Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў. «Хлопец быў не з пужлівых»?


«Хлопец быў не з пужлівых»?

Маё маленства (найсвятлейшыя ўспаміны!) праходзіла ў невялікім беларускім мястэчку. Усе людзі там ведалі адно аднаго і сябравалі-радніліся, усе жылі ў прыватных дамах ці хацінках.


Фота: pixabay.com

Была такая і ў нас, нагараваліся... Бо першы мамін муж, ваенны лётчык, загінуў на фронце — пакінуў сіротамі траіх дзяцей. Яшчэ двое нарадзіліся потым, пасля вайны, і ўжо ў новым шлюбе.

Карацей, сям’я ў нас была вялікая, жылі досыць бедна, хоць тата і хадзіў у начальніках. Працаваў ён старшынёй пассавета, а таму час ад часу проста мусіў прымаць рознае начальства. Мама тады старалася нешта прыгатаваць, стол накрывала ў альтанцы, можна сказаць, за плотам, так што бачыць яго наша суседка цётка Клава ну ніяк не магла, але ж нейкім неверагодным чынам «знюхвала» з’яўленне гасцей і заўжды прыходзіла. Любіла яна пасядзець, пагутарыць з важнымі людзьмі, паказаць сябе…

Неяк раз нават пачастунак перад сабою несла — яйкі ў маленькім рэшаце.

А тут, як на ліха, наш сабака пад ногі. Цётка вобзем, яйкі, што называецца, усмятку, мы, дзеці, у рогат.

Наступным разам мне ўжо не да смеху было.

...У школе і ў нашым класе вучыўся хлопчык Валера. Ён мне вельмі падабаўся, але ж віду я не падавала. Ён сам аднойчы прапанаваў сустрэцца. Я, вядома ж, згадзілася, прызначыла месца і час (пад вярбой каля дома цётачкі Клавы, пасля ўрокаў), а вось прыйсці на тое спатканне ну ніяк не магла. Наша класная папрасіла застацца, падрыхтаваць выпуск насценгазеты.

Я тады да цётачкі Клавы: маўляў, вечарам на лавачцы пад вашай вярбой будзе Валера. Дык вы, калі ласка, падыдзіце да яго, скажыце, што я спазнюся.

Суседка паабяцала, але ж, каб хлопец не спалохаўся і адразу не збег, узяла маю чырвоную кофтачку, загадзя накінула на плечы, села на лаўку — чакае…

А Валера (пра гэта я не хутка дазналася) быў не з пужлівых: прыбегшы на спатканне і ўбачыўшы «маю» спіну (голле вярбы звісала ледзь не да зямлі, так што бачыць гэтага ніхто не мог), ён адразу ж абняў «мяне», пачаў... цалаваць і толькі тады ўбачыў, каго…

Цётка Клава пра гэты пацалунак чамусьці прамаўчала. Ды і сам Валера — «герой». Толькі гадоў праз дзесяць, на вечары сустрэчы выпускнікоў, пры ўсіх расказаў пра сваё першае каханне. І пра першы пацалунак — таксама.

Я ж — і тады, у школе, і потым, аж да тога самага вечара, — думала, што памылілася, што з боку Валеры не было да мяне аніякіх пачуццяў, што спатканне ён прызначыў проста так.

Альвіна ВАСІЛЬЕВА

г. Гомель


Чалавек слабы, альбо Шлях да сэрца мужчыны

Два гады назад я стала гараджанкай: пасля цяжкай хваробы пераехала жыць да сына. А да гэтага жыла ў вёсцы, дзе здаралася шмат цікавых гісторый.

Помню, з’явілася ў нас маладая інтэлегентная пара — Алег і Аляксандра, ветэрынар і настаўніца біялогіі. Ён — высокі, плячысты, важны, яна ж — якраз наадварот: пігаліца, па плячо яму, нават на шпільках.

Пасялілі прыезджых у старой невялічкай хатцы, бо лепшых тады, здаецца, не было. Да таго ж…

Якія там заробкі ў калгасе? Слёзы... Нас, мясцовых, выручалі соткі ды свойская жывёла, асабліва каровы.

Не дзіва, што ветэрынар зусім неўзабаве стаў, мала сказаць, патрэбным, а нават вельмі паважаным (мусіць, не меншым, чым старшыня?): сярод ночы, здаралася, падымаўся з пасцелі, ад слова некуды ехаў ці ішоў, каб дапамагчы расцяліцца чарговай рагулі.

А вось у жонкі яго справы распачыналіся не так удала: калектыў школы быў проста ўпэўнены, што гэта гарадская фіфачка праз месяц уцячэ! І добра, калі адна…

Але ж час ішоў, Аляксандра (ці Шурачка, як за вочы звалі настаўніцу) працавала і па вясне ўжо нават дзялілася з жанчынамі расадай агуркоў, памідораў, нейкіх невядомых балгарскіх перцаў. Яна ж вучыла нас болей шкадаваць сваё здароўе і час, не гарбаціцца на праполцы град і баразёнак — мульчыраваць пасадкі саломай ці пілавіннем.

Шурачка — мы бачылі — гэтак рабіла яшчэ і таму, што ў першую ж вясну ўжо збіралася ў дэкрэтны адпачынак. Маленькая ды худзенькая, яна, як потым аказалася, выношвала двойню.

...Пасля цяжкіх родаў гэта сям’я пераехала ў новы дом і ў хуткім часе завяла гаспадарку: гусей, свіней, курэй. А калі на падворку з’явілася маладая кароўка, вяскоўцы канчаткова паверылі, што Аляксандра нікуды не з’едзе! У школе праз нейкі час яе прызначылі завучам.

Алегу таксама прапаноўвалі рабіць кар’еру, узначаліць калгас, але ён увесь час адмаўляўся, казаў, што гэта не яго, што з жывёлай яму паразумецца прасцей, чым з асобным начальствам... Да таго ж гэта некалі ён ад фермы да фермы ездзіў на калгасным кані ці матацыкле, цяпер «рассякаў» на ўласнай «Ніве», што, вядома ж, лепей…

Аднак прыйшло ў сям’ю і горшае: не любіў ветэрынар адмаўляцца ад чаркі ды закускі, малоў — што тая сячкарня, ад чаго на вачах таўсцеў і ўсё часцей скардзіўся на здароўе, на боль у каленях. Усе яму казалі (ды і сам разумеў), што трэба пахудзець, а жонка, каб дапамагчы, пасадзіла яго дыету.

...Адной з першых гэту навіну пачула мясцовая хутаранка Зойка, якая славілася сваёй самагонкай і тым, што брагай выкормлівала трох-чатырох парсюкоў. Праз тыдзень яна запрасіла Алега, каб паглядзеў нездаровага як быццам падсвінка.

Хваробы ў яго ветэрынар не знайшоў — параіў гаспадыні змяніць рацыён... І сам не ўстаяў: згадзіўся на падвячорак (Зойка працавала ў сталоўцы кухаркай і ведала, чым пакарміць мужчыну).

Мусіць, таму праз дзень-другі Алег зноў заехаў на хутар. І зноў быў ад пуза накормлены, а мо і аблашчаны.

Колькі б цягнулася гэта гульня, ніхто не ведае, але ж на 8 Сакавіка ветэрынар «спаліўся»: купіў у сельмагу два аднолькавыя флаконы духоў, і Зойка сваімі не толькі «аблілася», але яшчэ і пахвалілася, адкуль…

Аляксандра, як і варта было чакаць, здрады не даравала — падала на развод. Пашумела тады і вёска, бо дзіўная ж справа: Шурачка — такая знешне маленькая і слабая — змагла прыжыцца ў вёсцы, нарадзіць дзяцей, стаць добрай гаспадыняй і настаўніцай... А вось муж яе — такі, здавалася, дуб: магутны, здаровы — аказаўся сапраўдным слабаком. «Страўнік падвёў», — смяяліся вяскоўцы.

Ён, той страўнік, такі... Не дзіва, што часам якраз цераз яго і пракладваюць шляхі да сэрцаў мужчын.

Л. БОРЫС

г. Бабруйск


«Паможа вароне мыла...»

У мяне гісторыя з... гісторыяй. Ды не з той, якую праходзяць у школе, не з той, якую шмат хто робіць справай прынцыпу ці нават жыцця... З той, што некалі даўно друкавала «Звязда» ў любімай народнай рубрыцы.

Праўда, пачаць яе трэба здалёк, з таго, што летась наш унук паступіў у каледж, у канцы жніўня паехаў засяляцца ў інтэрнат, а вечарам, прыехаўшы да нас на дачу, ужо расказваў нам, як разам з іншымі хлопцамі раскладвалі рэчы, ад фарбы адмывалі акно ды засцілалі ложкі — надзявалі навалкі, чахлы на коўдры... Пасля чаго Косця, іх «аднапакойнік» (суседзі па ложку) выцягнуў з заплечніка іголку з чорнай ніткай і ўзяўся... «вышываць». Хлопцы, вядома ж, запыталіся, што. Косця, што называецца, адкрыў лайфхак: на дварэ, маўляў, яшчэ горача, таму ноччу коўдра можа перакруціцца. Дык тады ён раніцай на гэтую метку гляне і адразу ўбачыць, які край да твару, а які да ног... «А што — ёсць розніца?» — не зразумелі двое з хлапцоў. Трэці, здаецца, здагадаўся, спытаў: «Ты, мусіць, ногі мыць не любіш?» — «Не», — прызнаўся Косця.

У той жа дзень хлопцы ўбачылі, што ў яго няма зменнага абутку і ў пакоі ён плануе хадзіць у красоўках, што «не бачыць сэнсу» ў тым, каб прыбіраць за сабою посуд (бо на халеру?)…

З гэтым трэ было нешта рабіць. Спачатку хлопцы скінуліся і купілі Косцю дамашнія пантофлі (ён у той жа вечар схадзіў у іх на вуліцу); увялі сістэму штрафаў, сварыліся, замочвалі ў тазіку яго адзенне, налівалі на галаву шампунь (той хоць-нехаць ішоў змываць)…

Нашаму ўнуку — ён змалку вельмі акуратны — было, відаць, найгорай. Нам хацелася яму дапамагчы…

Тым надвячоркам дзед прынёс у хату стос макулатуры, а ўзяўся праглядаць ды падпальваць у печцы — натрапіў на абрывак газеты з праўдзівай гісторыяй. Віктар Варанец з Гродна пісаў пра барацьбу з такім жа «нячысцікам». Праўда, вялі яе студэнты-будатрадаўцы, якія, перабраўшы ўсё, пачакалі пакуль іхні мурзік засне, і на валасы яму налілі кефіру. Вырашылі, што за ноч ён засохне, і раніцай нямыцька абавязкова пойдзе ў душ... Хлопцы зрабілі так і палеглі спаць, аднак толкам заснуць не паспелі — падхапіліся ад крыку! Уключылі святло і ўбачылі, што той неахайнік стаіць пасярод пакоя, што галава ў яго не чорная, не белая, а... рыжыя, і валасы на ёй прыкметна... варушацца.

Хлопцы падышлі бліжэй і на іх убачылі жывых... прусакоў, пазмываць якіх можна было хіба што ў душы. ...Пасля гэтага, як напісана ў гісторыі, нячысцік хоць і крыўдаваў на сваіх суседзяў, але пасля работы стаў абмывацца.

Пасмяяўшыся з той прыгоды, мы з дзедам вечарам па мабільніку прачыталі гісторыю ўнуку. Прычым другі раз — па гучнай сувязі, для ўсіх, хто жыў у пакоі…

Пасля чаго, як прызнаў унук, Косця стаў болей сачыць за сабой і за тым, каб па вечарах у нас не было кефіру.

А. ЛІТОШЫК

Мінскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».