Вы тут

Розум, харызма, стыль. Сакрэты «незямной прыгажосці»


Знакамітыя прыгажуні мінулага на самай справе прыгажосцю не адрозніваліся — гэта немагчыма не заўважыць, калі ўбачыць іх прыжыццёвыя партрэты. У Лізаветы Цюдор былі гнілыя зубы, у каралевы Марго — адвіслыя шчокі (тое, што сёння называюць «брылі»), Ганна Аўстрыйская мела «габсбургскі профіль» (то-бок папросту ў профіль нагадвала гуску). Муза Маякоўскага Лілечка Брык была досыць каржакаватай цёткай, ды і Коко Шанэль наўрад ці аб’ектыўна можна назваць прыгажуняй. Сакрэт «незямной прыгажосці» ўсіх гэтых знакамітых прыгажунь — у розуме, харызме і стылі. І ўсё ж у чароўнага і недасяжнага жаночага хараства пры ўсёй яго эфемернасці ёсць (і заўсёды былі) выразныя параметры і каноны.


Параметры Афрадзіты — 86-69-93.

І гэтыя параметры (зразумела, сучасныя, бо яны вельмі істотна мяняліся з стагоддзя ў стагоддзе) нескладана назваць кожнаму. Да іх належаць 90-60-90 ў нашы дні. Або, дапусцім, плоскія грудзі — у сярэднія вякі.

Тое, што лічыцца прыгожым у сучасным свеце, так ці інакш узыходзіць да эталонаў прывабнасці, якія існавалі ў Старажытнай Грэцыі. У калысцы еўрапейскай цывілізацыі ў пашане быў культ трэніраванага цела. Што датычыцца жаночай фігуры, то параметры статуі Афрадыты — рост 164 см, грудзі 86 см, стан — 69 см, сцёгны — 93 см. У жаночым твары грэкі шанавалі прамы нос і вялікія вочы. А вось аддаваць перавагу бландзінкам «джэнтльмены» пачалі яшчэ ў Старажытным Рыме. Першы асвятляльнік для валасоў прыдумалі патрыцыянкі. Яны праціралі кожную пасму валасоў губкай, змочанай у сумесі алею з казінага малака і попелу букавага дрэва. «Асвятляльнік» працаваў пад уздзеяннем ультрафіялету. Нанёсшы сумесь, заставалася толькі некалькі гадзін правесці на сонцы, і валасы станавіліся значна святлейшымі. У Старажытным Егіпце умовай жаночай прыгажосці лічылі танклявасць і грацыю рухаў. Вусны павінны былі быць пухлымі, а вочы — міндалепадобнымі і вялізнымі. Самым прыгожым колерам вачэй лічыўся зялёны, але паколькі ў Егіпце гэта велізарная рэдкасць, жанчыны падводзілі вочы зялёнай фарбай (яе гатавалі з вуглякіслай медзі). Пазногці на руках і нагах, а таксама ступні ног фарбавалі таксама ў зялёны колер.

Неферціці. Вялізныя вочы і вытанчаныя рысы твару.

Забытыя каноны

Сёння прыгажуні ставяць імпланты, каб мець грудзі на памер больш, а ў сярэднявеччы мець вялікія грудзі для шляхетнай дамы лічылася папросту непрыстойным. Дзяўчыны шчыльна бінтавалі грудзі пад сукенкай, каб дасягнуць эфекта жаданай плоскай фігуры. Далікатнасці постаці дадавалі сукенкі-ампір з завышаным станам. Зрэшты, модзе на завышаную талію было і яшчэ адно тлумачэнне. У тыя часы жанчыны, ледзь нарадзіўшы, звычайна тут жа зноў цяжаралі (з кантрацэпцыяй, зразумела, былі праблемы). А сукенкі-ампір візуальна зменшвалі жывоцік. У эпоху Адраджэння каноны прыгажосці патрабавалі ад жанчыны наяўнасці высокага выпуклага ілба. І дамы галілі валасы над ілбом, каб зрабіць лоб вышэй.

Сярэдневечча. Плоскія грудзі.

У імперыі Мая ідэалам жаночай прыгажосці лічыўся лоб, што ўтварае прамы трохвугольнік да носа. Каб дамагчыся «ідэальнай формы» чэрапа, маленькія дзяўчынкі насілі спецыяльны прэс, які сцягваў галаву. Паступова галава набывала патрэбную форму (праўда, быў працэнт тых, хто ў выніку б’юці-працэдуры станавіўся прыдуркаватым). Японкі выбельвалі твары бяліламі. На фоне белага колеру скуры нават самыя белыя зубы здаваліся жаўтлявымі, і японскія прыгажуні знайшлі радыкальны выхад — пакрывалі зубы чорным лакам. У Старажытным Кітаі прыгожай дзяўчыне прадпісвалася мець маленькую ножку, і дзяўчынкам туга бінтавалі ступні, не дазваляючы ёй расці.

Прыгожа ці не прыгожа?..

Адраджэнне. Паголены лоб.

Часам канон прыгажосці з’яўляецца вытворным тых ці іншых рэалій жыцця, а часам, наадварот, не мае ніякага разумнага тлумачэння. Так адбываецца паўсюдна, але асабліва лёгка гэта заўважыць, калі казаць аб эталонах прыгажосці народаў, у якіх ідэал прыгожага ашаламляльна адрозніваецца ад агульнапрынятага. Напрыклад, жанчыны афрыканскага племя мурасі ўпрыгожваюць сябе, устаўляючы ў ніжнюю губу круглы дыск. Чым больш дыяметр ўпрыгажэння і чым мацней расцягваецца губа, тым больш прывабнай лічыцца жанчына. Дыск даводзіцца здымаць падчас ежы. А каб ён не ціснуў на ніжнія зубы, іх проста выдаляюць. Ідэал жаночай прыгажосці племя карэнаў (якія жывуць на мяжы Бірмы і Тайланда) — доўгая стройная шыя. Не проста доўгая, а вельмі доўгая. Першае колца на шыю дзяўчынкі апранаюць у пяцігадовым узросце і штогод дадаюць па кольцы, так што па дасягненні шлюбнага ўзросту шыя дзяўчат неверагодна даўжэе. Кольцы з шыі дзяўчыны па традыцыі здымае муж у першую шлюбную ноч. Зрэшты, назаўтра яна зноў апранае іх. Важаць кольцы дарослай жанчыны каля 8 кг. На мяжы Кеніі і Танзаніі ў племя масаі упрыгожваннем жанчыны лічыцца выцягнутая мочка вуха. Адтуліны ў вуху паступова расцягваюцца, пакуль мочкі не дасягнуць плячэй. А каб у густым субтрапічным лесе не чапляцца вушамі за галінкі, жанчыны закладваюць мочку за верхні край вуха. У племя карамаджонгаў прыгожымі лічацца фігурныя нарасты на целе. Для іх атрымання скура на спіне жанчын надразаецца пад рознымі кутамі, і ўтвараюцца шнары, якія нагадваюць вытанчаны малюнак на спінцы яшчаркі. А прыгажуні хімба (народа, які жыве на поўначы Намібіі) пакрываюць скуру сумессю охры і алею. Пад уздзеяннем сонечных прамянёў скура становіцца ярка-пунсовай. Сотні дробных доўгіх касічак таксама афарбоўваюцца ў пунсовы колер.

Дзяўчына хімба.

Чароўныя рысы

Як мы ўжо казалі, каноны прыгажосці мяняюцца. Прычым мяняюцца яны непасрэдна ў нас на вачах. Можна ўспомніць такія адкрыцці б’юці-сферы нашага часу, як мадэлі «плюс сайз», або «бодзіпазітыў». Або, напрыклад, пагаварыць аб колеры валасоў…

Калі яшчэ ў адносна недалёкія 1990-я абсалютным сімвалам жаночай прыгажосці лічыліся бландзінкі, то да 2000-х сітуацыя стала мяняцца. І досыць хутка эталонам прывабнасці сталі брунеткі і шатэнкі — уладальніцы цёмна-русых, каштанавых, шакаладных валасоў. Можна прасачыць рух індустрыі прыгажосці ў бок цёмнавалосага тыпажу хоць бы па тых жа галівудскіх зорках. Калісьці дзякуючы «Фабрыцы мар» асляпляльная бландзінка Мэрылін Манро спарадзіла сусветную моду на бялявыя валасы. У пачатку трэцяга тысячагоддзя ў топах самых прыгожых жанчын свету ўпэўнена лідзіруюць брунэткі — ад Анджэліны Джолі да Монікі Бяллучы. Брунеткамі пабывала большасць знакамітых прыгажунь. Антраполагі пішуць, што тэндэнцыя «цёмнавалосая = прыгожая» звязана шмат у чым з павелічэннем ў свеце колькасці прадстаўнікоў «цёмналавалосых» народаў пры скарачэнні колькасці светлавалосых і блакітнавокіх. А людзям уласціва лічыць прыгожым звыклае: тое, што сустракаецца часцей, успрымаецца і як норма, і як прыгажосць. Тое, што сустракаецца разей, прыцягвае позірк, эпаціруе, здзіўляе. Але прыгажосцю людзі называюць лепшае з сярэдняга. Зрэшты, сёння ківач хіснуўся ў адваротны бок, і бландынкі зноў у поле зроку моды.

Моніка Бялуччы. Ікона стылю з чорнымі валасамі.

Дарэчы, самыя знакамітыя прыгажуні ў гісторыі чалавецтва моды не прытрымліваліся — яны яе задавалі. Пры тым, што не валодалі знешнасцю, адпаведнай канонам прыгажосці (свайго часу альбо нашым, сучасным). Але мы пра гэта ўжо гаварылі: уласна, з гэтага мы пачалі. Так ці можа прыгажосць вымярацца формай грудзей і памерам таліі, даўжынёй або колерам валасоў ці разрэзам вачэй? Іншымі словамі, ці можна стаць прыгажуняй, не нарадзіўшыся такой? Атрымліваецца, што можна: не выпадкова гісторыя захавала памяць менавіта аб гэтых непрыгожых прыгажунях, чые імёны ператварыліся ў пазачасовы сімвал прыгажосці.

Дзіяна РОНІНА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.