Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Карась-скавароднiк»


Анатоль і яго сусед Іван — заўзятыя рыбакі, не раз атрымлівалі ад жонак чосу за сваё хобі. Раз ці два на тыдзень яны выскоквалі на золку на возера, і тут пачынаўся ажыятаж. Хто найбольшую рыбу зловіць?


Калі ў суседа рыба лавілася добра, Анатоль злаваўся: «Чаму ў яго ловіцца, а ў мяне не?» Пытаўся Івана: «Можа, што новае ў нажыўку або прыкормку дадаў?» Хоць ведаў, што рыбак можа і не сказаць, што дадае — у кожнага свой прафесійны сакрэт.

Ну, а калі ўжо самому ўдача ўсміхалася, то быў вельмі ганарлівы. Рыбу Анатоль доўга разглядаў, ацэньваў на вагу і, налюбаваўшыся, працягваў лавіць.

Анатоль сядзеў за сталом і чысціў рыбу, калі зайшла Нюра, жонка Івана. Убачыўшы на стале горку рыбы, папрасіла: «Дай на пару патэльняў, а то мой ужо два тыдні на рыбалку не хадзіў. Працы цяпер шмат. А я прывыкла да рыбцы, сумую па ёй. Іван наловіць — вярну».

Анатоль — мужык гаспадарлiвы, з веданнем справы адклаў рыбу мяльчэй, каб самому з драбнатой не важдацца. Нюра ўзяла пакет з рыбай і адправілася дадому. Праз дзень, відаць ва ўкор Анатолю, прынесла яму пару сярэдніх карасёў і аднаго кілаграмовага.

—Вось! Іван сёння на рыбалку схадзіў.

— Дзе такога прыгажуна злавіў? — указаў на карася-скавароднiка Анатоль. — Аднаго такога на патэльню хопіць!

— Казаў, ля крывой вярбы на яме лавіў, — не задумваючыся, выдала рыбацкі сакрэт Нюра.

У Анатоля нават пад лыжачкай засмактала — рыбацкая ўдача не яму ўсміхнулася. Калі б распавядаў Іван, што такога злавіў, не паверыў бы, а тут на табе, перад ім на стале ляжыць прамы доказ ўдачы.

Не першы год Анатоль карасёў цягае, ніколі такога не злавіў. Ну, дзвесце грамаў — ад сілы трыста асобные трапляліся, а тут не карась, а нейкі карасій кіт.

Тры дні ішоў дождж, тры дні абдумваў Анатоль план, як яму злавіць карася-скавародніка. Проста мучыўся, што дажджлівае надвор’е не дазваляе прыступіць да ажыццяўлення плана. І нарэшце прагноз — дажджу не будзе.

Стаў Анатоль да рыбалцы рыхтавацца. З’ездзіў у краму на ровары, туды як раз яшчэ цёплы хлеб прывезлі. Купіў дзве буханкі хлеба, расцёр на прыкормку, пяску дадаў. З’ездзіў на возера, падкарміў рыбу, паставіў калок, на яго бутэльку павесіў — азначыў месца, каб іншыя не сунуліся, ведалі, што ён тут карася прыкормлівае.

Два дні падкормліваў. Да рыбалцы рыхтаваўся грунтоўна. Жонка, якая назірала за ім, бачыла, як ён ад старання, нават кончык языка збоку рота, як дзіця, высоўвае. Ужо вельмі зачапіў яго Іванаў поспех. Ён проста павінен злавіць большага!

Купіў ванільнае печэнне, расцёр яго пальцамі, дадаў бялок яйкі, мукі — падрыхтаваў нажыўку. Доўга прынюхваўся да яе, паспрабаваў на густ. Зрабіў выснову -пах ачмуральны — сам бы еў! Значыць, карасю спадабаецца.

На ўсялякі выпадак зварыў пярлоўку, абкатаў у сухарах, капнуў на яе льнянога алею. Таксама доўга нюхаў, спрабаваў на густ. «Ты б яшчэ матыля на смак паспрабаваў! — не вытрымала жонка. — Колькі можна важдацца? У хаце працы поўна, а ты ўсё „ландэки“ рыбам рыхтуеш». Анатоль прапусціў міма вушэй яе бурчанне.

Жонку гэта раззлавала: «Чаму я ўвесь час гаспадаркай займаюся, а ты на возеры адпачываеш? Я таксама хачу адпачыць. Заўтра з табой на рыбалку паеду, таксама рыбку полаўлю». — «Едзь, — спакойна адрэагаваў Анатоль. Прывык да пагроз жонкі, паехаць з ім на рыбалку. Усё роўна не паедзе. — Вунь у хлява другі ровар, бяры вуды і едзь. Так і быць, я табе нажыўкi дам».

Звычайна жонка абмяжоўвалася пагрозамі паехаць на рыбалку, але на наступную раніцу яна ўстала раней Анатоля. Ён здзівіўся, убачыўшы яе ў ботах ля вуд. «Ну, паехалі — сказаў ён, і, хмыкнуўшы ў вусы, падумаў: хай з’ездзіць, па расе паходзіць, у тумане пасядзіць, камары яе пагрызуць, у іншы раз не паедзе ».

Уладкаваўшыся ля прыкормленага месца, Анатоль з надзеяй глядзеў на паплавок. Спачатку накшталт рыба проста плёскалася, выскоквала з вады. «Жыруюць», — падумаў ён пра карасей. А потым стала квяваць. Любіць карась, калі яго прыкормліваюць.

Ён ужо каля дзясятка налавіў, а жонка ўсяго пару выцягнула. Пагардліва пазіраў ён на гора-рыбачку, хмыкаў у вусы. Але, праз гадзіну, ён ускочыў і кінуўся ў бок жонкі.

Яе вудзільна сагнулася ў дугу і заходзіла з боку ў бок. Жонка выцягвала важкага карася. «Майго злавіла!»- ахнуў Анатоль. Падбег, калі карась трапятаўся ужо ў траве, адлюстроўваючы прамяні сонца. Узяў трапечашчуюся рыбу ў рукі, прыкінуў — кілаграм ёсць. І такая прыкрасць яго ўзяла, што проста жудасць.

Дзе справядлівасць? Ён столькі гадоў ловіць і падкормлівае, і звычкі вывучыў, і снасці ў яго добрыя ... а тут дылетантка прыйшла — і злавіла. Сядзеў Анатоль да абеду на рыбалцы, усё чакаў, што і яму пашанцуе. Жонка ўжо даўно з’ехала дадому на ровары.

Рыбу не забірала, хай муж па дарозе пахваліцца уловам. Здагадалася пра яго смуту. Перад абедам сабраў Анатоль снасці і паехаў дадому. Настрой быў дрэнны нягледзячы на добры ўлоў. Добрых два кілаграма злавіў, але карась-скавароднiк так і не клюнуў.

«І трэба было пагадзіцца, каб жонка паехала сёння са мной! — злаваўся ён то на сябе, то на жонку. — І собіла ж ёй менавіта сёння паехаць». Заехаў па дарозе ў краму, папрасіў прадавачку ўзважыць ўлоў. Было два з паловай кілаграмы рыбы плюс карась-скавароднiк. Узважыў карася асобна, і завесіў той кілаграм і сто грамаў.

«Усё ж такі не па заслугах чалавеку даецца, — вырашыў Анатоль. — Шчаслівым трэба нарадзіцца. А можа, вуда жонцы ўдачлівая трапіла?» Пасля гэтага кожны раз на рыбалку ён бярэ з сабой тую вуду, на якую жонка карася-скавароднiка злавіла. Але жонку на рыбалку не запрашае.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?