Вы тут

Дзень пачынаецца з «Нашай раніцы»!


Сёлета праграма тэлеканала АНТ «Наша раніца» стала найлепшай у намінацыі «Ранішняя інфармацыйна-забаўляльная тэлепраграма» Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». Думаю, радасны настрой кожнага, хто стварае праект, стаў у той вечар добрым стымулам і надалей рабіць сваю працу з любоўю, гумарам і думкай пра гледача... У чым я змагла пераканацца і асабіста, завітаўшы на здымкі аднаго з выпускаў тэлепраграмы.


Быць найлепшымі ў сегменце тых, хто кожны дзень з узыходам сонца збірае аўдыторыю каля экранаў — задача адказная. Тым больш у наш імклівы час, калі як даць «права голасу», так і пазбавіць яго глядач можа проста адным націсканнем кнопкі. Таму тут трэба трымаць руку на пульсе, як кажуць, каб і дагадзіць гледачу, і данесці тыя думкі і тэмы, якія хочацца агучыць.

— Атрымаць прызнанне прыемна. І вельмі грэе душу яшчэ і таму, што за гады існавання нашай праграмы мы ніколі не падавалі заяўку на конкурс, хаця і была намінацыя. Калі азірнуцца, то я разумею, што, напэўна, тады праграма яшчэ не была настолькі моцнай. А за апошнія пяць гадоў мы зрабілі вялікі рывок з камандай. І што датычыцца самой канцэпцыі ранішняга вяшчання ў медыяпрасторы Беларусі, то тут таксама змянілі фармат: калі раней наш праект быў тэлевізійным часопісам, то мы зрабілі яго інфармацыйна-забаўляльным каналам з ухілам на інфармацыю і дынамічнасць. Назіраючы пасля, як па нашых слядах ідуць і калегі з іншых тэлеканалаў, разумееш, што ты ўсё зрабіў правільна, — падзеліцца дырэктар дырэкцыі ранішняга вяшчання АНТ, тэлевядучая Таццяна Рудакоўская пасля эфіру.

А пакуль жа ўся здымачная каманда на старце. Пяціхвілінная гатоўнасць. Жыццё тут віруе, нібы ў вулеі ці ў мурашніку: аператары і рэжысёр правяраюць ракурсы, гук, а вядучыя робяць апошнія штрыхі ў грыме і праглядаюць сцэнарый, каб яшчэ раз узгадніць паслядоўнасць тэм і дзеянняў. «Дзіма, сядзь роўненька!» — голас аператара (звяртаецца да вядучага Дзмітрыя Церахава) за кадрам падказвае, што хутка ўсё пачнецца. Нават тэлефоны ва ўсіх на здымачнай пляцоўцы пераводзяцца ў «авіярэжым», а значыць, цяпер Дзмітрый, Таццяна і іх шматлікая каманда будуць некалькі гадзін на сувязі толькі са сваімі гледачамі.

— Усім добрай раніцы! Гэта «Наша раніца», і сёння мы пагаворым пра здароўе, надвор'е, моду і шэраг іншых актуальных тэм. Усім жадаем удалага дня! — звяртаюцца вядучыя да кожнага, хто ў гэтае імгненне націснуў запаветную кнопку і пачаў новы дзень у іх кампаніі.

І так вось ужо 18 гадоў — праграма прыходзіць у дамы беларусаў, каб распавесці ім пра важнае і карыснае, узбадзёрыць і падарыць пазітыўны настрой. Гэтым разам у эфіры таксама гаварылі пра культуру, пра спорт і нават пра залежнасць сучасных людзей ад увагі да іх у сацыяльных сетках. А вось Дзмітрый Рабаў па традыцыі распавядаў усім пра надвор'е. Мне ж захацелася спытаць у яго не толькі аб прагнозах і тэмпературы. І метэаролаг распавёў, як распачаць дзень удала і чаму нават дождж можа быць у радасць.

— Незалежна ад таго, якое надвор'е чакаецца, важна выспацца, каб прачнуцца са светлай галавой. Немалаважна пачынаць дзень з усмешкай, на пазітыве, — дзеліцца Дзмітрый Рабаў. — У мяне такая пазіцыя заўсёды спрацоўвае. І нават калі я тэлеаўдыторыі паведамляю пра неспрыяльнае надвор'е, то таксама раблю гэта спакойна і з жаданнем нягледзячы ні на якія прагнозы настроіць кожнага на пазітыў. Хаця я сам чалавек абсалютна незалежны ад надвор'я, але вельмі люблю вясну, калі ўсё ў прыродзе абуджаецца і пачынае квітнець, можна слухаць спеў птушак. Падабаецца і цёплая восень з яе багатай палітрай колераў. А калі ідзе дождж за акном, то вельмі добра марыць і адшукваць у сабе новыя ідэі...

Час зноў вяртацца на здымачную пляцоўку. Там, здаецца, паспелі ўжо абмеркаваць надвор'е і будучы купальны сезон і пераключыліся на моду. І тэма што трэба — як зрабіць сябе з дапамогай адзення больш высокай і стройнай. Таццяна Рудакоўская на прыкладзе вядомых жанчын распавядае, як дасягнуць жаданай мэты.

— Быць высокімі хочацца многім. І сёння я раскажу пра некалькі такіх сакрэтаў. Перш за ўсё, дапамагаюць у такой сітуацыі абцасы, асабліва калі абутак яшчэ і блізкі па колеры да адцення скуры. Гэты прыём выкарыстоўвае часта Сара-Джэсіка Паркер. Гледзячы на яе і не скажаш, што рост яе толькі 157 сантыметраў, — тлумачыць вядучая. — Яшчэ V-падобны выраз дапамагае выцягнуць сілуэт і зрабіць шыю даўжэйшай. Альбо можна, як робіць Кім Кардаш'ян, выкарыстоўваць прыём падбору тотал-лукаў (адзенне, падабранае ў адной колеравай гаме). Таму бярыце на заметку.

— Вось яны — вядомыя актрысы, а ты, Таццяна, узяла і засланіла іх сёння ў сваёй прыгожай сукенцы, — узнагароджвае Дзмітрый калегу кампліментам. І адразу адчуванне, быццам настрой у прысутных стаў яшчэ лепшым. Аднак час рухацца далей. Змяняюцца тэмы, рубрыкі, за кадрам раз-пораз гучаць парады, каб на экране ўсё было беззаганна...Калі ж размова заходзіць пра здароўе і, у прыватнасці, пра тэму анкалогіі, то і тут тлумачаць галоўнае: пры любым жыццёвым раскладзе заўсёды ёсць надзея на лепшае. Толькі для гэтага трэба і самім быць адказнымі і ўважлівымі як да сябе, так і да блізкіх. І ўвогуле, у любой сітуацыі заўсёды ўсё можна змяніць, калі ёсць жаданне дзейнічаць. Напрыклад, калі вас заспела навальніца, то рабіць трэба наступнае. Дома закрыць вокны і дзверы і паадключаць электрапрыборы. Калі гэта здарылася на прыродзе, то лепш трымацца падалей ад рэк і азёр, а ўсе прадметы, якія ўтрымліваюць нешта металічнае, увогуле варта адкласці на адлегласць некалькіх метраў.

І вось так з кожнай тэмай глядач разумее, што пра яго клапоцяцца і гавораць пра актуальнае. Не абыходзіцца і без любімых многімі «Гараскопу» і «Месяцавага календара».

— І я асабіста, і многія ў нашай камандзе зразумелі, што патлумачыць любую няўдачу, чыйсьці дрэнны настрой альбо яшчэ штосьці можна... рэтраградным Меркурыем, — жартуе Дзмітрый Церахаў.

— Гэта любімыя рубрыкі нашых гледачоў, а мы працуем для іх, таму і прапаноўваем ім тое, што будзе цікава, — дадае Таццяна Рудакоўская. — Калі рубрыкі «Гараскоп» ці «Месяцавы каляндар» не выйдуць, то незаўважаным нашай аўдыторыяй такі эпізод не застанецца. Плюс так склалася, што гэта сфера і маіх асабістых інтарэсаў. Я захапляюся астралогіяй і нумералогіяй і ў калег цікавасць да іх абудзіла. А паколькі мне кажуць, што «нешта ў гэтым ёсць», то, відаць, і праўда спрацоўваюць прагнозы і разлікі.

Шанц для тэлеаўдыторыі паспытаць сваю ўдачу ёсць у кожнага, хто павіншуе АНТ, якому 25 чэрвеня споўніцца 20 гадоў. Вядома, не абыдзецца ў гэты дзень і напярэдадні свята без падарункаў. Пры жаданні павіншаваць любімы тэлеканал і паспаборнічаць за добрую ўзнагароду (ровар і электрасамакат) можна да 21 чэрвеня (вынікі будуць падведзены 23-га). Форму выяўлення для сваіх пачуццяў і пажаданняў можна выбіраць любую: верш, проза, паштоўка, прыгатаваная страва з лагатыпам АНТ ці песня, танец, відэазварот — дасылайце іх на электронную пошту «Нашай раніцы» альбо публікуйце ў сацыяльных сетках з хэштэгам #20гадоўАНТ. Не стрымлівайце сваю фантазію, калі ёсць чым падзяліцца. Каманда «Нашай раніцы» таксама рыхтуе для вас святочны эфір. Ён пройдзе ў фармаце «ялінкі з падарункамі».

Пасля эфіру пацікавілася ў вядучых і тым, ці магчыма пралічыць поспех у кадры — як свой асабісты, так і людзей, з якімі працуеш у адной камандзе.

— У мяне быў невялікі вопыт працы на тэлебачанні да прыходу на АНТ. Але калі выходзіш у эфір з такім кампаньёнам, як Таццяна (якая мае харызму, вопыт), то ўжо нічога не страшна. Плюс з першага дня я адчуваю падтрымку ўсёй каманды, людзей, якія знаходзяцца ў апаратнай, у студыі. Нават калі чуеш крытыку ці парады, то ўспрымаеш іх з удзячнасцю, бо разумееш, што ёсць куды расці і самаўдасканальвацца, — дзеліцца Дзмітрый Церахаў.

— «Нашу раніцу» робіць вялікая каманда. У кадры працуюць, акрамя нас з Дзімам, яшчэ Вера Палякова, Аляксандр Сярэбранікаў, Герман Цітоў, Кацярына Алісіевіч, а па выхадных да нас далучаюцца Вольга Няфёдава і Любоў Чаркашына. Аднак, акрамя нас, у чатырохгадзінным эфіры працуе яшчэ, можа, з паўсотні чалавек штодня. Гэта рэжысёры, аператары, гукааператары, карэспандэнты, відэаінжынеры... Кожны эфір — ювелірная работа, дзе патрэбны індывідуальны падыход, — тлумачыць Таццяна Рудакоўская. — Пасля 2020 года ў нас абнавіўся калектыў, што вельмі радуе. Таму што прыйшлі працаваць людзі, у якіх гараць вочы. А калі была невялікая паўза ў выхадзе нашай праграмы, а потым мы зноў вярнуліся на экраны, то атрымалі ад сваіх гледачоў такую падтрымку, на якую нават не разлічвалі. Нам пісалі «Дзякуем, што вярнуліся!» Людзі распавядалі, што некаторыя раслі з намі і для іх «Наша раніца» — нібы ўзыход сонца. Сваім вяртаннем мы супакоілі іх і далі надзею, што ўсё будзе добра...

Няхай так і будзе яшчэ доўгія гады: каб сонца ўзыходзіла, работа мела водгук і прызнанне і кожная раніца давала жаданне сустрэцца зноў усім разам!

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.