Вы тут

Ці можна ў няпоўнай сям’і выхаваць сына сапраўдным мужчынай?


Як ні сумна, шматлікія сучасныя жанчыны перакананыя: сапраўдных мужчын зараз днём з агнём не адшукаеш. Ці не таму гэта, што хлопчыкі сёння выхоўваюцца нярэдка ў няпоўных сем’ях? Атрымліваецца, жанчыны гадуюць такіх мужчын, якімі ў выніку самі незадаволены.


Чаму для хлопчыка надзвычай важны бацька? Пра што павінна памятаць мама, застаўшыся адна, каб пазбегнуць фатальных памылак у адносінах з сынам? У якіх жанчын вырастаюць «мамчыны сынкі»? Абмяркоўваем гэта з псіхолагам Таццянай Шаранда.

— У сучасным свеце жанчыны з поспехам канкуруюць з мужчынамі практычна на ўсіх нівах. І тым не менш праблема выхавання мужчыны ў няпоўнай сям’і застаецца. Чаму? 

— Да мяне на кансультацыю прыходзіць шмат мам, якія выхоўваюць сыноў у адзіночку. І я бачу: большасць з іх не ў поўнай меры ўсведамляюць наступствы такой сітуацыі. Магу зразумець, калі жанчына разводзіцца з мужам з-за яго цяжкага псіхічнага захворвання, сур’ёзнай наркатычнай (алкагольнай) залежнасці і забараняюць дзіцяці бачыцца, нават размаўляць з ім. Усе астатнія тлумачэнні няўдзелу бацькі ў лёсах дзяцей для мяне непераканаўчыя. Нават калі муж і жонка па нейкіх прычынах не могуць жыць разам, нельга перашкаджаць сустрэчам бацькі і дзіцяці. Фатальная памылка — думаць, што мама можа замяніць хлопчыку бацьку. Не можа. Жанчына ніколі цалкам не зразумее, што адчувае і як думае мужчына ў той ці іншай сітуацыі. Роля бацькі ў жыцці дзяцей абясцэнена зусім неабгрунтавана. «Адзін бацька значыць больш, чым сто настаўнікаў», — казаў амерыканскі філосаф і псіхолаг Джордж Герберт. І я з ім згодна. На жаль, да гэтага часу распаўсюджаны пункт гледжання, што мужчына — гэта перш за ўсё здабытчык і абаронца. Многія лічаць добрымі бацькамі толькі тых, хто забяспечвае, а дрэннымі — усіх, у каго гэта не атрымоўваецца. Насамрэч гэта няслушнае ўяўленне. Калі мужчына свядома падыходзіць да працэсу зачацця новага жыцця, то на момант нараджэння дзіцяці ў яго на падсвядомым узроўні ўключаюцца ролі абаронцы і здабытчыка. Дзіця, якое расце ў здаровым асяроддзі, ведае: тата ў сям’і — галоўны. Ён апора, гарант бяспекі, настаўнік, смелы і адданы сябар, на якога можна абаперціся. Ён лідэр, які задае вектар руху і які бярэ на сябе адказнасць за ўсё і за ўсіх у сям’і. Тэрыторыя клопату мамы — дом, утульнасць, сытасць. Тэрыторыя бацькі — знешні свет, заваёва там пазіцый і дасягненняў. Бацькоўскае і матчынае каханне, як і ўзаемадзеянне з дзіцем — абсалютна розныя. Мама кажа: «Я кахаю, веру ў цябе», а бацька: «Я ведаю, у цябе ўсё атрымаецца, дзейнічай». Бацька закладвае ў сына дзеянне, учынак, вучыць імкнуцца да перамогі, правільна ставіцца да няўдач і параз, расстаўляць прыярытэты, несці адказнасць. Менавіта бацька фармуе ў сына яго стаўленне да жанчын, а значыць і будучы жыццёвы сцэнар.

— Бацька патрэбен дзецям — гэта бясспрэчна. Многія жанчыны, напэўна, былі б рады, калі б бацька пасля разводу цікавіўся сынам, удзельнічаў у яго жыцці. Але развітаўшыся з жонкай, ствараючы новую сям’ю, шматлікія мужчыны забываюць дзяцей ад ранейшых шлюбаў. І ў жанчын часта не атрымліваецца падтрымліваць астылыя бацькоўскія пачуцці. 

— На жаль, самі жанчыны нярэдка перашкаджаюць развіццю бацькоўскіх пачуццяў. У перыяд цяжарнасці і пасля нараджэння немаўляці ў мужчын адбываецца ўнікальны гарманальны скок: рэзка падае ўзровень тэстастэрону (на 33 %) і на 20 % павялічваецца ўзровень пралакціна. Прырода не выпадкова зрабіла так, што бацька можа поўнасцю замяніць малышу маці. Але жанчыны часта манапалізуюць клопат аб дзетках, не давяраючы спадарожніку жыцця, адхіляючы яго ад удзелу ў кармленні, доглядзе і прагулках. Хоць чым часцей мужчына трымае на руках сына ці дачку, тым больш нейронавых сувязяў, якія адказваюць за бацькоўскія паводзіны, утворыцца ў яго мозгу, тым глыбей, трывалей паміж імі біялагічная сувязь.

— І ўсё ж у рэальным жыцці жанчыны часам вымушаны ў адзіночку ставіць сына на ногі. Назавіце самыя распаўсюджаныя памылкі з іх боку. Аб чым маці павінны памятаць, каб мінімізаваць непрыемныя наступствы?

— Мама не павінна прэтэндаваць на ролю бацькі. Яна ўсё роўна з гэтым не справіцца. Калі ў яе не атрымліваецца знайсці сабе новага спадарожніка жыцця, трэба быць проста мамай, прычым не ўзорнапаказальнай, дазволіць сабе памыляцца, стамляцца, хвалявацца. Таксама нельга непрыязнасць да мужа трансляваць сыну. Наадварот, жанчына павінна ненадакучліва ствараць прывабны вобраз бацькі, не хаваючы яго недахопы, але падкрэсліваючы добрыя рысы і якасці. Калі ўвесь час называць былога мужа ў прысутнасці сына «казлом», то хлопчык хутчэй за ўсё будзе займаць бок «казла», пераймаць яму. Часам кліенткі мне пярэчаць: «Навошта дзіцяці хлусіць?» Па-першае, гэта не падман. Дзе гарантыя, што асабістае ўяўленне пакрыўджанай жонкі праўдзівае? Шматгадовы досвед пераконвае мяне: меркаванне жанчын аб сваіх былых спадарожніках жыцця далёка не заўсёды аб’ектыўнае. Па-другое, ва ўсіх нас — свае плюсы і мінусы. І калі падкрэсліваць плюсы бацькі, то ад гэтага дзіця выйграе. Вельмі распаўсюджаная памылка з боку жанчын пасля разводу — ствараць з сына «псіхалагічнага мужа», пераносячы на яго свае няздзейсненыя чаканні. Базавы закон сям’і: кожны яе член павінен выконваць свае функцыі, «граць» сваю ролю — інакш вырастуць дзеці-неўротыкі. Выхоўваць дзіця — гэта значыць, у першую чаргу, выхоўваць сябе. Кожнай маме важна развівацца, павялічваць свой адукацыйны ўзровень. Даць рэкамендацыі на ўсе выпадкі жыцця немагчыма. Заўсёды трэба ўлічваць, колькі сыну было гадоў, калі бацькі развяліся, якімі да гэтага былі адносіны бацькі і сына. Калі хлопчык адрозніваецца слабым здароўем, нельга гадаваць яго «пад каўпаком», у парніковых умовах, тым самым культывуючы ў ім запатрабаванне ў пастаянным клопаце і доглядзе. Калі сын халерык, сарві-галава, неабходна надаваць увагу выхаванню ў ім дысцыпліны, арганізаванасці. Мама павінна разумець сваё дзіця, ведаць тып яго нервовай сістэмы, асаблівасці характару, інтуітыўна адчуваць, калі трэба на яго націснуць, праявіць патрабавальнасць, а калі — прылашчыць, падтрымаць, заахвоціць, калі і што дазваляць, а калі і што — забараняць.

— Многія лічаць, што напамінамі «Ты ж мужчына», «Мужчыны не плачуць, яны моцныя» можна давесці хлопчыка да нервовага зрыву. А як жанчыне правільна рэагаваць, калі сын упаў, стукнуўся, калі яму балюча?

— Усё залежыць ад узросту. Маленькае дзіця, вядома, трэба суцешыць і супакоіць, адцягваючы ўвагу на нешта здольнае яго зацікавіць і забыцца пра падзенне, пра ўдар. З дашкольнікам трэба весці дыялог, спачуваючы яму і адначасова аналізуючы, што і чаму адбылося. А 10-гадовага хлопчыка трэба падбадзёрыць, нагадаўшы аб важнасці ўвагі. Мозг хлопчыка біялагічна запраграмаваны да актыўных дзеянняў: сачыць і пераследваць, мерацца сілай, дасягаць сваіх мэт і гэтак далей. Маленькіх мужчын не вучаць рухомым гульням, яны адгукаюцца на свае біялагічныя імпульсы. Разумець прыроду хлопчыка — значыць, правільна яго выхаваць.

— Нярэдка сыноў у няпоўных сем’ях рэкамендуюць аддаваць у спартыўныя секцыі. Вы згодны з гэтым?

— Гэта добры варыянт, хоць і не панацэя. Трэнер, безумоўна, можа стаць узорам для пераймання. Але гэтага можа і не здарыцца. Вядома, хлопчык з дзяцінства павінен быць сваім сярод мужчын. Калі сыны сябруюць выключна з дзяўчынкамі, гэта павінна насцярожыць. Значыць, яны запазычваюць жаночую мадэль паводзін. Хаця ёсць хлопчыкі, якія нараджаюцца з высокім узроўнем эстрагенаў. Ператварыць іх у мачо, альфа-самцоў немагчыма, але ідэнтыфікаваць прыналежнасць да свайго полу павінны і яны.

— Ці важна далучаць сына да хатніх спраў?

— Вядома. Гэта трэба рабіць у любой сям’і. У дзіцяці абавязкова павінны быць хатнія абавязкі, якія адпавядаюць яго ўзросту і індывідуальным асаблівасцям. Важна ўлічваць: дзяўчынкі генетычна схільныя прымаць дапамогу, а хлопчыкі — яе прапаноўваць. Таму мамам неабходна не толькі згаджацца, калі малы спрабуе ўдзельнічаць, напрыклад, у прыгатаванні ежы, але і культываваць гэтае жаданне.

— Як паводзіць сябе маме-адзіночцы, калі сына ў школе крыўдзяць? Якую пазіцыю, на ваш погляд, ёй трэба заняць?

— Калі сын вучыцца ў пачатковай школе, то высвятляць адносіны трэба толькі з бацькамі крыўдзіцеля і не ў прысутнасці свайго дзіцяці. Можна даручыць гэта камусьці з мужчын-сваякоў ці сяброў. Важна, каб сын ведаў: мама не адпусціла ўсё на самацёк, маўляў, «разбірайся сам, ты ж мужчына», а праявіла ўдзел і актыўнасць. У падлеткавым узросце сын павінен умець самастойна абараніць сябе і сваю пазіцыю, не ўмешваючы ў разборкі з аднагодкамі маму і імкнучыся не прымяняць сілу. Для гэтага трэба з малых гадоў выхоўваць у ім патрэбныя якасці і навыкі. Першым чынам праз гульню. Маме неабходна навучыць сына правільна рэагаваць на паразу. Спачатку дазволіць яму адчуць сябе пераможцам, уласным прыкладам паказаўшы: прайграваць не страшна, гэта можна рабіць з годнасцю. А потым — атрымаць верх над сынам, каб ён пераканаўся — фартуна пераменлівая, не бывае перамог без параз.

— Ці трэба наказваць сыноў? У якіх выпадках гэта апраўдана?

— Дзіця, бясспрэчна, павінна разумець, што такое «добра» і што такое «дрэнна». Але для кожнага ўзросту ёсць свае рычагі ўздзеяння. Ставіць у кут, даваць патыліцы, біць рамянем, чытаць натацыі, пагражаць, палохаць міліцыяй і гэтак далей — малаэфектыўна. Гэтыя метады, заснаваныя на пачуцці страху, працуюць, як правіла, нядоўга. Лепш за ўсё прытрымлівацца залатога правіла: «рабі, як я» — гэта дазваляе паказаць дзіцяці межы дазволенага.

— «Мамчыны сынкі» вырастаюць звычайна ў маці-адзіночак?

— Часта так. Хоць здараецца гэта і ў сем’ях, дзе сын — адзінае, доўгачаканае і часта позняе дзіця. Там хлопчык традыцыйна трапляе пад глабальную мацярынскую гіперапеку, муж адхіляецца ад выхавання. Сваім каханнем жанчыны літаральна «душаць» сыноў, не даючы ім сталець. І калі такія хлопчыкі вырастаюць, яны рэдка бываюць шчаслівыя ў шлюбе — мамы знаходзяць заганы ва ўсіх нявестках і перашкаджаюць маладым ўсталяваць гарманічныя адносіны.

— Адным словам, вы перакананы, што выхаваць годнага мужчыну без спадарожніка жыцця жанчыне ў адзіночку не па сілах? Гэта па вызначэнні пройгрышны варыянт?

— Бацьку хлопчыку ніхто не заменіць. Мужчыны, якія выраслі ў няпоўных сем’ях, заўсёды адрозніваюцца ад тых, у каго ён быў. Яны больш інфантыльныя, нервовыя, менш рашучыя, прадпрымальныя, амбіцыйныя. Вядома, ёсць якасці — сумленнасць, дабрыня, прыстойнасць, аптымізм, якія не маюць палавой прыналежнасці і могуць перадавацца ў спадчыну, выхоўвацца, незалежна ад таго, ёсць побач бацька ці не. Моцная, адукаваная, паважаючая сябе жанчына напэўна лепш выхавае сына, чым слабая, эгаістычная, не жадаючая працаваць над сабой, вечна ўсім незадаволеная. Але ёсць аб’ектыўныя складанасці. Роля здабытчыка адымае ў сучаснай жанчыны столькі сіл, часу, што на паслядоўнае якаснае выхаванне ў яе іх проста не застаецца. Маці-адзіночкі сёння, як правіла, асуджаныя на эмацыйнае выгаранне, яны жывуць у стане трывогі і не забяспечваюць дзіцяці базавага пачуцця бяспекі.

Гутарыла Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.