Вы тут

Стварэнне Сусвету: версія Шагала і іншых беларускіх мастакоў


Марк Шагал быў добрым вучнем, і, як усе дзеці з яўрэйскіх сямей, павінен быў ведаць Стары Запавет. І зрабіў выснову: калі чалавек створаны па вобразе і падабенстве Божым, то таксама мае права ствараць уласныя сусветы. Гэтым і займаўся, стаўшы мастаком. І нават увасобіць тэму першастварэння, прысвяціўшы шмат твораў біблейскай тэматыцы. Некаторыя з іх можна ўбачыць на выстаўцы «Шагал. La Bіble» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, што на праспекце Незалежнасці ў Мінску. А разам з літаграфіямі Марка Шагала сёлета прадстаўленыя работы беларускіх мастакоў — адметнасць выстаўкі, якая пашырае ўяўленне гледачоў пра сучаснае айчыннае мастацтва як асобны сусвет.


Шагал і Біблія — тэма, якую Беларусь адкрыла яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя, калі ў 1997 годзе прайшла грандыёзная першая выстаўка мастака ў Мінску. Тады экспазіцыя была складзена з твораў Нацыянальнага музея «Біблейскае пасланне Марка Шагала» ў Ніцы. І калі ведаць, што гэта галоўны музей Шагала ў Францыі з вялікай калекцыяй яго твораў, то можна зразумець, наколькі важная была для майстра частка сакральнай гісторыі, якую тысячагоддзямі захоўвалі прадстаўнікі яго народа, а ён глыбока адчуваў і асэнсоўваў кожную гісторыю. Ілюстрацыі да Бібліі сталі асновай асобнага цыкла твораў, над якімі мастак працаваў фактычна ўсё жыццё. Гравюры і малюнкі, карціны і вітражы сталі «Біблейскім пасланнем» самога Шагала.

Біблейскія сюжэты, увасобленыя Шагалам у графічных творах, — нібыта ілюстрацыі да вечнай кнігі, яны кранаюць сканцэнтраванай энергетыкай і аўтарскім уяўленнем, фантазіяй, нейкай асаблівай імклівасцю выяўлення і актыўным выкарыстаннем колеру. Так, шагалаўскі почырк адметны — і ў гэтым можна пераканацца яшчэ раз, убачыўшы больш за 60 твораў з прыватных калекцый, аб'яднаных у агульную выстаўку паводле тэмы. Сюды далучаныя і эскізы вітражоў з серыі «Вокны Іерусаліма».

Ён быў ужо вядомым мастаком у Парыжы, калі звярнуўся да біблейскіх сюжэтаў. І цяпер — праз работы — фактычна працягвае асветную місію: Святое Пісанне — кніга, у якой шмат мудрасці і павучальнасці, але каб сучасны чалавек звярнуўся да яе, часам патрэбны штуршок, такі, як выстаўка, падчас якой глядач можа яшчэ і прачытаць, пра што распавядае тая ці іншая работа (праз урыўкі тэксту). І энергетычны зарад не менш адчувальны — у тым, як уплеценыя ў графіку сіні, чырвоны, жоўты, зялёны колеры. Калі хто не знаёмы з творчасцю Шагала, то гэта варыянт. Але гэтую асобу адкрываць для сябе можна бясконца, розныя пакаленні фарміруюць свае адносіны і разуменне мастака, які нарадзілася ў Віцебску і праславіў беларускі горад на ўвесь свет.

А калі хто хоча і шукае больш, то не менш цікавая сучасная частка, якую склалі творы нашых суайчыннікаў, якія сёння прадстаўляюць мастацкую Беларусь, у тым ліку на міжнародным узроўні, як Сяргей Кірушчанка і Валянціна Шоба, Уладзімір Савіч і Леанід Хобатаў ды іншыя... Кожны стварае ўласны мастацкі свет і нясе іскрынкі таго самага першастварэння.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.