Вы тут

Зборнік «Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду» і Ніна Галіноўская. «У казачным лесе»


Лясная гісторыя. 25 апавяданняў пра прыроду. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

У зборнік увайшлі найлепшыя творы беларускіх пісьменнікаў пра хараство прыроды Бацькаўшчыны. 


Дзіцячымі ўражаннямі дзеліцца герой апавядання Вячаслава Адамчыка «Сцежка на расходніку»: сцежка абягала занядбаны хутар цёткі Марылі, якая і сама, старая і нямоглая, успрымаецца як частка прыроды, а зруйнаваны хутар — як сімвал «адзіноты і... чалавечага знікнення з гэтай вечнай зялёнай зямлі». Пра будні вяскоўцаў падчас касавіцы і жніва распавядае Янка Брыль («Гуртавое»), дзеліцца «непаўторнай свежасці пачуццямі», якія выклікалі ў ім спевы жаўрука, прасторы роднае зямлі. 

Грозны гаспадар дзікай прыроды мядзведзь з аднайменнага апавядання Змітрака Бядулі ледзь не задраў Мацея насмерць — уратаваў сабака Мурза. У апавяданні Віктара Гардзея «Каламутная вада» хлопчык наважыўся лавіць у сажалцы рыбу вудачкай, але хцівыя аднавяскоўцы кінуліся на рыбу з кашом, замуціўшы ваду ў сажалцы і азмрочыўшы душу падлетка. 

Якуб Колас узнімае праблему сумлення: вясковец Андрэй, праз браканьерскі ўчынак якога быў звольнены ляснік Максім Заруба, прызнаецца ў сваёй правіне, абы толькі Максіма аднавілі на працы («Малады дубок»). Мікола Лупсякоў расказвае гісторыю выратавання чайкі, якая заглынула кручок рыбалова («Дняпроўская чайка»). Сапраўдная легенда ажывае ў апавяданні Міхася Лынькова «Воўчы лог» — тут і каханне, і пераўтварэнне людзей у ваўкоў, і закінутая капліца ў лесе.

Хцівы і жорсткі Вінцусь у «Касцах» Хрысціны Лялько паводзіць сябе ў адносінах да птушак горш за драпежную жывёлу. Іван Навуменка дзеліцца сакрэтамі грыбнога палявання — «паэмы сэрца». Кранальная прыхільнасць Ірынкі да сямейства аленяў і трагедыя яе дзіцячай душы паўстае ў «Аленях» Івана Пташнікава. 

А паэтызаваны «Трыпціх» Міхася Стральцова — як сімвалічны код гэтай кнігі, якая засведчыла: прыроду роднага краю нашы класікі ведалі дасканала і любілі ўсім сэрцам. 


Ніна Галіноўская. «У казачным лесе». Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022.

У паэтычным зборніку для дзяцей — арыгінальныя гісторыі пра жыхароў казачнага лесу. Маленькія чытачы даведаюцца, як вучацца, працуюць і адпачываюць Зай, Ліска, Мядзведзь, Кот, Слон і іншыя персанажы. Хітраваты Зай-дзяжурны атрымаў заданне прынесці ў школу роўна дваццаць морквін на сняданак вучням. Але не ўмеў лічыць да дваццаці і прыдумаў, як з дапамогай ягад маліны заданне ўсё ж выканаць. Баба Яга вырашыла, як кажуць, памяняць імідж і звярнулася да Бармалея з просьбай, каб той зрабіў яе феяй, але не добрай, а злоснай. На занятках у дзіцячым садку хлопчыкі і дзяўчаткі вывучаюць колеры, выхавальніца запрашае звярнуць увагу на колеры маладой травы, васілька, мухамора, апельсіна — маленькія чытачы кнігі могуць самі паглядзець навокал і прадоўжыць спіс. А яшчэ — даведацца, чаму Кот не ловіць мышэй, а ідзе ў буфет па харчы, і чаму Слон не можа з працы дазваніцца свайму сыну. Пазнаёміцца з задавастым Шчупаком і Цялём, якое пажадала заўчасна атрымаць рогі, як у таты. 

Займальныя сюжэты лёгка запамінаюцца, вершы напісаны даступнай мовай. Прыемны бонус — прыгожыя ілюстрацыі і буйны шрыфт, малодшыя школьнікі самі змогуць прачытаць творы. Кніга падыдзе для першага знаёмства з беларускай літаратурай.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».