Вы тут

Лукашэнка : Калі прамысловасць вытрымае, краіна будзе жыць


Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сваёй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся, наколькі эфектыўна праводзіцца імпартазамяшчэнне ў сферы аўтапрама.


У Бабруйску кіраўнік краіны наведаў вядучыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы — «Белшына» і «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскааграмаш.» Прадукцыя прадпрыемстваў карыстаецца стабільным попытам за мяжой, асноўная яе частка паступае ў Расію і Казахстан. Апошнія распрацоўкі гэтых прадпрыемстваў і іншых гігантаў аўтамабілебудавання можна было ўбачыць на выставе, арганізаванай на тэрыторыі «Бабруйскаграмаша.»

Прэзідэнт уважліва азнаёміўся з прадукцыяй кожнага прадпрыемства, пацікавіўся, якія ёсць праблемы, спытаўся, як адбываюцца плацяжы, дыверсіфікацыя рынкаў, што пры рабоце выкарыстоўваецца з імпартнага.

Нельга сказаць, што да стварэння імпартазамяшчальных тэхнікі, вузлоў і кампанентаў машынабудаўнікоў падштурхнулі санкцыі, шмат хто працаваў над гэтым і раней. Напрыклад, апошнія пяць гадоў намаганні 11 прадпрыемстваў холдынгу «Аўтакампаненты» былі накіраваныя на праграму імпартазамяшчэння для канвеераў Беларусі і Расіі. Засвоена больш як тысяча відаў імпартазамяшчальнай прадукцыі, у бліжэйшыя гады тут плануюць засвоіць не меншы аб’ём. На расійскі рынак паступае болей чым 80% прадукцыі холдынгу. «Страта рынкаў Еўропы і Украіны цалкам кампенсавана за кошт расійскіх», — пераканаў Прэзідэнта генеральны дырэктар ААТ «БАТЭ»-кіруючая кампанія холдынгу «Аўтакампаненты» Аляксандр Марчанка. Сёння найбольш значны праект па новай лінейцы святлатэхнікі для аўто рэалізуецца на сярэднім па памерах прадпрыемстве, дзе працуюць крыху болей за 500 чалавек, — ААТ «Рудзенск» пад Мінскам. Зараз холдынг шчыльна ўзаемадзейнічае з кампаніяй «Група ГАЗ» — буйным аўтавытворцам у Расіі. Прэзідэнт пацікавіўся, ці жывыя гэтыя праекты, на што Аляксандр Марчанка адказаў сцвярджальна: эканамічны эфект нават вышэйшы, чым чакалі.

— Святлатэхніку на Расію пастаўлялі ў асноўным нямецкія і турэцкія кампаніі, зараз іх выцясняе наш холдынг, — паведаміў генеральны дырэктар. 

Вялікая работа па імпартазамяшчэнні праводзіцца «МАЗам», 12 прадпрыемстваў холдынгу за апошні год засвоілі шмат новых вырабаў, якія сёння выкарыстоўваюцца пры вытворчасці грузавікоў і аўтобусаў. Замешчаны імпартныя агрэгаты, вузлы, якія раней набывалі ў Заходняй Еўропе. Гэта, па словах генеральнага дырэктара ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БелаўтаМАЗ» Валерыя Іванковіча, дазволіла зэканоміць парадку 60 мільёнаў долараў па імпартазамяшчэнні за мінулы год. Прадпрыемства даказала, што здольнае паспяхова канкурыраваць і адказваць на тыя выклікі, якія стаяць перад ім, і выконваць узятыя перад урадам абавязацельствы. Канструктарскі штаб праводзіць вялікую работу, распрацавана дарожная карта, якая дазваляе крок за крокам вырашаць пытанні і рухацца наперад. 

— Усе прадпрыемствы машынабудавання працуюць у адной звязцы, — падкрэсліў кіраўнік холдынгу. — Мы пастаянна абменьваемся з калегамі тымі навінкамі, распрацоўкамі, якія зроблены за апошні час, а таксама тымі задачамі і думкамі, якія напрацаваны на дадзены момант. Гэта дазваляе быць у курсе таго, што кожны з партнёраў напрацаваў і скаперыравацца, каб у рамках партнёрства знайсці новыя моманты супрацоўніцтва. 

Генеральны дырэктар ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЗ-Холдынг» Сяргей Нікіфаровіч прадставіў новую буйнагабарытную інавацыйную тэхніку, перавагі якой не толькі ў магутнасцях, але і ў экалагічнасці. А яшчэ яна больш тэхналагічная , эканамічная і магутная. 

— Найбольш перспектыўныя рынкі Расія, Кітай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. —. Будзем разам думаць, як пераадольваць цяжкасці. Трэба актыўней задзейнічаць малаэфектыўную вытворчасць. І гэта прадпрыемства ("Бабруйскааграмаш«—аўт.) магло дрэнна працаваць, але ж утрымалася. А то хвалімся, тэхніка добрая, а палова камплектуючых імпартная. Трэба працаваць над тым, каб іх было меней. Калі прамысловасць вытрымае, краіна будзе жыць. 

Прэзідэнт выказаўся таксама наконт таго, што ў далейшым будзе праводзіцца работа па ўзмацненні такіх гарадоў як Бабруйск і меншых. Менавіта сюды павінны быць прыцягнутыя спецыялісты, для іх тут павінны стварацца ўмовы і будавацца жыллё.

Падчас візіту на «Белшыну» Прэзідэнт, пасля таго, як азнаёміўся з прадукцыяй, сустрэўся з працоўным калектывам. Яго сустрэлі апладысментамі.

Праблем дастаткова, але ўсё можна рашыць

— Сітуацыя ў свеце не простая, але, як сказаў губернатар (Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама — аўт) у гэтым ёсць плюс — будзем цяпер ствараць сваё, — паведаміў Прэзідэнт. — Яно так і ёсць. Сітуацыя прымусіла актывізавацца. Раней шмат куплялі, цяпер трэба нешта самім рабіць. Але супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ніхто не адмяняў. Той жа каўчук для шын бяром у В’етнаме. Пашыраем супрацоўніцтва з Інданезіяй, Індыяй, Кітаем. Спачатку перажылі выпрабаванне каранавірусам, зараз знешняя інфляцыя ўздзейнічае на нас. Але пабачыце, праз год-два ўсё зменіцца. Зараз ідзе перадзел свету. І нам трэба выстаяць. У нашай прадукцыі зацікаўлена Расія, іншыя краіны. Бабруйск будзем развіваць . Менш у Мінску будзем будаваць, а развіваць меншыя гарады. Праблем дастаткова, але ўсё можна рашыць.

Работніца прадпрыемства пацікавілася, ці вытрымае краіна тыя цяжкасці, якія сёння прыходзіцца пераадольваць.

— Вытрымаем, — паабяцаў Прэзідэнт. — Калі б вы не перашкаджалі вытворцам амерыканскім, еўрапейскім, яны б на нас не ціснулі. Гэта канкурэнцыя. Пад прыкрыццём правоў чалавека яны хацелі краіну перавярнуць. А вы перашкаджаеце ім. Мы высокатэхналагічная адукаваная нацыя. У нас ёсць усе для таго, каб канкурыраваць. Мы запатрабаваныя. Сёння галоўнае грошы. У чым справа? Прадайце больш шын — атрымаеце грошы. Чэргі стаяць за вашай прадукцыяй. Ёсць праблемы з праходжаннем плацяжоў, але мы і тут знаходзім шляхі. Мы можам 80% пастаўляць у Расію. У свеце недахоп калійных угнаенняў, і гэта адчуваецца. Дыктат з боку амерыканцаў і еўрапейцаў надакучыў краінам. Праз два гады будзе інакш, пабачыце.

Украіна — адзін з элементаў перадзелу свету

Яшчэ адна работніца пацікавілася, як доўга працягнецца вайна ва Украіне, ці атрымаецца далей супрацоўнічаць.

— З Украінай цяжкое становішча, — канстатаваў Прэзідэнт. — Гэта мужны, моцны народ, але нацыяналізм, нават нацызм яны там паставілі на першае месца. Прагнозу, як будзе сітуацыя развіваецца, ніхто не ведае. Усе толькі пачынаецца. Украіна — адзін з элементаў перадзелу свету. Будуць трашчаць маленькія дзяржавы, такія, як мы. Еўропа гатова размаўляць, але амерыканцы супраць. Яны мараць пра Заходнюю Украіну. Я казаў, што украінцы яшчэ будуць прасіць, каб мы іх абаранілі. У Польшчы да ўлады прыйшлі радыкалы, якім амерыканцы даюць грошы. Мы ўзмацнілі нашы межы, але нас штурхаюць, правакуюць. Галоўнае не ўцягвацца. Нам вайна не патрэбна. Пакуль атрымліваецца мірыцца. Учора ва Украіну прыехалі еўрапейскія лідары. Там не было амерыканцаў, англічан, палякаў. З якой мэтай яны туды завіталі, пакуль невядома. Ніхто не ведае, як будзе развівацца далейшая абстаноўка. Расія пакуль ваюе звычайнай зброяй, але ў яе ёсць іншая, новага ўзроўню. Амерыканцы адчуваюць, што прайграюць і спрабуюць кантраляваць сітуацыю. Ва Украіну мы не збіраемся заходзіць, але калі нехта пяройдзе нашу мяжу, ім мала не будзе. І народнае апалчэнне створым. Чым болей будзем умець, тым спакайней будзе нам жыць.

У нас ёсць свой кавалачак зямлі, і гэта цудоўна

Бабруйчан таксама цікавіла тэма патрыятычнага выхавання, захавання праўды пра Вялікаю Айчынную вайну. 

— Дзецям і дарослым трэба казаць пра вайну, — падкрэсліў Прэзідэнт. — На той вайне 30 мільёнаў загінулі. Дагэтуль знаходзім у сваёй зямлі ахвяр фашыстаў. Трэба кожны помнік захаваць, такім чынам выхоўваць. Трэба берагчы і развіваць свае населеныя пункты. Перамога гэта наш агульны здабытак. У нас ёсць свой кавалачак зямлі, і гэта цудоўна.

На пытанне: «Як у вашым сямействе прарэагавалі на новае свята —Дзень бацькі?» Прэзідэнт адказаў з гумарам, маўляў «сюрпрызу не атрымалася»: «Я ж падпісваў указ, яны былі ў курсе».

— Пагадзіцеся, было несправядліва,што ў жанчын ёсць свята, а ў нас няма. Павінна быць і ў нас, — канстатаваў кіраўнік краіны. — Калі ў кожнага беларуса 5-7 дзяцей будзе будзе, краіна заквітнее. Для пачатку можна трох, каб прырост быў. І тады нам ніхто не страшны. Будзем жыць!"

На прадпрыемстве Прэзідэнту, як аматару хакея, прэзентавалі набор шайб. На што ён з павагай сказаў: «Малайцы, добрую прадукцыю ствараеце.»


Каментарый у тэму

Руслан Страхар, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама:

— Магілёўская вобласць—буйны прамысловы рэгіён, болей чым 30% валавога рэгіянальнага прадукту фарміруюць менавіта прамысловая прадпрыемствы. І ў гэты нялёгкі час мы бачым, што большасць прадпрыемстваў ужо пераарыентаваліся або намацваюць новыя кірункі. Большасць прадпрыемстваў прамысловага комплексу працуе ў штатным рэжыме. Той жа «Бабруйскаграмаш» —буйное сельскагаспадарчае машынабудаванне, дзе прадстаўлены цэлы шэраг навінак і новых кірункаў, якія мы плануем развіваць. Тэма імпартазамяшчэння актуальная для нашага рэгіёна, і мы будзем яе развіваць. Сёлета мы плануем вырабіць імпартазамяшчальнай прадукцыі на 820 мільёнаў, з тэмпам 115% да мінулага года. Кожны год ўцягваем ўсё больш прадпрыемстваў, і ў сёлетняй праграме імпартазамяшчэння ўжо ўдзельнічаюць 115 прадпрыемстваў. Збіраемся вырабіць сёлета 188 найменняў імпартазамяшчальнай прадукцыі. У гэту праграму актыўна ўцягваем малы і сярэдні бізнес, і па мінулым годзе ўжо 60% менавіта такіх прадпрыемстваў было ў праграме імпартазамяшчэння. У кааперацыі малога і сярэдняга бізнесу з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі збіраемся знайсці новыя нішы і рухацца наперад.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.