Вы тут

Ірына Стэльмах: Жанчыны, вы можаце ўсё!


Яна нарадзілася, калі яе бацька ратаваў жыцці параненых на франтах Вялікай Айчыннай. З юных гадоў усвядоміла, што больш за ўсё на свеце яе цікавіць медыцына.


Звыш як паўстагоддзя, аддадзеныя клінічнай практыцы і медыцынскай навуцы, выкладанню і бескарыслівай дапамозе людзям, — з такім вынікам прыйшла да свайго юбілею кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Стэльмах. Напярэдадні Дня медыцынскага работніка гутарым з Ірынай Аляксандраўнай пра гісторыю сям’і, шлях у навуку і пра тое, як жанчыне ўсё паспяваць. 

«У іншай прафесіі сябе не ўяўляла»

— Ірына Аляксандраўна, чаму менавіта медыцына?

— Мае бацькі былі дактары: маці скончыла медыцынскі інстытут у Харкаве, бацька — вышэйшую медыцынскую Акадэмію ў Ленінградзе. Яны паспелі ажаніцца, перш чым пачалася Вялікая Айчынная вайна. Тата адразу ж пайшоў на фронт ваенным урачом. Мама таксама збіралася пайсці на вайну, але на медаглядзе высветлілася, што яна цяжарная, і яе адправілі ў эвакуацыю ў Куйбышаў. Там я і нарадзілася.

Бацька дайшоў са сваім шпіталем да Берліна. Пасля вайны працягваў службу. Яго накіроўвалі ў розныя рэспублікі СССР — Украіну, Таджыкістан, а мы з маці, як многія семі ваенных, ездзілі разам з ім. У адстаўку бацька выйшаў у Беларусі палкоўнікам медыцынскай службы, тут я і скончыла школу.

— Бывае, што дзеці медыкаў, не адчуваючы схільнасцяў да гэтай прафесіі, нягледзячы ні на якія ўгаворы бацькоў, не хочуць ісці іх сцяжынай…

— А я, наадварот, не ўяўляла сябе ў іншай прафесіі. Паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Як і мой тата, ён абраў шлях ваеннага ўрача.

— Сямейная гісторыя Вашых бацькоў паўтарылася ў Вашым лёсе…

— І бацька, і маці майго мужа падчас вайны былі звязаны з партызанскім рухам на тэрыторыі Беларусі, муж нарадзіўся ў партызанскім атрадзе. Пасля вайны я разам з бацькамі мужа ездзіла на сустрэчы з іх паплечнікамі па барацьбе з фашызмам. Ганаруся подзвігам гэтых людзей, ганаруся Беларуссю, якая стала маёй сапраўднай Радзімай.

Пасля заканчэння інстытута ў 1966 годзе мужа накіравалі ў размяшчэнне савецкіх войск у Германіі. А я засталася дома з нованароджанай дачкой. Калі ёй споўнілася пяць месяцаў, далучылася да мужа. Праз некаторы час нарадзіўся наш сын.

— Як склалася пасля замужжа Ваша медыцынская карера?

— Характар службы мужа на гэтым этапе абумовіў і мой шлях. Працавала тэрапеўтам, кардыёлагам, урачом-лабарантам — у залежнасці ад таго, на якую пасаду мяне маглі прыняць.Часам даводзілася даказваць сваю кампетэнтнасць, каб мець магчымасцьусюды займацца любімай справай.

— Побыт «на колах» меў свае асаблівасці?

— Прызвычаіліся жыць так, каб не вазіць за сабой вялікага багажу. Мы не куплялі мэблю, посуд, дываны. Не магу сказаць, што гэта аскетызм, хутчэй, звычка абыходзіцца малым. Шкадавала толькі аб тым, што не магла купляць кнігі — заўсёды вельмі любіла чытаць. Але як іх набываць, калі заўтра могуць накіраваць на Далёкі Усход? У вольны час наведвала бібліятэкі.

«Важна ісці ў нагу з навукай»

— Дысертацыю Вы абаранілі па гематалогіі. Калі вырашылі прысвяціць сябе навуцы? І чаму менавіта гэтай вобласці медыцыны? 

— У ваенным шпіталі ў Германіі адбылася адна гісторыя, якая паўплывала на маё далейшае станаўленне як спецыяліста. У нас быў вельмі цяжкі пацыент, кроў у яго не згусала, што б мы ні рабілі. Спрабуючы дапамагчы салдату, вывучала спецыяльную літаратуру на замежных мовах. Але, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, ён памёр. Прычыну знайшлі толькі на ўскрыцці: гэта была пухліна, якая выдзяляла моцныя антыкаагулянты — рэчывы, што перашкаджаюць крыві згусаць. Выратаваць хлопца ўсё роўна не ўдалося б. Я была ўзрушана клінікай гэтай хваробы і пачала нанова вывучаць гематалогію — навуку аб крыві.

Пасля таго як мужа перавялі ў Беларусь, дзе ён і выйшаў у адстаўку, працягвала паглыбляць свае спецыяльныя веды ў медыцынскіх установах адукацыі Мінска і Масквы.

— А практычная работа доктара?

— Каля пяці гадоў адпрацавала ўрачом-лабарантам у Рэспубліканскім шпіталі МУС. Мая дысертацыя мае асновай клінічныя назіранні. Завяршыла і абараніла дысертацыю на кафедры гісталогіі МДМІ, куды ў 1984 годзе мяне запрасілі на працу. З таго часу тут і выкладаю. Дарэчы, на кафедры мы займаемся навукова-даследчай працай. Важна ісці ў нагу з медыцынскай навукай, а яна развіваецца хутка. Калі не будзеш увесь час удасканальваць свае веды, што ты можаш даць сваім вучням?

— Сумесна з іншымі аўтарамі Вы напісалі падручнік «Гісталогія, цыталогія, эмбрыялогія»…

— Гэта была вялікая і адказная праца. Трэба было прааналізаваць напісанае ў Маскве і Ленінградзе — па чым займаліся студэнты медыцынскіх ВНУ ўсяго СССР. Калі Саюз распаўся, узнікла неабходнасць у выданні ўласных падручнікаў, і за гэта ўзяліся мы, вядучы медыцынскі інстытут Беларусі. Па нашым падручніку і цяпер займаюцца, для англамоўных студэнтаў ён перакладзены на англійскую мову.

«Заўсёды цягнула да новых ведаў»

— Грамадская праца ў Чырвоным Крыжы — гэта па поклічы сэрца?

— Так. Я ўзначальвала арганізацыю Чырвонага Крыжа ва ўніверсітэце, была членам ЦК Прэзідыума Чырвонага Крыжа Беларусі. Двойчы ездзіла ў чарнобыльскую зону. Пасля распаду СССР арганізавала дастаўку ў Беларусь гуманітарнай дапамогі. Мы атрымлівалі лекі, прадукты харчавання, адзенне і перадавалі ў дзіцячыя дамы, дамы інвалідаў, састарэлых. Шчыльна супрацоўнічала з Чырвоным Крыжам Лівана. Я выконвала гэтую працу з энтузіязмам, бо шмат людзей мелі патрэбу ў дапамозе ў той складаны перыяд.

— Навука, выкладанне, грамадская праца, сям’я... Як хапала на ўсё часу?

— А яшчэ паспявала наведваць тэатры, музеі, чытаць кнігі. У мяне была жорсткая самадысцыпліна, планаванне кожнага дня. Думаю, адыграў ролю прыклад бацькі. У выхаванні дзяцей дапамагалі бацькі — мае і мужа. Калі б у мяне не было такой падтрымкі, паспявала б менш.

— Не ўзнікала жадання памяняць прафесію?

— Ніколі. Ніводнага дня не пашкадавала аб сваім выбары.

— А кім сталі Вашы дзеці?

— Дачка звязала лёс з медыцынай, яна стаматолаг. А сын выбраў прафесію юрыста.

— Да Дня медыцынскага работніка што хацелі б пажадаць маладым калегам?

— Каб яны былі запатрабаваныя ў сваёй прафесіі, ганарыліся ёю і назапашвалі веды. А для гэтага трэба шмат вучыцца і разумець ступень адказнасці, якая ўскладаецца на ўрача.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Так, шчаслівы. А калі ў мяне здараліся няшчасці, страты, праблемы, казала сабе: я спраўлюся. Я навучылася супрацоўнічаць з праблемамі.

— Што матывавала да пастаяннага руху наперад?

— Мне было нецікава ісці адной каляінай, якую прапаноўваў лёс. Працаваць тэрапеўтам або кардыёлагам і ведаць, што больш ты нікім ужо не будзеш. Заўсёды цягнула да новых ведаў. І цяпер мне хочацца спазнаваць нешта новае. Цікаўлюся гісторыяй медыцыны і нашай кафедры, якой сёлета спаўняецца сто гадоў, збіраю матэрыял у Нацыянальным архіве Беларусі.

— Як жанчыне планаваць сваё жыццё, каб усё паспяваць?

— Не марнаваць час. Менш адпачываць. Калі вам кажуць, што ў вас не хопіць на нешта часу, навыку, прафесіяналізму, — не здавайцеся. Ніколі не кажыце: я не ведаю, я не змагу. Не ведаеце — навучыцеся. Жанчыны, вы можаце ўсё! Пастаўце мэту, дамоўцеся са сваімі жаданнямі, не бойцеся новага і нязведанага. Жанчыны ў Беларусі вельмі працавітыя, разумныя і прыгожыя. Жадаю ім шчасця!


Дасье

Ірына Аляксандраўна Стэльмах з 1984 года працавала асістэнтам кафедры гісталогіі МДМІ, з 1991 года — старшым выкладчыкам. З 1999 года дацэнт кафедры.

Доўгі час кіравала студэнцкім навуковым гуртком, была прафгрупоргам кафедры, зяўлялася сакратаром праблемнай камісіі па марфалогіі. Доўгі час курыравала групу студэнтаў Ліванскага зямляцтва. Курыруе групы лячэбнага факультэта, прымае актыўны ўдзел у рабоце студэнцкіх канферэнцый. Дзеліцца ведамі і вопытам з асістэнтамі і аспірантамі кафедры, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўніверсітэта і навуковых сесіях.

З’яўляецца аўтарам 135 навуковых артыкулаў, сааўтарам падручніка «Гісталогія, цыталогія, эмбрыялогія», сааўтарам лабараторнага практыкуму па гісталогіі для студэнтаў БДМУ ўсіх факультэтаў.

Алена БРАВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.