Вы тут

Ці варта верыць у рэцэпты народнай медыцыны і чым небяспечная генна-мадыфікаваная бульба? Спыталі ў акадэміка НАН Рашэтнікава


Чаму і ў нашы дні крыніцай цэлага шэрагу лекавых рэчываў па-ранейшаму застаюцца расліны? Як прымусіць расліну прадуцыраваць патрэбныя чалавеку рэчывы, якія не з'яўляюцца для самога расліннага арганізма жыццёва важнымі? Чым небяспечная генна-мадыфікаваная бульба? Ці эфектыўны сінтэз народнай медыцыны і сучасных тэхналогій? Пра гэта гутарым з доктарам біялагічных навук, акадэмікам НАН Беларусі, прафесарам Уладзімірам Рашэтнікавым.


Напэўна, сярод вашых знаёмых ёсць людзі, перакананыя, што практычна любыя хваробы варта лячыць «народнымі сродкамі», а «ўся гэтая «хімія» адно лечыць, другое калечыць». Такое меркаванне ў нашы дні — не рэдкасць. Дастаткова прачытаць доўгі спіс пабочных эфектаў таго ці іншага фармацэўтычнага прэпарату, каб задумацца, ці не маюць рацыю аматары народнай медыцыны. І калі ў сярэдзіне XX стагоддзя сінтэтычная фармакалогія лічылася панацэяй ад любых бед, у апошнія дзесяцігоддзі ва ўсім свеце назіраецца павышэнне цікавасці да фітапрэпаратаў. Сінтэтычныя лекі аказаліся «палкай з двума канцамі». Сёння, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, каля 2,5—5 % усіх шпіталізаваных у свеце — гэта пацыенты з ускладненнямі, выкліканымі ўжываннем лекавых прэпаратаў. З'явіўся нават новы тэрмін — «лекавая хвароба». Фітапрэпараты ж даюць «пабочку» непараўнальна радзей (паводле статыстыкі, пабочныя эфекты ад прымянення лекаў на аснове раслін сустракаюцца ў пяць разоў радзей, чым пры выкарыстанні іншых лекавых сродкаў). Але ці можа сучасны чалавек пражыць без сінтэтычнай фармакалогіі і ці здольныя фітапрэпараты забяспечыць той жа ўзровень абароны здароўя?

— Магчыма, гэта будзе піянерская заява, але я лічу, што раслінныя прэпараты здольныя цалкам абараніць здароўе чалавека, — падкрэслівае акадэмік Рашэтнікаў. — Прычым я кажу нават пра вельмі сур'ёзныя захворванні.

Адна з тэм, над якой працуюць Уладзімір Мікалаевіч і яго лабараторыя, — другасныя метабаліты раслін, эфектыўныя ў барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі.

— Напрыклад, з кары ціса можна атрымаць рэчыва таксол. Яно эфектыўна ўздзейнічае на злаякасныя пухліны, але пры гэтым атрыманне таксолу — вельмі дарагі працэс. Кілаграм гэтага рэчыва каштуе каля трох мільёнаў долараў. У кары ціса ў сярэднім змяшчаецца 0,01 г таксолу. Сёння сумесна з кафедрай фізіялогіі МДУ мы працуем, з аднаго боку, над пошукамі відаў ціса, у кары якіх будзе больш таксолу. З другога — над вывучэннем рэчываў-папярэднікаў таксолу, зыходзячы з яго ўтрымання ў іх кары. І, нарэшце, трэці кірунак — больш эфектыўнае атрыманне гэтага рэчыва на аснове біятэхналагічных падыходаў.

Калі ў прыродзе існуе хвароба, значыць, у прыродзе ёсць і лекі, казалі старажытныя лекары. Так, сардэчныя гліказіды можна атрымаць, напрыклад, з ландыша. Селімарыны, якія падтрымліваюць печань, — з растаропшы (беларускімі селекцыянерамі створаны гатунак растаропшы «Папялушка», дзе ўтрыманне селімарынаў у 2,5 раза вышэй, чым у дзікарослых відах). З бягоніі вылучаюцца рэчывы, што нармалізуюць работу нырак.

— Мы можам мець усю гаму раслінных прэпаратаў для здароўя чалавека. Напрыклад, у сучасным свеце вельмі важныя антыаксіданты. У значнай колькасці яны ўтрымліваюцца ў буяках — гэта дзівоснае спалучэнне антацыянаў і радыяпратэктараў. Багаты антыаксідантамі і пажытнік грэчаскі (сумесна з венгерскімі калегамі мы стварылі гатунак «Аверы Голд Бел»). Калі правільна
правесці функцыянальнае харчаван-
не і лячэнне на аснове фітапрэпаратаў, можна дамагчыся выдатных вынікаў. Але гэта вялікая праца.

Рэдагаванне геному: «убудаваць» або «абудзіць»?

У біяхіміі ўсе працэсы ўзаемазвязаны. Калі аднаго рэчыва становіцца больш, то іншых, адпаведна, менш. І задача фармулюецца так: перабудаваць біяхімічныя працэсы, каб раслінны арганізм прадуцыраваў патрэбнае мэтавае рэчыва ва ўрон іншым, менш важным, тлумачыць суразмоўца.

Але тое, што важна для чалавека, не з'яўляецца жыццёва неабходным для расліннага арганізма. Рэчывы, назапашванне якіх неабходна селекцыянерам,
для расліны могуць быць другасныя. Такім чынам, трэба «прымусіць» расліну прадуцыраваць патрэбныя чалавеку рэчывы.

— Праца пачынаецца з даследавання генафонду. Шукаюцца гены, якія адказваюць за назапашванне пэўных рэчываў і запускаюць адпаведныя працэсы. Ёсць паняцце «рэдагаванне геному»: у геном зыходнага арганізма робіцца ўстаўка патрэбных чалавеку генаў — па тым жа прынцыпе, па якім, напрыклад, вірус убудоўваецца ў ДНК жывых істот. І далей застаецца толькі стварыць неабходныя ўмовы (пэўная якасць глебы, адпаведныя падкормкі і г. д.), каб расліна вырабляла «запраграмаваныя» рэчывы.

Існуе і іншы шлях: «абудзіць» ужо наяўныя ў расліны гены.

— Памер геному раслін надзвычай вялікі. Але «працуе» каля 30 тысяч генаў, астатнія — «маўклівыя». Можна «будзіць» гэтыя маўклівыя гены, адкрываючы тыя ці іншыя ўчасткі ДНК, каб знайсці, што там «схавана».

Чым небяспечныя генна-мадыфікаваныя прадукты

І ў нашай краіне, і ў цэлым у Еўропе генна-мадыфікаваныя расліны не вітаюцца.

— Калі гаворка ідзе аб тэхнічных культурах, я лічу, небяспекі няма. Напрыклад, абсалютная большасць бавоўніку, што вырошчваецца на Зямлі, — трансгенны.

А ў цэлым, распавядае Уладзімір Мікалаевіч, на сёння ў свеце ў найбольшай ступені падвергліся геннай мадыфікацыі, акрамя бавоўны, кукуруза, бульба і соя. І калі весці гаворку пра трансгенныя харчовыя прадукты, тут хваляванні небеспадстаўныя.

— Наш страўнікава-кішачны тракт выпрацоўвае пэўны набор стрававальных ферментаў. Калі мы ядзім арганічную бульбу, ферменты гідралізуюць бялкі, што паступаюць, пераўтвараючы іх у поліпептыды і амінакіслоты. Калі ў арганізм з трансгеннай бульбы паступаюць іншыя віды бялкоў, то і фрагменты, на якія яны раскладуцца ў стрававальным тракце, будуць іншага характару. А калі трансгенныя прадукты паступаюць у арганізм рэгулярна, то спалучэнні гэтых поліпептыдаў і амінакіслот могуць аказацца вельмі агрэсіўнымі. Неадкладныя наступствы выключаны, але аддалены эфект ужывання трансгенных прадуктаў харчавання спрагназаваць на сучасным этапе практычна немагчыма.

Таму, адзначае акадэмік Рашэтнікаў, сёння ў прыярытэце арганічнае земляробства. Тым больш глабальнай неабходнасці пераходзіць на вырошчванне харчовых генна-мадыфікаваных культур пакуль не ўзнікла.

— Але гэта не значыць, што навуковыя ўстановы не працуюць у гэтым кірунку. Генна-мадыфікаваныя гатункі каштоўных з прамысловага пункту гледжання культур ствараюцца практычна ва ўсіх краінах свету і пакуль знаходзяцца ў калекцыях. Калі ўзнікне неабходнасць, іх можна будзе выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы.

Справа ў тым, што генна-мадыфікаваныя расліны маюць мноства несумненных плюсаў. Непераборлівасць, выключна высокая ўраджайнасць і, галоўнае, устойлівасць да хвароб і шкоднікаў. Трансгенная бульба не схільная да фітафтарозу і не пашкоджваецца каларадскім жуком. Трансгенны бавоўнік не хварэе на вілт.

— І ўсё ж пакуль праведзена недастаткова даследаванняў, каб прагназаваць аддаленыя наступствы. Гэта як з тым жа баршчэўнікам. Ён быў завезены ў Беларусь як кармавая культура. Пры гэтым пытанне аддаленых наступстваў прапрацавана не было (колькі жыве насенне, якая ўстойлівасць культуры да ўмоў беларускай зімы і г. д.). І сёння мы маем праблему, з якой даводзіцца змагацца.

А вось на геном чалавека трансгенныя прадукты істотна не ўплываюць, гэта не больш чым байкі.

— Штодня мы ўдыхаем і паглынаем велізарную колькасць ДНК, але яны не могуць убудоўвацца ў геном чалавека. Клеткі жывых істот маюць механізмы абароны, і чужародная ДНК, трапляючы ў арганізм, проста расшчапляецца на нуклеатыды.

Іншая справа, што неспрыяльныя ўмовы асяроддзя (радыяцыя, экалагічная сітуацыя) спрыяюць пашкоджанню ланцужкоў ДНК.

— Могуць узнікнуць нязначныя пашкоджанні — аднаніцевыя парывы — або больш складаныя, дзвюхніцевыя парывы. На выдаленне пашкоджанняў ДНК працуе «ўбудаваная» ў кожны арганізм репарацыённая сістэма. Яна «сшывае» пашкоджанні ДНК. Але ўзровень яе актыўнасці вельмі індывідуальны. Актыўнасць абароны можна стымуляваць пры дапамозе біяхіміі — карэкцыі харчавання, паступлення дастатковай колькасці неабходных мікраэлементаў. Невыпадкова ў любой развітай дзяржаве ёсць інстытуты харчавання, дзе, акрамя чыста прыкладных, праводзяцца і фундаментальныя даследаванні.

«Бабуліны рэцэпты» плюс біятэхналогіі

У старажытнасці знахары і народныя лекары збіралі лекавыя травы і варылі з іх адвары. Але сёння ёсць і іншыя спосабы атрымання патрэбных чалавеку рэчываў — напрыклад, можна браць клеткі раслін і культываваць іх асобна. Эксплант — група клетак, аддзеленых ад мацярынскага арганізма (гэта могуць быць клеткі кары, кораня, ліста, пылку), змяшчаецца ў пажыўное асяроддзе, і з іх вырастае калус (ад лац. «мазоль») — бясформенная маса, вынік узмоцненага дзялення клетак, а з яго атрымліваюць клеткавую культуру.

— У ферменцёрах можна рэгуляваць метабалізм клетачнай культуры ў напрамку біясінтэзу тых ці іншых рэчываў, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. — Большасць з іх — другасныя метабаліты. Калі клеткі размножацца і назапасяць патрэбныя рэчывы, іх аддзяляюць ад вадкаснага асяроддзя і атрымліваюць клеткавую масу, або мэтавае рэчыва. Так працуюць біятэхналагічныя вытворчасці.

Як ужо гаварылася, так званыя біялагічна-актыўныя рэчывы (БАР) для жыццядзейнасці самой расліны другасныя (таму іх утвараецца так мала). Яны, напрыклад, выконваюць функцыю абароны.

— Расліна не можа ўцячы ад небяспекі, таму многія раслінныя арганізмы выпрацавалі такі від абароны. То-бок, па сутнасці, у вялікіх дозах гэта яды. Таму і праводзіцца біялагічная стандартызацыя, калі высвятляецца, якая доза таго ці іншага рэчыва для чалавека максімальная і ў якіх межах яно прыносіць карысць. Зыходзячы з гэтых даследаванняў, разлічваюцца дозы для дзіцяці, падлетка, дарослага, пажылога чалавека.

Другасныя метабаліты маюць найбольшую біяактыўнасць. На сёння іх вядома каля 100 000, прычым каля 20 тысяч не сінтэзуецца штучна. Структура многіх біялагічна-актыўных рэчываў настолькі складаная, што іх адзіная крыніца — расліны.

— Калі пастарацца, сёння ўсе гэтыя рэчывы можна атрымаць і без удзелу раслін, — адзначае Уладзімір Рашэтнікаў. — Але гэта будзе неверагодна дорага.

Акрамя таго, кажа ён, пры атрыманні тых ці іншых лекаў хімічным шляхам у працэсе сінтэзу выкарыстоўваюцца розныя рэчывы, у тым ліку абіягенныя. І іх доля, хай і мізэрная, можа застацца ў гатовым прэпараце.

— Калі ж мы ў якасці «біяфабрыкі» выкарыстоўваем жывы раслінны арганізм, там таксама могуць быць спадарожныя рэчывы, і іх, як правіла, шмат. Але яны для чалавека не з'яўляюцца абіягеннымі. Гэта клятчатка, пекціны, арганічныя кіслоты...

Ёсць адрозненні і ў структуры малекулы. Напрыклад, існуюць аптычныя ізамеры — ідэнтычныя малекулы, якія ўяўляюць сабой люстраны адбітак адна адной. Нярэдкія выпадкі, калі, напрыклад, «правабаковая» малекула будзе «працаваць» на 80 %, эфектыўнасць жа «левабаковай» — усяго 8 %. Сінтэзаваныя непасрэдна з расліны БАРы заўсёды будуць «правільнай накіраванасці».

І, нарэшце, вырабленыя на аснове раслінных БАРаў фітапрэпараты аказваюць мяккае, доўгае фармацэўтычнае ўздзеянне (што асабліва важна пры хранічных хваробах), і ў большасці выпадкаў яны гіпаалергенныя. Таму вопыт народнай медыцыны сёння вывучаецца паўсюдна пры вядучых медыцынскіх універсітэтах і фармакалагічных кампаніях свету. Бо чалавецтва метадам спроб і памылак даўным-даўно высветліла тое, чаму змагло даць навуковае абгрунтаванне толькі ў канцы другога або пачатку трэцяга тысячагоддзя сваёй гісторыі.

— Напрыклад, у В'етнаме ў кожным двары расце папая, а любая трапеза пачынаецца з некалькіх кавалачкаў гэтага плоду. Справа ў тым, што ён утрымлівае папаін — групу гідралітычных ферментаў страўнікава-кішачнага тракта. У гарачым клімаце хутка размножваюцца хваробатворныя бактэрыі, папаін жа гідралізуе іх пры трапленні ў страўнікава-кішачны тракт. Гэты спосаб засцерагчы сябе на Усходзе людзі выкарыстоўваюць са спрадвечных часоў. Не менш цікавыя і адкрыцці беларускага народа, таксама некалі зробленыя інтуітыўна. Напрыклад, у маім дзяцінстве пры прастудах шырока выкарыстоўваўся адвар галінак маліны. Справа ў тым, што ў кары, драўніне і лісці маліны змяшчаецца саліцылавая кіслата. Можна, вядома, атрымаць яе і з малінавага варэння — але, па-першае, там шмат цукру, а па-другое, каб быў эфект, трэба вельмі старанна жаваць ягады, разгрызаць костачкі, каб яны не праходзілі транзітам. А наогул, народная медыцына — сінтэз біяхіміі і псіхалагічнага ўздзеяння на арганізм. І гэта таксама цікавы аспект для вывучэння.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Здароўе ад прыроды

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.