Вы тут

Сувязь, пераемнасць, майстэрства


Выстаўка «Ступені майстэрства», прысвечаная 75-годдзю навучальнай установы і 120-годдзю з дня нараджэння народнага мастака БССР, праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі і будзе доўжыцца да 24 ліпеня. Куратарам выступіў Аляксей Мацюшонак, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела НММ.


Анастасія Матусевіч «Верхні горад», 2019 г.

Мінскае мастацкае вучылішча (назва каледжа да 2011 года) стала для многіх знакамітых мастакоў першай прыступкай на прафесійным шляху. Тут першыя прафесійныя крокі рабілі Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Віктар Грамыка, Арлен Кашкурэвіч, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, Васіль Шаранговіч, Іван Міско... У экспазіцыі прадстаўлена больш за 50 работ выпускнікоў каледжа ў такіх відах выяўленчага мастацтва, як жывапіс, графіка, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Трэба заўважыць, што многія імёны могуць быць невядомыя шырокай аўдыторыі, і гэтым выстаўка ўнікальная. Між тым абсалютная большасць твораў — сапраўдная ілюстрацыя такіх паняццяў, як «пераемнасць традыцый» і «сувязь часоў». На гэтыя тэмы і паразважаем далей.

Аднак спярша звернем увагу на карціну, якая заняла цэнтральнае месца ў экспазіцыі, — «Цёплы вечар» (1963) Андрэя Валатовіча. Гэта выява працаўнікоў-земляробаў. Жанчыны басанож утыкаюць у зямлю чаранкі. Глядач не бачыць іх твараў, у вочы кідаюцца найперш рознакаляровыя хусткі і спадніцы. На другім плане — ужо не ў такім яркім адзенні араты. Акцэнт зроблены на колеры яго твару — ужо добра загарэлага, залітага сонцам, які ледзь не супадае з масцю каня. Герояў на палатне шмат, аднак не яны захопліваюць увагу, бо галоўны тут — рух, які адчуваецца ў кожнай дэталі, у тым ліку ў яшчэ кволых чаранках, якія, здаецца, вось-вось упадуць і згінуць. Твор вылучаецца не зусім традыцыйнай кампазіцыяй, крыху нязвыклым асяроддзем: людзей нібы захінаюць стваламі і галінамі дрэвы. У полі зроку мастака — толькі працаўнікі і зямля, усаджаная дрэвамі, лісце якіх тут замяняе неба. Адлюстравання самой сіні ці чырвані вячэрняга неба мастак наўмысна пазбег. Здаецца, карціна створана ў адпаведнасці з духам часу, аднак уласцівая ёй самабытнасць не страцілася праз шмат гадоў.

Што датычыцца першай тэмы — пераемнасці традыцый, то адзін з ключавых твораў тут — «Ніці» (2019) Марыі Мазурэнкі. Тлумачэнняў гэтай карціны можна прапанаваць некалькі, і ледзь не ўсе яны будуць да месца, але самая першая і відавочная асацыяцыя, якая ўзнікае пры знаёмстве з двухмернай выявай, — старонка з міфалогіі Старажытнай Грэцыі, у сусвеце якой існавалі багіні лёсу. Уяўляліся яны ў вобразе суровых старых: Лахесіс з меркай або вагамі, Клота з верацяном у руцэ, Атрапас з кнігай жыцця і нажніцамі — разрыў ніткі азначаў смерць. У выпадку з «Ніцямі» Марыі Мазурэнкі прысутнічае шмат дэталяў з вышэйапісанага, аднак аўтарам падкрэсліваецца і хрысціянскі падтэкст: адзін з узроўняў карціны адлюстроўвае крыж. Ідэйна вельмі блізкае гэтай рабоце палатно «Ніці лёсу» (2009) Святланы Баевай, толькі тут у большай ступені адчуваецца немінучасць і неабходнасць пакорнасці.

Таццяна Гучак «Свята», 1989 г.

Пераемнасці традыцый прысвечаны і твор пад назвай «Свята» (1989) Таццяны Гучак, што складаецца з мноства вобразаў-сімвалаў. Усе яны, даволі ўмоўныя і максімальна абагульненыя, абазначаюць асаблівую падзею, якая, між іншым, характарызуецца шматзначнасцю, увасабляе аўтарскую ідэю. Падобныя сэнсы нясе ў сабе і трыпціх Кацярыны Трапезнікавай «Народныя святы» (1998). Пэўным чынам ён аб’ядноўвае ў сабе ідэі папярэдніх твораў, перадаючы спрадвечную радасць ад здзейсненага і адлюстроўваючы вобразы жанчын прыгожых, гордых, гарманічных. Побач з ім у экспазіцыі знаходзіцца твор Алёны Сяргеевай «Гульня. Чорнае. Белае» (2010), здаецца, падобны тэматычна, хоць і не зусім блізкі па гучанні.

У гэтай сувязі нельга не згадаць і такія карціны, як «Юр’еў дзень» (2004) Аляксандра Ясюкайця і «Дзяды» (2012) Мікалая Бацяноўскага. У першым выпадку, калі не звяртаць увагу на назву, перад гледачом — традыцыйны пейзаж, у якім час, хоць прыблізна, атрымліваецца распазнаць толькі па вопратцы гераінь. І толькі пасля атаясамлівання з назвай можна асэнсаваць адлюстраванае. Вядома, што з Юр’ем звязваўся першы выпас жывёлы. У гэты дзень сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае палеткі. Усё гэта і складае «Юр’еў дзень» Аляксандра Ясюкайця. Што да другога твора, тут пытанняў не паўстае. Магчыма, для многіх мастакоў тэму сувязі з продкамі не так складана перадаць у жывапісе. Выстаўка «Ступені майстэрства» гэта дакладна пацвярджае, і найперш такімі работамі, як «Цені продкаў» (2006) Таццяны Залатар, «Радавод» (2004) Кацярыны Косаравай, «Бабуліны рэчы» (2018) Алёны Шмідавай, «Азяроды» (1998) Антаніны Слабодчыкавай. Аўтары — абсалютна розныя з адметным творчым почыркам, з розным успрыманнем вобразнасці.

Кацярына Косарава «Радавод», 2004 г.

І тут пераходзім да другой тэмы — сувязі часоў (хоць, калі пералічыла некаторыя творы, якія па-рознаму расказваюць пра пераемнасць традыцый, у мяне ўзніклі сумненні, ці патрэбна было ўвогуле раздзяляць гэтыя кірункі — настолькі яны ўзаемазвязаныя). Адметна пра гэта выказалася ўжо згаданая Кацярына Косарава, якая з дапамогай «напластавання» стварае некалькі паралельных сусветаў.

Вельмі яркая карціна — «Сямейнае свята» (1964) Міхаіла Рагалевіча. У гэтым выпадку глядач становіцца ўдзельнікам, мабыць, зусім неспадзяванага застолля тыповай беларускай сям’і тых гадоў: спявае бабуля, астатнія героі ў задуменнасці. На першым плане — жанчына з грудным дзіцем, з якога не зводзіць вачэй мужчына ў яркай чырвонай кашулі (гэты прадмет становіцца цэнтрам усёй кампазіцыі), па-за іншымі героямі — самотная цяжарная жанчына. На стале, накрытым чорным абрусам, стаяць бутэлька, бакалы, шклянкі, закускі амаль няма. Цікава Міхаіл Рагалевіч супастаўляе колеры — яркія, насычаныя, яны вельмі кантрастуюць з мяккімі і светлымі. Аднак гэты дысананс неабходны для задумы.

Сцяпан Грабчыкаў «Дзяцінства», 2019 г.

Шмат работ прысвечана дзяцінству і сталенню. Сярод іх найпрыкметнейшая — «Дзяцінства» (2019) Сцяпана Грабчыкава, створаная пры дапамозе пап’е-машэ, металу і дрэва. Настолькі своеасабліва паказаць цялеснасць і легкаважнасць новага жыцця і пры ўсім гэтым застацца зразумелым, не абстрактным — сапраўднае майстэрства. Сярод падобных кампазіцый вылучаюцца «Дзверы» (2020) Ганны Макушынскай. Гэта даволі змрочнае палатно, хоць галоўны герой — падлетак. Перад ім адчынена шмат дзвярэй, у якія ён нібыта не хоча нават зазірнуць. Мастачка «схавала» яго вочы, аднак з якой мэтай?

З прасторавай глыбінёй змагла паэксперыментаваць Ганна Біцюк («Кола жыцця», 2007). Сюжэт не патрабуе тлумачэння — назва, выбар колераў, выкарыстаныя вобразы кажуць самі за сябе. Гэтаксама, як і ў выпадку з творамі «У вёсцы» (1985) Аляксандра Барташэвіча, «Двор Івана Андрэевіча» (2010) Юліі Пакінай, «Мой двор» (1977) Маі Каждан, «Двое» (1984) Сяргея Рымашэўскага, «Мы» (2002) Таццяны Логвін. Усе яны адлюстроўваюць адчуванне часу героямі ў пэўным узросце, іх смутак і надзею.

Уладзімір Трушын «Вечар», 1974 г.

Выстаўка абсалютна не сучасная. Гэта своеасаблівы зрэз эпохі, у якую давялося жыць і ствараць тым ці іншым аўтарам альбо адмысловы зварот да перыяду, які хвалюе, непакоіць, прымушае мастака паказваць яго сваімі вачыма. З гэтай «несучаснасці» вылучаецца адзінае палатно, створанае зусім нядаўна — у 2021 годзе, — «У аб’ектыве» Кацярыны Клачковай. Выява, падобная да сэлфі, звяртае на сябе ўвагу зусім не гэтым. Тут хутчэй бессэнсоўнасць партрэта, які нічым не чапляе, грувасткасць гераіні, якую не дапаўняе пэўнае асяроддзе. Здавалася б, таксама сімвал часу, аднак непрыкметны, невыразны.

Між тым у праекце «Ступені майстэрства» пазначаны і кіраўнікі работ, якія ў каледжы сачылі, дапамагалі, падтрымлівалі сваіх навучэнцаў. Так ці інакш, іх уплыў бывае відавочны. Так, нельга не параўнаць К. Клепікаву, М. Мазурэнку, Г. Біцюк, з якімі займалася С. Клепікава. Падобныя асацыяцыі ўзнікаюць і пры найбліжэйшым разглядзе твораў В. Грынь і Н. Нішт (кіраўніком выступіла А. Мурашка). І такіх прыкладаў шмат. Гэта сведчыць усё пра тыя ж пераемнасць традыцый і сувязь часоў, важныя для навучальнай установы, якая ўзгадоўвае новых творцаў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.