Вы тут

Сядло на карове. Хто можа перашкодзіць рабоце ўлады з людзьмі


Пасля семінара-нарады, якая праходзіла на мінулым тыдні, і асабліва пасля прамовы Прэзідэнта на ёй усе чыноўнікі на месцах актыўна зашавеляцца. Прынамсі, на тое ёсць усе перадумовы, асабліва пасля агучаных кіраўніком дзяржавы вельмі яскравых прыкладаў галавацяпства і бюракратыі ў адносінах да зваротаў людзей. Думаю, многія страпянуліся: калі пра гэтыя выпадкі «наверсе» стала вядома, дык дзе гарантыя, што не я — наступны? Карацей, верагоднасць таго, што на ўзроўні раёна ці сельсавета начальства ад чалавека не будзе адмахвацца, як ад надакучлівай мухі, узрастае шматкроць.


Але ёсць катэгорыя людзей, якіх тая нарада нібыта і не датычыць (бо яны не начальства), але якія грамадзянам жыццё добра-такі могуць папсаваць. Нават не ведаю, як іх правільна назваць... Дробныя клеркі? Радавыя служачыя? Карацей, вы зразумелі. Я пра рознага кшталту дыспетчараў, вядучых спецыялістаў аддзелаў, з якімі чалавек нярэдка сутыкаецца ў сваіх будзённых жыццёвых клопатах. І пасля зносін з якімі нярэдка складае зусім не добрае ўяўленне аб уладзе і дзяржаве. І хай улада і дзяржава са скуры вылузваюцца, каб людзям належную ўвагу і павагу даць — адзін такі вось дыспетчар ці вядучы спецыяліст сваёй абыякавасцю, высакамернасцю, а яшчэ і, здараецца, звычайнай недасведчанасцю і неадукаванасцю ўсе гэтыя намаганні ў вачах аднаго асобна ўзятага грамадзяніна здольны звесці на нішто.

Упэўнена: большасць тых, хто чытае гэтыя радкі, з разуменнем усміхаюцца, згадваючы ўласны досвед звароту да такога «панка». Я таксама нярэдка з падобным сутыкалася, не толькі асабіста, але і ў камандзіроўках па пісьмах, калі гэтыя самыя «панкі» былі адмоўнымі героямі лакальных канфліктаў і непаразуменняў. Але адзін выпадак — з апошніх — быў ну вельмі ўжо паказальны. Расказаць яго тут будзе, думаю, дарэчы.

Пачалося ўсё з замены электрычнага лічыльніка ў вясковай хаце. Прыйшла дзяўчына правяраць паказанні і кажа: «У вас жа ў лічыльніка тэрмін скончыўся, трэба мяняць». — «Я не супраць, — адказваю, — але гаспадыня хаты памерла год назад, а я яшчэ нерухомасць на сябе не аформіла. Давайце крыху пазней, калі ў маёмасці ўласнік будзе, каб ужо ўсё па правілах было». — «Якая розніца — усё роўна разліковы нумар у вас той жа застанецца. А ў нас графік замены гарыць...» Ну што ж, гарыць дык гарыць...

Лічыльнік прыехалі мяняць, канешне ж, у будні дзень, добра, што якраз у хаце была сястра. Без прыгод не абышлося: электрыкі знайшлі ў корпусе старога лічыльніка пашкоджанне — нібы хто па ім малатком няўдала стукнуў — трэшчыны і невялікую дзірку. (Калі і як яна з'явілася — хто яго ведае? Вісеў сабе той лічыльнік пад столлю гадоў пятнаццаць — ніхто і ўвагі на яго не звяртаў. Можа, той, хто ўстанаўліваў, і пабіў). Спрытныя хлопцы-энергетыкі так не думалі. «Ага! У вас тут, пэўна, у дзірцы іголка была, вы ёй дыск запавольвалі!» — радасна ўсклікнулі яны і пачалі складаць акт. Сястра спачатку спрабавала прывесці нейкія разумныя доказы: і пра тое, што плацілі заўсёды спраўна, улетку — дык і значную суму, і пра адсутнасць якіх-небудзь энерганасычаных прыбораў, і пра тое, што тая іголка існуе толькі ў іх уяўленні і яшчэ трэба даказаць, што яна была. Хлопцы толькі пасмейваліся і працягвалі акт аб парушэнні складаць, прычым напісалі ў ім і пра «предмет с целью замедления диска счетчика». Убачыўшы, што дастукацца да рацыянальнага мыслення не ўдасца, сястра нарэшце заявіла, што нічога падпісваць не будзе, бо яна не ўласніца і ўласніка ў хаты ўвогуле пакуль няма... Што, па-вашаму, зрабілі энергетыкі? Паставілі сапсаваны лічыльнік на месца і сказалі: будзе афіцыйны гаспадар — будзем разбірацца. Як бы не так — яны паставілі новы лічыльнік, склалі акт аб тым міфічным прадмеце, які нібыта дапамагаў нам красці электрычнасць, і напісалі прадпісанне з'явіцца ў раённы энегразбыт для тлумачэнняў на імя... нашай нябожчыцы-мамы, якой на той момант ужо год не было на свеце.

Атракцыён дурасці на гэтым не скончыўся. Энергазбыт праз нейкі час прыслаў на імя мамы грознае пісьмо з патрабаваннем з'явіцца і даць тлумачэнні. Пісьмо было заказным, мы яго праз пошту вярнулі з пазнакай, што адрасат памёр. Шчыра: я спецыяльна не паехала туды — вырашыла гуляць па іх правілах. Калі вы нікога не чуеце і пішаце афіцыйныя пісьмы на імя памерлага чалавека — вось яго і чакайце. Спадзявалася, хоць хтосьці ў той канторы мазгі ўключыць.

І здавалася, што так яно і выйшла, бо ўсё лета было ціха. Але ўсё яшчэ толькі пачыналася. Увосень, аформіўшы, нарэшце, усе дакументы на хату, я пайшла ў энергазбыт — перапісаць асабовы рахунак. «Якое перапісаць? — абурылася «вядучы спецыяліст» у акенцы. — У вас нарад на адключэнне выпісаны, заўтра брыгада выязджае». — «На падставе чаго?» — «Як гэта на падставе чаго? — цётка аж пачырванела ад праведнага гневу і ўласнай значнасці. — Кралі электрычнасць, не з'явіліся з тлумачэннямі, не аплацілі штраф!» — «Які штраф?» — «Дзевяцьсот дзевяноста рублёў», — аж пыхцела ад важнасці цётка. Так, гэта не жарт — на імя мамы яны ўмудрыліся выпісаць яшчэ і штраф!

Спачатку я нават не злавалася: спакойна тлумачыла, у чым іх памылка, гаварыла і пра недаказанасць нашай віны, і пра парушэнні з іх боку не толькі правілаў — здаровага сэнсу. Цётка толькі папраўляла прычоску ды з пераможным выглядам пазірала на іншых наведвальнікаў — па выглядзе вяскоўцаў, якія таксама прыйшлі з нейкай праблемай і прыгаломшана назіралі за нашай размовай. «Адзінае, чым я вам магу дапамагчы, — нарэшце велікадушна выдала яна, — гэта даць растэрміноўку на аплату штрафу».

Не буду цытаваць, куды я ёй вельмі ветліва параіла дзець тую растэрміноўку. А заадно дадала, што штраф я аплачу, але з банка адразу пайду ў суд, і яны не толькі вернуць мне грошы, але і заплацяць за маральны ўрон, бо маю маму, якая за жыццё ні капейкі чужой не ўзяла, пасля смерці зрабілі злодзеем. Пыха з цёткі тут жа зляцела, яна пачала званіць юрысту, удакладняць, і чым больш гаварыла, тым больш прысаромлены выгляд у яе станавіўся...

Калі я выйшла на ганак, следам падаўся той вясковы дзядзька, які стаяў у чарзе. «Як вы не пабаяліся ёй пярэчыць? Яна ж так заўсёды з людзьмі размаўляе. Магла б яшчэ большы штраф выпісаць!» Давялося яму тлумачыць, што цётка тая — ніякі не начальнік, а ўсяго толькі дробны клерк, радавы служачы — як ні назаві, сутнасць не мяняецца.

«Вось жа праўду кажуць: дай свінні рогі, а карове сядло», — уздыхнуў дзядзька. Засталося толькі моўчкі пагадзіцца...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Пачым сёння прадаюць лісічкі, чарніцы і лясную суніцу?

Карэспандэнт «Звязды» патаргавалася на рынках.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.