпова не змянілася. Заводы працуюць, грамадскі транспарт выязджае па графіку, дзеці адпачываюць у аздараўленчых лагерах. Цяжкасці ёсць, але нездарма кажуць, што дарогу адолее той, хто ідзе. Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці паказваюць, што сітуацыя застаецца стабільнай і кіраванай. У размове з журналістамі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка расказаў, як сёння вырашаюцца складаныя пытанні, на што робяцца стаўкі, што ў планах на найбліжэйшы перыяд. Загадзя падрыхтаваныя пытанні адразу ж адклалі ўбок. Губернатар прапанаваў правесці размову ў выглядзе сяброўскай гутаркі.

Не чакаць манны нябеснай

Апошнім часам Магілёўскую вобласць часта наведваюць дэлегацыі з розных рэгіёнаў Расіі, іншых дружалюбных краін. Вядуцца перагаворы, абмяркоўваюцца планы... Прадстаўнікі Магілёўшчыны таксама выязджаюць у пошуках выгадных кантрактаў. У маі афіцыйная дэлегацыя на чале з губернатарам наведала Ленінградскую вобласць, дзе прайшлі Дні Магілёўскай вобласці і быў арганізаваны бізнес-форум. Адбыліся візіты ў Новасібірскую вобласць, Хабараўскі край. Падчас знаходжання магілёўскай дэлегацыі ў Таджыкістане была адкрыта зборачная вытворчасць прадпрыемства «Магілёўліфтмаш» у горадзе Худжанд. Прадукцыя Прыдняпроўскага краю карыстаецца попытам. Па інфармацыі аблвыканкама, па выніках квартала яна экспартавалася на рынкі 78 краін свету.

— Тэма санкцыйнага ціску вострая, але мы працуем па ўсіх кірунках, — адзначае Анатоль Ісачанка. — Ідзе вельмі карпатлівая штодзённая, штогадзінная работа. З-за санкцый замарожаны інвестпраекты, запаволілася пастаўка камплектуючых і рэалізацыя прадукцыі. Усе адчулі гэта на сабе. Хтосьці дагэтуль чакае манны нябеснай, а нехта хуценька перастроіўся. Як, напрыклад, «Ольса», у якой былі пастаўкі на Украіну. Кіраўніцтва перагледзела работу і зараз паспяхова працуе ў іншым кірунку. «Магілёўліфтмаш» таксама рухаецца наперад, хоць па шэрагу камплектуючых яшчэ трэба вырашаць пытанне. Добра, што ў свой час там захавалі вытворчасць лябёдак. І аказалася, што гэта запатрабавана. Лагістыка крыху іншая будзе, але ж гэта справа часу. Больш астатніх пацярпела дрэваапрацоўка. Дагаворы на пастаўкі ёсць, але не хапае вагонаў на адгрузку лесу. Частка іх завісла ва Украіне. Да таго ж наша вобласць у маі трапіла пад уздзеянне моцнага ўрагану, было пашкоджана 6,8 тысячы гектараў — 1,5  мільёна кубоў лесу. Гэта 90 працэнтаў ад усяго пацярпелага ў краіне.

Сёння самае галоўнае, каб працавала вытворчасць: і будоўля, і прамысловасць, і сацыяльныя аб'екты. Сельская гаспадарка, калі спрацуем добра, павінна быць у выйгрышы. Вясна была вельмі цяжкая, практычна 800 гектараў яравых перасеялі. Ад холаду і вільгаці насенне сапсавалася. Палова пасеянага рапсу прапала, прыйшлося пераараць. Санкцыйны ціск зачапіў усе галіны, але гэта не значыць, што ўсё дрэнна. Ёсць куды рухацца: тыя ж Кітай, Алжыр, В'етнам, Пакістан. Дырэктар Магілёўскага мясакамбіната заключыў з Таджыкістанам дагавор на пастаўку каўбас. Пакуль аб'ём невялікі, але пачатак пакладзены. Галоўнае — не заставацца на месцы. Захапляюся тым, як у паслярэвалюцыйны перыяд быў распрацаваны і ўкаранёны геніяльны план ГОЭЛРО, дзякуючы якому ўся вытворчасць вялікай краіны была электрыфікаваная ў кароткія тэрміны. У гэта ніхто на Захадзе не верыў, лічылі цудам, але ён рэальна адбыўся. Прычым у гады самай разрухі. А мы сёння жывём у дастатку і скардзімся.

Усё залежыць ад кіраўніка

Неспецыялісту цяжка меркаваць, як функцыянуе тое ці іншае прадпрыемства. Людзі працуюць, ну і выдатна. А ці добра, калі гэтыя людзі ходзяць у адпачынак не па жаданні, а ў сувязі з вытворчай неабходнасцю, калі зарплата такая, што хочацца плакаць, калі работнікаў часцей скарачаюць, чым бяруць у штат, а само прадпрыемства хоць і займаецца гаспадарчай дзейнасцю, але прыбытку ніякага?

— Калі прадпрыемства пры вялікіх аб'ёмах вытворчасці ў стратах, гэта прычына задумацца, — разважае суразмоўца. — Не заўсёды добры спецыяліст можа быць таленавітым кіраўніком. Поспех прыходзіць да тых, хто бярэ на сябе адказнасць і прымае рашэнні. Ёсць у Кіраўскім раёне гаспадарка «Світанак імя Канстанціна Арлоўскага», якая ў пасляваенны перыяд грымела на ўсю краіну. Прыйшоў кіраўнік — адчайны разведчык, які шмат разоў пераходзіў лінію фронту, па сутнасці, далёкі ад сельскай гаспадаркі, і зрабіў сапраўдную рэвалюцыю. Яго здольнасць прымаць рашэнні дазволіла стратную гаспадарку за кароткі перыяд зрабіць перадавой. Канстанцін Арлоўскі, вядома, — асоба. Не кожны ў той час мог напісаць ліст Сталіну з просьбай падтрымаць яго ідэю, памяняць утульную трохпакаёўку ў Маскве на неперспектыўную вёску ў беларускай глыбінцы. Але ў яго была мэта, і ён упарта ішоў да яе. Калі ў чалавека ёсць задаткі кіраўніка, іх трэба актыўна развіваць. Акрамя жадання дасягнуць мэты, павінна быць яшчэ і пачуццё адказнасці за калектыў, які за табой стаіць. Бывае, што мы прызначаем кіраўніка, а ў яго нічога не атрымліваецца. Гэта не толькі яго віна, проста ён яшчэ не гатовы, не саспеў. На маёй практыцы быў выпадак: паставілі аднаго хлопца, але ў яго нешта не атрымалася. Перавялі на іншае прадпрыемства — залаты кіраўнік.

Вельмі важна таксама, каб гэтаму кіраўніку давярала яго каманда, каб ён мог мець праўдзівую інфармацыю пра тое, што рэальна адбываецца на яго ўчастку работы. Асабіста я выслухоўваю ўсе меркаванні, магу змяніць свой пункт гледжання, калі бачу, што чалавек мае рацыю. Але калі рашэнне прынятае, яно ўжо не абмяркоўваецца. Неабходны толькі кантроль за яго выкананнем, кантроль і яшчэ раз кантроль.

Падрыхтоўка кадраў — праблема комплексная

Вакол усе гавораць пра тое, што не хапае кадраў, што моладзь не ідзе ў рабочыя прафесіі. Атрымліваецца, што нашы вучылішчы і вышэйшыя навучальныя ўстановы куюць кадры, а яны дзесьці знікаюць. Чаму так адбываецца?

— Попыт на кадры заўсёды вялікі, але з імі таксама трэба працаваць, — лічыць кіраўнік вобласці. — Не проста патрабаваць, а яшчэ і праяўляць клопат, размаўляць з чалавекам, разбірацца, што не так, што яго не задавальняе. Калі працаваў губернатарам Мінскай вобласці, мы праводзілі сацдаследаванне на тэму: «Што трэба, каб моладзь заставалася на вёсцы?». Як думаеце, што адказала большасць? Зарплата? Жыллё? Так. Але на першым месцы — нарміраваны рабочы дзень. Моладзі хочацца кудысьці выехаць, у музей схадзіць. Зарплата, адносіны таксама сваю справу робяць. Гэта комплексная праблема, але першаснае — адносіны да спецыяліста. Той жа моладзі, калі яна едзе працаваць на сяло, трэба стварыць умовы для зносін і жыцця. Гэта сур'ёзныя рэчы. Маладыя людзі павінны дзесьці збірацца і праводзіць свае тусоўкі. Гэта могуць быць спартакіяды, форумы, круглыя сталы — яны павінны варыцца ў сваім асяроддзі, на сваёй мове размаўляць.

На жаль, адзінага рэцэпта няма, кадры трэба сістэматызавана рыхтаваць. І будучых кіраўнікоў, і рабочых. Сучасныя рабочыя павінны валодаць інжынернымі ведамі. Без гэтага на цяперашняй вытворчасці ніяк. Што такое прыйсці працаваць на «МАЗ», «БелАЗ» або «БЕЛДЖЫ»? Там сёння стаяць станкі з праграмным кіраваннем, прымяняюцца высокія тэхналогіі, без адукацыі на іх працаваць нельга.

Будучае за буйнатаварнымі вытворчасцямі

Вёска сёння перажывае трансфармацыю. Дробныя гаспадаркі саступаюць месца буйным аб'яднанням і шматпрофільным вытворчым комплексам. Гэта і наступства ўрбанізацыі, і адначасова выйсце для сельскай гаспадаркі. І не толькі.

— Калі размаўляю з людзьмі з раёнаў, яны настальгіруюць па сваіх прадпрыемствах, просяць вярнуць іх, — расказвае Анатоль Ісачанка. — А хто там працаваць будзе? Уся моладзь з вёскі з'ехала. Фермерства — добра, але дробных гаспадарак ужо не будзе. Калі ў гаспадарцы няма людзей, адкуль яна іх возьме? Зямля павінна належаць буйнатаварным комплексам. А гэта завод. Там можна зрабіць нарміраваны працоўны дзень, бягучы графік. Каб дойка эфектыўна працавала, яна павінна функцыянаваць 24 гадзіны ў суткі. Нам складана гэта зразумець, мы ж прывыклі даіць карову раніцай і вечарам. А чаму? Трэба мяняць падыходы. Адразу гэта не зробіш. Зараз мы ствараем холдынгі. Магілёўскі мясакамбінат аб'ядноўваецца з шэрагам комплексаў у раёнах, дзе гадуецца жывёла. Пры ўсіх катаклізмах прадпрыемства ўжо будзе загружана мясам. Тое ж самае робім з Бабруйскім мясакамбінатам. У нас у Шклоўскім раёне працуюць такога роду прадпрыемствы — «Купалаўскае» і «Александрыйскае». Рэанімуем «Узыход», потым возьмемся за Клімавіцкі КХП. Гэта ўсё павінны быць холдынгі — акулы, як той казаў. Яны будуць паспяхова канкурыраваць з кім заўгодна. Паставіў перад сабой такую задачу і бачу вынік. Такім чынам, будзем групаваць усё па вобласці, у тым ліку прамысловасць. Павінна быць галоўнае прадпрыемства, а вакол яго — сатэліты. Як наша прыватнае прадпрыемства «Тэхналіт», якое робіць поршневыя кольцы для дызельных лодак. І такіх прадпрыемстваў павінна быць як мага болей. А галоўны завод — зборачная вытворчасць. Час санкцыйнага ціску — вельмі добры шанц прадстаўнікам сярэдняга і малога бізнесу ўключыцца ў работу і ствараць вузлы і дэталі для гігантаў. Яны павінны прапанаваць тую дэталь, на якую ўтварыўся дэфіцыт. У каго ёсць кампетэнцыі, павінны развярнуцца і рабіць. Гэта будзе добрае імпартазамяшчэнне. З гандлем — тое ж самае. У Мінскім раёне пачалі скупліваць цэхі пад кандытарку. Пастаўкі з Украіны прыпыніліся, і вынаходлівыя людзі вырашылі заняць гэтую нішу.

Патрыятызм як спосаб выхавання

У сучасным свеце асабліва каштоўнымі сталі самыя простыя рэчы — мір, спакой, дабрыня. Важнасць гэтага разумення трэба перадаць і будучым пакаленням. Дзеля гэтага ў Магілёўскай вобласці працуюць над праектам музея воінскай славы. Плануецца, што ён будзе асаблівы, не падобны на іншыя.

— Гэты праект павінен быць на дзесяцігоддзі, — упэўнены кіраўнік вобласці. — На сёлета стаіць задача зрабіць перадпраектную дакументацыю, налета — праектную і пачаць будаўніцтва. Мяне вельмі хвалюе насычэнне музея. Яно павінна быць уражальным. Магчыма, трэба будзе падключыць расіян. У гэтым музеі павінна быць не толькі вайна, правільна будзе паказаць усю нашу гісторыю. Каб ён быў максімальна цікавы і карысны для моладзі. Там можна будзе прымаць у піянерыю, БРСМ, уручаць пашпарты, сустракаць дэлегацыі, рэгістраваць маладажонаў. Тады ён будзе цэласны і ўплывовы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.